«Гуляй, казацкая галава!» гаварыў мажны гуляка, ударыўшы нагою ў нагу і пляснуўшы рукамі. «Што за раскоша! Што за воля! Як пачнеш шалець, здаецца, быццам памінаеш даўнія гады. Люба, вольна на сэрцы, а душа як быццам у раі. Гэй, хлопцы! Гэй! гуляй!..»
І натоўп шумна праімчаўся на вуліцах. І набожныя бабулькі, абуджаныя крыкам, падымалі аконцы і хрысціліся соннымі рукамі, гаворачы: «ну, цяпер гуляюць парубкі!»
IV. Парубкі гуляюць
Адна толькі хата свяцілася ў канцы вуліцы. Гэта жыллё галавы. Галава ўжо даўно скончыў сваю вячэру і, бясспрэчна. даўно-б ужо заснуў; але ў яго быў у гэты час госць, вінакур, прысланы будаваць вінакурню памешчыкам, які меў невялікі ўчастак зямлі паміж вольнымі казакамі. На самым покуце, на пачэсным месцы, сядзеў госць — нізенькі, тоўсценькі чалавечак, з маленькімі вочкамі, якія вечна смяяліся; у іх, здаецца, напісана было тое задавальненне, з якім ён курыў сваю кароценькую люльку, штохвіліны сплёўваючы і прыціскаючы пальцам вылазіўшую з яе, ператвораную ў попел табаку. Воблакі дыму хутка разрасталіся над ім, апранаючы яго ў шызы туман. Здавалася, быццам шырокі комін з якой-небудзь вінакурні, якому надакучыла сядзець на сваім даху, надумаўся прагуляцца і спаважна прымасціўся за сталом у хаце галавы. Пад носам тырчалі ў яго кароценькія і густыя вусы; але яны так невыразна мільгалі праз табачную атмасферу, што здаваліся мышшу, якую вінакур злавіў і трымаў у роце сваім, падрываючы манаполію свірнавага ката. Галава, як гаспадар, сядзеў у адной толькі кашулі і ў палатняных нагавіцах. Арлінае вока яго, як сонца надвечар, пачынала пакрысе плюшчыцца і меркнуць. На канцы стала курыў люльку адзін з сельскіх дзесяцкіх, што складалі каманду галавы; з пашаны да гаспадара ён сядзеў у світцы.
«Хутка-ж вы думаеце», сказаў галава, павярнуўшыся да вінакура і кладучы крыж на пазяхнуўшы рот свой, «паставіць вашу вінакурню?»
«Калі бог дапаможа, дык гэтай восенню, можа, і закурым. На Пакровы, я гатоў залажыцца на бог ведае што, калі пан галава не будзе пісаць нагамі нямецкія крэндзелі па дарозе».
Пасля вымаўлення гэтых слоў вінакуравы вочкі зніклі; замест іх працягнулася праменне да самых вушэй; усё тулава пачало калыхацца ад смеху, і вясёлыя вусны на момант пакінулі задымленую люльку.
«Дай божа», сказаў галава, выразіўшы на абліччы сваім нешта падобнае да ўсмешкі. «Цяпер яшчэ, дзякуй богу, вінніц развялося крыху. А вось, у стары час, калі праводзіў я царыцу па пераяслаўскай дарозе, яшчэ нябожчык Безбародзька[39]…»
«Ну, сват, успомніў час! Тады ад Крэменчуга да самых Ромен не налічвалі і двух вінніц. А цяпер… Ці чуў ты, што навыдумлялі праклятыя немцы? Хутка, кажуць, будуць курыць не дрывамі, як усе сумленныя хрысціяне, а нейкай чартоўскай параю». Гаворачы гэтыя словы, вінакур у разважанні пазіраў на стол і на расстаўленыя на ім рукі свае. «Як гэта параю — дальбог, не ведаю!»
«Што за дурні, даруй божа, гэтыя немцы!» сказаў галава. «Я-б іх батагом, сабачых сыноў. Ці чутая справа, каб параю можна было кіпяціць што. Таму лыжку баршчу нельга паднесці да роту, не падсмажыўшы губы, як маладое парася…»
«І ты, сват», абазвалася швагерка, якая сядзела на ляжанцы, падабраўшы пад сябе ногі: «будзеш, увесь гэты час, жыць у нас без жонкі!»
«А навошта яна мне? Іншая справа, каб што людскае было».
«Быццам і непрыгожая?» запытаў галава, утаропіўшы на яго вока сваё.
«Дзе там прыгожая! Стара, як біс. Хара ўся ў зморшчках, быццам спарожнены кашалёк». І нізенькая будыніна вінакура расхісталася ізноў ад гучнага смеху.
У гэты час нешта пачало шастаць за дзвярыма; дзверы расчыніліся, і мужык, не здымаючы шапкі, ступіў за парог і стаў, як быццам у роздуме, пасярод хаты, разявіўшы рот і аглядаючы столь. Гэта быў знаёмы наш, Каленік.
«Вось я і дамоў прышоў!» гаварыў ён, сядаючы на лаўку каля дзвярэй і не зварочваючы ніякай увагі на прысутных.
«Бачыш як расцягнуў, ворагаў сын, шайтан, дарогу. Ідзеш, ідзеш і канца няма! Ногі як быццам пераламаў хто-небудзь. Дастань вось там, баба, кажух, падаслаць мне. На печ да цябе не прыду, дальбог, не прыду: ногі баляць! Дастань яго, там ён ляжыць, каля покута: глядзі толькі, не абярні гаршчок з цёртаю табакаю. Альбо не, не руш, не руш! Ты, можа, п'яная сёння… Няхай, ужо я сам дастану».
Каленік падняўся крыху, але неадольная сіла прыкавала яго да лаўкі.
«За гэта люблю», сказаў галава: «прышоў у чужую хату і гаспадарыць, як дома! Выправіць яго, пакуль рэбры цэлыя!»
«Пакінь, сват, адпачыць!» сказаў вінакур, утрымліваючы яго за руку. «Гэта карысны чалавек; пабольш-бы такога народу — і вінніца наша слаўна-б пайшла…»
Аднак-жа не дабрадушнасць змусіла на гэтыя словы. Вінакур верыў усім прыметам, і адразу-ж прагнаць чалавека, які ўжо сеў на лаўку, значыла ў яго наклікаць бяду.
«А што-ж, як старасць прыдзе!..» бурчаў Каленік, кладучыся на лаўку. «Ну, каб быў, яшчэ сказаць, п'яны; дык не-ж, не п'яны. Дальбог, не п'яны! Што мне маніць! Я гатоў абвясціць гэта хоць самому галаве. Што мне галава? Каб ён здох, сабачы сын! Я плюю на яго! Каб яго, аднавокага чорта, возам пераехала! Што ён аблівае людзей на марозе…»
«Эге! улезла свіння ў хату, ды і лапы суне на стол», сказаў галава, гнеўна ўздымаючыся з свайго месца; але ў гэты час цяжкаваты камень, пабіўшы акно ўшчэнт, паляцеў яму пад ногі. Галава спыніўся. «Калі-б я ведаў», казаў ён, падымаючы камень, «які гэта шыбенік шпурляў, я-б навучыў яго, як кідацца! Бачыш, якія свавольствы!» гаварыў ён далей, разглядаючы яго на руцэ палаючым позіркам. «Каб ён удавіўся гэтым каменем…»
«Стой, стой! Божа цябе барані, сват!» падхапіў, збялеўшы, вінакур. «Барані цябе божа, і на тым, і на гэтым свеце, паблаславіць каго-небудзь такою лаянкай!»
«Вось знайшоўся заступнік! Няхай ён згіне!..»
«І не думай, сват! Ты не ведаеш, пэўна, што здарылася з нябожчыцай цешчай маёй?»
«З цешчай?»
«Так, з цешчай. Увечары, крыху, можа, раней, як цяпер, паселі вячэраць: набожчыца цешча, нябожчык цесць, да найміт, да наймічка[40] ды дзяцей штук з пяцёра. Цешча адсыпала крыху галушак з вялікага чыгуна ў міску, каб не былі такія гарачыя. Пасля працы ўсе выгаладаваліся і не хацелі чакаць, пакуль астынуць. Уздзеўшы на даўгія драўляныя спіцы галушкі, пачалі есці. Раптам, адкуль ні вазьміся, чалавек, якога ён роду, бог яго ведае, просіць і яго дапусціць да трапезы. Як не накарміць галоднага чалавека! Далі і яму спіцу. Толькі госць умінае галушкі, як карова сена. Пакуль тыя з'елі па адной і апусцілі спіцы па другія, дно было гладка, як панскі памост. Цешча насыпала яшчэ; думае, госць пад'еў і будзе ўмінаць меней. Ані блізка! Яшчэ ямчэй пачаў аплятаць! і другую спаражніў! „А каб ты ўдавіўся гэтымі галушкамі!“ падумала галодная цешча; як раптам той папярхнуўся і ўпаў. Кінуліся да яго — і духі вон. Удавіўся».
«Гэтак яму, абжыралу праклятаму, і трэба!» сказаў галава.
«Так-бы, ды не гэтак вышла: ад таго часу спакою не было цешчы. Як толькі ноч, мярцвяк і цягнецца. Сядзе верхам на комін, пракляты, і галушку трымае ў зубах. Удзень усё спакойна, і не чуваць пра яго; а толькі пачне змяркацца, зірні на страху, ужо і асядлаў, сабачы сын, комін…»
[39] Вяльможа пры Екацярыне II.
[40] Наняты работнік, нанятая работніца. (Слоўн. Гогаля.)