Прапаўзлі бліжэй — да плота, на якім чакаў зімы высушаны бульбоўнік. Каля варот — падвода, конь за вушульца прывязаны. Двое вайскоўцаў якісь мех на падводу ўскінулі — і зноў у двор.
― Заткни, баба, псину, а не то пристрелю! — а сабака яшчэ большы лямант усчаў.
― То ж, хлопчыкі, на пасеў… Што ж у зямлю кідаць будзем? — не чула яго старая. — Можа, яечак адных до?..
― Вось і стрэліся, сучары! — прашаптаў Сцёпа і як кіпенем Шлындзікаву ў вушы плюхнуў: — Твой цыбаты, каторы з вядром. Страляем разам…
Шлындзікаў даўкі камяк глынуў, на Сцёпу ўталопіўся:
― Ды ты… А фто, як іх тут не два?
― Па двое ездзяць! І да нас такія во госці заляталі… Цэлься, кажу! — і акуратна дула свайго карабіна між шчакецін прасунуў…
Два перуны ляснулі амаль уадначас. Гаўрылевічава ахвяра вухнула на змецены падворак. Пацэліў і Шлындзікаў — ягонага цыбатага, старшага групы асобнага пададзьдзела 27-й чырвонаармейскай дывізіі, прыціснула да парэпанай сцяны хлява, потым ногі паддаліся, і ён паволі пачаў апаўзаць, яшчэ імкнучыся прытрымацца за вінтоўку (вядро з яйкамі адразу выпусціў).
Нібы зарвала ўраз сабаку, абхапіла голаў баба й азірнулася, зляканая.
Яны толькі ўзняліся з-за плота, як невысокая постаць мітнулася паўз хату да каня, ірванула ляйчыну.
― Рукі ў гору, а то стрэлю! — бухнуў Гаўрылевіч («І трэ ж, Шлындзікаў меў рацыю…»)
Ляйчына аслабла.
― Ходзь сюды!
― Не страляйце толькі… У мяне вінтоўкі няма… — голас тонкі, як дзіцячы. За варотамі паказаўся і сапраўды амаль хлопец — невялікі, хударлявы, але ўсё ж у форме.
― Ваякі, ― працадзіў Гаўрылевіч і плюнуў.
І тут зноў бухнуў стрэл. Гаўрылевіч і Шлындзікаў гохнуліся на жываты.
Хрып ірвануўся з грудзей цыбатага чырвонаармейца, ён памкнуўся прыўзняцца ды выпусціў вінтоўку, зноў прыціснуўся да сцяны.
― Трымай малога! — Гаўрылевіч пачэпаў ужо да цыбатага, адкінуў нагой ягоную вінтоўку — і тут адчуў, як штось цёплае прыліпала да шыі. Мацнуў даланёй: кроў.
― Падла! Шчаку рассёк… Гэта ж шнар на ўсё жыццё! — Што сталася са Сцёпам, Шлындзікаў зразумець не мог. Узлюціўся, раз'ятрыўся, аж плечы закалаціліся.
З усяе моцы тыцнуў прыкладам па галаве беспачуццёваму чырвонаармейцу. І тут за вядро зачапіўся, на зямлю пабітыя яйкі пацяклі.
― А-а! Яец захацеў?! То зараз я цябе накармлю!!!
Далей усё як у сне было. Нож з халявы бота выхапіў — і да знежывельца… Штаны садраў і, мацюкаючыся, як нажоўкай рэзаць стаў, толькі локаць востры туд-сюд хадзіў…
Баба нема запішчала й у хату кінулася… Шлындзікаў рот раскрыў — а вымавіць не змог нічога, як уледзянеў язык…
― Вось, жарэце! — Гаўрылевіч выкуліў з вядра рэшту бітых яек, яшчэ раз тыцнуў нажом і адрэзанае ў вядро ўкінуў. Вядро на воз паставіў — і застыламу хлопцу: ― Адвязі сваім камісарам! Скажы, што прадразвёрстку па яйках у гэтым хутары здалі!
Але хлопец не варушыўся нават, толькі сполашна ўзрывалася ніжняя губа.
― Вязі, кажу! А то й твае адрэжу… — Гаўрылевіч скінуў з вушульца лейцы, і калі хлопец-чырвонаармеец, не гледзячы на дарогу, здранцвела пасунуўся за канём, прыклаў далонь да параненай шчакі — кроў не сунімалася…
Слуцак прыціх зноў — не насцярожана ўжо, а чакаючы, чакаючы першага кроку Рады. Загадам № 1 стала забарона вывазу за межы Случчыны зерня і жывёлы, першай пастановай — абвяшчэнне пра нацыяналізацыю ўсіх лясоў краю (нагляд за імі ўскладаўся на валасныя Рады).
Рада Случчыны расколвалася на дзве часткі. Паўлюкевіч, Мацэля і Біруковіч настойвалі, спасылаючыся на недахоп грошай, зброі і амуніцыі, на прызнанні Балаховіча і запросінах яго ў Слуцак. Наскокі тыя, праўда, крыху прыціхлі пасля таго, як газэты паведамілі пра паразу-разгром у Крыме Врангеля.
Жаўрыд працягваў весці перамовы з палкоўнікам Ясінскім і не мог не адчуваць змены ў настроях палякаў — усё ж з'езд не апраўдаў іхніх спадзевак, бо выявіў не толькі антыбальшавіцкі, але і незалежніцкі характар. Некалькі разоў спрабаваў арганізаваць для Балаховіча конны полк Самусевіч. І сам генерал імкнуўся падпарадкаваць сабе маладую Слуцкую брыгаду і ўзначаліць рух слуцакоў — які цудоўны плацдарм для паходу на Менск адкрыўся б!
А 23 лістапада палякі і наогул пакінулі Слуцак, папярэдзіўшы Раду толькі за суткі перад гэтым. Горад застаўся сам-насам са сваім адчуваннем блізкай бяды…