Але мабілізаваныя не дазволілі ўчыніць гэта з сіратою. Юрка падаўся на гарадскі рынак, а там якраз — мітынг супраць бальшавіцкага вайсковага пабору.
― Далоў камуну! Хай жыве вольная Беларусь! — крычалі ў натоўп абураныя юнакі. Абудзіліся й сяляне. Аглоблі ў рукі пабралі (у некаторых і зброя была) — і пабілі чырвоных міліцыянтаў. Непакорцаў утаймавалі толькі два панцырных аўтамабілі, што спешка прыкацілі на рынкавую плошчу…
Пасля гэтага па вёсках пачалі наведвацца карныя аддзелы — вышуквалі «дэзерціраў» і «контраў». У Папоўцах у чэрвені двух хлопцаў злавілі й расстралялі. Абураныя мужчыны ў лес пачалі сыходзіць, у партызанку.
А ў канцы ліпеня палякі ў краі запанавалі. Юрка вярнуўся ў вёску, — а ў хляве ні каровы, ні свіней, — усё ў абоз чырвоны пабралі. Дзякуй Богу, сёстры ў суседзяў перахаваліся…
А з тыдзень таму Юрка Харытончык далучыць да іхняга ланцуга папрасіў і Ўладзю Жылку з братам. І яны побач узбуджана выструньваліся…
Загаварылі прамоўцы — пра становішча ў краі, пра тое, што бальшавікі ў Слуцку ўжо раскашуюць і да іх збіраюцца.
У Семежава прыехалі сябра Найвышэйшай Рады БНР (добра вядомы Алесю яшчэ па Менску) Кузьма Цярэшчанка, новы старшыня БВК Андрэй Якубецкі. Суправаджаў іх начальнік штаба брыгады Антон Борык.
Зрабіў даклад і Цярэшчанка, адзначыў вялікі розгалас пачатай случакамі справы, крануўся апісання слуцкага чыну ў газэтах — у прыватнасці, у гарадзенскім «Беларускім слове» (а пазней ад Якубецкага Алесь пачуе і пра апошнія дні Гаруна: у БВК прыйшоў урадавы ліст з кракаўскага вайсковага шпіталя — вестка пра Гарунову смерць. БВК пастанавіла дэлегаваць некага ў Кракаў, каб даведацца пра абставіны смерці песняра й змагара, адшукаць ягоную магілку. Ехаць напрасілася Паўліна Мядзёлка — ейны муж, Тамаш Грыб, эмігрантам жыў у Лодзі. Па звароце Мядзёлка і расказала, што Гарунова магілка — на пахаванні польскіх жаўнераў, на ёй толькі просты драўляны крыж з таблічкаю ўсяго на два словы: «Аляксандр Прушынскі»).
І Русак тады слова казаў, хораша казаў:
― …У Рызе ангельскія й французскія арбітры польска-савецкага канфлікту вырашылі мяжу па рэчцы Лані пазначыць. Зноў новы шнар на целе Бацькаўшчыны нашай будзе! Гэта яшчэ адзін нам напамінак, што лепшую долю сваю мы толькі самі здабыць можам. На чыёсь заступніцтва — няма надзеі! Адраклася ад нас і Польшча, не падтрымала справаю Беларускую Народную Рэспубліку, на некалькі месяцаў раней за саму незалежную Польшчу абвешчаную… Не дадуць паслабкі й бальшавікі — бачыце, як сквапна кінуліся яны займаць пакінутыя землі. Але ж мы ўжо, самі бачыце, сіла! І мы йшчэ паглядзім, хто каго!..
І Русак заспяваў «Ад веку мы спалі», паўслупка цягнуў адзін, а далей ― нібыта апамятаўшыся, песню падхапілі дзесяткі іншых галасоў, сотні — і ўзнеслі-акрылілі над асыпаным сонцам мястэчкам.
А пазней і парад адбыўся: люднай вулкай адмаршыраваў узвод «бэвэкоўцаў», заместа пагонаў у якіх былі бела-чырвона-белыя нашыўкі. Расчулены Цярэшчанка, казалі, плакаў…
Назаўтра, 26 лістапада, вырашана было выступаць супраць бальшавікоў. А вечарам «папараць-кветаўцы» (іхні аддзел увайшоў у 2-гі батальён Грозаўскага палка пад камандаваннем штабс-капітана Мацэлі, Алесевага «бліжэйшага» земляка, — Мацэля нарадзіўся ў Малой Млынцы Цароўскай воласці) сабраліся ў адной хаце — і ноч не маглі заснуць. І чакалі змагання — а яно ўсё ж нечаканым падбіралася. І ўсё ўяўным, прытрызненым падавалася, нібыта гульню хлопцы нейкую ўсчынялі…
Тады ж Алесь упершыню загаварыў з Жылкам:
― Гэта ж ты вершы пішаш?
Крыху здзівіўся той, усміхнуўся:
― Спрабую…
― То дай Божа ўсім такія спробы! Гэта ж да цябе Лістапад з Буслом прыязджалі? Гэта ж тваё ў «Беларусі» надрукавана было? — І Алесь гучна ― на ўсю хату — задэкламаваў, і бачыў, як сцяліся, баючыся варухнуцца, хлопцы:
Калі ён скончыў чытаць, маўчанне колькі хвілінаў пульсавала ў хаце, за жывое кранулі радкі гэтага ціхмянага хлопца, душу ўсю ўзварушылі. З той хвілі не толькі яны, але — з іх расказаў — і ўсе ў батальёне моцна палюбілі Жылку, павагаю ахінулі.
А ён таго вечара нясмела падзякаваў Алесю, што «Покліч» ягоны запомніў, руку паціснуў — далікатны, невялікага росту, хударлявы, вочы наболеныя, стомленыя…
Боек даўні цяг…
(З песні інтэрнаваных стральцоў Слуцкай брыгады.)
Ягонае пачуццё незвычайнай гульні разбілася з першым стрэлам…
Ранак — нібыта падмянілі: хмурна, золка, ветрана. З усходняй роўнядзі небасхілу як аграмадныя плыты сунуліся шэра-брудныя хмары, нізка завісалі над галавою, нібыта зачапіўшыся за дзіды векавух-елак.
Батальён залёг, чакаючы праходу Сіняўскім трактам частак 8-й дывізіі Чырвонай арміі, аб чым неаднакроць перадавала выведка.
Напачатку на дарозе ўзніклі цёмныя крэскі, затым сталі расці й ператварацца ў вершнікаў. Гэта была конная застава.
― Чырвоныя! — зашапталі раптоўна шарагоўцы.
― Цішэй… Страляць толькі па маёй камандзе, — хваляваўся, бачна было, і камандзір Мацэля.
Коннікі — ужо ў метрах сарака, і нарэшце пляснула кароткае «Плі!» Цішыня ўзарвалася. Конь пад першым вершнікам даў свечку… Заляскалі-аглушылі новыя стрэлы, а Алесь тады нечакана зніякавеў, палец на курку нібыта скамянеў, не слухаўся.
«Стрэліць — у жывога…» — апякла млосная няпэўнасць, увушшу зазвінела, і адразу ж стала шкада сапсаванага патрона…