― Мікалай. У шаснаццатым прызвалі…
― Точно…
― Штабс-капітанам быў. Казанскі інстытут скончыў. Настаўнікам збіраўся стаць?
― Да-да… — Дзёмін-старэйшы нават язык ад нечаканасці высалапіў.
— В Казани тетка его жила. Она побогаче, своих детей не было, вот и пристроила в институт…
І тады слуцкі капітан моцна абняў старога Дзёміна:
― Служыў я колісь з вашым сынам, бацька!
― А где он?! — у старога раптам пачырванелі вочы, вусны задрыжэлі.
― Пра гэта я ў вас спытаць збіраўся… Ня ведаю… — і Сокал-Кутылоўскі яшчэ раз абняў зніякавелага Дзёміна.
Слуцак падаўся згвалчаным — бруд, бітае шкло на вуліцах, смецце… І на жыхароў сполах найшоў — у вокны глядзець баяцца. Але праз дзень пачалі ажываць. Загаманілі дворыкі…
Полк начаваў у ягонай Цароўцы. На ўездах выставілі каравулы. Да сябе ў хату Алесь запрасіў Бусла, Жылку, Харытончыка, яшчэ колькі хлопцаў і, канешне ж, Лістапада — ён ужо амаль братам родным стаў.
У двор заходзілі цёмначы — пад ногі з гыркатам кінуўся адвязаны Рыжык ды, абнюшкаўшы, замянцеліў хвастом.
Дзед абрадаваўся, маці адразу ў слёзы… Затым устрапянулася, зніякавела:
― Вой, а чым гэта пакарміць вас? — і да печы, высыпала з чыгунка на стол адваранкі — бульбы неабіранай, у міску смятаны плёхнула: — Памачайце во, а я зараз яешню спяку… — І нібыта ўжо апраўдваючыся: — Абшалёсталі ўсё раквізіччыкі…
Пасля падсела бліжэй (дзед ад прыпечку не адыходзіў), усміхнулася, на іх гледзячы.
― Не турбуйцеся, цётка, дома ўсё смачна, не ад'есціся… — бадзёрыўся Бусел.
― Ды ўжо ж асмакоўвайцеся, чым ёсць… І калі ж гэта, дзеткі, усё ўціхне? Жыткі ж аніякай… Лацьвей цяперака бязлюднікам — як той Буба — жыць у зямлянцы, і ні чуць, і ні бачыць нічога…
― Ну чаго разгорнілася так? І горшае бывае! А ён жа не выскрабак (гэта пра Алеся), не адно кніжкі чытаць яму… Вунь як да неба скочыў! — падаў голас і дзед.
― Праўда, мама… Ты не турбуйся так… Штодня мы амаль і з бацькам бачымся. А пра Бубу ты ўспомніла — дык і ён жа ў брыгаду прыйшоў! Цяпер і яго кавальскія рукі патрэбны.
― Дык ужо ж глядзіце там… — маці, адчуў, вось-вось зноў заплача…
А пад раніцу і бацька прыехаў. Перадрамаў з гадзіну — і зноў у дарогу зазбіраўся. Пры брыгадзе дзейнічаў медыцынскі адзьдзел. Раненых большала, і патрэбна было клапаціцца пра шпіталь і абслугу. Непярэліўкі і з медыкаментамі…
Заспеўшы сына з Лістападам у мыцельніку, абняў абодвух — і агаломшыў:
― У медычкі да нас і Люда з Марыяй запісаліся… Як я ні ўгаворваў, не перадумалі. Што рабіць — я й ні ведаю нават…
На месцы гарадскога рынку яны чакалі агульнага збору, спрабавалі жартаваць, грэліся каля наспех скіданага агеньчыка — балазе дошак ад разбітых лаў і сталоў было ўдосталь. Хмурна наўкола, волка. Ужо колькі разоў спрабаваў зацерушыць снег.
І раптам:
― Дзядзька Антон, ці вы гэта?!
Трое мужчын — як па камандзе — сталі. Адзін з іх, ніжэйшы ростам, у густой барадзе, звёў бровы і прастуджана прахрыпеў:
― Жылка, убрыкні цябе кама-а-ар! І ты тут! Дай я цябе пацалую…
Бачна было, мужчыны (сярод іх Алесь пазнаў начштаба Борыка) некуды спяшаліся. Жылкаў знаёмец — Ядвігін Ш. ― разгублена агледзеў усіх хлопцаў, зніякавела пахітаў галавой:
— Трымайцеся… Бог дасць, пабачымся! — А ўжо адышоўшы ад вогнішча, хапіў Борыка за рукаво: — Паслухай, браце… Гэта ж паэт наш малады… Хворы ён. Ды і ўсе — дзеці яшчэ. Яны што — пад кулі йдуць? Памаракаваць трэба… — і азірнуўся змрочны, наструнены.