ЯНКА (да фармара): Майк, будзь знаёмы (паказвае на кожнага рукою): - гэта Сьцяпан, Марыля, Таня й Васіль...
ФАРМАР: How do you do?(4)
УСЕ: How do you do?
МІКОЛА (да фармара): Як табе яны падабаюцца?
ФАРМАР: Выглядаюць окэй. Мужчына здаровы, працаваць павінен добра. Ён ня гультай часам?
МІКОЛА: Найлепшы работнік, якога можаш знайсьці. А што практыкі на фарме...
ФАРМАР: Ну з гэтым неяк будзе, абы толькі не ляніўся. (Да Сьцяпана): А ты коньмі ўмееш кіраваць?
СЬЦЯПАН (да Янкі): Ён сур'ёзна пытае, ці жартуе?
ЯНКА (да фармара): Гэты чалавек на фарме вырас і сваю дома меў, а коньмі можа больш рабіў, як ты.
ФАРМАР: То вельмі добра. Ну дык што цяпер?
ЯНКА: Пойдзем у канцылярыю абозу, згодзімся на ўмовы, й можаце іх забіраць.
ФАРМАР (да ўсіх): Окэй, усе?
УСЕ: Окэй.
МАРЫЛЯ (да сям'і): Хадзіце, дзеці. Васіль, уставай скарэй.
ФАРМАР: То скарэй ідзём, бо ў мяне на полі сухое сена, баюся, каб дождж не намачыў.
(Выходзяць: найперш фармар, за ім старэйшыя, а наапошку Таня й Васіль).
ЗАСЛОНА
Дзеяньне адбываецца тры гады пасьля ў горадзе. Пінкевічы маюць свой дом і зьмянілі прозьвішча на Пінк.
Абшырны пакой. Пры задняй сьцяне стаіць падношаная канапа, пры ёй на маленькім століку - грамафон і альбом з кружэлкамі. На сьцяне вісіць каляндар зь нейкай рэклямай. З правага боку прыадчыненыя дзьверы, зь левага - зачыненыя. Над канапаю - вакно. Бліжэй да правых дзьвярэй стаіць стол і чатыры крэслы.
Марыля і Таня.
Таня, моцна напудраваная й намаляваная, з завязанымі назад, наводля конскага хваста, валасамі, у цесным, выразна паказываючым сілуэт грудзей, свэтры, вузенькай спадніцы, падкорчыўшы ногі, выгадна развалілася на канапе й разглядае каталёг із сукенкамі. Яна бесьперапынна жве гуму. Каля ейных ног стаяць індыянскія лапці, званыя макасінамі. Марыля, у яснай квяцістай сукенцы, з добра дагледжанымі валасамі, й намалёванымі вуснамі, сядзіць пры стале. Перад ёю на стале - кучкамі параскладаныя папяровыя грошы. У руцэ трымае жмут банкнотаў, раскладае ў кучкі й лічыць.
МАРЫЛЯ: Тры тысячы дзьвесьце, тры тысячы дзьвесьце пяцьдзесят, тры тысячы трыста, тры тысячы...
Тыя-ж і Васіль
ВАСІЛЬ: (убягаючы з правага боку з крыкам): Мама, мама! Там!... (убачыўшы на стале кучы грошай) - Ooooo! How much money?(5) (Падбягае да стала й рукой стараецца ўзяць грошы) - Мама, дай на icecream(6)...
МАРЫЛЯ (ловячы яго руку): Куды ты Біл! Я-ж ня маю дробных!
ВАСІЛЬ (стараецца рукой дастаць грошы): Мама, я і вялікія вазьму...
МАРЫЛЯ (устае й набліжаецца да Васіля): Уцякай, адкуль прыйшоў, кажу табе, што ня дам! Бацька прынясе дробныя, ён дасьць. (Васіль уцякае за дзьверы).
Тыя-ж без Васіля
МАРЫЛЯ (сядаючы за стол): Адкуль гэтага хлопца на маю галаву прынясло, перабіў мне лік. Зараз... (водзіць, задумаўшыся, рукой па твары)... колькі-ж гэта я, была, налічыла?
ТАНЯ (із грымасай): Мама, купі мне гэтую сукенку... (Падыходзіць да маткі й паказвае нагледжаную ў альбоме сукенку).