СЬЦЯПАН: Яно-ж так, есьці ўволю, казаў той, кішка поўная. Але як кажуць, пад ляжачую калоду й вада не цячэ, а мы-ж не калоды... Дык ужо й прышлося вас прасіць. Свая-ж, думаем, арганізацыя, можа дапаможа...
МІКОЛА: Добра вы й зрабілі, толькі раней трэба было. Арганізацыя на тое і ёсьць, каб памагала. Ну на фарме вам працы будзе ўволю. Аджывеце й заробіце.
МАРЫЛЯ: Ну а як-жа тая фарма, калі можна спытаць?
ЯНКА (да Міколы): Ты выйдзі, браток, пабач, ці фармар ня прыехаў, ды можа ня ведае, дзе шукаць нас.
МІКОЛА: Окэй (вылазіць з-за стала й выходзіць). Прабачце, калі ласка.
Тыя-ж бязь Міколы.
ЯНКА: Фарма ў яго даволі вялікая, дзьвесьце акраў зямлі й большасьць ворнай.
СЬЦЯПАН: Як тыя акры на нашыя гактары палічыўшы?
ЯНКА: Каля двух з паловай акраў на адзін гактар. Добра фарма дагледжаная і поўна ўсякіх машынаў. Рукамі мала чаго й робіцца. Кароў штук трыццаць, усе машынамі дояцца. Гадуе курэй, сьвіней, шмат зямлі засеена сенам, косіцца таксама машынай.
Агульна сказаць вам, фарма добрая й сам чалавек ён някепскі. Мы знаем яго ўжо даўно й думаем, што працаваць цяжка ў яго ня будзеце...
СЬЦЯПАН: Вось яно як, усё, казаў той, машынамі. Ну а колькі-ж ён плаціць будзе?
ЯНКА: Мае для вас асобную хату, дзе жыць будзеце. Дасьць вам поўнае ўтрыманьне і яшчэ на месяц 60 даляраў...
МАРЫЛЯ: Усяго?
ЯНКА: Тут такія стаўкі на фармах. І мясцовым роджаным канадыйцам больш ня плацяць. Із тым, што як вы (да Марылі) працаваць будзеце, то яшчэ нешта, казаў, накіне...
СЬЦЯПАН: Ну, як на пачатак, то й няблага. Пасьля разгледзімся й можа што лепшае знойдзем.
ЯНКА: Пэўна-ж, гэта толькі пачаткі.
ВАСІЛЬ (ад кніжак): Мама, а што я на фарме буду рабіць?
МАРЫЛЯ: Курэй пасьвіць, сынок.
Тыя-ж, Мікола й фармар.
Чуваць стук у дзьверы. Марыля хутка ўстае першая ад стала, за ёю іншыя. Васіль пазірае з-над кніжак.
МАРЫЛЯ (да дзьвярэй): Калі ласка, заходзьце.
(Уваходзіць найперш Мікола, а за ім фармар. Апошні ў будзённым сінім камбінэзоне, з аброслым шчацінай тварам, у саламяным капялюшы, із палкай у руцэ).
ФАРМАР (цікава аглядаючы ўсіх): Good day, everybody!(2)
УСЕ: Good day!
ФАРМАР (да Янкі): Гало, Джан. Як маешся?
ЯНКА: Добра, дзякую. А як ты?
ФАРМАР: Добра. Дык гэта людзі, якіх ты мне раіў?
ЯНКА: Так, уся сям'я.
ФАРМАР: Well, (уважна прыглядаецца Пінкевічам. Падыйшоўшы да Тані, усьміхаецца). Nice girl.(3) Колькі гадоў?
МАРЫЛЯ: Шаснаццаць.