– Маленькі быў грабеньчык, – працягваў я апавяданне. – Месца на ім хапіла толькі да літары Л (“людзі”). Але гэта вельмі важная для нас літара. Бо з яе пачынаецца слова “лета”.
– Правільна, – падхапілі вучні. – Летам цёпла, летам канікулы. Вельмі важнае для нас слова.
– Аднак раней яно азначала не толькі цёплае лета, але і ўвесь год. Таму першыя кнігі, у якіх апісваліся падзеі, называлі летапісамі. Менавіта на старонках летапісу некалі з’явілася самая першая згадка пра Берасце.
Было лета 6527-ае ад пачатку Света, інакш – 1019 год ад Хрыстова нараджэння.
Князі Святаполк і Яраслаў забыліся пра братэрскую любоў. Кожны хацеў уладарыць у Кіеве. Але нельга княскую шапку напалам рассекчы. Таму біліся князі не на жыццё, але на смерць. Сышліся яны ў крывавай сечы – і быў разбіты Святаполк. Ягоная дружына вымушана была адыходзіць. Вось неяк увечары падышла яна да берасцейскіх сцен. Стомленыя ваяры неслі насілкі з цяжка хворым Святаполкам. Крыкнуў князь у забыцці:
– Не спыняйцеся ў Берасці. Ідзіце далей!
Паслухаліся ваяры свайго князя, пайшлі далей – у Польшчу і Чэхію. Але слова ўжо зляцела з вуснаў ды ў летапіс патрапіла. Так упершыню пісьмова быў згаданы горад на рацэ Буг.
Таму 1019 год і лічыцца годам яго нараджэння.
Сёння ёсць такое месца, дзе можна патрапіць у мінулае. Як на “машыне часу”, пераехаць з прыгожага сучаснага Брэста ў загадкавае былое Берасце.
Высокі шкляны будынак захоўвае драўляны горад ХІІІ стагоддзя. На глыбіні чатырох метраў – хаткі і вулачкі, выбрукаваныя дрэвам.
Гэта “Берасце” – вельмі незвычайны і цікавы музей. Слова музей азначае сховішчы рэчаў і дакументаў, якія дазваляюць даведацца пра мінулае. Што можна даведацца пра Берасце?
Некалі тут было больш за дзве сотні хат. Па старажытнай вуліцы рухаліся людзі. Гудзелі мяхі ў кузні, молат біў па кавадле. А майстрыхі ткалі адзежу, упрыгожвалі вышыўкай скураны абутак. Горад жыў ужо не адно стагоддзе. І раптам знік…
Чаму Берасце пакінулі людзі? Можа, хвароба ці голад сталі прычынай? Можа, жорсткі вораг спустошыў горад? Сапраўдная прычына не вядомая. Але Берасце захавалася цудоўна. Відаць, для таго, каб мы больш даведаліся пра жыццё продкаў.
1. Як можа горад апынуцца пад зямлёй?
2. Грэкі кажуць: алфавіт, англічане – эйбісі, немцы – абэцэ. Гэтыя словы атрымаліся ад назваў першых літар. А як алфавіт называўся ў старажытным Берасці?
3. Перакажыце паданне пра заснаванне Берасця.
4. Што раней значыла слова лета? З якімі падзеямі звязана першая згадка ў летапісе пра горад на рацэ Буг?
5. Што такое музей? Якія музеі ты ведаеш?
5. ПАЛЕСКІЯ ГАРАДЫ
У цэнтры Пінска размешчаны прыгожы будынак. Некалі тут быў калегіум (царкоўная школа), а цяпер – цудоўны Музей Беларускага Палесся. Колькі цікавых рэчаў утрымліваецца ў яго сховішчах! Ёсць тут каменныя крыж, сякера, дамавіна з ХІ і ХІІ стагоддзяў.
І гэта зусім не дзіўна, бо Пінск, імя якому дала ціхая рэчка Піна, узнік у далёкую даўніну. Ён – сапраўдная сталіца Палесся.
Месца, дзе нарадзіўся Пінск, спрадвеку стаяла на бурлівым водным шляху. Піна далучалася да прыгажуні-Прыпяці. Адсюль можна было дайсці вадою і да Чорнага мора, і да Балтыкі. Таму спрадвеку пінчукі лічыліся найлепшымі плытагонамі ў краі.
Упершыню летапісец згадаў пра Пінск пад 1097 годам. І вось пры такіх абставінах.
Былі ворагамі Давыд і Васілька. Абодва князі высокія ды прыгожыя. Вось толькі не выносілі адзін аднаго. Асабліва зацяты быў Давыд, які лічыў, што яго пакрыўдзілі пры дзяльбе земляў. Гаворыць ваяўнічы князь Давыд вялікаму кіеўскаму князю:
– Вось пабачыш, княжа, захопіць Васілька твае гарады Тураў і Пінск. Тады ўспомніш, што я казаў...
Паслухаўся вялікі князь нагавору, узяў у палон Васільку. Але Давыд нядоўга святкаваў перамогу – выгналі яго з краю.
У той час Пінск ужо быў вялікім, прыкметным і багатым горадам. А неўзабаве стаў і сталіцай Пінскага княства. І нават калі ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага, захаваў сваю самастойнасць.
Пазней у Пінску налічвалася ўжо 16 цэркваў. Тут узніклі праваслаўны і каталіцкі манастыры, была збудавана яўрэйская сінагога. Простыя жыхары Пінска гаварылі на розных мовах, але часам знаходзілі паразуменне і згоду лепш за князёў.
А князь Давыд усё не супакойваўся. Няўрымслівы быў чалавек, буян, але, разам з тым і спраўны. Загадаў Давыд у 1100 годзе пабудаваць на Гарыні Гарадок. У гонар заснавальніка паселішча носіць імя Давыд-Гарадок. Спрадвеку ў ім жывуць працавітыя людзі, выдатныя агароднікі. Аднак гарадчукі не толькі на сваім агародзе сядзяць! Вядомыя яны на ўвесь свет прадпрымальнікі і рамеснікі. Заўжды гандлявалі агуркамі, кветкамі і насеннем, выраблялі нават марожанае. Везлі на сваіх вазках салодкія лёды да Берасця і далей – у Польшчу. Шаўцы з Давыд-Гарадка выраблялі рыбацкія і паляўнічыя боты. Хадзілі потым, як буські па балоце, здабывалі і сама, і плотку, і ўюна.
Калі гораду споўнілася 900 гадоў, паставілі гарадчукі помнік Давыду – уганаравалі на вякі князя-заснавальніка.