2. Як сустрэліся Вітаўт з Ягайлам?
3. У чым вялікаму князю дапамаглі столінцы і іванаўцы?
4. Што рабіў у пушчы Ягайла?
5. Раскажы, як нашыя продкі змагаліся з крыжакамі на Грунвальдскім полі?
6. Якую навуку атрымалі крыжакі пад Грунвальдам?
7. ГАРАДЫ ПРЫ ДАРОЗЕ
Мы часта ўжываем слова горад. Яно звыклае і зразумелае. Але вось аднойчы ў старой кнізе было напісана: “Я, кароль і вялікі князь, прыехаў у наша сталічнае места Віленскае...”.
Значыць, гаспадар наведаў Вільню – сталіцу Вялікага Княства Літоўскага. А словам места называлі гарады. Пісалі: “места Пінскае” – гэта Пінск, “места Кобрынскае” – Кобрын, а “места Берасцейскае” – сённяшні Брэст.
Акрамя таго, у мове існавала яшчэ прыгожае слова мястэчка. Так называлася малое места – невялічкі горад. Жыхароў местаў і мястэчак лічылі гараджанамі, ці мяшчанамі.
Хоць частка вяскоўцаў займалася рамёствамі, а частка гараджан – агародніцтвам, але жыццё іх вельмі адрознівалася.
Селянін быў прымацаваны да зямлі, жыў пад прыгонам. (Яго жыццё цалкам знаходзілася ў руках пана). А многія гараджане дамагліся самастойнасці ад князёў і паноў. У Еўропе нават гаварылі: “Паветра горада робіць чалавека свабодным”.
У самым цэнтры сучаснага Брэста вісіць вялізная круглая пячатка, а на ёй выбітыя словы са старой граматы: “Даруем на вечнасць права гарадское магдэбургскае…”
Што гэта за права, пра якое нашчадкі не забываюцца і праз стагоддзі?
15 жніўня 1390 года – значны дзень у гісторыі Берасця. Яно стала першым горадам у Беларусі, якое атрымала самакіраванне – было вызвалена ад залежнасці. Берасцем стаў кіраваць савет, які выбіралі гараджане. Упершыню такога права некалі дамогся нямецкі горад Магдэбург, таму яно і называлася магдэбургскім.
А Берасце хутка развівалася. Яно лічылася адным з галоўных гарадоў Вялікага Княства Літоўскага.
Пра нашы гарады складзена шмат легенд і паданняў. Напрыклад, пра старажытны Драгічын.
Ішоў аднойчы ўздоўж ракі чалавек. Доўгі быў яго шлях. Стаміліся ногі і плечы, бо цяжкая ноша – доўгая дарога. Пабачыў падарожны: на рацэ рыбак цянёты цягне.
– Добры чалавек, а ці далёка яшчэ да горада? Чытаў я, што некалі тут горад стаяў. Здалёк яго завостраныя вежы можна было пабачыць. Толькі трэці дзень дарогу нагамі тапчу, а горада ўсё няма!
– Што ты, родненькі, – махнуў рукой рыбак. – Ужо мне гадоў нямала. З маленства рыбачу. І бацька мой быў на гэтай рацэ рыбаком. І дзед мой вудзіў. Але ніхто ніколі не ведаў, каб тут стаяў горад. Памыліўся ты, падарожны...
Мінулі стагоддзі.
Зноў у спякоту ішоў полем чалавек. Вочы ад сонца стаміліся і ногі-рукі млелі, бо цяжкі іспыт – доўгая дарога. Пабачыў падарожны: на гонях земляроб саху цягне.
– Добры чалавек, а ці далёка да ракі? Чытаў я, што тут некалі рэчка бруяла. Здалёк яе было відаць. Толькі трэці дзень дарогу нагамі тапчу, а ракі ўсё няма!
– Што ты, паважаны, – махнуў рукою сейбіт. – Ужо мае дзеці сваіх дзяцей маюць. І бацька на гэтым полі араў-сеяў. І дзед за плугам хадзіў. Але ніхто ніколі не ведаў, каб тут цякла рака. Памыліўся ты, падарожны...
Мінулі зноў стагоддзі.
Ішоў вясковай вуліцай чалавек. Доўгая яго світка ад пылу шэрая, бо цяжкая праца – доўгая дарога. Пабачыў падарожны: каля веснічак стаіць стары.
– Добры чалавек, а ці хутка будзе вялікае поле? Чытаў я, што некалі ў гэтых мясцінах было ўрадлівае хлебнае поле. Толькі трэці дзень дарогу нагамі збіваю, а таго цудоўнага поля ўсё няма!
– Што ты, госцейка, – махнуў рукою дзед. – Доўгі мой век. Мае дзед і бацька ў гэтай вёсцы жылі. І ўнукі будуць жыць. Толькі ніхто ніколі пра твае поле не чуў, не ведаў. Памыліўся ты, падарожны...
Засумаваў чалавек. Пашкадаваў яго стары:
– Бачу, стаміўся ты шукаць. Дык заходзь у хату.
– Дзякуй за гасціннасць, – расчуліўся госць. – Як вас клічуць, дзядуля?