Дзверы з шыльдаю «Рэдакцыя газэты «БЕЛАРУСЬ»» былі прачынены напалову — і якраз за першым сталом сядзеў Купала.
― Ну, прасі йдзі. — Алесь сабраўся чакаць. Ды Людка ажно войкнула:
― Ты што, сорамна ж неяк…
― Эх, а яшчэ ў эсэры запісалася! — бухнуў са смяшынкай і адразу адчуў недарэчны свой жарт. — Хадзем… — каб толькі паправіцца шапнуў і ў дзверы пастукаў…
― Што ж грукаеш, як не свой? — Гэта Лёсік, гаспадар пакоя, адказаў першым. За Алесем і Людка нясмела ўпіхнулася, «Дабрыдзень» выціснула…
― І адкуль жа Алесь такіх прыгажуняў прыводзіць? — спытаў Купала, мякка азірнуў абодвух, калі пра мітрэнгу іх выслухаў.
― Вядома адкуль — са Слуцку! — цепануў галавою Алесь, засвяціўся.
― А ці не з тога залеску, дзе і «Папараць-Кветка» ваша цвіце?
― З яго самага…
― Знаеце што, харошыя мае, я вам адну на дваіх падпішу, — і асадку з пяром срэбным паволі выняў з кішэні, да старонкі прыціснуў — а сам са шчырай хітрынкаю, бровы звёўшы, на іх зірнуў, усміхнуўся. — Бачу, не супраць… — Спытаў, як паненку зваць, старанна вывеў на тры радкі надпіс: «Даражэнькім маім кветцы-паненцы Людмілцы й квету-панічу Алесю — каб шлях ваш у сонечных пялёстках быў!», — дату падставіў — «25-га сьвятога сакавіка 1920 г.»
Разам і на сход урачысты пайшлі. Адкрыў яго старшыня ЧБНК Кузьма Цярэшчанка. Пасля прамовы Устаўную Грамату прачытаў — і ўсе стоячы яе слухалі! Прафесар Вацлаў Іваноўскі пераказаў коратка гісторыю беларускага руху з 90-х веку мінулага да апошніх гадоў. Аркадзь Смоліч — пра беларускую чыннасць за ўвесь час доўгай вайны. Сымон Рак-Міхайлоўскі знаёміў з працай Беларускай Вайсковай Камісіі. Апошнім Кузьма Цярэшчанка ўзнёслымі словамі закончыў — аб тым, што расце рух беларускі з кожнай гадзінаю — і ўпэўнена будуецца з году ў год беларускае жыццё.
А 8-й вечара п'есу ў тэатры ставілі. Толькі ён з Людкай не пайшлі на яе, стаміліся сходамі, ― адных Юрку й Марыю выправілі. Дамовіліся сустрэцца на кватэры Алеся — начаваць (ключ дзе ляжыць, Алесь яшчэ ўранку паказаў).
І нырнулі яны тады ў ціхі і зманлівы, цёплы й таемны, чаканы і запознены адвячорак, і начы часціну прыхапілі… Паўз Свіслач гулялі, абняўшыся, апякаліся пацалункамі, сузор'і пералічвалі, жаданні на знічкі загадвалі. Хоць ці збудуцца, ці адкрыюцца лятункі-мары тыя — і думаць не адважваліся…
Сумна гасцей праводзіць было, як не ўпрошваў — на другі дзень не змаглі застацца. Праз месяц сустрэцца толькі змогуць — настаўніцкія курсы ў Слуцку арганізоўваць будуць.
І, абдымаючыся-развітваючыся, каб і ўсе пачулі, ён мовіў да Люды:
― А першай справай да бацькоў сваіх чакай.
― Ого! — Юрка адразу ўсё скеміў, Марыю ўшчыкнуў. — Глядзіце ж нас толькі не абганіце!..
У Слуцак ён ехаў на ўжо знаёмым аўтамабілі — разам з Янкам Станкевічам, якога Цэнтральная беларуская школьная рада прызначыла кіраўніком курсаў беларусазнаўства (а ён, Алесь, інструктарам станавіўся). За рулём Домскі сядзеў, цыгаркай пыхкаў. Недзе на паўдарозе дождж нагнаў, гарэзны, па-вясноваму цёплы. Давялося спешка «капюшон настаўляць», як жартаваў Станкевіч — брызентавы верх да пярэдняга шкла нацягваць. Пакуль праваждаліся — і дажджу не стала…
Кватэру Станкевічу хутка падабралі, усе перамовы на заўтра адклалі. Домскі назад ехаць сабраўся, ды Алесь улагодзіў, упрасіў — да бацькоў у вёску яшчэ падвезці:
― Тут усяго нейкіх паўтары кіламетры, ды, знаеце, з хворсам жа!..
― Эх, дзіця ты шчэ горкае… — хітнуў Домскі галавой, але «падкінуць» згадзіўся.
Як тарахцелі вулкай, ледзь не ўсе вяскоўцы — здалося яму — агародчыкі да пасеву рыхтавалі. Суседзі насупраць — Гаўрылевічавы — з хлява гной выбушоўвалі, раты так і параззяўлялі: бач, пан які вылупіўся!..
Тодар і Сцяпан хлопцамі былі някепскімі, толькі не па яго, Алесеваму, нутру: скрытнымі, маўклівымі, зладзеяватымі нават. Можа праз тое, што без бацькі гадаваліся — Яўхім Гаўрылевіч яшчэ да японскай вайны з рума, што ў нізоўі Случы быў, не вярнуўся. Саскільзнуў з бервяна (казалі, шырхоўка — пярэвітак з беразняковых дубцоў, якой плыты звязвалі — разышлася), у ваду на самай плыні зваліўся — і расціснула бедалагу. Цела нават не знайшлі. І засталіся сынам ад бацькі з дзесятак рублёў заробленых ды некалькі слоў плытагонных, з малалецтва запомненых — калі з Алесем, бывала, гулялі, па раўчуках вясновых трэскі «сплаўлялі», ганарліва ўстаўлялі: «гэта мая клейна» (што значыла плыт на даўжыню бервяна), «я ўвесь пас куплю» (а ў пасы клейны звязваліся)… І дзяцей гадаваць, і гаспадарку весці Гаўрылевічысе адной даводзілася — пакуль хлопцы ў сілу не ўвабраліся. А цяпер вось так і сядзелі каля састарэлай маці, жаніцца нават не высмельваліся…
І Гаўрылевічыха на двор выпхнулася, вузельчык хусткі падціснула, з-пад далані, хоць і хмурнавата было, на аўто зірнула, Алеся пазнала, «Дзяньдобры» кіўнула. А затым у выступках без галёшаў — забыўшыся, пэўна, уздзябурыць — да сыноў падалася.
― Вото бачыця… Вучыліся б вото, як Сашка Яцкевічаў, і вас бы на атабілю каталі, а так — гной кідайця… — прашэмкала бяззубым ротам.
Прызнацца, і дзед (праз вакно ўбачыўшы, як унука падвезлі) аталапанеў, сустракаць да брамкі кінуўся, хоць пры «шахвёру» віду не паказваў — нібыта й не дзіўна яму, нібыта так і мусіць быць усё. Адно маці толькі тое і бачыла, што схуднеў яе Сашка на яблык скіслы…
— Быў бы каля дому, — уздыхала, — во як Гаўрылевічавы… Бацька ад работы не адрываецца, дзед ня можа ўжо, то хоць бы ты гаспадарку глядзеў…
Настаўніцкія курсы беларусазнаўства адкрыліся ў Слуцку 25 красавіка. Увесь першацвет павятовай маладой інтэлігенцыі сабраўся на іх — ад гімназістаў да «вучыцялёў». Нават былы гарадскі галава з жонкай прысутнічаць захацелі. Усіх жа каля трохсот слухачоў запісалася. Наогул, ахвотнікаў удвая больш назбірвалася, стыхійна, пачуўшы, людзі йшлі. І таму ўжо даводзілася пра другую змену падумваць. Усім, хто да 30 красавіка запісацца паспеў, дапамога па 10 марак выплочвалася (сродкі на курсы вылучаны былі з Менску Часовым Беларускім Нацыянальным Камітэтам, слуцкі ж Камітэт дапамагаў арганізацыйна; школьная рада Случчыны заробак лектарам выплочвала: па 40 марак у гадзіну — за дзень па 80 атрымлівалася.) Апроч гэтага інтэрнат слухачам даваўся, з харчам толькі ўжо самім упраўляцца даводзілася — «аправізацыя» выдавала толькі аржаную муку ды соль.
Мясцовыя вайсковыя ўлады крыху пярэчылі адкрыццю курсаў. Назадзёр ім нават свае польскія адкрыць захацелі, хоць каменданцкі час да 10-е гадзіны вечара падоўжылі (зімой да 9-ці па Слуцку і павеце хадзіць дазвалялася, а яшчэ колькі дзён таму — толькі да 8-і).
Выкладалася на курсах беларуская і польская мова (апошнюю ўвялі, каб адкрыццё польскіх курсаў адцягнуць), гісторыя і геаграфія Беларусі, пачаткі кааперацыі, беларускія спевы, этнаграфія і тэатральнае мастацтва, гісторыя беларускай літаратуры. Напачатку лекцыі сам Янка Станкевіч чытаў са Станіславам Петрашкевічам (выкладчыкам Слуцкай гімназіі) ды Паўлам Жаўрыдам. З мясцовымі «прахвесарамі» неспадзеўка выйшла: Петрашкевіча на лекцыі па геаграфіі ўсяго на дваццаць хвілінаў хапала. На ўшчуванні Станкевіча толькі й адказваў, што матэрыялу не хапае. Жаўрыд жа гісторыю беларускай літаратуры зусім няўмела чытаў. Вось і вымушаны быў кіраўнік курсаў праз настаўніка Мамчыца, які адскокваў у Менск на два дні, тэрмінова перадаваць ліст у Цэнтральную школьную раду, на памагатых сваіх наракаць: