— Здрада.
— Каму здрадзіў?
— Сабе...
— Дзівак! Са мною таксама такое бывае. Нойдзе нешта, і пачынаеш калупацца ў сабе, выяўляць некага больш чыстага, які вымушае каяцца. Не, Віцёк, ідэя дасканаласці для чалавека недасяжная.
— Табе сны сняцца? — нечакана пытаю я і, каб не паказваць перад ім сваю слабасць, апускаю вочы.
— Сны? — марудзіць з адказам Фёца. — Раней не сніліся, а пасля таго як з працы звольнілі, пачалі сніцца.
— За што звольнілі?
— За праўду, — асцярожнічае Фёца.
Гляджу на яго і маўчу, ведаю, нічога болей з яго не выцягнуць.
— Дождж пэўна будзе, — перахоплівае ён мой засмучаны позірк.
І сапраўды, цені робяцца расплыўчатымі. Чутна, як мітусліва вошкаюцца ў дрэвах птушкі. Неба цямнее. Пачынае накрапваць дожджык. А ў нас ніякіх планаў, мы нават не ведаем, куды нам падзець сябе. А што можа быць яшчэ горшага для двух валацуг, адрынутых грамадствам?
6
Ад праезджай часткі будынак аддзяляе высокая шчыльна збітая з дошак агароджа. Мелеш перасякае вуліцу і спыняецца ля зачыненай жалезнай брамы. Хвіліну вагаецца, потым торкае засаўку. Дверцы адчыняюцца, суха клацнуўшы завесамі. «Усё, чаго я дасягаю, дасягае мяне», — думае ён, услухоўваючыся ў цішыню. Адчуванне таго, што за ім нехта сочыць, не пакідае яго ні на хвіліну. Інтуіцыя ніколі не падводзіла яго. Ён мітусліва азіраецца і заўважае непадалёку няпэўны сілуэт. Празмерная запаволенасць і ненатуральнасць рухаў выклікаюць недавер да ўбачанага. «Тэрэза?!..» — вагаецца ён, намагаючыся намаляваць у памяці жанчыну, пра якую думае, такою, якою яна была, калі яны разышліся. З расплыўчатай прывіднасці да яго далятае ціхі пяшчотны голас. Яе голас. Мінулае матэрыялізуецца, і выцерабленая чаканнем усмешка ўпрыгожвае жаночыя вусны. Ён узіраецца ўглыб гэтай бязлюднай вуліцы, туды, дзе на адцінку некалькіх дзесяткаў крокаў, нібыта і сапраўды пільнуючы яго прыход, застыла ў чакальнай позе нечая постаць і ціха кліча:
— Тэрэза?!
Мроі знікаюць. Вакол ні душы. Толькі бязлюдная, разамлелая ад спёкі вуліца і ўрачыстая, нібы смяротны прысуд, цішыня. Ён зноў мітусліва азіраецца і ціха кліча. На яго голас адгукаецца нехта зусім незнаёмы. А можа гэта яму толькі падаецца? Хаця не, з-за дрэва яму насустрач выходзіць жанчына. «Божа літасцівы! — думае ён. — Колькі мінула часу з тых часін?! Якою б магла стаць дарослаю яго Янка. Менавіта ў яе дзень нараджэння я пасадзіў гэтае дрэва.»
— Чаго ты прыпёрся, Мелеш? — выціскае абразліва жанчына, не гледзячы ў вочы. — Колькі цябе прасіць, не прыходзь сюды? Чуеш, не прыходзь!
Ён скіроўвае позірк у напрамку, скуль сыходзіць гэтае ядавітае шыпенне, і мямліць нешта незразумелае. Словы блытаюцца і застраюць у горле.
— Я пытаю, чаго ты прыпёрся сюды, Мелеш? — не дае яму апамятацца жанчына.
— Я прыйшоў, каб пачуць тваё маўчанне, — прамаўляе ён няўпэўнена і з палёгкай уздыхае.
— Хлусіш! — пагардліва зіркае на яго жанчына. Яе твар працінае халодная, цынічная ўсмешка. — Нічому, апроч хлусні, ты так і не навучыўся.
Стэрыльная выразнасць гукаў і невыносна доўгае скрыжаванне поглядаў вымушаюць яго хвалявацца. І ўсё ж ён не адводзіць вачэй, ведае, жанчына яго выпрабоўвае. Так было заўжды. Ён прывык да гэтага пагардлівага позірку і не баіцца яго. Твар паступова мутнее, дубянее і ператвараецца ў адзіную суцэльную шэрую пляму. Ён пераможна скіроўвае позірк у пустое неба.
— Няпраўда, — прамаўляе ён стомлена. — Я навучыўся калекцыяніраваць гарады.
— Ты навучыўся калекцыяніраваць глупства. Ты няшчасны чалавек, Мелеш!
— Абсалютна шчаслівымі могуць быць толькі дурні.
Ён апускае вочы і натыкаецца на яе ледзяны позірк.
— Не глядзі на мяне так знішчальна, інакш я… — просіць ён.
— Інакш — што? — спыняе яго жанчына.
— Інакш я не змагу сысці адсюль ніколі, — шэпча ён, і яму пачынае здавацца, што памірае, што сэрца спынілася і жыць яму засталося лічаныя хвіліны. Каб развеяць гэтую пакутлівую зманлівасць, ён робіць некалькі крокаў наперад, але жанчына яго намер расцэньвае па-свойму і палахліва адступае. Яе сілуэт пакрыху пачынае аддаляцца, каб зрабіцца праз пэўны час зусім дробным напрыканцы гэтай працяглай, нібыта яго жыццё, вуліцы.
— Вымятайся адсюль, чуеш?! Забойца!!! — працінае яго ледзяным холадам яе голас.
— Чаму забойца? — здзіўляецца ён.