МАРЫЛЯ (пазіраючы ў альбом): О-оо-гого! Трыццаць дзевяць даляркаў! Што ты з глузду зьехала дзяўчына, столькі даляркаў! Дзе-ж іх набрацца? Куды-ж ты яе надзяваць будзеш?
ТАНЯ: Мама, я-ж ужо зусім вялікая дзеўка. (Яна круціцца на аднэй пяце, каб быццам паказаць матцы якая ана дзеўка). Сягоньня Джоў абяцаў мне спатканьне, а я ў гэтым... (крывячыся, яна крытычна аглядае сваю вопратку).
МАРЫЛЯ: Калі Джоў цябе любіць, то будзя любіць і бяз сукенкі, толькі будзь для яго добрая.
ТАНЯ: Мама, што ты кажаш! Добрай быць ды яшчэ й бяз сукенкі!
МАРЫЛЯ (усьміхаючыся): Кажу, што ён будзяе цябе любіць хоць у якой сукенцы. Куплю на другую выплату, дачушка, але не за такія вялікія грошы.
ТАНЯ: А якую, мама?
МАРЫЛЯ: Дачушка, не мяшай мне цяпер, мушу скончыць грошы лічыць, бо скора й бацька прыйдзе.
(Таня зноў сядае на канапу й пераглядае каталёг. Марыля далей ціха лічыць грошы. Чуваць нейдзе зь левага боку надворны стук дзьвярэй. Марыля хутка зьбірае грошы із стала й хавае іх у шупляду).
МАРЫЛЯ: А Божа-ж мой, яшчэ нехта во нарвецца, а я тут параскладалася...
ТАНЯ: Мама, а чаму дэды(7) так позна няма?
МАРЫЛЯ: Пэўна, абіртайму(8) робіць, дачушка...
Тыя-ж і Сьцяпан
СЬЦЯПАН (уваходзіць зь левага боку. Ён апрануты ў рабочы камбінэзон, шапку. Адсапваецца каля дзьвярэй): Га-аах! Але-ж і далі мне жыць сягоньня. Жыд папрасіў, каб абіртайму парабілі, дык мусіў дзьве гадзіны экстра рабіць. А падарозе дадому Майкава кара(9) наваліла, дык пхаць мусілі аж, казаў той, вочы наверх вылазілі... (сядае за стол). Дый нічога не памагло. Не завялі аўта й ледзь не палову дарогі дамоў пехатой мусіў трапаць.
МАРЫЛЯ: Вось яно як... Ну а як-жа заўтра?
СЬЦЯПАН: Прасіў-жа Жыд, каб зноў на абіртайму астаўся. (Прыглядаецца да Тані): А куды-ж гэта наша паненка так размалявалася?
МАРЫЛЯ: Хлапец-жа маніўся прыйсьці.
ТАНЯ: Дэды, Джоў абяцаў мне дэйт(10) сягоньня...
СЬЦЯПАН: Джоў? Каторы гэта? Ці ня гэты баранькам падстрыжаны, казаў той?
ТАНЯ: То не баранькам падстрыжаны, дэды. То цяпер такі тут фашн(11).
СЬЦЯПАН: Ці ня ўтрэскаўся ён у цябе, такую жабу?
МАРЫЛЯ: Сьціхні. Ён на інжынера вучыцца й вельмі добры хлапец.
СЬЦЯПАН: Гм... на інжынера, казаў той... вунь яно як! Гэтае баб'ё ўсё нейкіх інжынераў нейдзе апоруць. (Да Тані): Ну а гэты-ж, як яго, - арганізатар?
МАРЫЛЯ: Мікола?
СЬЦЯПАН: Так, ён. Не цягаецца ўжо больш за табой?
ТАНЯ (устае, ляніва пацягваецца й хіхікае): Мікола? Ха-ха... Ці ты знаеш, дэды, што ён мне прапанаваў, каб замуж за яго пайшла?
СЬЦЯПАН: Што ты кажаш?
ТАНЯ: Запраўды.
СЬЦЯПАН: Ну што ты, адмовіла?
ТАНЯ: А што я мела рабіць?
МАРЫЛЯ: А што, ты хацеў-бы, каб яна пайшла?