СЬЦЯПАН: Ды я меркаваў і так і гэтак...
МАРЫЛЯ: Было-б за каго. Корч той... Ні ў яго працы добрай, ні грошы. Няхай во дзяўчына ў людзі йдзе, за інжынера якога. Ато выйшла-б за гэтага беднага й за такім замужам чужыя падлогі мусіла-б век чысьціць.
СЬЦЯПАН: А дзе-ж вам усім набраць тых інжынераў?
МАРЫЛЯ: Дык адзін-жа во прыходзіць...
СЬЦЯПАН: Ну гэта яшчэ віламі пісана. Ды ён жа яшчэ толькі вучыцца.
МАРЫЛЯ: Пакінь ты ўжо гэта самой дзяўчыне. Яна сабе знойдзе. Яна й прыгожая, і вучоная, дый сьпяшыць ёй няма куды.
СЬЦЯПАН: Ды няхай сабе. (Мацае па кішэнях і ўсьміхаецца да жонкі) Ну адгадай, баба, колькі зарабіў?
МАРЫЛЯ (сядае й туліцца да Сьцяпана): А мой-жа-ж ты саколік добранькі, хто-ж цябе ведае...
СЬЦЯПАН (стараецца адпіхнуць яе): Чакай, баба, ня туліся. Во каб ты цэлы час такая добранькая была (левай рукой вымае зь кішэні плік даляраў) - Ну, адгадай колькі!
МАРЫЛЯ: О, тут пэўна больш сотні (выстаўляе руку).
СЬЦЯПАН: На лічы (з размахам кладзе грошы ў жончыну руку, усьміхаецца).
МАРЫЛЯ (перакладаючы грошы): ... дзевяноста, сто, сто дзесяць, дваццаць. Оо-го! Ажно сто трыццаць даляраў. Ну й маладзец-жа зь цябе (кладзе грошы ў сваю кішэню).
СЬЦЯПАН: Хоць, казаў той, абіртайму адваліў, але й зарабіў здорава.
МАРЫЛЯ: Ну й маладзец, маладзец ты!
СЬЦЯПАН: А як-жа ты?
МАРЫЛЯ: Я? Зарабіла даляраў трыццаць. Дый Таня прынесла трыццаць пяць. Заўтра таксама пайду. Місыс Морган прасіла, прыйшла ёй гаўза паклінаваць(12). (Падкраўшыся, яна выцягвае з мужавай кішэні кашалёк, адсоўваецца ад яго ды высыпае ў руку ўсе дробныя). Ого-го! А тут яшчэ колькі! Якраз мне на панчохі будзе!
СЬЦЯПАН (абдымае яе ззаду, намагаецца адабраць кашалёк із грашмі): Не чапай, давай назад, гэта мне на стрыткару(13) й на табаку трэба!
МАРЫЛЯ: Якую табаку? Ты-ж казаў, што курыць перастаў!
СЬЦЯПАН: Давай, кажу табе! Што за наглая баба, апошні цэнт забрала-бы!
МАРЫЛЯ (вырываецца ад мужа): На табе пяцьдзесят цэнтаў на стрыткару й кводру(14) на табаку...
СЬЦЯПАН: Што ты, баба!
(Чуваць зь левага боку стук у дзьверы. Усе прыслухоўваюцца).
ТАНЯ (зрываецца з канапы): Дэды, мама, мусіць Джоў ідзе, ідзіце ў кухню.
(Бацькі выходзяць праз правыя дзьверы).
ТАНЯ (да дзьвярэй): Come in, please.(15)
Таня, Мікола, Янка.
МІКОЛА І ЯНКА (уваходзячы): Добры вечар, Таня.
ТАНЯ: Добры вечар. How are you?(16) (У бок кухні): Мама, дэды, тут да вас людзі.
МІКОЛА (падыходзіць да дзяўчыны й стараецца ўзяць яе пад бародку): А можа да вас... Скуль-жа ты ведаеш да каго?
ТАНЯ (б'е Міколу па руцэ): Да мяне? Вы? Я сягоньня ня маю часу. (Сядае на канапу).