Маня перачакала вялікі лівень i грымоты на лузе ў капе сена разам з вясковымі кабетамі. Як прыбегла дадому, адразу паглядзела, дзе сын. Баялася, каб не напалохаўся: гэтак было сцямнела, а пасля паліла i смаляла. Але Пецькі дома не знайшла: ён, відаць у навальніцу быў у суседзяў, бо цяпер бегаў з іхнім меншым хлопцам на вуліцы па лужынах.
У хаце з пазачынянымі вокнамі i дзвярмі стаяў густы дух, што сабраўся ад напаленай раніцай печы, ад спякоты на дварэ. Ведаючы, што сёння на луг яна ўжо не пойдзе, будзе ля свайго дома, падышла да акна, адкруціла ад цвічка дроцік (кручок вырваўся з падгнілай рамы), піхнула, расчыняючы дзве палавінкі.
Яна затрымала позірк на вуліцы: па ёй ішлі незнаёмыя мужчыны. Двое з ix былі маладыя — высокія, вузкаплечыя, доўгавалосыя i абутыя ў лёгкія сандалі, за плячамі ў ix віселі поўныя сумкі, трэці — пажылы, меншы ростам, але статны ў плячах, у саламяным капелюшы i ў ботах — нёс невялікі чамаданчык. Маладыя не дайшлі да яе хаты, завярнулі ў Янукоў двор, а старэйшы, здаецца, ішоў сюды. Маня ведала: гэтыя людзі — электрыкі i цяпер заходзяць да янкоўцаў i просяцца стаць на кватэру.
Электрыкі прыехалі ў вёску на тым тыдні. Лепш сказаць, спярша паказаліся не яны: спачатку рабочыя прывезлі на машынах, згрузілі i злажылі на выгане доўгія чорныя, прасмаленыя слупы. Потым адключылі святло, абарвалі дрот на старой электралініі, зрэзалі старыя слупы i пачалі выкопваць ямкі, ставілі ў ix цэментаваныя шалі, пасынкі, а да ix прывязвалі новыя высокія слупы.
Тады ўжо заявіліся электрыкі. Яны прыехалі на грузавіку, што вазіў вялікую шпульку тоўстага белага, аж сіняга, дроту, лазілі на слупы, свідравалі ў ix дзюркі i ўкручвалі жалезныя крукі са шклянымі ізалятарамі, пасля нацягвалі i прывязвалі да ix дрот. Жылі першы дзень у тутэйшай школе, самі сабе варылі есці. Але сёння, як гаварылі кабеты на сенакосе, будуць прасіцца ў вяскоўцаў стаць на кватэры.
Маня, як ад агню, адскочыла ад акна: мужчына напраўду ішоў у яе двор. Яна пачала хуценька збіраць i вешаць раскіданае на пасцелі адзенне, выбегла на кухню i паставіла на прыпек чыгуны з зеллем — толькі што збіралася карміць свіней, — зацягнула фіранку. Пачула, як незнаёмец скінуў на ганак лазы i зайшоў у сенцы. Убачыла, што ляжыць на стале нарэзаны хлеб, стаіць міска з кіслым малаком, у малако была накрышана зялёная цыбуля — збіраў сабе есці сын, падсілкаваўся i не прыбраў за сабою. Яна цяпер не паспела нават захінуць гэта газетаю, як незнаемы зайшоў у хату.
— Здарова, гаспадыня! — бойка прывітаўся ён, i яна ўбачыла, што не такі госць пажылы ўжо: проста ходзіць, апусціўшы галаву i згорбіўшыся, няголены, брудны, а так яму недзе гадоў, як i ёй, — за трыццаць. Каб быў светлавалосы, болей дробны на твары, то маладзей выглядаў бы, а то мае буйны нос, вялікі лоб, чорныя валасы, ад таго i старэйшым здаецца.
— Вазьмі, гаспадынька, на кватэру, — калі яна адказала на прывітанне, сказаў ён. — Пажыву з тыдзень, не болей.
— Ды цесна ў нас… — Ёй i адмовіць было цяжка, i запрашаць не хацелася.
— Пакояў мне тваіх не трэба… — ён гаварыў басавітым голасам, раз-пораз акідваючы яе ўсю позіркам, не саромеўся. — Спаць магу на падлозе або ў гумне на сене, калі маеш. Зварыш сабе раніцай ці вечарам — i мне міску якога булёну дасі. Мне абы гарачае. Заплачу, колькі скажаш.
— Мне не шкода, — за саромелася яна. — Жывіце…
— Ну, то дзякую, — узрадаваўся ён. — Сходзім зараз з хлопцамі на рэчку, памыемся, бо чорныя, што чэрці. Тады прыйду, шукаць ужо жытла нікуды не пайду. Заходзіў тут да адных — нават слухаць не захацелі.
— Я i праўду булёну зараз пастаўлю, засмажу цыбуляю, — сказала яна, збянтэжыўшыся яго позірку.
— Ды глядзіце самі, — ён назваў яе на «вы», i яна падумала: агледзеўся, падумаў, што яна старэйшая.
«Няўжо я так нямолада выглядаю?» — падумала яна i ўспомніла, што пасля смерці мужа, мусіць, добра i не глядзелася ў люстэрка. A ў верасні будзе ўжо шостая восень, як няма яе Сцяпана…
— Ну, я пайду, — здаецца, заўважыўшы яе гэтую сарамлівасць, сказаў электрык, паставіў пад лаўку свой чамаданчык i выйшаў з хаты.
«Шосты год… — Маня села на крэсла, невідушча зірнула ў акно на двор, забылася пра незнаёмца, падумала пра сваё. — Я толькі два леты пажыла са Сцяпанам. Год да войска i год, калі вярнуўся з салдатаў. Чакала тры гады… I цяпер колькі ўжо чакаю, але не дачакаюся…»
Яна паднялася, стрымалася, не заплакала, хоць вочы i павільгатнелі, пайшла на гарод i накапала маладой ранняй бульбы. Паскрэбла яе, прамыла, расклала на двары агеньчык i паставіла варыць на ім булён. Успомніла пра вясковага кладаўшчыка Франака, той сёлета пачаў ужо не толькі заляцацца да яе, але i лезці сляпіцаю. Сёння нават кабеты на лузе жартамі рабілі намёкі, ці не «сышліся» яны, расказвалі, што ўчора паднімала лямант Вікця, Франакава жонка…
Маня выйшла з хаты, дала есці свінням, пастаяла ля ix: зусім не хочуць браць паранай лебяды, варочаюць лычамі ў карыце, шукаюць бульбіны ці якой скарынкі, выкідваюць траву долу. Калі сцебане дубцом па вушах, то перастаюць наравіцца, усё глытаюць. Паблізу хадзілі куры i стараліся гэтаксама што-небудзь ухапіць з карыта. Маня не ўзлавалася на ix: сёлета добра несліся — хапала яек i сабе, i было на продаж. I цяпер пад ложкам стаіць поўнае рэшата ix, трэ было б завезці ў горад, прадаць i купіць сала: старое выходзіць, ды i нясмачнае ўжо, нейкае ёлкае, а да новага яшчэ далёка.
Карова яшчэ не скора павінна была прыйсці з пашы, таму Маня рашыла схадзіць на аселіцу, у свой гарод, — паглядзець, ці не пара зноў яго прапалоць, нашчыпаць шчаўя. Наўмысна, як i яе суседзі, зрабіла гарод далей ад дома, бо ля хаты i свае, i чужыя куры не дадуць ні ўзысці, ні завязацца якому зярнятку — выграбуць, здзяўбуць. Ды тут i свінні, калі ўварвуцца, златошаць.
…Гуркі, памідоры, морква ды капуста буялі, цёмна зелянеліся, i яна палюбавалася, парадавалася, што хутка будзе многа ўсякай гародніны, пайшла да градкі са шчаўем.
Толькі нагнулася яго нашчыпаць, як пачула крокі. Азірнулася: ішла суседка Ядзя — замужняя кабета амаль яе гадоў, маці пяцярых дзяцей.
— Во якія ў цябе ладныя грады! — Ядзя не падалася ў свой гарод, а прыйшла сюды, акідвала зайздросным позіркам кожную лапінку.
— Цьфу, цьфу! — усміхнулася Маня. — Прагаворыш…
— Ай, забабоны! — махнула рукою тая, адставіла поўны жывот: хадзіла шостым дзіцем. — Кватаранту прыйшла шчаўя нарваць? Кісленькага захацеў?
Маня не здзівілася, што Ядзя ўжо ведае пра тое, што яна ўзяла на кватэру электрыка: тая ўсё пра ўсіх у вёсцы знае. Яна ўсміхнулася i паківала толькі галавою.
— Можа, зарвецца язык Франакавай Вікці, не будзе страшыць, што прыйдзе i памалоціць твае вокны… — загаварыла Ядзя. — Хоць яе дурны поп хрысціў, будзе мянташыць, што ты наўмысна, з хітрынкай кватаранта ўзяла…
— Мне ад гэтага ні холадна, ні горача, — сказала Маня, адчуваючы на душы вялікую непрыемнасць ад гэтых плётак, i, каб не гаварыць пра гэта больш, сказала Ядзі: — Ну, я пайду: булён на агеньчыку варыцца.
Калі вярнулася дадому, несучы ў прыполе шчаўе, кватарант стаяў на двары, падкідаў у агонь трэскі. Быў ён цяпер паголены, мокрыя валасы залізаны назад, стаяў не ў ботах, a ў туфлях, у новых штанах, у белай тэнісцы. На яго даўгаватым носе блішчэў пот.
«Ды ён зусім малады», — падумала яна i засаромелася, што так i не пераадзелася, тупае босая.