— I доўга ён яшчэ будзе жыць? — нарэшце не вытрымала i запытала тая.
— Хто, мама? — як не здагадваючыся, спытала Маня i хацела, каб свякроў хутчэй пасунулася дадому.
— Хто — яшчэ пытае! — узлавалася тая. — Ён, кватарант твой.
— Не ведаю, — спакойна прамовіла Маня. — Не прагоніш жа чалавека.
— Магла i не браць, — папікнула свякроў. — Другія з мужамі, але не бралі.
— Папрасіўся… — апраўдвалася Маня.
— Мала хто прасіцца будзе. Ты чуеш, што людзі гавораць?
— Хай гавораць… — прамовіла Маня, трымала ў руках вядро, забылася паставіць яго на зямлю.
— Бачу, ты яго не думаеш праганяць, рада, што не выбіраецца, — свякроў злосна бліснула вачыма. — Надта скора забылася пра Сцяпана.
— Перастаньце, мама, не трывожце душы, — напрасна Маня, стрымалася, каб не раскрычацца. — Не паднімем мы яго ўжо…
— Во што ў цябе ў галаве, — усміхнулася свякроў, рукавом фуфайкі выцерла слёзы на маршчыністай шчацэ. — Гэта я толькі ўбіваюся, свету не бачу. Бо я маці, а ты хто…
— Прашу вас, сціхніце, або… — не вытрымала Маня, паставіла на зямлю вядро i рыдлёўку, але стрымалася, больш нічога не сказала.
— Ужо i не трэба мы табе? — гаварыла свякроў, як хвастала па шчоках. — А як дасюль чаго дранага-рванага трэ было, то да нас бегла… «Татачка, мамачка, памажыце». Цяпер ужо не трэба, з двара гоніш.
— Не ганю я вас, — усхліпнула Маня, — але не мучце вы мяне, бо i дагэтуль разам з чужымі людзьмі нямала пазласлівілі, а мне ніколі ласкавага слова не сказалі… Жыў бы Сцяпан — была б рада яму… Адзін Бог ведае, колькі я папамучылася, уплакала, які лёд у мяне на сэрцы. Пачала адтаваць крыху, а вы… I пра дзіця падумаць не хочаце.
— Не звальвай на дзіця, — крыкнула свякроў, сарвала з яе галавы хустку. — Валасы вунь надрала, сукенкі новыя носіш…
— Жывая ж я яшчэ! — крыкнула i Маня. — I не трэба мяне жывую без часу хаваць…
Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.
Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.
Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам.
Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:
— Чаго ты, Маня?
Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.
— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве. — Ну, сціхні… Чуеш?
Але яна не чула, не адказвала.
— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якія даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.
5
Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прахапіўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.
Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбіралася нанач, i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, Маня зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула i заплюшчыла вочы.
— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады… Гаспадар!
Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.