— Калі лічыць па вялікаму рахунку, дык мы мусім канстатаваць, што Беларусь размінулася з Фрэйдам. У міжваенны перыяд (пік папулярнасці Фрэйда) мне прыгадваюцца адно некалькі выпадкаў, непасрэдна звязаных з тэорыяй псіхааналізу. Першым успамінаецца грунтоўна нарыс пра Фрэйда ў заходнебеларускім часопісе «Калосьсе» (на вялікі жаль, прозвішча аўтара запамятаваў). А яшчэ аповесць Міхася Зарэцкага «Голы звер», у якой «фрэйдызм» крута замешаны з «ніцшэанствам». Натуральна, калі адмыслова заняцца праблемай «Фрэйд і Беларусь», дык па закутках можна сяготаго наскрэбці. Але ўсё яно разам не зменіць агульнай сітуацыі, якая канстатуецца гранічна проста: Фрэйд прайшоў паўз Беларусь.
Вячаслаў Ракіцкі: Але чаму так здарылася? З чаго тое, што захапіла ўсю Еўропу, лічы, не закранула нават Заходнюю Беларусь, вольную ад камуністычнай ідэалогіі?
— Тут мы можам вылучыць як мінімум тры грунтоўныя прычыны. Па-першае, беларускім культурным элітам у тую пару было не да корпання ў саміх сабе. Каб стацца ўпоравень з іншымі народамі, трэба было спехам будаваць нацыю, а з гэтага ўся ўвага была скіраваная не на персанальнае «Я», а на калектыўнае «Мы», мы — беларусы.
Другой прычынай было, згаданае вамі, панаванне камуністычнай ідэалогіі. Між іншым, як з’ява сацыяльна мадэрновая, камуністычная ідэалогія апынулася надзвычай папулярнай не толькі ў савецкай, але і ў Заходняй Беларусі. Разам з тым, яна ўжо тады імкнулася быць не проста дамінуючай ідэалогіяй, але і адзінай. Таму лічыла «фрэйдызм» варожым сабе канкурэнтам і ставілася да яго рэпрэсіўна. Вось, прыкладам, што мы чытаем у грунтоўным філасофскім слоўніку, выдадзеным у Маскве ў 1954 годзе. Цытую: «Фрэйдызм і «неафрэйдызм» цяпер паслугуюць амерыканскаму імперыялізму, які выкарыстоўвае тэорыю падпарадкавання свядомага «падсвядомаму» з мэтай апраўдання і ўмацавання самых нізкіх і гідкіх памкненняў ды інстынктаў людзей».
А трэцяя прычына была ў тым, што тадышняя пераважна вясковая Беларусь яшчэ жыла натуральным ладам. І ў гэтым ладзе як сексуальнае, так і падсвядомае (базавыя катэгорыі класічнага псіхааналізу) заставаліся знітаванымі з агульнай стыхіяй жыцця і пакуль яшчэ не маглі быць вылучаныя ў нешта апрычонае. Пэўна, менавіта апошняе і меў на ўвазе адзін наш вядомы палітык, калі адносна беларусаў амаль паўтарыў словы расейкі: «У нас няма сексу». І ў акрэсленым вышэй кантэксце ён, безумоўна, меў рацыю. Бо калі сёння этнографы і культуролагі актуалізуюць і вылучаюць сексуальнае з традыцыйнага космасу беларусаў, дык тым самым яны як бы хірургічна выдаляюць яго з жывой плоці этнасу.
Вячаслаў Ракіцкі: Але ці не сведчыць гэтая актуалізацыя сексуальнага за тое, што псіхааналітычная тэорыя Фрэйда нарэшце заваявала пэўныя пазіцыі і на абсягах Беларусі?
— Безумоўна. Пасля таго, як улада камуністаў скончылася і ўсе ідэалагічныя забароны былі знятыя, «фрэйдызм», у розных сваіх праявах, на нейкі час зрабіўся досыць папулярным на Беларусі. Не толькі ў літаратуры ці культуралогіі, але нават і ў паліталогіі друкаваліся тэксты, якія адсылалі нас да Фрэйда. Згадаем хаця б цікавае эсэ Валеркі Булгакава, дзе аўтар разглядае свайго палітычнага персанажа з пазіцыі «комплексу кастрата». Тут дарэчы будзе заўважыць, што «комплекс кастрата» займаў далёка не апошняе месца ў тэорыі аўстрыйскага псіхааналітыка. Фрэйд лічыў, што вытокі антысемітызму паходзяць з традыцыі абразання ў габрэяў, бо падсвядомае атаесамляе абразанне з кастрацыяй. З гэтага падсвядомае пагарджае габрэямі, паколькі яны «кастраты», але адначасна баіцца іх, бо яны кастрыруюць.
Вячаслаў Ракіцкі: Ці магчыма сёння скарыстаць псіхааналітычную тэорыю Фрэйда дзеля таго, каб больш выразна сфармуляваць тыя асноўныя архетыпы, якія вырозніваюць беларусаў, як адметную нацыю?
— Бачыце, хаця Фрэйд і спрабаваў універсалізаваць свае інтуіцыі, але ўсё роўна яны тычыліся персанальнага «я». Дзеля акрэсленай вамі задачы больш падыходзіць наробак не столькі самога Фрэйда, колькі яго вучняў, найперш Юнга і Адлера. Гэта Юнг першым сфармуляваў канцэпты «архетыпа» і «калектыўнага падсвядомага». А вось Адлер наперад усяго высунуў «комплекс непаўнавартасці», які вельмі заўважны ў калектыўным падсвядомым беларусаў. Як і яшчэ адзін з устойлівых канцэптаў паслядоўнікаў Фрэйда, а менавіта — «траўматычная свядомасць». Не трэба быць вялікім псіхааналітыкам, каб заўважыць, што свядомасць беларусаў спрэс траўмаваная.
Але калі казаць агулам, дык на маё разуменне псіхааналіз, асабліва ў яго класічнай версіі, ужо ладна састарэў. Сёння ён цікавы хутчэй як аб’ект даследавання, а не як інструмент, якім можна даследаваць іншае.
Вячаслаў Ракіцкі: Шлях чалавецтва — гэта рушэнне ад аднаго інтэлектуальнага прарыву да другога. Адныя з іх рэвалюцыйна перайначылі і наш светагляд, і наша рэальнае жыццё, другія засталіся толькі ў гісторыі вялікіх авантураў чалавечага духу. Але і першыя і другія вартыя ўвагі і павагі. Прыкладаў і тых, і іншых — нямерана. Згадаем хаця б рэвалюцыю Каперніка, які давёў чалавецтву, што не сонца рухаецца вакол зямлі, а зусім наадварот. Ці утопію Тамаза Кампанэлы пад назвай «Горад Сонца», дзе жыццё арганізаванае так, што людзі там жывуць у справядлівай згодзе і не ведаюць ні бедаў, ні нястачы. Альбо вышэй прысутны ў нашай гаворцы Зігмунт Фрэйд, які крытычна пераасэнсаваў сутву чалавека і змусіў нас інакш глядзець і на саміх сябе і на гэты свет… Дык вось, адсюль і пытанне: а ці былі і на нашай зямлі людзі, схільныя да вялікіх інтэлектуальных авантураў?
— Былі, ёсць і ўжо ж напэўна будуць. Возьмем хаця б Казіміра Лышчынскага. Выдатна адукаваны шляхціц, ваяр, грамадскі дзеяч, філосаф. Быў памагатым рэктара Брэсцкага калегіума, паслом сейма. Ваяваў на некалькіх войнах. Аднак пасля адсланіўся і ад вайсковай і ад грамадскай дзейнасці, каб на адзіноце ў сваім маёнтку пад Брэстам напісаць знакамітую і праз стагоддзі філасофскую працу — «Трактат пра неіснаванне Бога».
Нас, гадаванцаў атэістычнага ладу жыцця, ніяк не дзівіць чалавек, які праз філасофскі роздум адмаўляе існаванне Бога. Але не забудземся, што тады яшчэ было толькі XVII стагоддзе, і не чалавек паасобку, ні грамадства ў цэлым і ў жахлівым сне не маглі сабе ўявіць гэты свет без Бога. Нават такія вялікія папярэднікі Лышчынскага, як Капернік, Галілей ці Джардана Бруна не ставілі наяўнасць Бога пад сумнеў, яны толькі асцярожна спрабавалі давесці, што тая карціна свету, якую навязвае рэлігійны канон, не зусім адпавядае свету рэальнаму…
Інтэлектуальная авантура Казіміра Лышчынскага сягала куды глыбей, яна пагражала пабурыць самыя падваліны, на якіх трымалася тагачасная цывілізацыя. Адсюль і той неверагодны вэрхал, які ўсчаўся, як толькі сталася вядома пра існаванне трактата. У 1688 годзе сейм Рэчы Паспалітай па справе Лышчынскага правёў аж 19 паседжанняў. Лёсам філосафа турбаваліся не толькі на Айчыне, але і ва ўсёй Еўропе. Першая Парыжская газета змясціла пяць паведамленняў пра суд над ім.
Зрэшты, найлепшым сведчаннем за тое ўзрушэнне, якое нарабіў гэты твор, ёсць прысуд ягонаму аўтару. 30 сакавіка 1689 года на Старым рынку ў Варшаве вялікага беларускага філосафа змусілі ўласнаручна знішчыць рукапіс, а затым яму адсеклі галаву і спалілі цела. Заўважым, што гэтая жахлівая падзея адбылася не ў змрочным сярэднявеччы, а ў цывілізаванай Рэчы Паспалітай, якая ганарылася сваімі вольнасцямі. Значыць, сапраўды, філасофскі роздум Казіміра Лышчынскага быў успрыняты як нешта такое, што можа нізрынуць увесь белы свет.
Вячаслаў Ракіцкі: А ці ёсць прыклады вялікіх інтэлектуальных авантураў у блізкім да нас часе?
— Хапае. І ў аддаленым, і ў зусім блізкім. Давайце звернем увагу хаця б на Васіля Купрэвіча. Знаны біёлаг, акадэмік, семнаццаць гадоў узначальваў Беларускую акадэмію навук… Дарэчы, у маладосці ўдзельнічаў у штурме Зімовага палаца. Але нас тут цікавіць не адметны лёс хлопца з-пад Смалявічаў, а ягоная «філасофія вечнага жыцця». Рэч у тым, што Васіль Купрэвіч выснаваў тэорыю, згодна з якой у чалавека ёсць усе падставы жыць не проста доўга, а, лічы, вечна.
Сутнасць здумення Купрэвіча палягае на тым, што ў аснове ўсіх жывых формаў ляжыць пратапласт, неверагодна ўстойлівае рэчыва, якое можа бясконца доўга абнаўляць самое сябе. Скажам, таполя ўжо 80 мільёнаў гадоў перадае самыя драбнюткія прыкметы свайго першапродка. Альбо вось яшчэ прыклад доўгажыхарства: навукоўцам вядомыя асобіны дрэвападобных раслінаў, узрост якіх сягае 12 тысяч гадоў.
З гледзішча Купрэвіча, смерць — з’ява не біялагічная, а гістарычная. Смерць існавала не заўсёды, яна ўзнікла толькі на пэўным гістарычным этапе. Калі заўгодна, смерць — гэта творца жыцця, бо менавіта з яе пачалася эвалюцыя прыроды. Калі б смерці не было і ўсё жывое існавала вечна, дык нашыя звераватыя продкі так ніколі і не сталіся б людзьмі.
Але на гэты час смерць ужо выканала сваю эвалюцыйную функцыю. Яна болей не паляпшае чалавека, як від. А значыць ад яе можна і трэба пазбаўляцца, як ад анахранізму.
У сваю пару — гэта канец шасцідзесятых,— жыццядайная канцэпцыя Васіля Купрэвіча займела шырокі розгалас ва ўсім Савецкім Саюзе. Не забыліся на яе і пазней, прынамсі, у Расіі. На пачатку дзевяностых там выйшла кніга «Рускі касмізм», дзе ў адным шэрагу з працамі Уладзіміра Салаўёва, Мікалая Фёдарава, Канстанціна Цыялкоўскага, Мікалая Бярдзяева надрукаваная і праца па «філасофіі вечнага жыцця» Васіля Купрэвіча.
Вячаслаў Ракіцкі: А хто ў нашым хаўрусе будзе трэцім?
— Доктар тэхнічных навук, член-карэспандэнт Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Альберт Вейнік. Папулярнасць ідэяў Вейніка была не такой масавай, як у выпадку Купрэвіча, але бадай больш шырокай і больш, калі можна так сказаць, трывалай. Не толькі ў краінах былога Саюза, але і за іншымі межамі ў яго і пасёння застаюцца апантаныя паслядоўнікі.
Глабальная канцэпцыя Альберта Вейніка мае назву Агульнай Тэорыі Прыроды. Ён яе выклаў у капітальнай працы «Тэрмадынаміка рэальных працэсаў», якая была надрукаваная ў Мінску ў 1991 годзе. Свае высновы Вейнік падмацаваў безліччу матэматычных формулаў і разлікаў і не меншай колькасцю эксперыментальных доследаў, якія ён правёў з дапамогай тых прыбораў, што сам прыдумаў.
Сутнасць ідэяў Вейніка ў тым, што як рэальны, так і не-рэальны свет, гэта значыць той, дзе месцяцца душа, дух, прывіды, фантомы і да таго падобнае маюць агульную прыроду, падпарадкаваную аднолькавым фізічным законам. Гэтаксама маюць фізічную прыроду і такія абстракцыі як час, прастора, думкі, уяўленні — што ён не аднойчы фіксаваў на сваіх прыборах.
Можа адзін з самых цікавых момантаў у тэорыі Вейніка гэта той, дзе ён даводзіць існаванне ў прыродзе тонкіх і звыштонкіх светаў і аб’ектаў. Тонкія аб’екты валодаюць якасцямі, якія ў Бібліі называюцца душой, а звыштонкія — духам.
Тут трэба згадаць, што для Альберта Вейніка кожнае слова ў Бібліі фізічна і матэматычна бясспрэчныя. Прынамсі самыя неверагодныя цуды, якія там апісваюцца, натуральна падпадаюць пад фізічныя законы, сфармуляваныя ім у Агульнай Тэорыі Прыроды.
І што цікава, калі Казімір Лышчынскі, з якога мы распачалі гаворку, адмаўляў Богу ў праве на існаванне таму, што Той супярэчыў законам прыроды, дык Альберт Вейнік цалкам наадварот выводзіў існаванне Бога з фізічных законаў, якім аднолькава падпарадкаваны як Бог, так і створаны ім свет…
Вячаслаў Ракіцкі: На днях прыйшла сенсацыйная навіна — амерыканскі даследчык Роберт Сарматс у Міжземным моры на глыбіні паўтара кіламетра і на адлегласці 75 кіламетраў ад узбярэжжа Кіпра чарговы раз знайшоў тое, што чалавецтва шукае тысячагоддзі, а менавіта — Атлантыду. Раней яе час ад часу, так бы мовіць, знаходзілі ў раёне Азорскіх выспаў, Крыту, Сантарыні і нават далёкіх ад Міжземнамор’я частках свету. І вось цяпер — ля берагоў Кіпра.
Натуральна, што праграма радыё «Свабода», якая ў сваім назове выкарыстоўвае слова «Атлантыда» як мэтафару, не магла не адгукнуцца на гэтую падзею. Тым болей, што і праз дзве з паловаю тысячы гадоў пасля таго, як старажытнагрэцкі філосаф Платон апісаў выспу-дзяржаву, якая нібыта знікла 9600 гадоў да нашай эры пад вадою, спрэчкі пра гэтую таямніцу не сціхаюць. Чаму?