— Схадзі, дружа, у гарод, паглядзі гуркоў.
Маня хацела затрымаць сына, але пасля падумала, што напраўду лепш пагаварыць без яго. Сын паслухаў, выбег з хаты.
— Маня, — ён падышоў, хацеў, каб яна зірнула на яго. — Ты не злуй… Я-то не апраўдваюся i сёння тое думаю, але ўчора не тымі словамі сказаў…
— Я ўсё разабрала, — зноў спакойна, не пазіраючы, прамовіла яна.
— Не, я не тое… I давай не будзем выкацца, — папрасіў ён, разгубліваючыся, што яна такая спакойная. — Кінулася ты мне ў вока. Добрая ты i спагадлівая… Калі згодзішся, бяры мяне за гаспадара.
Маня азірнулася, цяпер ужо з разгубленасцю глядзела на яго, вінаватага, але, здаецца, не з маною ў вачах, сур’ёзнага. Недзе торгнула i балюча зашчымела жылка, закалацілася сэрца так, як даўно ўжо не трывожылася.
— Гаворыце вы… — толькі вымавіла яна. — Гэта з учарашняга.
— Што я благое гавару? — ён сеў на лаве. — Сёння мне або ісці з тваёй хаты, або застацца… Не думай, што абманшчык, гуляка, што да чаркі вялікі любіцель. Магу жыць i без гэтага… Мы ўсё законна. Тады ўжо…
— Ці тое вы думаеце, што гаворыце? — пажартавала яна, a ў галаве паплылі самыя розныя думкі, i нельга было разабрацца, што з ёю робіцца.
— Toe, — сказаў ён хвалюючыся. — А ты што скажаш?
Яна паціснула плячыма.
— Сам не ведаю, скора мо гэта, не варта спяшацца, — ён устаў. — З другімі не хачу звязвацца, а з табою… Прыпала ты мне да сэрца, — сказаў i выйшаў з хаты. Яна бачыла: пайшоў у вёску.
Прыбег сын i прынёс маленькіх гурочкаў. Здзіўлена паглядзеў на яе: дзе ж дзядзя?
— Скажы мне, сын, не баішся ты дзядзькі Віці? — спытала яна, села, прыхіліла сына да сябе, зірнула яму ў вочы.
Той усміхнуўся, паціскаў плячыма.
— Дык не баішся?
— Не.
— Ну, садзіся есці, — чамусьці павесялела яна.
Самой ёй не хацелася снедаць: натапталася ля печы, нанюхалася стравы — адпаў апетыт. Яна выпіла шклянку малака i пайшла ў другую палавіну, падышла да люстэрка. Убачыла ля вачэй глыбокія маршчынкі, але яшчэ ix было мала. Падумала: трэба не насіць хусткі, не захутвацца: шчокі, нос чырвоныя ад сонца, а лоб зусім белы. Скінула хустку, распусціла валасы. Чорныя, яшчэ без ніводнай сівінкі, доўгія. Пачала расчэсваць. Падумала, што няма калі за работаю i за сабою паглядзець.
«Ды я яшчэ маладая, — узрадавалася яна, павярнулася, убачыла, што яшчэ i статная — грудзі, плечы i ногі як у дзяўчыны. — Так што, можа, недарэмна ліпне Франак, сватаецца во Салавей…»
Маня прыткнулася да халоднага люстэрка лбом i заплюшчыла вочы, пагладзіла сябе рукою па шчоках, падумала, што даўно не ведае ласкі, адчула, як цяжка жыць без яе.
…Салавей сам не пайшоў ад яе, i яна не праганяла. Ранічкаю ўставаў i ішоў на работу, вечарам не затрымліваўся, яшчэ да заходу сонца вяртаўся i стараўся што-небудзь зрабіць ля хаты. Памяняў дрот, паставіў яшчэ некалькі разетак, уключальнікаў, парэзаў з малым, раскалоў круглякі, што ляжалі яшчэ з зімы, на якіх ужо згніла кара, a самі пазарасталі травою.
Больш не сватаўся, як усё роўна i не гаварыў пра гэта ці забыўся. I яна не загаворвала, давала есці, адказвала, калі пра што пытаўся, хадзіла на работу, тапталася пры хаце i чакала, што ж будзе.
Праз тыдзень Салавей застаўся ў вёсцы толькі адзін. Раніцай прыходзіла i забірала яго машына, а вечарам толькі аднаго прывозіла.
Маня ведала, што так доўга цягнуцца не будзе. Трэба адно: браць у прымакі або не браць. Відны мужчына, працавіты, але што скажуць людзі, свякроў? Не пахваліць яна, узлуецца за сына.
4
Свякроў прыйшла сама. Маня якраз вярнулася з саўгаснай работы i капала ў садзе на вячэру бульбу.
— Добрая картофля? — падышла, запытала свякроў i не павіталася.
— Дабро такое, — адказала Маня, — велькая, але не ядраная.
Свякроў, тоўстая, абутая ў цёплыя валёнкі, у старой фуфайцы, стаяла ля яе i гаманіла пра гаспадарскае, пакуль яна не накапала поўнае вядро. Пасля пайшла ўслед за ёю ў двор. Маня адразу здагадалася, чаго тая прыйшла, але маўчала, першая не загаворвала. Яна добра ведала сваю свякроў: адразу не скажа ў вочы, будзе падыходзіць здалёку, старацца мацней уджаліць.