— Калі гэта насамрэч так, дык беларусы тут моцна хібяць. Сімвалічныя каштоўнасці значна даражэйшыя за хоць якія матэрыяльныя. Прыўлашчыўшы этнонім «літва», літоўцы змаглі перапісаць на сябе ўсю неверагодна багатую спадчыну Вялікага княства Літоўскага. І перадусім праз гэтую спадчыну яны сёння не толькі сфармаваныя як нацыя, але і атуленыя ад злыбеды гісторыі Еўрасаюзам. З іншага боку, замацаваўшы за сабой этнонім «Русь», маскоўцы займелі ўсе падставы патрабаваць сабе нашыя землі, як «исконно русские». Дарэчы, назваўшы нас «исконно русскими», яны часткова мелі рацыю. Але праблема ў тым, што самі маскоўцы «исконно русскими» якраз і не былі. Калі да каго гэтае азначэнне і можа быць больш-менш адэкватна дапасаваным, дык гэта да ўкраінцаў… А вяртаючыся да згаданай вамі прымаўкі заўважу, што не ў апошнюю чаргу і праз страту нашымі продкамі ўласнага імя расійцы запрэглі нас у каланіяльныя аглоблі на два стагоддзі.
Вячаслаў Ракіцкі: Атрымліваецца, што маскоўцы, спачатку абабраўшы нас на адзін з нашых крэўных этнонімаў, а затым захапіўшы нашыя землі, вызвалілі нас ад саміх сябе?
— Менавіта так. Праўда, у дэкларацыях яны вызвалялі нас не ад саміх сябе, а ад прыгнёту польскіх ды літоўскіх паноў, якія быццам трымалі тамтэйшых рускіх у няволі. Але пасля гэтага іх вызвалення мы яшчэ і сёння шукаем сябе і ў часе, і ў прасторы. Дарэчы, гэткі ж падыход да гісторыі беларусаў застаўся і пры бальшавіках, якія адно дадалі да яго яшчэ вызваленне беларусаў ад «гнёту расійскага царызму».
Вячаслаў Ракіцкі: А што з сімвалічных каштоўнасцяў у нас скралі бальшавікі?
— Бальшавікі нічога ні ў каго не кралі. Яны проста забіралі ўсё, што ім было патрэбна, каб перарабіць цэлы свет на свой капыл. На іхняй мове гэта называлася экспрапрыяцыяй. І пад яе аднолькава падпадалі як матэрыяльныя, так і сімвалічныя каштоўнасці. Але адну вельмі важную для нас рэч яны ўсё-такі менавіта скралі. Тут я маю на ўвазе крыж Еўфрасінні Полацкай. Гэтая гісторыя не менш цьмяная, чым знікненне кароны Вітаўта Вялікага. Аднак незалежна ад таго, дзе і ў каго крыж сёння знаходзіцца, ён быў брутальна скрадзены, і вінаватая ў гэтым бальшавіцкая ўлада. Дарэчы, у адрозненне ад папярэдне згаданых сімвалічных каштоўнасцей, страта крыжа Еўфрасінні Полацкай канцэптуальна ў лёсе беларусаў здаецца нічога не змяніла. Але асабіста мне яго чамусьці шкада, як мала чаго яшчэ. Можа таму, што сярод сімвалічных толькі містычныя каштоўнасці лучаць нас з трансцэндэнтным. І калі гэтая лучва абрываецца, мы застаемся без неба над галавой.
Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер уявім, што ўсё нашае засталося з намі: і карона Вітаўта, і нашыя крэўныя этнонімы, і шмат-шмат чаго яшчэ, не згаданага ў гэтай гаворцы. Дык што б тады было?
— Ну, найперш не было б нас з вамі, Вячаслаў, і цяпер мы б не разважалі над нашымі стратамі. Не было б ужо хаця б таму, што тады не было б ніякай Беларусі і ніякіх беларусаў. Бо без гэтых стратаў гістарычныя шляхі нашых продкаў склалі б цалкам не вядомую нам геапалітычную канфігурацыю, з якой вынікалі б ужо зусім іншыя войны, паразы ды перамогі. І хаця ў асноўным не толькі свет, але нават і Еўропа ад гэтага наўрад ці істотна змяніліся б, але на нашых землях усё было б усюды зусім не так, як ёсць сёння.
Вячаслаў Ракіцкі: Дык што, можа нам і не трэба шкадаваць аб гэтых стратах?
— Шкадаваць можа і трэба, аднак разам з тым неабходна ясна ўсведамляць, што як нацыя, так і асобны чалавек — гэта плён і вынік не толькі набыткаў, але і стратаў. І мы на белым свеце ёсць такія, якія мы сёння ёсць, толькі таму, што гісторыя нашых продкаў склалася менавіта гэткім чынам, а не якім іншым.
Вячаслаў Ракіцкі: У такім разе давайце паспрабуем падысці да гэтай праблемы з другога боку і сфармуем пытанне вось як: ці магчымы сёння агульны гістарычны наратыў для Беларусі і Літвы?
— На першы погляд — дзіўнае пытанне ў тым сэнсе, што куды ўжо можа быць больш агульнага, чым было ў гістарычным плане паміж нашымі краінамі. Мы жылі побач і разам у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкім Саюзе. За апошнія, як мінімум, шэсць-сем стагоддзяў бадай не назбіраецца і пяцідзесяці год, калі нас раз’ядноўвала мяжа. Але насамрэч гэта зусім не дзіўнае, а вельмі сур’ёзнае пытанне. Рэч у тым, што як сведчыць досвед, і не толькі наш уласны, у эпоху фармавання нацыянальных дзяржаваў, агульнае гістарычнае поле становіцца найбольш праблемным полем для новых геапалітычных суб’ектаў. Таму няма нічога выключнага ў тым, што сёння паміж Беларуссю і Літвой мы маем даволі востры канфлікт гістарычных наратываў. Кажучы спрошчана і груба, Беларусь імкнецца перапісаць увесь наробак ВКЛ у сваю спадчыну, а Літва — у сваю. Вельмі выразным прыкладам гэтай сітуацыі можа быць той факт, што пасля прыдбання незалежнасці ў 1991 годзе абедзве краіны абралі сабе за герб адну і тую ж «літоўскую Пагоню». Праўда, пасля прыходу да ўлады ў 1994 годзе новага кіраўніцтва, афіцыйная ідэалогія Беларусі пераважна пачала карыстацца кароткай гістарычнай генеалогіяй, якая звязвала пачаткі беларускай гісторыі з перамогай над фашызмам у 1945 годзе. Але паколькі ладная частка беларускага грамадства не згодная з такім падыходам, дык праз сітуацыю супраціву прага «доўгай генеалогіі» часам набывае проста-такі гіпертрафаваныя формы. Да прыкладу, выдадзены Беларускім народным фронтам гістарычны каляндар называе ўсіх адметных асобаў ВКЛ выключна беларусамі. Вось такая татальная беларусізацыя гісторыі.
З іншага боку, я вось зусім нядаўна прачытаў рэцэнзію вядомага польскага даследчыка Марцэлія Космана на выданне «Культура Вялікага княства Літоўскага», перакладзенага з літоўскай мовы на польскую. Сярод высноваў рэцэнзента і наступная: «Кніга прапаноўвае аднабаковы нацыянальны падыход. Дзеля паўнаты вобраза неабходна ўлічыць беларускія матэрыялы і беларускі погляд на праблему, а таксама вынікі польскіх даследаванняў». Карацей кажучы, мы маем сітуацыю «халоднай вайны» беларускай і літоўскай гісторыяграфій. І з гэтай сітуацыі трэба неяк выходзіць. Ужо хаця б дзеля таго, каб не выглядаць смешнымі перад самімі сабой — ды іншымі таксама.
Але ці магчыма тут увогуле хоць нейкае пазітыўнае выйсце? У сярэдзіне дзевяностых гісторыкі Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы яго ўжо шукалі. Аднак, калі не памыляюся, без асаблівага поспеху. Не ўпэўнены, што поспех магчымы і сёння. Праўда, асабіста я адно гіпатэтычнае выйсце ведаю, але ў значэнні практычнай рэалізацыі яно пакуль цалкам неверагоднае. А менавіта, пакінуць гісторыю Вялікага княства Літоўскага ўласна гісторыі, як гэта зрабілі італьянцы стасоўна гісторыі старажытнага Рыма, а грэкі — старажытнай Элады. Інакш кажучы, не звязваць сучасныя нацыянальна-дзяржаўныя ўтварэнні Беларусі, Літвы і Украіны з ВКЛ, якое сфармавалася і існавала дзеля нейкіх сваіх задач і сэнсаў. І гэтыя задачы ды сэнсы ніякім чынам не праектаваліся на тую пару, калі на Еўропу абрынецца ідэалогія нацыяналізму, і гэтая ідэалогія стане шукаць сабе апірышча ў доўгіх гістарычных генеалогіях.
Сітуацыя з «агульным гістарычным наратывам» ускладняецца яшчэ некалькімі істотнымі момантамі. Па-першае, Літва пераважна належыць да дыскурсу лацінскай культуры і, шырэй, — лацінскай цывілізацыі. У XV—XVII стагоддзях лацінская культура досыць шырока была прадстаўлена і на землях, пазначаных сёння як уласна «беларускія», але тут яна не дамінавала. Прынамсі, яе апынулася недастаткова, каб сёння мы з літоўцамі маглі чытаць нашу агульную гісторыю, калі можна так сказаць, аднымі і тымі ж вачыма. Нават нашыя альфабэты адсылаюць нас да двух розных вялікіх наратываў, не кажучы ўжо пра ўсё астатняе.
Па-другое, вышэй я казаў пра «халодную вайну» беларускай і літоўскай гісторыяграфій, але адначасна з гэтай «вайной» у нас у самым распале «грамадзянская вайна» розных версій беларускай гісторыяграфій (русафільская, савецкая, радыкальна нацыяналістычная, класічна нацыяналістычная, вялікалітоўская, крэўская, балцкая і г.д.). Дык вось, пакуль адна з іх не пераможа канчаткова, беларусы не змогуць асэнсавана ўдзельнічаць у фармаванні агульнага гістарычнага наратыву для Беларусі і Літвы (і ўжо іншая рэч, ці магчымы ды патрэбны ён увогуле).
Вячаслаў Ракіцкі: Феномен улады зачароўвае загадкавасцю і неабдымнасцю. Фрыдрых Ніцшэ, здаецца, досыць слушна лічыў, што ў аснове ўсяго жывога ляжыць воля да ўлады. Сапраўды, усё, што з’яўляецца быць, — над некім пануе і камусьці падпарадкоўваецца. Толькі мне хацелася б пагаварыць не пра ўладу ўвогуле, у яе філасофскім разуменні, а пра ўладу як тое, што арганізуе сацыяльнае жыццё чалавека. А калі быць яшчэ больш дакладным, дык аб тым, наколькі беларусы схільныя ўспрымаць і выяўляць праз сябе гэтую ўсюдыісную волю да ўлады. Але найперш — ці такім ужо важным было для беларусаў цягам іхняй гісторыі панаванне над кімсьці? Увогуле — ці ёсць прага ўлады адметнай рысай беларусаў?
— Агулам на гэтае пытаньне адказаць немагчыма. У нас, як найменей, тысячагадовая летапісная гісторыя. І ў гэтыя тысячу гадоў былі часы, калі воля да ўлады тут, як кажуць, біла праз край. А здаралася, што стагоддзямі беларус панаваў адно над скацінай у полі і жонкай у хаце.
Вячаслаў Ракіцкі: А ў якія часы воля да ўлады «тут… біла праз край?»
— З таго, што мы ведаем, бадай, найбольшую прагу ўлады нашыя продкі выявілі ў пару Вялікага княства Літоўскага, калі стварылі «імперыю», што разлеглася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Дарэчы, у Кастуся Тарасава ёсць выдатная аповесць пра аднаго з першастваральнікаў гэтай «імпэрыі». Называецца яна «Апошняе каханне князя Міндоўга». Але аповесць не столькі пра каханне, колькі пра ўладу як такую. Князь Міндоўг у сваіх думках разпораз вяртаецца да сутнасці ўлады, спрабуючы зразумець яе бязлітасную праўду. Вось толькі невялікі фрагмент з ягоных развагаў: «Чаму немцы прусаў падпарадкавалі? — думаў Міндоўг. — Таму што мелі прусы восем старэйшых князёў, а вялікага між сабой абраць не здолелі. І ніхто з васьмі не наважыўся стаць вялікім. І на Літве так вялося, пакуль ён, Міндоўг, ня вырашыў, што стане вялікім князем. І насуперак усім перашкодам ды ворагам стаў… Ён — першы вялікі князь Літвы. Ён і Полацак здолеў пры-яднаць, і землі дрыгавічаў… Але пра што, пра каго, ён, вялікі князь, змушаны думаць пасярод ночы? Пра якіхсьці Даўмонта, Гартона, Любеня, пра іх дробныя крыўды, зайздрасьць, братнюю нянавісць. Забіць іх — і тады думаць пра іх не трэба. Шкадуеш іх забіваць — яны свайго месца ня ведаюць, злуюцца, востраць мячы, ад іх жа і абараняцца трэба не менш пільна, чым ад крыжакоў».
Вячаслаў Ракіцкі: Дарэчы, мы ў нашых шчырых і чыстых памкненнях гераізаваць гісторыю нацыі вельмі часта ідэалізуем тыя постаці, якія выконвалі загалоўную ролю ў лёсе краіны. Але, як мне падаецца, рэдка задумваемся аб тым, што вялікія постаці, якія былі пакліканыя выконваць волю да ўлады, вельмі часта, а мо і найчасцей, здзяйснялі ваё пакліканне не лішне высакародным чынам. Ці не так?
— Ужо ж напэўна так. Мілажальны і высакародны ўладар, асабліва ў тыя жорсткія часы, — гэта калыханка для дарослых. І хаця я працытаваў не дакументы і нават не хронікі, а мастацкі твор, але не думаю, што і ў наступным фрагменце сваёй аповесці Кастусь Тарасаў моцна хібіць, калі змушае шкадаваць Міндоўга, што ён збаяўся сваіх шараговых князёў і адмовіўся падпарадкавацца рымскаму Папу, каб стаць каралём з немцамі нароўні: «Дарэмна ён расхрысціўся… Чым з немцамі ваяваць, прасцей было б перабіць князёў — і сваіх, і ятвяжскіх, і прускіх. Сабраць у наезд і каля вогнішча пасекчы ўсіх мячамі сваёй аховы…Было б ужо вялізнае каралеўства». Гэта і ёсць трагічная формула ўлады. Калі не можаш перамагаць мірам, дык перамагай вайною. Але як толькі спынішся ў перамогах, цябе адразу зніштожаць, магчыма, якраз тыя, над кім ты злітасцівіўся.
Вячаслаў Ракіцкі: Між іншым, менавіта так было і з Міндоўгам. Яго знянацку акружыць сваёй дружынай і заб’е сваяк — князь Даўмонт. Толькі мы не будзем разблытваць, як і чаму ён гэта зрабіў, бо нас тут не цікавіць хада канкрэтных падзеяў…Не стала Міндоўга, але колькі пасля яго з’явілася на Літве вялікіх постацяў, чуйных да поклічу ўлады. Згадаем хаця б найвялікшую з іх — Вітаўта, які канчаткова аформіў Вялікае княства Літоўскае ў магутную дзяржаву. Аднак, мінула яшчэ колькі часу, і ў нас чамусьці перасталі аб’яўляцца героі, роўнавялікія ў празе ўлады Міндоўгу, Альгерду, Вітаўту, а неўзабаве знікла і само Вялікае княства. Ці ёсць тут нейкая заканамернасць, гістарычная логіка?
— Згаданы вамі на пачатку гаворкі Фрыдрых Ніцшэ адказаў бы наступным чынам: «Там, дзе не хапае волі да ўлады, там заняпад». У перыяд, калі ВКЛ пабралася няроўным шлюбам з Рэччу Паспалітай, прага ўлады пачала ўжо змяняцца прагай асалоды. Іншымі словамі, галоўнай мэтай цяпер сталася не ўлада, а ўцеха. Улада перастала быць каштоўнасцю сама па сабе, яна ператварылася ў сродак дзеля забеспячэння магнатаў раскошай ды іншымі слодычамі жыцця. Успомнім хаця б апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага, які прамяняў уладу над краінай і змаганне за яе свабоду на каханне да расійскай імператрыцы Кацярыны.
Вячаслаў Ракіцкі: Я зразумеў вас. Аднак гэта адказ толькі на другую частку майго запытання. Але чаму і куды пазнікалі героі, якія раней тут заўсёды адгукаліся на покліч волі да ўлады?
— Вось на гэта адказаць нашмат цяжэй. Калі б мы пра тое ведалі, дык напэўна ведалі б і чаму заняпалі Вялікі Рым ці Брытанская імперыя. Альбо, наадварот, чаму, па-расійску кажучы, «захолустное» Маскоўскае княства, якое ў сваю пару нават смешна было параўноўваць з Вялікім княствам Літоўскім, праз нейкі час паняволіла не толькі ВКЛ, а ладную частку ад усёй зямной кулі з самымі рознымі плямёнамі, народамі й дзяржавамі? І вось ужо самы неверагодны прыклад. Жменька еўрапейскіх каланістаў у Паўночнай Амерыцы паклала пачатак звышдзяржаве, якая паўстала літаральна з нічога ўсяго за некалькі стагоддзяў!
Вячаслаў Ракіцкі: А цяпер давайце зірнём на адзін з тых перыядаў, калі, як вы сказалі, беларус меў уладу толькі над скацінай у полі і жонкай у хаце. Няўжо былі часы, калі беларусы зусім не імкнуліся да ўлады?
— Найбольш выразна гэтая пара датуецца XVIII—XIX стагоддзямі, калі ўвесь беларускі этнас табарыўся ў вёсках ці на плебейскіх ускраінах гарадоў. І калі нехта тады марыў пра ўладу, дык не меў ніякай магчымасці сваёй мары здзейсніць.
Зрэшты, наўрад ці каму з беларусаў, не толькі з сялянаў, але і з засцянковай шляхты нешта такое нават прыходзіла да галавы.
Вячаслаў Ракіцкі: А Кастусь Каліноўскі?
— Тут ваша праўда. І ўсё ж такі Каліноўскі і жменька тыпалагічна падобных, раскіданых па стагоддзях, — гэта гранічнае выключэнне. А ў асноўным амбіцыяў беларусаў хапала адно на тое, каб хоць трохі бліжэй падсунуцца да тых, хто ўжо мае ўладу. Найлепей слушнасць майго меркавання падтрымлівае Францішак Багушэвіч, калі ўкладае ў вусны маці словы, якія яна спявае свайму маленькаму сыну: