Зрэшты, штось падламалася ў Купалу і пасля смерці Гаруна — як у мройным сне ўсё часцей узгадваліся словы гэтага мудрага гаротніка, які пра Леніна адкрыта выкрывальнае пачаў гаварыць першым. Ад яго даведаўся пра бальшавіцкія хітрыкі яшчэ «міру» Брэст-Літоўскага, калі Ленін згадзіўся з патрабаваннем Нямеччыны добраахвотна выдаць чэшскія часці. Да заключэння Брэсцкага міру чэхі кватаравалі на Украіне. Ратуючыся ад нямецкай акупацыі, іхнія эшалоны адыходзілі і расцягнуліся па чыгунцы ад Пензы да Уладзівастока. Па дагавораным з кіраўніцтвам Антанты плане яны павінны былі пагрузіцца на караблі і адплыць у Францыю. І як гром — загад з Масквы аб раззбраенні і затрымцы эшалонаў. Матывіроўка: Уладзівасток заняты японцамі, і тыя могуць перашкодзіць адплыццю чэхаў… Але ж ці пад сілу было малаколькасным такійскім падраздзяленням тузацца з моцным корпусам рэгулярнага абстралянага войска, якое намагалася адно патрапіць на радзіму?
Здаць зброю чэхі адмовіліся. Пачаўся мяцеж. 25 мая 1918-га эшалоны Гайды ў Сыбіры выступілі супраць бальшавікоў. На другі дзень брыгада Вайцахоўскага заняла Чалябінск. Эшалоны Чэчкі выбілі бальшавікоў з Пензы і Саратава і пайшлі на ўсход. 7 чэрвеня Вайцахоўскаму скарыўся Омск, 8-га Чэчку здалася Самара. Паўстанцы аб'ядналіся і пачалі адыходзіць да Уладзівастока, пасля чаго і быў утвораны ўсходні фронт, задача якога напачатку заключалася адно толькі ў супрацьдзеянні чэхам, міжволі ўцягнутым у грамадзянскую вайну ў Расіі. А не хацелі б яе бальшавікі, не перастрахоўваліся б перад немцамі — ім проста не трэба было б пярэчыць адыходу чэхаў…
Каб немцы сталі больш згаворлівымі, не пашкадавалі Ленін з Троцкім, як распавядаў Гарун, і вагонаў золата[7], як не пашкадавалі палякам Беларусі…
Па-ранейшаму за вокнамі ліў дождж, вецер гнуў дрэвы і ляскаў аканіцамі, аціхаў на момант — і налятаў з большай моцаю. І Купала не ўтрымаўся, накінуў плашч і выйшаў на двор. Хацеў закрыць аканіцы, але, забыўшы на іх, голымі ліпавымі прысадамі спусціўся да рэчкі.
Вецер тут лютаваў яшчэ больш. Гнуў да долу кустоўе крушынніку, рваў з карэннем перасохлыя купкі крапівы і бадылля, шпурляў іх у ваду, свістаў пад цяжкімі хмарамі. Але Свіслач… Свіслач, пакрытая рабаціннем ад дажджу, Свіслач, сціснутая навалай цемры, Свіслач, выстуджаная начным сіверам, — заставалася спакойнай, ціхай, толькі каля берагоў пужліва разбягаліся мітуслівыя хвалі — і знікалі ў няскошанай летам берагавой траве.
Нечаканы спакой перадаўся тады і Купалу. Яшчэ з гадзіну блукаў мокрымі прысадамі, узіраўся ў кволыя агні па той бок рэчкі, пакуль — так і не закрыўшы аканіц — не вярнуўся, мокры і стомлены, дамоў, ― але ўсё ж ці заснуў ён гэтай ноччу?
Раніцай Алеся разбудзіў Юрка Лістапад:
— Збірайся, браце! Годзе вылежвацца. У дарогу рушым…
Учарашняе паседжанне Нацыянальнага камітэта Случчыны вырашыла разаслаць па павеце інструктараў, каб склікаць валасныя сходы, абраць органы мясцовага самакіравання і дэлегатаў на з'езд Случчыны. Лістапад накіроўваўся (па сваёй просьбе) «у звязцы» з Алесем. Мясцовасці патрапілі не самыя далёкія: Падзера, Прошчыцы, Вясея.
Выправіліся пешкі. Доўга маўчалі, сяды-тады словам перакідваліся. А як Случ перайшлі, заўважылі, што хтось за імі следам цікуе. Пройдзе — стане, падбяжыць — і спыніцца. Што ж, вырашылі пачакаць. Толькі і незнаёмец, як укопаны, сцішыўся. Не вытрымалі, пайшлі насустрач — той адразу адступаць паціху пачаў, а потым перастаў, ― галаву набок нахіліў, усміхаецца. А зблізку і пазналі абодва ў ім Міцю Жалязовіча-Бубу, каваля былога…
Са Слуцка Міця (калі адлупцаваў двух жандараў) падаўся ў родныя Прошчыцы. Толькі ў вёску не пайшоў, а ў лесе пачынак сабе змастаколіў. Даўней мясціны тыя на ўсю губерню знакамітымі былі — лячэбнай крыніцай, што каля вёскі бруіла. Мясціну тую прошчай звалі (ці ж не ад яе і вёску Прошчыцамі менавалі?), каплічку драўляную каля крыніцы збудавалі, крыж паставілі. Толькі з часам перасохла крыніца, і перасталі людзі на месца тое прыходзіць. А Міця збуцвелую капліцу перасыпаў, побач будан сабе паставіў, нават зямлянку выкапаў — і да маразоў жа рыхтаваўся… А па начах, бывала, у кузню сваю наведваўся. Пасядзіць у цямрэчы, чым-небудзь па накавальні паляпае — і зноў у будан.
Так і пражыў колькі месяцаў. А пасля бальшавікоў сустрэў, і спадабаліся яны яму, курыць навучылі, кармілі з кухні сваёй. І стаў Міцька ў іх за праважатага, балазе добра край свой знаў. Галыдзьба ў войску была, голад, таму і даводзілася з дэкрэтамі да люду вясковага звяртацца, з «продразвёрсткай» ездзіць. І Міця ездзіў з упаўнаважанымі — дарогу паказваў. Пакуль сутычка нараўне з той, кірмашовай, не адбылася. Рэквізавалі ў аднаго хутараніна мех пшаніцы, а той вазьмі дый слова гнеўнае бухні! Тады два «продразвёрснікі» са злосці і цялушку ягоную з хлява вывелі, да калёс прывязалі. А гаспадар на іх кінуўся, крычаць пачаў, за што кухталя і атрымаў. Вобзем бразнуўся, галавой хітнуў — і зноў да крыўдзіцеляў. Тут з хаты і жонка выбегла, ляманту нарабіла. Селянін ляйчыну з рагоў цялушкі скідаць стаў — і другі раз прыкладам ужо ў твар атрымаў, і падняцца не здолеў. А жанчына як рэзаная загаласіла. Міргаў-міргаў на тое Міцька і не стрымаўся:
― Вярніце іхняе… Нельга так, чужое ўсёткі…
― Што?! — скрывіўся галоўны ўпаўнаважанец. — Можа і ты захацеў? ― і вінтоўку руляй да яго наставіў.
І штось нібы наноў абарвалася ў Міцьку. Уваччу бліскаўка прабегла, як пры катаваннях мінулых. І здалося, што не чырвонаармеец перад ім, а жандар той з кірмаша… Сціснуў кулакі Міця — і наперад пасунуўся:
― Так нельга, чуеш?!
І тут стрэл гухнуў, пырснуў пыл да Міціных ног. Перапалоханая цялушка ўбок скочыла, калёсы тузанула, а другі вайсковец (не чакаў такога, стаяў на калёсах і пакурваў зухавата) на драўляныя білы гохнуўся. Толькі Міця нібыта й не чуў нічога — злосна на галоўнага развёрсніка сунуўся. А той затворам лязгаць пачаў, ды другі раз стрэліць Міця не даў яму — так тузануў за рулю, што той вінтоўку з рук і выпусціў.
І тады ўжо Міця з перазараджанай вінтоўкай закамандаваў над двума бяззбройнымі… Нажытак хутаранцу вярнуў, а развёрснікаў, звязененых, у спачынак свой адвёў (каня з падводай на хутары кінуў). Пасадзіў у зямлянку, а каб не збеглі — вакно (яно і дзвярыма было) бараною жалезнай накрыў, наверх валуноў наўсцягваў. Вінтоўку ў дупле схаваў.
З таго часу і стаў былы каваль канваірам. І чым больш люцелі і запалохвалі яго вязні, тым больш злаваўся і ён, прыгразіў нават быў: «Будзеце крычаць — зусім ламаччам завалю, каб не чуў ніхто, і ні вады, ні харчу ад мяне не атрымаеце!»
І пачаў з таго часу Міця праўды сілай шукаць. Прыехалі праз месяц у ваколіцу ягоную два коннікі — у войска Булак-Балаховіча заклікаць сялян, конны полк збіраць. І не да спадобы яму, Міцю, прыйшліся: у выпіўку кінуліся, за дзеўкамі цёгаліся. А тут яшчэ і хлопца з суседняй вёскі пабілі, за непавагу да «бацькі» іхняга. Бацька-бацькам, яго, канечне ж, паважаць трэба. Вось і ў яго быў некалі бацька. Але ж ці біў калі-небудзь каго-кольвек праз яго Міця? І — «Нельга так!» вырашыў. Падпільнаваў парачку залётную, абяззброіў, звязаў — і ў турму, рукамі сваімі зробленую…
А праз дзень залётнікі з развёрснікамі люта біцца пачалі — ледзь не да смерці. І давялося тады Міцьку развесці іх па розных «камерах». У недалёкай строме вяскоўцы даўно капалі гліну, і такіх нораў нарабілі, што схавацца ў іх можна было. Вось у адну з іх, самую шырокую, і пасяліў Міця залётнікаў, уваход ямы невылазна заваліў.
«А крычаць будзеце — прыстрэлю!» — прыстрашыў, хоць, вядома ж, у чалавека ніколі не нацэліўся б нават.
…― А я вас ведаю! — па-дзівацку ўсміхнуўся, калі да яго падышлі Алесь з Юркам. — А вы мяне?
― Вядома ж! Як не пазнаць… Здароў будзь, пане Жалязовіч, — і Алесь руку працягнуў, ― а Міця шыю выцягнуў, бровы нахмурыў, выдыхнуў нездаволена, і тады Лістапад на падмогу паспяшаў:
― Хто ж Міці Бубы ня ведае! Ну, чаго насупіўся? Здароў, кажам…
І ажывіўся тады Міця, падскочыў нават:
― Х-ха, ведаеце, ведаеце!
І адвёў ён іх да «турмы», расказаў па дарозе ўсё, як мог — збіваючыся, паўтараючы-шамкаючы:
― Я ж бо й адпусціў бы іх… ды ж баюся… О-го! Падпільнуюць, і мяне ў турму… Біць будуць. А за што ж Міцю біць? Га?! А есці ж ім давай! Ого! А дзе ж набрацца?
І вырашылі Алесь з Юркам вызваліць зняволеных. А каб гнеў іхні на Міцю не выйшаў, дамовіліся мінісцэнку разыграць: пакажа Міця месца турмы сваёй — і сойдзе куды-небудзь. А яны быццам знячэўку на турэмнікаў напоруцца…
[7] Праз 80 гадоў гэта пацвердзяць адшуканыя тэлеграмы і банкаўскія дакумэнты. 27 жніўня 1918 года ў Берліне як сакрэтны дадатак да Брэст-Літоўскага міру быў падпісаны «Дадатковы фінансавы пратакол», па якім бальшавікі куплялі ваенны нейтралітэт Нямеччыны за 250 тон (!) золата і пастаўкі сгратэгічнай сыравіны. У верасні-кастрычніку 1918-га 93 тоны 542 кілаграмы золата на 120 мільёнаў залатых «царскіх» рублёў (322 мільёны залатых франкаў) у двух эшалонах Леніным і Троцкім былі накіраваны ў Берлін, у лістападзе золата здалі на захаванне ў сутарэнні Французскага банка, папярэдне адправіўшы міністру фінансаў Францыі Л. Клотцу і маршалу Фошу шыфраваную тэлеграму пад № 43: