А ці мог ведаць, што ў колішнім бернардынскім манастыры-кляштары цяпер… масласырбаза гарадская? Адбойнымі малаткамі сцены павыбівалі, з княжацкіх грабніцаў косці павыкідвалі — і халадзільнікі там паставілі…
Зрэшты, было яшчэ адно месца, якое ён не мог не адшукаць, якому ён не мог не пакланіцца, — Старое Замчышча. Малым, наслухаўшыся п'янкіх легендаў пра свой край, ён прыбягаў на гэтае ўзвышша, прыпадаў вухам да зямлі — і здавалася, што там, пад пракаветнай дзірвановай тоўшчай, варушылася, яшчэ жывое сэрца ягонае зямлі…
Ён, здавалася, забыў… Перажыў, думаў, і самога сябе тадышняга, і мінулае колішняе. Раней, было, на настаўніка свайго, Радаслава Астроўскага, наракаў, ― за тое, што адышоў той ад беларускасці, ад справы сваёй былой адхрысціўся…. А затым і сам следам тым пайшоў… Ажно не! Хоць, думалася, і астыў, прыцемніў пазаўчора сваё — учорам зажыў, пазычаным, спакойным, забяспечаным…. Дзе ж там! Ягонае сёння зноў маланкаю бліснула, перуном у памяць загрукала — і з краю далёкага ў свой край прывяло, ды так апякло, так разанула… Божа літасцівы, хіба што з прыпамінаў ды згадак сваіх яму кнігу скласці, каб усе тысячы градусаў ад перуноў тых у яе ўкласці — толькі ж дзе паперы такой знайсці, каб затым выдрукаваць усё гэта: полымя ж увомірг словы зліжа!..
Ён, помніцца, стараўся запісваць пачутае ад старца Вярхоўскага. Ды дзе сёння тыя рукапісныя «манускрыпты»? Толькі асноўнае згадвалася цяпер, і ўзнаўлялася ўжо агучаным — павольным, спакойным голасам сівога старца...
Слуцкая хроніка старца Вярхоўскага
«На замкавай выспе, падперазанай стужкаю Бычка, дзе царква Святога Міколы, колісь іншая царква стаяла. Казалі, што ад перуну загарэлася была… Ураз гарадчукі малака кіслага кадкі цэлыя панавозілі — верылі ў нас, што пажар ад перуна толькі ім стушыць можна. І такі адваявалі ў вогнішча іконы і дзве сцяны царкоўныя. Дзе-нідзе іконы агнём параніліся. Дык яшчэ мяне іх аднаўляць вучылі… (Памаўчыць старац, падумае, бараду прыгладзіць, і зноў голас павольны плыве.) Пры Радзівілах Замак слуцкі моцным быў. Татары так і не змаглі скарыць яго. Усім горадам абаранялі Замак. Усе гарадчукі-месцічы на цэхі падзяляліся, кожны цэх меў свой абарончы бастыён і свой штандар. Усе як адзін, калі небяспека надыходзіла, на памосце Замка станавіліся. На ўздапамогу тры бліжэйшыя вёскі прызначаліся: Бранавічы, Варкавічы і Лучнікі (ад ваяроў-лучнікоў назву сваю апошняя і атрымала). Жыхароў тых вёсак выбранцамі звалі — бо выбіралі дужэйшых, вышэйшых, яны вызваляліся ад усіх падаткаў…
А ў 1655 року войскі маскоўскага цара пад кіраўніцтвам князя Трубяцкога атакавалі цвержу Замка, ды зубы свае аб яе і паламалі. У шале прадмесці спалілі й адышлі. Сейм затым месца на пяць гадоў ад падаткаў вызваліў, каб яно зноў у сілу ўбіралася.
Апошнім з Радзівілаў у Слуцку Дамінік, сыновіч Пане Каханку, княжыў. Сабраў, было, полк з мяшчанаў і выбранцоў і на чале яго ў кампаніі 1812 року ўдзельнічаў, за Напалеона выступаў. Ад кантузіі за мяжой памёр. Полк ягоны спрабаваў яшчэ Нясвіж ад рускіх бараніць… Тамтэйшыя жыды данеслі генералу Тучкову, што падчас вайны ў замак нясвіжскі шмат падводаў скарбу французы з Масквы прывезлі — золата, срэбра… Генерал пячаткі на замках загадаў зламаць і аддаў нясвіжскія сховы на рабунак. Два тыдні цягалі скарбы — не маскоўскія, а радзівілаўскія, — каму не лянотна было. Маскоўскага ж дабра не знайшлі ды і не маглі знайсці… Не было яго там! Генерала Тучкова пад суд аддалі, але той яшчэ да суда, па дзіўным збегу абставінаў, памёр… У 1812-м праз Слуцак прайшоў пяты корпус Напалеона — з Гародні на Магілёў і Смаленск кіраваўся. 22 ліпеня ў Слуцку стаяў…
А тады, як Случчыну маскоўцы падпарадкавалі, гэта пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе, Замак спустошылі. Йшчэ пры мне яго драўляныя вежы даруйноўвалі. У 1820-м разабралі большую — з боку касцёла бернардынцаў, дзе Случ цякла. Ацалела толькі некалькі пабудоў, у адной з якіх жыў некаторы час пан Гендэрзон, брат тайнай ложы масонаў…»
Ён неўзаметку даклэпаў на стары дзядзінец, на якім цяпер замест Замка ўзвышалася бетонная аграмадзіна Палацу культуры, і, натомлены, асеў на доўгую лаўку. Аддыхаўся. Узгорак паменшаў нашмат, паразмываўся. Трава і восенню смела зелянела, вось толькі ад рэчкі — ані следу…
Аднекуль музыка палілася, прыпеўкі… І памролася, што па прыступках ад Палацу культуры да яго батлейшчык колішні Болбут збягае, бадзёра адмерваючы ап'янелы спеў:
І тады ён вочы заплюшчыў, і знік Болбут…
Перад ім і Ігнатоўскім зноў старац Вярхоўскі сядзеў.
― А ці прыгадаеце, як раней Слуцак выглядаў? — гэта цяпер Ігнатоўскі спытаў.
― Чаму ж не… Апавядалі мне, ды і мапы даўнія бачыць даводзілася… Вот, скажам, у Слуцак вы з захаду Нясвіжскім трактам уязджалі б… З правага боку за Случчу пушча разлягалася. Туды на паляванні князі выбіраліся. А ў 1826-м вялікая бура пушчай пракацілася. Во-то дрэваў наваляла! І тады местачкоўцам дазволілі вывозіць вываратні. Так пушчу хутка зноў ачысцілі. Дык вось… (Старац нагу пакратаў — зацякла, пэўна). Далей тым Нясвіжскім трактам вы б у прадмесце Трайчаны ўехалі б. Назву сваю яно ад кляштару Святой Троіцы атрымала. Йшчэ там рачулка Тройча колісь цякла ў Случ… Пасярод вялікага пляцу, агароджанага разложыстымі дрэвамі, узвышалася мураваная царква Святога архід'якана Сцяпана. Купалы зіхоткія мела… Дзве вежы. У царкве — золатам абрамлены іканастас. Праваруч — труна княжны Сафіі Радзівілавай, апошняй з дому Алелькавічаў. На вечку надпіс па-беларуску быў:
«Сафія, княгіня Слуцкая і Капыльская, Альгердавага племені, прыставілася 1612 року».
Бліжэй да іканастасу, у неглыбокай мармуровай нішы — трумэнка Габруэла, закатаванага праз ў мястэчку Заблудаве. Ягонае цела, сколатае й прабітае, выслалі ў Слуцак… Народ наш ушаноўваў памяць княжны Сафіі й дзіцяці-мучаніка. У часы лютых хваробаў случакі святымі мошчамі-парэшткамі абносілі горад, молячы нябёсы аб заступніцтве…
Злева ад царквы стаяў драўляны палац для рэзідэнцыі біскупа. Пры мне біскупства перанеслі ў Менск, а ў палацы тым месціліся кіраўніцтва рускай семінарыі і бібліятэка. А за царквой, над ракою — старажытная званіца з адным вялікім і некалькімі малымі званамі. Набажэнствы ў Святой Троіцы праходзілі вельмі святочна. Голас вялікага Трайчанскага звону разліваўся далёка па рэчцы, і ягонае дабравесце дапаўнялі ўсе храмы места! А на свята Тройцы туды збіраўся люд з усяго горада й ваколіцаў. Хор царкоўны спяваў… Кірмаш ладзіўся… Будынак духоўнай семінарыі і праваслаўны манастыр і цяперака стаяць. Манастыр — праўда ж? — незвычайны, — як палац у вялікім горадзе![9]
Праз Трайчаны адзіная вулка йшла. Крыху наўзбоч ад яе праваслаўная семінарыя была. Яе навучэнцы ў местачкоўцаў кватэравалі. А як семінарыю ў Менск перанеслі, дык і Трайчаны абязлюднелі. У 1655 року ў вайну Расіі з Польшчай князь Трубяцкой, выціснуты са Слуцку, спаліў і Трайчаны, і другое прадмесце — Востраў… (Старац Вярхоўскі, бачна было, стаміўся. Папрасіў падаць яму вады. А глытнуў — сілы быццам зноў аднавіліся. Нават гаварыць хутчэй пачаў).
У горад жа дарогі вялі праз чатыры брамы: Віленскую (ці Нясвіжскую), Капыльскую, Астроўскую і Новамейсцавую. Апроч апошняй усе мураванымі былі. З вежамі, адкіднымі мастамі, якія ланцугамі на ноч падымаліся. Астроўская брама ацалела аж да 1835 року, астатнія раней паразбіралі… Сам жа горад колісь авальную форму меў. Доўгім ровам абнесены быў. Валамі землянымі ўзмоцнены, бакштамі. Недзе я змалёўваў старую мапу, то пазней, можа, і знайду, пакажу вам… Пасярод жа, на ўзвышку, — драўляны Замак ганарліва застываў, рэзідэнцыя Алелькавічаў…
Дык во-то ж увойдзем у горад праз Віленскую браму. (Старац раптам вочы заплюшчыў — нібыта ўяўляў сабе, пра што ціхмяным гасцям апавядаў). Злева — дзявочы каталіцкі кляштар Святога Іллі Прарока. За ягонай агароджай — дзве драўляныя цэрквы: летняя, большая, і зімняя… Званіца… Я часта хадзіў да цэркваў тых. З клопатаў пані Кахановічавай летнюю царкву новым іканастасам уаздобілі. На набажэнствах з дзесятак чарніц прысутнічала. Ох, багатым колісь кляштар іхні быў… Алелькавічы нічога не шкадавалі для яго! Затым жа ўрад расійскі ўсё багацце ў казну сваю забраў… У 1852 року большую царкву адцалі ўланам. А ў кляштар пазвозілі манашак-уніятак, якія па скасаванні уніі не схацелі прыняць праваслаўя. Тут яны і паміралі…
Далей па Віленскай вуліцы раскінуліся дворыкі гарадцовых мяшчанаў, пры маіх часах дужа збяднелых. А было, распавядалі, гандаль з Вільняй ды Кіевам вялі. Цяперака ж справу іхнюю Ёкшы й Шмоні ў свае рукі перахопвалі. Раней, пры Рэчы Паспалітай, ім забаранялася купляць пляцы ў некаторых частках горада. Калі ж край пад Маскву забралі, скасавалі той «прывілей». Паволі лепшыя пляцы, двары, рамёствы, цэхі, крамы ў рукі габрэяў пераходзіць пачалі. Прадаваў мешчанін цішком свой дворык, а сам падалей выязджаў, зямлёй пачынаў займацца, за плуг браўся, а то й за чарку… Яшчэ за маёй памяццю жылі нашчадкі Якімовічаў, заможных нашых мяшчан. На Каляды малым бачыў іх у доўгіх лісіных футрах з брандэбурамі, слуцкімі пасамі падперазаных, у высокіх каўпаках на галаве. Як пройдзе — аж зямля, здаецца, дрыжыць!.. Каля кляштару на Віленскай, знаць, Якімовічы жылі, і гандаль добра вялі. А праз дзесяць рокаў па свеце ледзь не пайшлі, і дом прадалі свой, і маёмасць… (Старац перарваў аповяд. Дакульгаў да старой шафы, утахторанай кнігамі, паперамі, картонкамі. Доўга шукаў штось, затым, разгублена цмокнуўшы, прысеў зручней, галавой пахітаў і зноў працягваў).
Па той жа Віленскай у партыкулярным доме быў тэатр. Выступала там, на маіх вачах шчэ, вандроўная трупа пана Клакоцкага. У адзін з сезонаў далучылася да трупы акторка адна… Стэфаніяй, здэцца, звалі. Дужа ж пекнай была! А як слічна таньчыла!.. У яе закаханымі было не толькі вучнёўства старэйшае, але й некаторыя гімназічныя настаўнікі. Вершы ёй пісалі…
І вось нарэшце мы ў рынак упіраемся. Помню яго застаўленым драўлянымі габрэйскімі крамкамі. Мяшчане ж прадавалі толькі абаранкі, пернікі, макоўнікі, талкачыкі грэчныя, гуркі ды іншую драбноціну… Йшчэ ў 1441 року кароль Казімір Ягелоньчык дараваў гораду Магдэбургскае права, а праз 200 рокаў кароль Ян Казімір яго пацвердзіў і надаў прывілей торгу на два дні ў тыдзень ды два кірмашы ў год. Пры мне на рынку былі два багатыя гандлёвыя дамы Ейны і Таўбэ. Пазней шчэ адзін адкрыўся — яго выйгралі па варшаўскай латарэі, і праз гэта называлі яго Скорабагатым… Во! Пра Ваньку ледзьва не забыў! Рускі купец Ванька наймаў на слуцкім рынку краму. Ён першы пазнаёміў случакоў з чаем і самаварамі! Дываны прывозіў, балыкі з асятрыны, футра вёз…
― А што гэта — балыкі? — Алесь упяршынь гэтае слова пачуў.
― Штось кшталту паляндвіцы нашай… Толькі з рыбы. Вой і смашная была! За дзень раскуплялі. На рынку й аптэка была… А далей, калі па той жа Віленскай трымацца, да старога Замка і дойдзем… Таемным, валадарным нечым ад яго праменіла… А на ўзвышку, бліжэй да цытадэлі — праваслаўны Сабор. Яго візантыйскі стыль не можа не зачараваць, сам Сабор не можа не ўразіць. Паглядзіце на яго здалёк — чым не старадаўні рыцар… па грудзі ў зямлі… магутныя плечы-дах сталёвай цвержай абцягнуты… зіхоткі шлем-купал на галаве… аркавыя вокны-прылбіцы… Як затрапеча вецер ліпы вакол яго — то і прымроіцца, што вось-вось сабор-рыцар узварухнецца, закрэхча — і на ногі ўстане! (Вярхоўскі зрабіў доўгую пярэрву і пачаў ужо, быццам час даганяючы, з іншага).
Самуэль Аскерка, пісар, а затым суддзя земскі, які за Яна Казіміра шведаў біў, збудаваў над Случчу, насупраць Замку, драўляны касцёл для бернардынцаў і кляштар. У 1815 року касцёл згарэў, і тады з добраахвотных складак пабудавалі ўжо мураваны касцёл… На тым жа мейсцы. А каля кляштару студня з чысцюткай вадою была. Агарод вялікі, сад, што славіўся грушамі бэрамі. Іх яшчэ бэрнардынкамі звалі, бэры ж — у скароце… Духмяныя, сакавітыя, ого! У Пецярбурзе ўдвая даражэй крымскіх ці іншых якіх каштавалі! А вывозілі садавіны са Случчыны колісь безліч — у год, бывала, на дваццаць пяць тысячаў залатых рублёў… Ага… Збіўся штось я. Гэта ж пра кляштар пачынаў… Пазней яго на казарму перарабілі… А йшчэ крыху вышэй ад рэчкі, к Замку, дзве царквы красаваліся… Уваскрасення Хрыстова і Святой Вялікамучаніцы Варвары. Шчэ далей — фара, ці рымска-каталіцкі касцёл парафіяльны… Ад храмаў тых вуліца да Астроўскай брамы вяла. Наўзбоч яе ліплі дамы гарадчукоў. Справа па ёй ацалелая царква Раства Хрыстовага стаяла. За ёй — драўляны касцёл Святога Духу. Калі мне рокаў з дваццаць пяць было… ужо пры новых маскоўскіх уладах… касцёл разабралі. І Астроўская брама пры мне існавала. Малымі на яе высокую вежу лазіць любілі… А з паўвярсты за брамай той могілкі пачыналіся. Праваслаўныя, з цэркаўкай, каталіцкія з каплічкай і кальвінска-лютаранскія… На ваколіцах, па капыльскіх і нясвіжскіх дарогах, і цяперака курганы высяцца. Лесам толькі паўросталі. Татарчукоў хавалі там. Казалі, што і пракаветныя курганішчы былі сярод іх… А за брамай прадмесце Востраў раскідвалася. Люднае колісь, вясёлае. Яго як удзельнае слуцкаму княжычу Аляксандру перадалі. Пры мне там ужо габрэйскія дамы й корчмы былі. Там і царква драўляная, яшчэ старых часоў, стаяла — Святых Канстанціна й Алены. Паблізу — дом мураваны, колісь ложа франка-масонаў. Там яны на сходкі свае тайна збіраліся… А яшчэ я не ўзгадаў пра Саборную царкву Святога Міколы Цудатворца, каля рынку… А за ёй, бліжэй да Капыльскай брамы — лютаранская кірха… Мураваную сінагогу збудаваў у Слуцку багаты купец Еўна. Апроч яе ў кварталах меншыя ціснуліся…
Калі ж край да Масквы забралі, на паўднёвай частцы горада імператар Павел І загадаў будаваць казармы для вайсковага гарнізону і астрог. Новыя пабудоўцы панаехалі… Калі ж пазней утрымліваць войска ў горадзе перасталі, у гмінах тых месціліся паліцыя, магістрат, кагал, павятовы й ніжні земскія суды, казначэйства… Астрог жа застаўся астрогам. Частка казармы да дому інвалідаў адышла, што ў войнах 1800 - 1815 рокаў пакалечыліся… Апекаваў іх капітан Шахуневіч, з літоўскіх татараў, пачцівы чалавек…
― А ці даўно ў вас татары з'явіліся? — пацікавіўся-дапытаў Ігнатоўскі.
― Ага… Татары аселі каля Слуцку тады, як і па ўсёй Літве-Беларусі. Слуцкія паўсталі з татараў-паланёнцаў. Дзеці іхнія вернымі новай Бацькаўшчыне сталі. З іх, татараў, і першыя палкі ўланаў збіралі. Слова ўлан — ад татарскага паходзіць… ох'лам, што значыць малагодак… І былі яны адважнымі, як выпадала, то й супраць аднаверцаў татараў біліся.
[9] Праз некалькі гадоў і будынак духоўнай семінарыі, і Траецкі манастыр ператвораць у казармы для пяхотнага палка Чырвонай арміі, а пазней ― знішчаць.