― Добра-добра… Марш назад! — Паўлоўскі падпаліў папяросу, глыбока зацягнуўся, і чацвёрка рушыла далей.
Кажан-Гарадок, невялікае мястэчка, сустрэў ціха. Толькі зрэдку з ваколіцаў далятала ўтомнае сабачае перабрэхванне. Вулка, якой ехалі, была густа засыпана апалым лісцем, пераважна кляновым і вязавым. Нізкія драўляныя хаткі цесна ляпіліся адна да адной — як лодкі на невялікім прычале-ўзбярэжку жоўта-рудога лісцёвага возера…
Штаб-кватэра генерала Булак-Балаховіча месцілася ў такой жа драўлянай хаціне (толькі на дзве паловы). Шыхт вербаў аддзяляў двор ад невялікай бруднай сажалкі, за якой — праз метраў дзвесце — ліпнуў рэдкі ў сваёй восеньскай тузе лясок.
Пасланцы, прывязаўшы коней, расселіся на доўгай лаве пад вербамі. Паўлоўскі пайшоў у хату — з дакладам.
Вярнуўся хвілін праз дзесяць, бадзёры, нібыта й не было гэтага доўгага, амаль без перадыху, пераезду.
― Генерал вас прыме. Разам і падсілкуемся. Вас паклічуць. — Паўлоўскі пачухаў паголены раніцай падбародак, падміргнуў случакам і зноў падаўся ў хату.
Клікаць іх прыбег хлопец у грубым даматканым курціку, у заношанай зімовай шапцы.
― Бацька чакае… — і няўмела прыціснуў абшарпаны прыклад вінтоўкі да нагі. — Хадземце.
Не ўстаў, а ўскочыў — першым — Алесь: ― Сцёпа!.. Ці ты?! — і ажно рот раскрыў.
А Сцёпа — старэйшышы Гаўрылевічаў — сполашна ўздрыгануўся, у вочы Алесю зазірнуў, Астроўскага й Лістапада падазрона агледзеў: ― Я, як бачыш…
…Да пары да часу ціхмяна сядзелі Гаўрылевічы пры маці. З'абозілі палякі ў іх кабана, праўда, пазней маркі ўзамен выдалі — за што на рынку зерня прыкупілі.
«Мона жыць, — шамкала старая Гаўрылевічыха. — Што той парсюк… Вунь пярэсты з жыватом пакутаваў, апруцянеў — і ніхто й капейчыны не даў. А так — па-людзку… Бяды тае, што сабе гадавалі…»
А бальшавікі не праз паўмесяца і першацёлку іхнюю да воза прычапілі. І дулю з макам наўзамен… Паперчыну выпісалі, а з яе адной карысці, што за хлеў схадзіць… А да ўсяго і саміх братоў вербаваць у чырвонае войска пачалі. Загад, маўляў, такі… Гаўрылевічыха толькі малодшага і здолела адбараніць: хваравіты, ды і за маці старой догляд жа патрэбен. А вось Сцяпана браць мусілі. Тады толькі й клюнула яго бяда-гора. Склаў торбу — і збег ноччу з хаты. Кабыліцу, Алесем падораную, не забыў… Лес вялікі, і пад кустом да зімы цёпла, гэта ж не кулі ў лоб чакаць… Да ўсяго послух пайшоў, што палякі зноў чырвоных гоняць. А там — і закруцілася, і павяло: з «лесавікамі» стрэўся, жыткі вольна-хмельнай глытнуў — і да смаку прыйшлася, як у пельку ўсмактала. А чаму і не: гэта ж не гной кідаць і не нэндзы маткі старой выслухоўваць, з братам таўчыся. Захацелася чаго — толькі затворам лясні… І пітва, і харчу, а далей — і дзевак гвалтам паспрабаваў. А напрыканцы лета абклалі іхнюю хеўру, што ледзь не да Белавежы дайшла — і бальшавікі, і мужчыны, што ў міліцыю сабраліся. Разбягацца мусілі. І вось, урэшце, Сцёпа да Булак-Балаховіча прыбіўся, выслужваўся, пры штабе быў — што прынесці, знайсці, падаць…
Другая палова хаты, куды ўвайшлі, была чыста вымецена. На нізкіх падаконніках вазоны стаялі, вышытыя чырвоным па беламу невялікія фіранкі скразняком на вуліцу выпіхнула — адно акно аткрытым было. Каля печы — аграменная канапа, абцягнутая чорнай скурай — «бацька» ледзь не з-пад Брэста вёз яе за сабой. На канапе скамечаная мапа. Пасярод пакоя — стол просты, ахінуты няроўна абрусам. Хлеб, вараная бульба, сала, кілбаса, цыбуліны, гляк малака, бутэлька трохкутная скраю, чаркі. Пад абразамі — зброя згрувашчана…
― Дык, кажуць, слуцакі мяне просяць… — хітравата агледзеў — ужо як селі за стол — гасцей «бацька»-генерал, маладжавы, невялікага росту, чарнява-попельныя валасы ажно ільсніліся ад нядаўняй укладкі (вадой, пэўна, змочаныя). Ап'янелым Алесю чамусь здаўся, хоць усе толькі ледзь прыгубілі з налітага.
― Пан генерал, — Астроўскі адклаў відэлец, нагу на нагу закінуў, Балаховічу ў вочы ўпіўся: — Дазволь напачатку агулам пра ўсё… Наша Случчына, як далёка вядома, — жытніца ўсяе губерніі Менскай, цяпер паралізавана. Чырвоная армія адступіла, польская ўвайшла… А тут гэтая дамова ад 12 кастрычніка… Слуцак наш абязлюдзеў, няпэўнасць адна… Рассекчы ўсе праблемы ймкнецца Нацкамітэт Случчыны. Ды, самі разумееце, у ізаляцыі з'арыентавацца цяжка. Таму… — Астроўскі азірнуўся на Юрку і Алеся, крыху зніякавеў — ці не гаворыць лішняга, і працягнуў відавочна «закругляючыся»: — …таму і выправілі нашага старшыню Нацкама ў Вільню і Варшаву па інфармацыю, а нас вось — балазе якраз палкоўніка Паўлоўскага стрэлі (і кашлянуў, убачыўшы, як бровы Балаховіча ўзняліся — пэўна ж, ужо ведаў пра «геройства» свайго пасланца)… Нас, значыць, да вас на перамовы адкамандзіравалі…
― Так-так, — Балаховіч ускочыў і зноў сеў. — Так…
― Нацкамітэт, — казаў Астроўскі, ― адчувае, прызнаемся, ціск паланафілаў і антыбальшавікоў. Многія гатовы нават узначаліць збройную абарону Случчыны і спасылаюцца на неафіцыйныя запэўніванні польскіх уладаў пра дапамогу зброяй… Нацкамітэт рыхтуе дэкларацыі…
― Польскае камандаванне абяцае застацца на Случчыне пакуль не арганізуецца там свая нацыянальная ўлада, — дадаў Лістапад і зірнуў на Астроўскага. Той выцягнуў з кішэні газэту і разгарнуў: — Вось тут… — пастукаў даланёй па калонках тэксту, — надрукавана Рыжская дамова… Згодна з першым пунктам яе абодва бакі прызналі прынцып самавызначэння і незалежнасці Украіны і Беларусі. Адстаяць яго — вось наша галоўная мэта.
Балаховіч зноў устаў, уздыхнуў:
― А вы часам не былі настаўнікам? — і карычнева-шэрыя зрэнкі яго бліснулі.
― Да апошняга часу быў дырэктарам Слуцкай гімназіі… ― Астроўскі здзівіўся нечаканаму пытанню.
― Я ж бачу… Бы лекцыю чытаеце… Ну добра, добра. Канешне, беларусы павінны кіраваць у сваім доме. І каб сталася так, маё войска не шкадуе ні сілаў, ні крыві… Хутка мы рушым уверх па Прыпяці. На Мазыр і Тураў. Калі слуцакі падтрымліваюць мяне — разам біцца будзем. Нашым і Слуцак стане. А там, — Балаховіч адышоў да акна, прыгладзіў даланёй і без таго добрапрычасаныя валасы, — а там і да Менску недалёка! Зрэшты, якія вашыя сілы?
― Арганізавана ўзброеная міліцыя… Яе ўзначаліў штабс-капітан Мацэля. Да слова, ён і данёс першым інфармацыю пра вашу армію. Сам генерал, казаў, беларус, і дамагаецца зямлі і волі беларусам…
― Правільна казаў. — Балаховіч зноў сядзеў насупраць гасцей і піў малако.
― Па некаторых валасцях пачалі ўжо фармаваць вайсковыя атрады. А хутка збярэцца з'езд Случчыны, і калі вы падтрымліваеце незалежніцкія памкненні нашага павету, які фактычна апынуўся ў ізаляцыі, мы дэлегаваны запрасіць на гэты з'езд і вашых прадстаўнікоў.
― Згода! Там і згарманізуем нашы дзеянні… ― Балаховіч хацеў яшчэ штось сказаць, ды дзверы — шырокія, вясковыя — расчыніліся, у пакой зайшоў рослы мужчына ў цывільным.
― Станіслаў Нікадзімыч, са мной да вас ангельская місія! Толькі-толькі прыехалі, ― выпаліў хутка і агледзеў гасцей.
― Добра, — Балаховіч устаў, за ім — і ўсе астатнія. — Знаёмцеся: Павел Аляксюк (і паказаў на зайшлу), старшыня Беларускага камітэта ў Варшаве… А гэта госці са Слуцку…
Вось дзе пабачыў Алексюка Алесь! Чуў многа пра яго яшчэ ў Менску, ад Гаруна. Сам з Гародні. Закончыў нават у Пецярбурзе юрыдычны факультэт. Актыўна ўдзельнічаў у пецярбургскім беларускім студэнцкім руху. У былым — карэспандэнт «Нашай Нівы». Адзін з актывістаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Уваходзіў у склад народнага сакратарыяту БНР. А калі 22 кастрычніка 1919-га Пілсудскі сваім дэкрэтам дазволіў арганізаваць беларускае нацыянальнае войска і стварыць Беларускую Вайсковую Камісію, стаў Аляксюк яе старшынёй. У снежні БВК перабралася з Вільні ў Менск, дзе заняла цэлы гатэль «Гарні». Заступнікам Алексюка тады Гаруна — як той не адмаўляўся, скардзячыся на здароўе — абралі. А межы БВК Алексюку ўраз малымі падаліся — выехаў у Варшаву «палітыку рабіць». І ўсю працу Камісіі вымушаны быў Гарун на свае плечы ўзваліць і нервы не шкадаваць (вербунковых агентаў БВК часта арыштоўвалі ў паветах, ахвотнікаў запісацца ў сваё войска палякі, здаралася, не прапускалі ў Менск). Таму калі аднойчы напачатку лета Аляксюк з'явіўся ў Менску, БВК на сваім паседжанні яму выказала недавер. Хоць і няпроста было (ён жа самім Пілсудскім прызначаны), на ягонае месца Францішка Умястоўскага ўзаконілі (адзін з былых рэдактароў першай беларускай газэты «Наша Доля»), а той, хоць і згоду даў, не прыехаў у Менск. І давялося далей у БВК старшыняваць Алесю Гаруну… Яшчэ казалі, што напартачыў Аляксюк, патраціў давераныя яму грошы БВК і змушаны быў выйсці з яе.