Васіль ад нечаканасці, а то i разгубленасці, а заадно лішняе імгненне зірнуўшы на тых двух, што замітусіліся пры агні, згубіў спрыяльны момант: незнаёмец, а ўслед за ім i Янка, убачыўшы небяспеку, не страляючы, гойснулі ў супрацьлеглы бок — за склеп, у жыта. Яны былі выразна відаць пры святле, але цяпер Васіль бачыў не так іхнія спіны, a ўсё яшчэ вялікія Янкавы вочы. Той, калі шухнуў на поплаве агонь, устрапянуўся i жудасна вырачыў вочы. Відаць, i ад небяспекі, i ад таго, што яны з Янінаю не перасцераглі яго ад засады.
— Янка! Лажыся! Падай! — закрычаў Васіль, але Янка не падаў, не лажыўся, пёр у поле, — Ян… — Зноў паклікаў ён, але голас яго патануў у аўтаматнай чарзе. Адтуль, з жыта, хлебяснуў аўтамат, выкінуўшы насустрач уцекачам агонь, i кулі заціўкалі ў Васіля каля вуха. Янка i незнаёмец быццам спатыкнуліся; Янка нібы стаў на дыбкі, выцягнуўся, а пасля кульнуўся на бок, незнаёмец, узмахнуўшы рукамі, гопнуўся ніцма.
Нечакана зноў стала ціха-ціха, толькі пры аслабелым святле пачулася, што пахне спалены порах. Да Вяршка i Крушынскага, да Янкі з незнаёмцам з усіх бакоў, прыгінаючыся, пабеглі людзі Васюкова.
— Гатовыя, — сказаў нехта задаволена на поплаве, падбіраючы з зямлі аўтаматы Вяршка i Крушынскага.
Падбіралі зброю i там, дзе ляжаў Янка.
Як не сваімі нагамі Васіль паспяшаўся туды і, дабегшы, пры зусім ужо слабым святле ўбачыў, што Янка шкрэбае праваю рукою па зямлі, глуха стогне. Скроня, шчака яго чамусьці цёмныя-цёмныя — відаць, куля трапіла яму ў галаву, i адтуль, з раны залівае шыю, твар кроў.
— Братцы, — пачулася ззаду, з-пад лугавіны. — Васюкоў забіты…
Тыя, што стаялі ля Вяршка i Крушынскага, пабеглі да таго месца, дзе ляжаў у засадзе Васюкоў; у гэтую ж хвіліну наваколле агаласілася пранізлівым жаночым енкам — з раскінутымі рукамі, галосячы, імчалася ад зямлянкі сюды, дзе стаяў Васіль, Яніна. Але, відаць, позна ўжо было як-небудзь памагчы яе брату…
Эпілог
— Ідзі на двор, — загадала Чапроўская, — Ты нічога не паможаш, толькі будзеш замінаць. Ды i не трэба табе, мужчине, быць тут.
Васіль накінуў на плечы бушлат i яшчэ раз з жалем, са шкадобаю зірнуў на Яніну. Тая, у белай кашулі, накрытая самадзельнаю, пашытаю з усякіх каляровых кавалкаў коўдраю, не зважала ні на маці, ні на яго, моршчылася, нават курчылася ад болю i то стагнала, то лямантавала на ўсю зямлянку, аж, здаецца, сінеючы ў твары.
Ён паслухаў цешчу i выйшаў. Ён ведаў, што цешча (кабета, маці) лепш дагледзіць, паможа Яніне, дык не варта ёй надакучаць, таўчыся ў яе гіерад рукамі. Дзякуй богу, адпусцілася во, прыйшла i ўвесь гэты тыдзень жыве з імі: дагэтуль не толькі не прыходзіла сюды, але, лічы, не гаварыла з імі, не дазваляла, каб паказваліся ёй на вочы i ў Ружэвічах. Яна лічыла, што i яны абое вінаватыя ў Янкавай пагібелі, не ўратаваўшы яго, маладога, няцямлівага. Ён як мог апраўдваўся, Яніна горка плакала, кленучыся, што яны рабілі ўсё толькі для таго, каб якраз адвесці Янку ад бяды, але старая не толькі пакрыўдзілася, а зацялася i нібы зненавідзела. Ніхто яе сюды цяпер не клікаў, сама прыйшла, здаецца, адпусцілася, палагаднела. Праўда, сынава пагібель не прайшла для яе незаўважна: зусім ссівела, пачала выглядаць старою бабуляй.
Васіль запыніўся каля зямлянкі. Тут, на дварэ, пасля зімовых маразоў, мяцеліц усталёўвалася пяшчотная сакавіцкая цяплынь. Неба было ўжо высокае, блакітнае, з кучмамі белых воблакаў, з амалоджаным яркім сонцам. Каля зямлянкі, склепа, стажка сена, а таксама ля паднавеса, дзе зімавала карова, якую наказаў ім даць перад смерцю Васюкоў, значыць, там, дзе быў зацішак, прыгрэвак, пачаў асядаць, раставаць снег i паказаліся першыя лапікі зямлі, што ўжо абуджалася, прагла волі, цяпла i жыцця. У паветры ўжо прыемна запахла яе жыццядайным водарам. Надыходзіла часіна вялікай паводкі, а таксама таго чаканага моманту, калі вось-вось павінны былі прыляцець сюды птушкі. Васіль найбольш любіў якраз такую пару, бо адчуваў абуджэнне, радасць у душы, а таксама прагу да працы, да зямлі, да песень, да нейкай новай надзеі ды веры.
Гэткае ж, узнёслае, пачуццё было ў яго i сёлета. Цяпер, праўда, у яго яшчэ быў i вялікі клопат. Усе яго думкі былі найперш пра Яніну; кожны яе адчайны енк, крык ці стогн болем адклікаўся ў яго душы, i заадно ён з нецярпеннем чакаў той хвіліны, калі зямлянка, іхняе жыццё азорацца святлом вялікага жывога поклічу, радасці ды шчасця, калі пасля гэтага зменіцца іхняя доля, зменяцца яны самі, калі сцвердзіцца вялікая i магутная загадка прыроды, свету i род чалавечы павялічыцца, каб не звясціся, а яшчэ болей i далей доўжыцца.
Вось Яніна надзвычай адчайна i доўга закрычала, здаецца, з усёй сілы, i ён, заміраючы, не мог выцерпець гэтага крыку, гэтага болю, заткнуў вушы пальцамі — хоць на хвіліначку нічога не чуць, думаць, што Яніне не толькі палягчэла, але i добра. Цяжка было адчуваць, што ты нічым не можаш памагчы любімаму чалавеку, які цяпер, рыхтуючыся даць новае жыццё, сам, бадай, развітваецца з гэтым светам. Без Янінінага крыку, таксама без ціхай песні капяжу, далікатнай мелодыі марозна-сонечнага паветра зазвінела ў вушах ці ў галаве, i ад гэтага настойлівага, неадчэпнага звону ці, можа, i ад хвалявання задрыжэлі пальцы, рукі. А можа, яны закалаціліся па нейкай іншай, нават невядомай яму прычыне.
«Божа, памажы ёй», — маліў ён у думках. Пасля не вытрываў адлучанасці, адклаў пальцы, каб зноў чуць тое, што робіцца ў зямлянцы, а таксама як ціхенька пяе прырода. I ў гэтую хвіліну аж скалануўся: замест Янінінага крыку пачуў тоненькі адчайна-патрабавальны піск. У яго памлелі ногі ды сэрца аблілося гарачынёю не то ад радасці, не то ад разгубленасці: нарадзілася дзіця! У яго ёсць сын ці дачка! Яны з Янінаю ўжо не маладыя хлопец i дзяўчына, а тата i мама!
Дзіця, паддаючыся нейкаму магутнаму вечнаму клічу, усё надавала i падавала свой голас, нібы сцвярджаючы: я — Чалавек, жыву, раз мне было суджана прыйсці на гэты свет! Перапаўняючыся радасцю, хваляваннем, Васіль з нецярпеннем чакаў таго шчаслівага моманту, калі яму можна будзе зайсці, зірнуць на яго, гэтага Чалавека, у якім пульсуе i яго кроў. Як бацька, ён адчуваў, што першае іхняе дзіця нарадзілася i ў цяжкі, i ў шчаслівы час — у год, калі скончыцца доўгая, шматпакутная ды шматкроўная вайна, прыйдзе Вялікая Перамога, усталюецца на роднай зямлі мір, хоць немаўляці разам з імі, бацькамі, прыйдзецца нямала сербануць ліха, пагараваць, пасніць перададзеных ад ix трывожных сноў… Нават аж сам здзівіўся, што да яго ў гэтыя хвіліны прыходзіць нейкае новае, узмужнелае, пачуццё, нейкая новая — ці не мудрэйшая — развага, нейкі новы, ужо бацькоўскі клопат.
Урэшце, калі ён ужо знемагаў ад нецярпення ўбачыць Яніну i дзіця, адчыніліся дзверы i з зямлянкі вызірнула Чапроўская.
— Заходзь, бацька, — усміхнулася яна і, калі Васіль уваходзіў, пазіраў на палок, на даўгаватую, бледную, з заплюшчанымі вачыма Яніну i невялікі скрутачак каля яе, дадала шчасліва: — Сына маеш… Так што не звядзецца род…