Частка «ўхвал» — з дзесятак — была запоўнена і стракатала подпісамі.
― Во як, брат ты мой, усё проста! — Алесь адарваўся ад паперак… і ад неспадзеўкі толькі рот раскрыў. За крок ад яго — стаяў Абрамовічаў напарнік з наганам напагатове, бліскучая руля зласліва зазірала ў вочы. З цяжкасцю праглынуў зашэрхлы камяк і зірнуў на Юрку — і той акамянеў, на Абрамовіча касіўся, губу падсвядома змуліў, прыкусіў нават…
А напарнік з наганам па вінтоўку, што былая ўдавіца прынесла, пацягнуўся… На адзін вомірг, каб рулю намацаць, ад Алеся адарваўся… І той маланкава руку з наганам перахапіў — і каленам пад дых «ваяру»-ахоўніку. Узвыў той, і не тое што вінтоўку, наган выпусціў.
Абрамовіч, хвілю таму паспакайнелы, зноў галаву ў плечы ўтапіў, вачыма-вірламі па хлопцах прабегся, прысеў нават.
― Што ты, гадзіна, круцішся? Не бойся, не зачаплю! — Юрка кінуў да ягоных ног пусты партфель. — Давай, Алесь, гэтых «агентаў» да Мацэлі адвязём. Хай міліцыя наша з імі разбіраецца.
― Адно хай самі за падводамі йдуць… Каням і так цяжка. — Алесь тым часам разглядваў трафейны наган.
Так і завялі «агентаў» у горад. А назаўтра ўвечары саміх палякі арыштавалі — за «агентаў» тых незаконную затрымку й пабіццё. Мацэля з хадайніцтвам Нацкамітэта дамагаўся іхняга вызвалення — жаўнер нават і да камеры не пусціў.
«Кульку ім в лэб!» — прабубніў і мацюкнуўся.
Толькі калі Жаўрыд да «начальніка» Ясінскага пайшоў, тады толькі выпусцілі…
Зямля: ўміраць не трэба
Калі аўтобус спыніўся й заціх, калі з яго павыходзілі ўсе «экскурсанты», паволі выбраўся і ён. Разварушыў зацеклую нагу, ад аўтобуса вырашыў далёка не адыходзіць (думаў, што не прыехалі яшчэ). А тут узняў раптам вочы — о, Божухна! Прама на яго наступаў выбеленымі калонамі вялікі дом з шыльдаю на дзвярах: «Слуцкі краязнаўчы музей». Ад неспадзеўкі вочы нават заплюшчыў.
― Што, дзед, не заходзіце? — гэта кіроўца іхні абазваўся.
― Дык гэта ўжо Слуцак?! — і ён зноў вярнуўся да аўтобуса.
― Ага..
― Скажыце, а кудой мы ўехалі?.. Не праз цэнтр чаму?
― Як не праз цэнтр? Праз цэнтр, па Леніна ехалі. ― І прыжмурана, нібы ўсміхаючыся, пасажыра свайго агледзеў. — А вам куды трэба было?
― Сюды… Сюды… — разгублена паківаў галавой, да прыступак музея вярнуўся, а ўвайсці не адважыўся.
Калі на другі бок вуліцы пераходзіў, зноў вачыма з кіроўцам сустрэўся.
― І напраўду… Слуцак, — прашаптаў нават крыху спалохана і няўпэўнена пасунуўся па няроўным тратуары.
«Відаць, забясплатна пад'ехаць захацеў з Мінску. Пераехаў, ці што?» — кіроўца на гэтым кінуў сачыць за «дзедам», сеў у аўтобус — і адумаўся:
― Дзед, вы ж чамадан свой забылі!
«Дзед» спакойна матнуў рукой…
Вогкі вецер раз-пораз парываўся ўзняць расхрыстаны плашч, і Алесь Хведаравіч доўга камячыў у непаслухмяных пальцах гузік, што аніяк не патрапляў у аплічку. На пакрытай луской-рабаціннем лужыне круціліся, як пласцінкі-кружэлкі, некалькі вялікіх каштанавых лістоў. Бліскалі жоўтым светлафоры. Наперадзе на высокім ганку хлебнай крамы сабраліся людзі…
Ён больш за паўвека чакаў сустрэчы са сваім родным горадам, і трэба ж… прыехаў — і не пазнаў. Спярша падумалася, што гэта нейкі спешка разбудаваны пасёлак, і яшчэ б чакаў, пакуль не выедуць нарэшце на слуцкае места… Хацеў дабрацца да кірмашовай плошчы пасярод горада, выцягнутай паабапал Варшаўкі, колісь пакрытай гладкай брукаванкай (плошчу тую і звалі местам). На ўзвышку як грыбы раслі там будкі крамнікаў-гандляроў, з другога боку высстройваліся сялянскія фурманкі. Не прабіцца было там у кірмашовыя дні: мяхі з пшаніцай, латкі з гуркамі й цыбуляю… А зяўца дасі — пірамідку кадак абернеш, пакоцяцца гучна каму-небудзь пад воз, і тады нахмураны бондар, перарваўшы расповед пра тое, як мяснік Шмоня, костку абразаючы, ледзь сабе палец не ўшаткаваў, ад душы ўедзе табе пад вуха…
На гэтай палове места, як пазней высветлілася, могілкі старадаўнія былі. Так вось і жылі случакі на касцях дзядоў сваіх панішчаных… Не бяспамяцтва чыніла такое, а войны, што горад ушчэнт выпальвалі — так, што нават ніводнага сведкі паховішчаў магільных не заставалася.
А ён — ці ні тая ж спаленая часцінка гэтае зямлі? Вось вярнуўся ў горад свой, сам ужо — дзед даўно. І памятаў, як да Семежава ягоны дзед праводзіў яго… За вароты выйшаў і працадзіў сполашна:
― Трэ ж на тое… Стаўпец трэшчыну даў… Нядобры знак, ліха на яго. — І шапку Алесеву задам наперад перакруціў. — Так ідзі. Гэта каб вярнуўся…
Дзед-дзед… Усё бачыў ты, ведаў. Нават расколаты стаўпец варотаў з табою загаварыць мог. А што ён? Вярнуцца — вярнуўся, а дзе магілы бацькоў, дзе крыж над дзедам стаіць — не ведае. Ды і месца вёскі сваёй (яна ўжо ў Слуцак улілася) не знойдзе…
Так і ёсць: галавешка, а не чалавек. І ўсе — ці не абсмалкі такія ж: ходзяць па касцёх дзядоў сваіх — і няўцям ім…
Каб ведаў тады Алесь Хведаравіч, што збярогся ў горадзе будынак ягонай гімназіі, што ў ім цяпер школа месцілася — адшукаў бы, як з жывой — пагаварыў бы…