А Кастуся Езавітава Алесь паважаў моцна — і як вайскоўца, і як паэта, і — урэшце — беларуса ўзорнага. Пры ягонай апецы хутка сфармаваўся Гарадзенскі беларускі полк, і камендатура беларуская з батальёнам жаўнераў, і кавалерыйская частка. Напрыканцы 1919 года з ініцыятывы Езавітава ў Коўне фармаваць сталі конніцу й артылерыйскі аддзел. Бачыць Езавітава, праўда, Алесю не выпадала пакуль, акром хіба толькі на фотаздымку. Але й цяпер усплывалі на памяць яго мяккі твар, матыльком змуленыя далікатныя вусны… А вось верх твару — нос, вочы, лоб — грозным падаўся… Светлыя ўроскід бровы, коратка й строга падстрыжаны… Канечне ж, у форме вайсковай, беларускай: круглая «канфедэратка» з белым паскам паверсе, з чэшкай «Пагоні», шынелька тонкага крою, на сходах каўняра — зіхоткія металёвыя трохкутнікі… Цвёрда падперазаны папругай…
І не толькі свае, але й замежныя лідэры верылі Езавітаву і імкнуліся весці справу з ім.
Тады ж да Езавітава і Булак-Балаховіч прымкнуў. Дачуўся, што палкоўнік ачольваў вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі — і заяву перадаў.
Балаховічу даручаць невялікі ўчастак фронту. А тут — раскол Рады БНР, 2 лютага 1920-га Эстонія заключае мір з Савецкай Расіяй і мусіць распусціць усе антысавецкія фарміраванні, сярод іх — і атрад Балаховіча. Грошай не было, і тады «бацька» вырашае ехаць на Беларусь і ўжо там прыняць рашэнне… У Брэсце балахоўцы былі перафарміраваны ў аператыўную дывізію Палескай групы польскіх войскаў. А затым пачаліся і гульні з Савінкавым…
Толькі пад раніцу і прыснулі ўсе на нейкую гадзіну… А там да генерала пастукаў ад'ютант, і госці мусілі ўставаць.
На вуліцы — хмурна, слотна. Каля студні сустрэлі Сцяпана Гаўрылевіча. Кепска таму з учарашняга, азызлы ўвесь, пакамечаны пасля п'янкі.
― Вось жытка яка… Бач, дзе стрэліся, — і вочы ўсё адводзіў.
Зарана і назад выбірацца сталі. Балаховіч — зноў паважны, упэўнены. З Астроўскім аб нечым дагаворвалі (Алесь з Юркам не чулі іх, з коньмі каля варот стаялі). І тут Сцяпан прыцопаў, носам шморгнуў, крактануў:
― Ты, гэта… матцы перадай, што ў мяне ўсё добра. Хай не турбуецца… — І пайшоў, не развітаўшыся.
А за Кажан-Гарадок выехалі — дождж лінуў, нудны, халодны. Курцік Алесеў, перашыты яшчэ ў Менску з купленага на кірмашы афіцэрскага шынэлька, доўга вільгаці супраціўляўся, ды ўсё ж — дзесьці на паўдарозе — прамакаць пачаў. Здавалася, што нават праз скуру стыча восеньская прабіралася. Заехаць бы ў хату якую пагрэцца, ды вырашылі нідзе не супыняцца па дарозе… Балазе, дождж усё ж перарваўся. А далягляд хмарамі яшчэ больш зацягнула, бруднавата-шэры туман на ўзлескі ўспоўз. Як толькі не зблудзілі?..
А пасля на тыдзень скарыла Алеся хвароба. Вылежваўся дома, газэты з горада — ад «папараць-кветкаўцаў» — бацьку прыносіць прасіў.
«Беларускае слова» цалкам прачытваў. Ды і як не прачытваць — хоць бы той дзевятнаццаты нумар за 26 кастрычніка:
«…Мы з вялікай ахвотай падтрымаем Балаховіча, калі ён будзе стаяць за лозунгі незалежнасьці і непадзельнасьці Беларусі і разам з беларускім урадам будуць будаваць дзяржаву».
Артыкул крыптонімам «К. Ц». падпісаны быў, вось «К. Ц.» (Кузьма Цярэшчанка, пра гэта Алесь яшчэ з Менску знаў) слушна адзначаў у ім, што пасля таго, як Балаховіч звязаў сваё імя з Савінкавым і «іншымі непрымальнымі асобамі», ён страціў увесь давер да сябе. Непрымальнай лічыў Цярэшчанка і ягоную палітычную згоду на федэрацыю Беларусі з Польшчай.
А праз колькі нумароў тая ж газэта змясціла копіі дасланых Балаховічам і Савінкавым тэлеграмаў Пілсудскаму і Врангелю — з паведамленнем, што «Расійская Добраахвотніцкая Армія, якая вядзе барацьбу з бальшавікамі за вольнасьць усіх народаў і мір усяго сьвету, прайшла польскую дэмаркацыйную лінію й ідзе наперад вызваляць незалежную Беларусь», а таксама надрукавала тэлеграму Алексюка (cябры «Беларускага Палітычнага Камітэта») з віншаваннем да Балаховіча.
Зашчымела тады Алесю, помніцца, пад сэрцам. Гарун згадаўся, хворы, нямоглы, твар састарэлы, вочы стомленыя, выцвілыя нават… А тут газэта загалоўкам упівалася — «Ген. Балаховіч пачаў вайну за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі». Скамячыў яе, на падлогу шпурнуў… У акне — хмары адна на адну налазяць, дождж па шыбах сячэ…
А газэты як згаварыліся. І ў свежым нумары «Беларускага слова» — вось, калі ласка, — «Балаховіч і Беларусь», на паўстаронкі. Ды, трэба сказаць, слушна ўсё ў артыкуле тым было: і пра многія ўчынкі легендарнага ўжо генерала, і пра паходжанне ягонае беларускае, і пра арганізатарскія здольнасці «дэмакрата ў душы, які й паплечнікаў сабе падбіраў падобных».
«Ды чаму ўсё ж Балаховіч ідзе з Беларускім Палітычным Камітэтам, а не з беларускім урадам БНР з Ластоўскім на чале?» — правільна дзівіўся аўтар.
Быў момант — і пра гэта ведаў Алесь, — калі Балаховіч прапанаваў сваю дапамогу ўраду Ластоўскага — яшчэ летась, пасля разгрому Юдзеніча. Так і не дамовіліся — а ўжо з лета гэтага года адносіны Ластоўскага да Балаховіча сталі выразна адмоўнымі…
І цяпер вось — хоць афіцыйныя паведамленні беларускага ўрада сталі гаварыць аб тым, што нацыянальныя арганізацыі не нясуць адказнасці за акцыі Балаховіча, які зсябраваўся з Савінкавым (не кожны свядомы беларус пагодзіцца на вырашэнне лёсу Беларусі «Российским Учредительным Собранием»), — некаторыя хацелі зрабіць з Балаховіча нацыянальнага героя, збаўцу ад камуна-бальшавізму, змагара за БНР.
Але ж адыёзных фігураў Савінкава ды Алексюка не схаваеш! І сувязі ў іх былі не выпадковыя. Апошні — сам жа на свае вочы бачыў! — ужо «місіі» ангельскія да генерала водзіць!
На газэтны подпіс зірнуў — і зноў неспадзеўка! «Сымон Р. М.» Так Рак-Міхайлоўскі падпісваўся! Не знік Сымон Аляксандравіч, першы менскі «куратар» ягоны. Толькі дзе ён зараз? Казаў, што з Менску разам з сям'ёю з'едзе… (Не ведаў, не мог тады яшчэ ведаць, што Рак-Міхайлоўскі, добры дзядзька Сымон — заўсёды акуратны, чыста выгалены, прычасаны заўсёды роўненька, увесь час у кашулі накрухмаленай, белай, гальштукі мяняць любіў — гэты дзядзька з Максімаўкі (пад Радашковічамі), добры, як выявілася, знаёмец Астроўскага, пераедзе спачатку ў Ваўкавыск, затым перабярэцца ў Гародню. У той кароткі адрэзак савецкай улады папрацуе школьным інструктарам народнай адукацыі, арганізоўвацьме школы ў Гарадзенскім павеце. А калі Гародню зноў адваююць палякі, стане сакратаром вось гэтай газэты «Беларускае слова», якая ўжо тройчы канфіскоўвалася палякамі. Выехаць у Вільню адразу не зможа — моцна пахварэюць на дызентэрыю дзеці. А праз некаторы час адродзіць Рак-Міхайлоўскі з Тарашкевічам у Вільні Беларускі нацыянальны камітэт і Таварыства беларускай школы ды, па прапанове таго ж Тарашкевіча, арганізуе ў Барунах, што на Ашмяншчыне, Беларускую настаўніцкую семінарыю і стане яе дырэктарам — так збудзецца ягоная даўняя мара самому навучыць хоць колькі беларусаў…)
У тым жа нумары «Беларускага слова» хтось бараніў Балаховіча, адводзячы абвінавачванні ў габрэйскіх пагромах. Вось так: і баяліся мяцежнага генерала, і спадзеўкі свае на яго ўскладвалі, і адмяжоўваліся, і фліртавалі з ім. А некаторыя нават верылі, што ў гэтае ліхалецце толькі апантаны «бацька» і можа выратаваць народ.
І Алесь зноў прыгадаў Гаруна — ужо моцнага, жвавага, у заліхвацкім напаўвайсковым фрэнчыку… І сорамна зрабілася — за абыякавасць сваю, нерашучасць, слабасць нават. Чаму нічога ў вочы тады Алексюку не выказаў? Чаму пра Гаруна ў хаце той не ўзгадаў?! Аляксюк жа да ўсяго ў першым нумары Гаруновага «Беларускага Шляху» рэдактарам-выдаўцом значыўся, і сябраваў напачатку нават… А цяпер грашавіты Савінкаў з расейска-імперскімі дурыкамі бліжэйшым стаў?!.
А тут яшчэ гэты бясконцы дождж, шэрань, хмурнасць у шыбе…
У Чырвоным касцёле зазванілі, і Алесь Хведаравіч знячэўку нават напалохаўся. Неўразумела навокал — як пасля сну — агледзеўся. Ні хмарнасці, ні надакучлівага ўсыпляльнага дажджу…
Касцёльныя крыжы пастарэлае і стомленае за лета сонца чысціць ― нават вочы прымружыў ад нечаканай зіхатлівасці.
Доўга ўзіраўся на спешкія машыны, на людзей, што выходзілі з тралейбуса (побач быў прыпынак). З падземнага пераходу выпырхнула чародка хлапчукоў, застракаталі па-руску, — толькі нязвыклыя ўжо мацюкі па вушах разанулі.
— Ни стыда ни совести! А вот в наше время… ― завохкала побач бабуля з даверху напакаваным цэлафанавым кулем, узросту, пэўна, ягонага ж.
Ён зайшоў у касцёл, памаліўся — за бацькоў, дзеда, знаёмых сваіх. Золатам пераліваліся ў мігценнях свечак іконы. На рамцы аднаго абраза ― пярэвітак пазалочаных дубовых лісцікаў, драўляныя жалуды ў золаце… Мяккія светацені па абразе прабеглі — і нібыта ажылі жалуды, дубовыя лісты ўзварухнуліся… І ўзгадалася, што такія рамкі-аклады рабіў слуцкі іканапісец Вярхоўскі. Яшчэ гімназістам ведала яго Ева Манюшка, у дзявоцтве Вайніловіч, — і калі праўнук ейны Эдвард Вайніловіч храм у Менску ўзводзіць рашыўся, на Вярхоўскага, на той час ужо вядомага іканапісца і паказала..