– А другі горад квітнеў сярод пустыні. Шчасліва жылі людзі. Але насунулася пустыня. І паглынула горад. Так бывае?
– І так бывае! – згаджаюцца дзеці.
– А трэці горад знаходзіўся на беразе мора. Аднойчы прыйшла вялікая хваля-цунамі, шырока разліліся марскія воды і пахавалі горад на глыбокім дне. І так бывае. А чаму ў нас такое не магло адбыцца?
– А ў нас пустыні няма!
– І вулканаў няма!
– І мора далёка!
А самы дапытлівы хлопчык сказаў аўтарытэтна:
– Я ўжо ўсе гарады ведаю. Нікуды яны не знікалі. Нават большымі становяцца. У Мінску я быў, і ў Гродна быў, а ў Брэсце – нават сто разоў быў!
– А хочаш у сто першы раз пабываць у Берасці?
– Дзе?
– У Берасці. Гэта таксама Брэст, але вельмі-вельмі старажытны. Яму ўжо многа соцень гадоў. І менавіта ён некалі “згубіўся” – быў пахаваны пад глеем, пад зямлёю, на месцы, дзе сыходзіліся Мухавец з Бугам. Доўга было схавана Берасце. Аднак сорак гадоў назад прыйшлі сюды археолагі.
Вучоныя знайшлі шмат цікавых рэчаў. Вось металічныя крыжы, іконкі, залаты пярсцёнак, фігурка шахматнага караля…
Але самай цікавай знаходкай стаў… просты грабеньчык. Так-так, не здзіўляйцеся!
– Грабеньчык? – зноў не паверылі дзеці. – Хіба можа ён быць даражэй за золата ці серабро?
– Сам грабеньчык – не, а вось словы на ім…
І я напісаў на дошцы:
– А, Б, В, Г, Д…
– Якія ж гэта словы?! – сказалі вучні. – Гэта проста азбука… АБэВэГэДэйка нейкая! Гэтак мы і ў першым класе пісаць умелі… Так?
– Правільна, але не зусім. Раней кожная літара мела сваю назву. Першыя дзве вы і самі згадалі:
А – “аз” (што значыць “я”).
Б –“букі” (“буду”), разам: азбука, алфавіт. Далей ідуць:
В – “ведзі” (“ведаць”).
Г – “глаголь” (“слова”).
Д – “дабро” (“добра”)…
А калі ўсе гэтыя літары-словы скласці ў сказ атрымаецца:
“Я БУДУ ВЕДАЦЬ СЛОВА ДОБРА”!
Вось што напісаў старажытны вучань.
– Не вучань, а вучаніца, – важна заўважыла дзяўчынка.
Існуе даўняе паданне пра тое, адкуль пайшла назва Берасце. Некалі, вельмі-вельмі даўно, ехаў па нашых мясцінах госць. А раней, трэба сказаць, гасцямі называлі купцоў, якія гандлявалі ў дальніх краінах. Пакуль ехаў добрай дарогай госць – бяды не ведаў, а як з дарогі збіўся – у балоце загруз. Але не разгубіўся гандляр: пасцяліў каням пад ногі бяросту – кару з бяроз. Так і пераехаў багністае месца.
А ў памяць пра ўдалы пераезд пабудаваў купец у бярозавым гаі маленькую царкву – Богу памаліцца. З цягам часу вакол яе пасяліліся людзі. Вырас прыгожы горад, у якім жыла дзяўчынка, што згубіла аднойчы грабеньчык з літарамі.