― Злыдняў біць!
― Якіх?
― Каторыя старца Вярхоўскага застрэлілі…
― А пра тое, што ў Семежаве запіс праводзіцца, ад каго дачуўся?
― У абвестцы ў Слуцку прачытаў.
― Дык ты й чытаць навучыўся?
― Старац Вярхоўскі літары паказаў… Яшчэ мы з ім разам прошчу аднаўлялі…
Зірнуў Русак на ягоныя магутныя далоні-капачы і ўраз ажывіўся.
― Пачакай крышку, братачка, — і да камандзіра палка пабег. Вярнуўся ўзрушаным, радасным, абняў Міцю і выпаліў: — Слухай, даручана нам майстэрню па наладзе сапсаванай зброі закласці… Ці возьмешся?
― Чаму б не.
― А накавальню пяленгаваць не развучыўся?
― Ня смейся…
Так Міця Буба стаў палкавым кавалём. І нарадавацца на яго не маглі: і вінтоўку даробіць, і каня падкуе. І сам змяніўся, ажыў нібыта, усміхацца пачаў, заспяваў нават… А аднаго разу Русака перастрэў:
― А ты ж мяне ў паперу не ўпісаў…
― Якую паперу?
― Усіх ты алоўкам перапісваў і подпіс ставіць прасіў!
― А… — Узняў у сподзіве Русак бровы, пачухаў за вухам — і з кішэні аркушык дастаў, прытуліў да дзвярэй. — То як цябе запісваць?
― Гэта… — Міця зніякавела адклаў малаток, неяк разгублена і спалохана стаў выціраць аб нагавіцы далоні, паветра напоўніцу ў грудзі набраў… ― Жалязовіч!
Русака як токам працяла. Усміхнуўся, далонь кавалёву ў сваёй сціснуў, патрос:
― Малайчына, браце, малайчына! На вось, падпішыся…
Міця крэмзнуў штось няўмела там, куды паказваў палец Русака, і бадзёра зноў малаток узняў — і так па ўжо астылай загатоўцы мянтоліць пачаў, што з яе ажно іскры пырснулі…
Незвычайна сонечны ранак. Апаў мароз, хоць і пашчыпваў яшчэ за вушы. Доўгія шыхты абодвух палкоў брыгады ўціскаліся ў невялікі семежаўскі рынак і цягнуліся па шырокай вуліцы. Неяк тужліва-ўзрушна і ўадначас велічна на душы. І не ў аднаго яго — тое ж казалі і вочы сяброў. Усё ж правільна зрабіў Русак, што сабраў «папараць-кветаўцаў» супольна: «Разам не толькі бацьку лацьвей біць!»
Ды і больш упэўнена каля яго пачувалася хлопцам: як-ніяк тры гады ў царскай арміі ўнтэр-афіцэрам праслужыў, і на Першым усебеларускім кангрэсе ўдзел браў, і на з'ездзе Случчыны старшыняваў — хоць усяго на нейкіх чатыры гады й старэйшы.
Іх адзьдзел стаяў на тэрыторыі рынку, акурат пасяродку — побач з палкавым сцягам. Алесю й Лістападу трымаць і ахоўваць яго даручылі, і Алесь моцна сціскаў сцягавае дрэўка — нібыта руку Людзіну.
«Ну й малайцы дзяўчаты нашы!» — думаў.
І Бусел поруч стаяў (пасур'ёзнеў яшчэ больш, паспакайнеў — не Клекатун ужо, не!), хлопцы з колішніх «пяцёрак». Сярод іх — і Юрка Харытончык, надзейны і сведамы сябар. Па гадах роўня Русаку, нарадзіўся ён непадалёк ад Грозава. З восені да вясны хадзіў у школу, летам пасвіў кароў. Пасля смерці бацькі сам вёў гаспадарку. У васемнаццаць гадоў застаўся поўным сіратой — з дзвюмя малодшымі сёстрамі. У 1915-м забралі ў войска, прайшоў вучобу і стаў зводным у рангу капрала. У снежні 1917-га, пасля дэмабілізацыі, вярнуўся дамоў, з сабою прывёз… кулямёт, тры вінтоўкі і рэвальвер. Зброю аддаў у «пяцёрку». Вясной 1919 года зноў патрапіў пад мабілізацыю — ужо бальшавіцкую. З селавым прыгаворам (сірата, апякуе дзвюх меншых сясцёр, трымае гаспадарку, мусіць быць вызваленым ад войска) з'явіўся ў Слуцак да камісара Лебедзя.
― Трэба йсці бараніць свабоду, бо йнакш прыйдуць белыя дзянікінцы, — быў адказ камісара.
І тады й выпаліў упарта Юрка:
― Не пайду — датуль, пакуль апошніх гаспадароў не пабяруць!
― Ах, то ты шабатажнічаеш! — ускіпеў Лебедзь, рэвальвер выхапіў. ― Арыштаваць!