— Не грукай дзвярыма, — папярэджвае яго Тэрэза. — Люстра трымаецца на добрым слове і можа ўпасці…
Дзяўчына выходзіць з-за шафы і збянтэжана паціскае плячыма. Ён заўважае, як твар яе пакрываецца густой чырванню. Ён асцярожна зачыняе дзверы і заходзіць у пакой. Сэрца шчымліва сціскаецца. Сэрца хоча штосьці нагадаць. Магчыма, яно хоча папярэдзіць яго аб нечым важным. Толькі слухаць сэрца няма часу. Ён перакананы, што начаваць застанецца ў гэтым пакоі, на ложку са ўзбітымі мяккімі падушкамі.
— Магу прымацаваць, — прапаноўвае ён, скоса пазіраючы на люстэрка. — Хочаш?..
— Другім разам, — адмаўляецца дзяўчына, не хаваючы сваёй нядобразычлівасці.
У Тэрэзы залацістыя валасы з завіткамі каля вушэй. Валасы блішчаць і падобныя да апалай лістоты — той, што рассыпана па брукаваных дарожках у цэнтральным скверыку, насупраць інтэрната. Жэньку здаецца, што валасы яе вымазаны гусіным тлушчам. Наўмысна, каб зберагчы свой цнатлівы залацісты колер. Зберагчы для зімы…
— Адкуль яна ў цябе? — паказвае ён вачыма на карціну. — Раней яе тут не было… Ты пачала захапляцца жывапісам?
— Гэта Чурлёніс: «Балада аб чорным сонцы».
Жэнік падыходзіць да карціны і кранаецца палатна пальцам.
— Гэта копія, — удакладняе Тэрэза. — Арыгінал згублены…
— Адкуль яна ў цябе? — настойліва перапытвае Жэнік.
— Мастак адзін падарыў.
— Зразумела… ты стала цікавіцца мастакамі…
Тэрэза маўчыць. Ён таксама. Маўчанне намагаецца перамагчы маўчанне. Напэўна, каб нарадзіць шчырасць. Ва ўсякім выпадку, ён на тое спадзяецца.
— Што ў цябе яшчэ новенькага?
— Джынсы…
Тэрэза дэфіліруе па пакоі.
— Як?..
— Класныя, — адказвае Жэнік. У голасе несхаваная абыякавасць.
— А вочы?
— Вочы таксама класныя…
— Не, Жэнік, — сумна ўсміхаецца Тэрэза. — У іх няма ранейшага бляску, няма свежасці...
За яе пранізлівай халоднай усмешкай тоіцца нейкае глыбока схаванае расчараванне.
— Тэрэза, нам неабходна пагаварыць.
— Аб чым? — здзіўляецца яна.
— Іншы раз мне здаецца, што ты… — ён замаўкае і сумна глядзіць на Тэрэзу. — Што ты нешта старанна хаваеш ад мяне. Можа ў цябе ёсць нехта іншы? Лепшы?..
— Чаго ты хочаш? — злуецца яна.
— Я хачу, каб ты калі-небудзь закахалася ў мяне. Я пачакаю… Чуеш?
— Я і так цябе кахаю.
— Не, Тэрэза, не кахаеш... Ты толькі дазваляеш кахаць сябе…
Яна хоча дадаць нешта ў апраўданне, аднак перадумвае і збянтэжана ўсміхаецца. Яе ўсмешка агаляе адзіноту. Яго адзіноту. Ён не ведае, пра што гаварыць далей, і маўчыць. Лепшы сродак ад болю — гэта туга. Туга па сваіх пачуццях…