І яшчэ выбіўся з усіх выступ палкоўніка Язэпа Булак-Балаховіча, «бацькавага» брата. Якіх толькі гораў залатых не абяцаў, якія планы вымалёўваў! І капітан Антон Самусевіч у зале быў (конны полк арганізоўваць меціў). Ды не клалася Балахоўская карта на Случчыну. З'ездам кіравалі эсэры (той жа Русак), а законным яны прызнавалі толькі Ковенскі ўрад БНР на чале з Ластоўскім. Апошні аб'явіў Балаховіча ворагам беларускага народа…
І яшчэ… Паводле апошняга дарэвалюцыйнага перапісу ў Слуцку жыло 3,6 % палякаў, 7,7 % расейцаў, 16,8 — беларусаў і 71,4 габрэяў[10]. А кожнага латочніка і крамніка слуцкага дрыжыкі бралі пры адной згадцы пра Балаховіча… Беларусаў жа ён насцярожваў тым, што то да маскоўцаў, то да палякаў (як цяпер) занадта хінуўся.
І адхілілі на з'ездзе случакі прапановы Язэпа Булак-Балаховіча аб дапамозе «бацькавай»…
А пад канец дня група Паўлюкевіча і Мацэлі (са сваім праектам аўтаноміі Случчыны ў межах Польшчы яны так і не высмеліліся выткнуцца) стала агітаваць супраць прэзідыума з'езда.
― Далоў бальшавікоў са сцэны!
― Паспыталі ўжо іхніх казак!
― Далоў… ― бухнула колькі вокрыкаў.
Вечарам палякі арыштавалі старэйшага Асьвяцімскага. Зноў даручылі Жаўрыду дамагацца ягонага вызвалення. Праз дзве гадзіны Асьвяцімскі ўжо быў у доме Вайніловіча. Расказваў, што яго вось-вось павінны былі пад канвоем вывесці са Слуцка…
Назаўтра (працу пачалі зранку) прагучалі прамовы пра бессэнсоўнасць ваеннай акцыі, якая, маўляў, мусіць прывесці толькі да кровапраліцця і рабавання краю.
Бусел (нельга было не адзначыць, што за гэтыя год-два ён з бесклапотнага неўтаймоўнага Клекатуна перарос у гаваруна памяркоўнага, самавітага) паспрабаваў назначыць «залатую сярэдзіну»:
― Думаю, ні трэба нам у крайнасці кідацца. Правільна, з ражном на мядзведзя йсці — ці разумна? Але ж калі ён хату тваю па бервяну раскідваць стане?! Дык вось да чаго звярынец гэты я вам гараджу — войска сваё збіраць нам трэба. І калі давядзецца бальшавікам Слуцак заняць — у той жа дзень правесці ў горадзе вайсковы парад…
Зала зашапталася, затым гул узняўся. Гэты наіўны праект нечакана падтрымаў Паўлюкевіч.
― Мы за народную міліцыю, моцную, дзеяздольную. Толькі — правільна! — моцу сваю трэба прадэманстраваць, а не выкарыстоўваць у бойках…
Тады ж аб'явілася новая дэлегацыя ад Булак-Балаховіча. Разагрэтыя пасланцы адразу ж на сцэну ўскочылі (боты, пэўна — так задумана было) ад пылу дарожнага не абцерлі яшчэ. Прэзідыум запярэчыў: «Трэба запісацца ў чаргу, як і ўсім».
Тыя — прама да з'езда з просьбай тэрміновага выступу.
Парадак дня перарваўся. Сход, калі даведаўся, што гэта дэлегацыя ад Балаховіча, нечакана выбухнуў авацыямі… Даклад Астроўскага (ён і другі раз выправіўся да «бацькі») слухалі ўважліва: Балаховіч беларус паходжаннем і духам, ідзе з лозунгам незалежнай Беларусі («Зямлю і волю сялянству!»), войска яго вялікае… Самусевіч паведаміў аб тым, што Балаховіч даручыў яму фармаваць на Случчыне полк, што ўжо і «асігноўка» вылучана. Доўга зачытвалі пракламацыі й дэкларацыі Балаховіча, Савінкава і Беларускага Палітычнага Камітэта.
― Ды добра, добра!.. — перарваў нецярплівы голас (ці не Плішкі?). ― Вы скажыця лепш, колькі людзей у вашага вайскаводцы?
― Народная добраахвотніцкая армія Балаховіча сёння налічвае шэсцьдзесят тысячаў чалавек. Усе добра ўзброены, з багатай амуніцыяй.
― А арцялер'я?..
― Ёсць! Ёсць, дзядзька, і «арцялер'я», і конніца. Браняпоезд нават ёсць.
Сход загуў, а задаволены Самусевіч распавёў пра саюз Балаховіча з Расійскім Палітычным Камітэтам Савінкава і беларускім урадам — Беларускім Палітычным Камітэтам на чале з Адамовічам і Алексюком.
«Вот табе й на! — кальнула тады Алеся. — Вось і ўсплыў Аляксюк! Ды яшчэ й кім! І яму давяраць Случчыну? Пасля таго, што адбылося ў Вайсковай Камісіі?..»
Алесь хацеў папрасіць слова, але на сцэну ўзышоў Жаўрыд. Счакаў, пакуль усталявалася цішыня, і пачаў гаварыць спакойным, мядзяным голасам:
― Урадам БНР, Найвышэйшай Радай, я прызначаны камісарам на ўсю Случчыну. І ўся ўлада належыць тут толькі ўраду БНР. І ўзброеныя сілы, якія сфармуюцца на тэрыторыі нашага павета, падпарадкоўвацца будуць толькі Беларускай Народнай Рэспубліцы. — Жаўрыд агледзеў залу: слухаюць уважліва, зацікаўлена. — І нам не патрэбна дапамога ні Балаховіча, ні Савінкава, ні Алексюка, жуліка, які проста спекулюе беларускім пытаннем!
Як ні дзіўна, сход ізноў выбухнуў гучнымі авацыямі.
«Вось табе і «няграматны» Жаўрыд, які й па-беларуску з цяжкасцю гаварыў!.. Як урэзаў! Ну малайчына…», — Алесь, узбуджаны, пляскаў ажно да болю ў далонях.
Разгарэліся спрэчкі: усё ж прызнаць Случчыну часткай БНР ці абвясціць яе незалежнай рэспублікай (за апошняе выказваліся нават палякі, якія хацелі мець перад Расіяй нават два «буферы» — БНР (ці БССР) і «Слуцкую рэспубліку»).
Склалі два тэксты рэзалюцыяў сходу — Жаўрыда і Паўлюкевіча. Ніводная большасці галасоў не атрымала, сабраўшы амаль па палове прыхільнікаў. Тады вырашылі проста рэзалюцыі тыя злучыць.
Зачытаў канчатковы тэкст Васіль Русак:
«Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў ліку 107 асобаў, вітае Раду Беларускае Народнае Рэспублікі і заяўляе, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Бацькаўшчыны… Зьезд катэгарычна пратэстуе супраць заняцьця нашае Бацькаўшчыны чужацкімі і самазванчымі савецкімі ўладамі.
[10] На 1921 год суадносіны змяніліся намнога ― у горад «пайшлі» сяляне.