Міналі гады, Беларусь мадэрнізавалася (індустрыялізавалася, урбанізавалася), а нацыянальны міф заставаўся ўблытаным у нейкую фальклорную вёску, якая даўно страціла ўсе свае канатацыі — ад культурных да сацыяльных. Інакш кажучы, амаль ад самага пачатку нацыянальны міф у нас размінуўся з рэальнасцю жыцця. Але так ёсць і сёння.
Наталля Правалінская: Вы самі адкуль родам?
— З мястэчка.
Наталля Правалінская: Наколькі карэктна разважаць пра вёску, не ведаючы яе рэальнасці?
— Ну, па-першае, беларускае мястэчка ў нейкім сэнсе гэта ўсяго толькі «сталіца» навакольных вёсак, яно наўпрост знітаванае з вёскай па многіх параметрах. А па другое (і гэта галоўнае), у праблеме вёскі мяне цікавіць не яе сацыяльная праекцыя, а сакральная. Дарэчы, калі б я працаваў, скажам, вясковым бібліятэкарам ці трактарыстам, дык ужо ж напэўна лепей ведаў бы рэальную вёску з яе канкрэтнымі турботамі, але гэтае веданне наўрад ці дапамагло б мне ў разуменні вёскі, як радовішча беларускай нацыі…
Беларуская вёска, асабліва ў глухіх закутках нашага краю, практычна не мянялася доўгімі стагоддзямі, прынамсі ў сваіх падвалінах. І гэтая яе статычнасць дазволіла ёй захаваць беларускі этнас у часе аж да найноўшай эпохі. Таму калі наспела пара фармавання нацыі, беларуская вёска ў гэтай справе адыграла выключную ролю. Але адыграла яе паўз уласную волю…
Нацыя — феномен капіталізацыі, урбанізацыі ды інтэлектуалізацыі грамадства. Нічога падобнага на Беларусі той пары ў патрэбным аб’ёме не было. Была толькі беларуская (тутэйшая) вёска і трохі нацыянальна заангажаванай інтэлігенцыі, якая пераважна паходзіла з дробнай шляхты і ніжэйшага рангу святарскага саслоўя. Дзеячы нацыянальнага адраджэння, як мне здаецца, добра ўсведамлялі, што для рэалізацыі нацыянальнага праекта вёска малапрыдатны матэрыял, але іншага ў іх не было.
Да таго ж вясковая культура па азначэнні не здатная ствараць эліты, а без нацыянальных эліт не можа быць сфармаваная нацыя. Улічым яшчэ і тое, што на пачатку ХХ стагоддзя беларускі горад прыкладна на 50 % складалі габрэі, на 20 % — рускія, на 17 % — палякі, і толькі ў астачы былі беларусы. Магчыма, на пачатку нацыянальнага паўставання гэта яшчэ і не ўсведамлялася, але з сённяшняй перспектывы добра бачна, што без этнічна беларускага горада ў нацыянальнага праекта не было выразнай перспектывы.
Наталля Правалінская: Калі і як адбыўся «захоп горада вёскай»?
— У канцэптуальным плане позна, вельмі позна, пасля таго як калгаснікам у 60-я гады дазволілі мець пашпарты і вёска татальна абрынула сябе ў горад.
Наталля Правалінская: Ужо ў 70—80-я гады этнічна горад стаўся пераважна беларускім, але ці стаўся ён беларускім у культурным сэнсе?
— Хутчэй наадварот. Вёска ў горадзе сістэмна вынішчала з сябе ўсё беларускае і татальна русіфікавалася, бо адно такім чынам яна магла падвысіць свой сацыяльны статус і тым самым палепшыць узровень ды якасць жыцця. І гэта цалкам натуральна, бо ўся сутва і традыцыя вясковай культуры скіраваныя не на саму культуру, а на жыццё як такое.
Наталля Правалінская: Дык хто ж усё-такі пераехаў у горад: вёска ці калгас?
— І вёска, і калгас. Дарэчы, хаця калектывізацыя спрычынілася да збяднення насельніцтва і татальных рэпрэсій адносна нічым не вінаватых людзей, яна разам з тым выявілася як магутны мадэрнізацыйны прарыў. Праз калектывізацыю за досыць кароткі час архаічная беларуская вёска ператварылася ў індустрыяльную вёску. Між іншым, апошняе не ў малой ступені падрыхтавала яе да пазнейшай адаптацыі ў горадзе.
У калгаса быў яшчэ адзін, безумоўна станоўчы момант. Вёска ўпершыню займела ўласнае кіраўніцтва з мясцовага люду: ад палявых брыгадзіраў, прарабаў, загадчыкаў фермаў, аграномаў і рахункаводаў да старшыняў калгасаў і раённага кіраўніцтва. Адным словам, праз калгас беларуская вёска пачала прыўлашчваць да сябе ўладу, якой у сваёй гісторыі ніколі раней нават не «каштавала». І калі яна перабралася ў горад, дзе патэнцыял уладных магчымасцяў быў непараўнальна большы, дык гэты першапачатковы досвед ёй вельмі прыдаўся, каб захапіць і горад, а пасля і краіну на ўсіх уладных узроўнях (ад кіраўніцтва сельсаветамі да кіраўніцтва дзяржавай) і ва ўсіх сферах — вытворчасці, эканоміцы, палітыцы, культуры…
Але тут выявіўся і адваротны, «пусты» бок медаля. Вёска, захапіўшы краіну, ператварыла яе ў адзін вялізны індустрыялізаваны калгас, дзе сёння дамінуе культура вясковага мыслення, якое аддае безумоўную перавагу сацыяльным каштоўнасцям, сярод якіх няма месца ўласна культуры — у тым ліку і мове.
Асновапалеглы прынцып улады вясковага чалавека гранічна просты — жыць і жыць як мага лепей. А ўсё, што палягае за анталагічным абсягам уласна жыцця, ён па азначэнні не можа ўключыць у праблематыку свайго дыскурсу. У тым ліку і праблематыку нацыі, як цалкам абстрактнай і таму не вартай ягонай увагі (і, адпаведна, ягонай адказнасці) падзеі.
Наталля Правалінская: Як доўга Беларусі ў сваёй унутранай сутнасці заставацца вясковай краінай?
— Мяркую, што ўжо не лішне доўга. Вёска выгадуе свае культурныя эліты, якія універсалізуюць яе як каштоўнасць, кананізуюць яе герояў і рытуалізуюць яе святы (ператварэнне лакальнага вясковага свята «Дажынкі» ў агульнанацыянальнае — самы яскравы прыклад). І вось гэтая універсалізацыя вёскі як каштоўнасці і будзе канцом вясковасці. Праўда, рэалізацыя гэтай схемы значна здэфармуецца тым канцэптуальным фактам, што свет імкліва баналізуецца, гэта значыць, што ва ўсіх сферах пачынаюць дамінаваць не высокія, а «папсовыя» крытэрыі і культуры, і самога ладу жыцця. Таму беларускія эліты, сфармаваныя на субстракце вясковай культуры, будуць фарматызаваныя не ў дыскурсе высокай, а масавай культуры. Вось такі парадокс нас чакае. Зрэшты, чаму «чакае»? Яго пазнакамі ўжо спрэс поўніцца наша сучаснасць.
Наталля Правалінская: Якое месца ў гэтым працэсе «класічных» нацыянальных элітаў, што сфармаваліся на платформе нацыянальнага адраджэння?
— Вёска не пусціць іх ні ў свае кабінеты, ні на свае канцэртныя пляцоўкі, ні ў свае анталогіі. Прынамсі, пакуль. Зрэдчас яна толькі будзе карыстацца іхнім творчым наробкам, але асабліва не акцэнтуючы ягонае паходжанне. Рэч у тым, што «класічныя» эліты трымаюцца ўсёй гістарычнай традыцыі гэтай зямлі, зафіксаванай у кніжнай культуры, а «вясковыя» — адно жывой памяці, якая не сягае далей Другой сусветнай вайны і, найперш, перамогі ў гэтай вайне. Карацей кажучы, паміж імі ментальная бездань памерам як найменей у тысячагоддзе…
Юры Дракахруст: Другая сусветная вайна адна і агульная для ўсіх, ці ў кожнай нацыі — у беларусаў, расійцаў, эстонцаў, габрэяў, немцаў — была свая вайна і яе нацыянальная ацэнка? Ці была тая вайна і перамога ў ёй — беларускай вайной і беларускай перамогай? Я дазволю сабе прывесці словы прэзідэнта Эстоніі Томаса Хэндрыка Ільвеса: «У нашай свядомасці расійскі салдат увасабляе дэпартацыі і забойствы, разбурэнне краіны, а не вызваленне. Адна група бандытаў — нацыстаў — была выгнана іншай хеўрай — савецкімі войскамі».
Цяжка сказаць, ці значная частка эстонскага грамадства падзяляе думку кіраўніка дзяржавы. Магчыма і значная. Але тут узнікае больш шырокае пытанне: ці мае права на існаванне асобная, нацыянальная праўда аб той вайне? Вайна ж была сусветная, у ёй лёс свету вырашаўся ў цэлым. Як Вы лічыце?
— Другая сусветная вайна з майго гледзішча была не вайной, а сусветнай катастрофай у форме вайны. А ў катастрофы няма праўды. Вайне прыдумваюць праўду ідэолагі, палітыкі, публіцысты пераможнага боку. Следам за імі мы прызвычаіліся лічыць, што паколькі ў Другой сусветнай вайне агрэсарам была Нямеччына і яе хаўруснікі, дык той, хто з імі змагаўся, вёў справядлівую вайну. На першы погляд тут і запярэчыць няма чаму, тым больш, што нямецкі фашызм выявіўся сапраўднай крыважэрнай пачварай.
Але калі мы дзеянні антыгітлераўскай кааліцыі лічым справядлівай вайной, дык мусім прызнаваць справядлівымі не толькі пасляваенны акупацыйны падзел Нямеччыны на дзве краіны, але і акупацыю на паўстагоддзе Усходняй Еўропы савецкімі войскамі, і скінутыя на Хірасіму ды Нагасакі атамныя бомбы. А паколькі сёння лічыць усё гэта справядлівым не выпадае, дык лепей было б наогул адмовіцца выкарыстоўваць у ацэнцы гэтай вайны такія катэгорыі, як праўда, справядлівасць і да іх падобныя.
Да таго ж ніхто і не змагаўся за няпраўду, усе змагаліся з ворагам за справядлівасць, толькі ў кожнага яна была свая. І нямецкі салдат, і японскі камікадзе, і французскі партызан, і савецкі чырвонаармеец, і беларускі калабарант аддавалі свае жыцці за нейкую праўду. Гэта калі ўжо больш за 50 мільёнаў чалавек загінула, тым, хто застаўся ў жывых, патлумачылі, чыя праўда была справядлівая, а чыя — падманам. Няма праўды ў вайне… Дзеля падмацавання сваёй пазіцыі працытую беларускага гісторыка Алега Гардзіенку: «Я б напэўна … унікаў паняцця «праўда» ў гэтым кантэксце. У свеце ўсталяваўся погляд на падзеі вайны дзяржаў-пераможцаў: Амерыкі, Англіі, Савецкага Саюза Расіі і яшчэ Францыі. Але ў вайне бралі ўдзел шмат іншых краін, і ў кожнай з іх быў свой погляд на гэтыя падзеі, у тых жа самых эстонцаў. Хачу нагадаць, што Другая сусветная вайна пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 жніўня 1939 года. І гэтыя паўтара года — да савецка-нямецкай вайны —умясцілі ў сябе акупацыю савецкімі войскамі Эстоніі і жудасныя дэпартацыі. І натуральна, што эстонцы радаваліся нямецкай акупацыі і сустракалі яе з кветкамі.
І я лічу, што прэзідэнт Эстоніі Ільвес абсалютна мае рацыю, калі ад імя эстонскага народа гаворыць, што вайна была барацьбой дзвюх бандаў. Для эстонцаў і першыя і другія былі акупантамі. Свой погляд у Латвіі , свой погляд у Літвы, у Харватыі. І трэба паспрабаваць зразумець гэтыя падыходы.
Пакуль Еўропа глядзіць на гэтыя падзеі вайны вачыма чатырох дзяржаў-пераможцаў, пакуль яна не пачне разумець, што думае пра гэта Усходняя Еўропа — Польшча, Літва, Чэхія — нам усім будзе цяжка паразумецца».
Юры Дракахруст: Апошнім часам у беларускай літаратуры, гістарыяграфіі, публіцыстыцы ідуць дыскусіі пра тое, ці была Другая сусветная (Вялікая Айчынная) вайна, нашай , беларускай вайной, у чым тут палягаў беларускі нацыянальны інтарэс ці яго наагул не было? І ці была перамога ў той вайне і беларускай перамогай?
— Я ўжо не аднойчы, і ў розных месцах, спрабаваў давесці, што для беларусаў тая вайна не была і не магла быць Вялікай Айчыннай. Рэч у тым, што беларусы ў тую пару не мелі Айчыны, бо не былі яшчэ сфармаваныя як нацыя. Яны проста жылі тут і калі неяк супраціўляліся акупантам, дык супраціўляліся адно дзеля таго каб далей жыць на гэтай зямлі ці хаця б проста выжыць. Хаця беларускі інтарэс у той вайне безумоўна быў. Беларусы хацелі апынуцца свабоднымі і ад немцаў, і ад саветаў. Але паноўныя дзяржавы-монстры і не збіраліся пытацца ў беларусаў пра іх нацыянальныя інтарэсы.