— Пусты. Мяхі адвозіў,— глухавата пачулася з воза. — А вам далёка?
— Ды ў горад. Але хоць бы да Будзілавіч давёз.
— Ну, гэта можна. Якраз у Будзілавічы еду. А там на аўтобус сядзеце. У дзевяць аўтобус. Гродзенскі. Цяпер каторая?
— Без дзесяці восем, — сказаў я, так-сяк разгледзеўшы стрэлкі свайго гадзінніка.
Фурманка спынілася. Ткачук, крэкнуўшы, узлез на яе, я прыткнуўся ззаду. Сядзець тут было не надта каб зручна, нешта муляла на голых са смеццем дошках, але я ўжо не хацеў адставаць ад майго спадарожніка, які з салодкаю зморай уздыхнуў і звесіў цераз край ногі.
— А ўсё ж, знаеш, замарыўся. Што значыць — гады. Эх, гады, гады…
— А здалёк ідзяцё? — спытаў возчык. Мяркуючы па яго глухаватым голасе, быў ён таксама не маладога ўжо веку, паводзіў сябе зважліва і як бы чагось чакаў.
— З Сяльца.
— А, дык з пахавання, мусіць?
— З пахавання, — коратка пацвердзіў Ткачук.
Возчык патузваў лейцамі, конь рушыў барзджэй — дарога кіравала ўніз. Насустрач, па той бок змрочнай, без аніводнага аганька шырокай нізіны, усё джгала здалёк стромкае святло аўтамабільных фараў.
— Да, малады быў яшчэ чалавек, настаўнік гэты. Ведаю добра. Залетась у горадзе ў бальніцы разам ляжалі.
— З Міклашэвічам?
— Ну. У аднэй палаце. Яшчэ ён усё нейкую тоўстуюкніжку чытаў. Калі дык і ўслых. Вот забыўся таго пісацеля… Помню, пісалася там, што калі няма бога, дык няма і чорта, а значыцца, няма ні раю, ні пекла, значыцца, усё можна. I забіць, і памілаваць. Во як. Хаця ён казаў, што гэта гледзячы як разумець. Гледзячы на каго.
— Дастаеўскі,— кіўнуў Ткачук і сказаў возчыку: — Ну а ты, напрыклад, як разумееш?
— Ды я што! Я цёмны чалавек, тры класы абразавання. Але так мяркую, што трэба, каб нешта было ў чалавеку. Шрубка якая. А то без шрубкі дрэнь справа. Вунь у горадзе трое наскочылі на хлопца з дзеўкай, чуць шкоды не зрабілі. Віцька наш, хлопец з Будзілавіч, умяшаўся, дык сам цяпер у бальніцы трэці тыдзень ляжыць.
— Пабілі?
— Не сказаць каб набілі — усяго адзін раз ударылі кісцянём па скроні. Але і ад яго нехта дастаў. Злавілі — знатны бандзюга аказаўся.
— Гэта харашо! — ажывіўся Ткачук. — Глядзі, не спужаўся. Адзін супраць трох. Калі гэта было ў вашых Будзілавічах?
— Ну, у Будзілавічах можа і не было…
— Не было, не было. Знаю я вашыя Будзілавічы — бедная веска. Выселкі. Цяпер што, цяпер іншая справа: пад шыфер ды гонту ўбраліся, а ці даўно яшчэ на стрэхах мох зелянеў! Гэткая вёска пры бруку, і што дзівіла мяне — ніводнага дрэўца! Як у Сахары якой. Сапраўды, зямля — адзін пясок. Помню, неяк зайшоў — расказалі гісторыю. Аднаго будзілаўчаніна галадуха па вясне прышчаміла, дайшоў на крапіве, ну і надумаў па дарозе разжыцца. Ноччу падпільнаваў аднаго прахожага ды і стукнуў абушком. Вунь цяпер яшчэ на ваколіцы ля каменя крыж стаіць. Аказаўся жабрак з пустой торбай. А гэты катаргу атрымаў, так з Сібіры і не вярнуўся. А цяпер, глядзі ты — кавалер які знайшоўся ў Будзілавічах. Рыцар.
— Ну.
— А куды ў школу хадзіў? Не ў Сяльцо?
— Да пятага класа ў Сяльцо.
— Ну во бачыш, — шчыра ўзрадаваўся Ткачук. — У Міклашэвіча, значыць, вучыўся. Я так і ведаў. Міклашэвіч умеў вучыць. Яшчэ тая закваска, адразу відно.
„Што праўда, то праўда, — падумаў я. — Пэўна відаць: пашэнціла гэтаму Сяльцу на настаўнікаў, дай бог на болей такіх“.
— А ён, гэты Віктар ваш, хто? Робіць дзе? — яўна зацікаўлены павярнуўся да возчыка Ткачук.
— Ды малады яшчэ. На настаўніка вучыцца.
— Малайчына. Вось бы і яго ў тое Сяльцо. На змену. Трэцяе пакаленне, брат, ідзе… Хаця гэты з вышэйшай у пачатковую не пойдзе. Калі талковы, у горадзе засядзе: аспірантура, кандыдантура і так далей.
Апошнія словы Ткачука прагучалі са шкадаваннем, і мне раптам таксама дужа захацелася, каб гэты незнаемы Віктар сапраўды трапіў у Сяльцо. Увогуле гэта было б здорава. Хоць, зрэшты, хіба так важна, куды накіруюць будучага настаўніка.