— Адкуль яны бяруць такіх?.. — разважае ўслых незнаёмец.
Ад яго абыякавага, безжыццёвага позірку Жэньку робіцца няёмка. Ён спрабуе надаць твару заклапочаны выгляд. «Тэрэза не прыйдзе. І з гэтым трэба змірыцца».
— Малец, ты адкуль? — падсаджваецца за яго стол незнаёмец. Кубак з півам напалову парожні.
— З Грамоў, — нехаця адказвае Жэнік.
— З Грамоў? — здзіўляецца незнаёмец. — Ганялі нас Грамы некалі.
— Каго гэта — «нас»? — скептычна пазірае на яго Жэнік.
— «Караедаў»… Так называлі нас, навучэнцаў ляснога тэхнікума, у горадзе. Напэўна, зараз усё па-іншаму…
Жэніку падаецца, што разважае незнаёмец сам з сабою. Вочы яго бязмэтна блукаюць па зацемненым памяшканні. Яны патухлыя і безжыццёвыя. Шрам на твары ружовы, наліты крывёю.
— Малец, вось скажы мне: ты баішся смерці?
Вочы незнаёмца як прысоскі. Жэнік спрабуе адшукаць у іх тое, што збліжае людзей, родніць іх, і не знаходзіць. Бо колькі ні ўзірайся ў іх — вочы акамянелыя і непадступныя.
— Я і не жыў яшчэ, каб задумвацца над гэтым, — злуецца Жэнік.
— А я баюся. І чым меней часу застаецца ў мяне да гэтага запланаванага дня, тым меней упэўненасці, што я здольны смела зірнуць ёй у вочы.
— Нехта з вялікіх сказаў: «Людзі, якія не любяць жыцця, ведаюць, калі яны памруць», — з’едліва пазірае на яго Жэнік.
— Смаркач! Што ты разумееш у гэтым?..
Размова не атрымліваецца, болей таго, пачынае набываць нейкую непрадказальную агрэсіўнасць. Жэнік устае з-за стала.
— Малец, пачакай… — вочы незнаёмца па-ранейшаму халодныя і безжыццёвыя. — Пагавары са мной…
Жэнік моўчкі накіроўваецца да выхаду. Незнаёмец яго не затрымлівае...
Тэрэзу ён знаходзіць у цэнтральным скверыку, непадалёк ад памятнага знака літары «Ў». Аднак не лёсам роднай мовы заклапочаны ён у гэты момант, як на тое разлічвалі, напэўна, аўтары гэтага арыгінальнага помніка. Сярод моладзі, якая тусуецца ў скверыку, ён заўважае незнаёмага яму хлопца. Напэўна, гэта і ёсць той самы мастак, пра якога яму ўчора распавядала Тэрэза. Ну, вядома, ён, хто ж яшчэ: барадаты, самаўпэўнены. Мастакі ўсе барадатыя альбо ў берэтах. Жэнік марудзіць хвілінку і падыходзіць да моладзі.
— Жэнька! — з крыкам кідаецца да яго Ірка, Тэрэзіна сяброўка. — А мы тут якраз узгадвалі цябе. Паехалі з намі ў…
Жэнька не слухае яе, абмінае і падыходзіць да Тэрэзы. Дзяўчына сарамліва хавае вочы.
— Чаму ты не прыйшла? Мы ж дамаўляліся сустрэцца.
— Я… Я… — збянтэжана «якае» дзяўчына і пазірае на барадатага. — Пазнаёмся, гэта Вадзік… Мастак…
Хлопец працягвае Жэніку руку і здзекліва шчурыцца.
— Зразумела… Цяпер мне ўсё зразумела, — пакрыўджана вымаўляе Жэнік. — Значыць, Вадзік… Што ж, як гаворыцца: наш Вадзік быў на ўсё гаразд, ён піяніст і педагог…
— Чаго ты чапляешся? Што табе трэба?
Голас Тэрэзы дрыжыць ад крыўды.
— Тэрэза, мне трэба пагаварыць с табою. Пайшлі…
Жэнік хапае Тэрэзу за руку.
— Нікуды я не пайду. Спачатку навучыся размаўляць, а потым…
— Што будзе потым?