— Зразумела, — сумна ўздыхаю я. — Я таксама вярнуўся з Акрэсціна і… до відзэння, панове! Звольнілі за профнепрыгоднасць. Я ў рэстаране лабухам быў.
— На чым лабаў?
— На саксафоне. Магу на флейце яшчэ. Ладна. Што яны ведаюць пра профнепрыгоднасць?
— Што значыць — ладна?
— У мяне, Фёца, і без таго праблем па горла, — ухіляюся я ад адказу. — Куды далей пойдзем?
— Радыё слухаць! — нахабна скаліцца Фёца.
— Сушыцца дзе будзем? — крыўджуся я.
— Дзе-дзе... На пляжы.
Успрымаю пачутае за здзек.
— Прапануй нешта лепшае! — перахоплівае сябар мой недаверлівы позірк.
«І сапраўды, якое яшчэ месца, акрамя пляжа, можа быць для нас лепшым? Дзе яшчэ можна распрануцца двум бяздомнікам, у якіх ні кала ні двара?» — думаю я і пачынаю разумець, што ў гэтым горадзе я нікому не патрэбен.
— Пляж — гэта сіла! — тлумачыць мне Фёца і накіроўваецца да скрыжавання дзвюх вуліц, адна з якіх і вядзе да рэчкі.
— Лагічна, — нехаця згаджаюся з ім і адчуваю горыч і шкадаванне.
Да гарадскога пляжа сунуцца амаль праз увесь горад, а гэта ў нашым становішчы смерці вартае.
— Фёца, ты ўсё ведаеш... — звяртаюся я да сябра.
— Хто табе сказаў? Усяго, Віцёк, ведаць немагчыма, — цынічна скаліцца Фёца.
— І ўсё ж... Скажы мне, чаму людзі імкнуцца заставацца як мага даўжэй дзецьмі? Не дзеля ж таго, што яны баяцца старасці?
— Дзецьмі? — спыняецца Фёца.
— Так, — паўтараю я.
— Ёсць адна прыпавесць аб тым, як шэсць яўрэяў збіраліся памяняць свет. Хочаш, раскажу? — нечакана прапаноўвае ён.
Выціраю рукавом мокры твар і адмоўна матляю галавой. Фёца не звяртае ўвагі і пачынае расказваць:
— Маісей сцвярджаў, што ўсё ў свеце — адтуль, — паказвае ён вачыма на неба. — Саламон сцвярджаў, што ўсё — адсюль, — тыцкае ён пальцам у скроню. — Хрыстос сцвярджаў, што ўсё ідзе ад сэрца. Маркс пераконваў, што ўсё ідзе ад жывата. Фрэйд сцвярджаў, — Фёца лісліва хіхікае, — сам здагадайся.
У памяці ўсплывае сон пра паляванне на зайцоў. Скоса здзіўлена пазіраю на Фёцу.
— І толькі вялікі Эйнштэйн лічыў, што ўсё ў гэтым свеце адноснае, — прарываецца ў маю свядомасць хрыпаты бас сябра. — І ў дадатак да сказанага: некалі ў дзяцінстве я марыў заняцца вырабам туалетнай паперы. Зараз мне нават няёмка робіцца за таго сябе колішняга, някемнага. І ўсё ж з нейкаю ж мэтай я марыў пра тое? Не з-за таго, вядома, што папера гэтая дэфіцытам была. Цяпер цяжка нават уявіць сабе. У супердзяржаве, якая мела ядзерную зброю, быў дэфіцыт на туалетную паперу!.. Але Бог з ім, вернемся да твайго пытання. Мне здаецца, пакуль жыве нашая наіўнасць, датуль мы і застаёмся дзецьмі. Бо дзеці і ёсць гэтая наіўнасць. А яшчэ дабрыня. Чалавек дзеля яе нараджаецца. Хаця адзін нягоднік знішчыў ува мне гэтыя пачуцці, і цяпер я, Віцёк, не па гадах дарослы. Ведаю, гэта кепска. Толькі куды мне цяпер падзецца? Я ж у канфлікце з грамадствам, разумееш?
На пляжы нікога. Мы цялёпкаемся па вільготным пяску да альтанкі. Ад нашай нядаўняй весялосці — ні слядочка. Фёца сумна пазірае на заімглёнае шэрае неба і цяжка ўздыхае.
— Віцёк, есці хачу!
Я вытрымліваю працяглую паўзу, таксама гляджу на неба. Цела пад мокрай адзежай прабірае калатун, а разлічваць на сонца ў бліжэйшы час не даводзіцца.
— А я не хачу, — нарэшце вытужваю я сумную ўсмешку і штурхаю Фёцу локцем пад бок. Той крыўдзіцца, але, зразумеўшы мае намеры, штурхае мяне таксама. Некалькі хвілін мы моўчкі валтузімся, потым знясіленыя падаем на вільготны рачны пясок.
— Макака! Зірні на каго ты падобны! — здзекліва скаліцца Фёца.
— Што ты сказаў? Паўтары! Гэта я — макака?