— Таму што ты забіў Яну! — лямантуе жанчына.
Словы абрываюцца, і вецер нясе іх у неба — туды, дзе ў прагале рэдкіх аблокаў вісіць нерухомая плямка самалёта. Пагодлівы жнівеньскі дзень перанасычаны тугою сыходзячага ў нябыт лета. Ад дрэваў цягнуцца доўгія цені. Ад іх чароўная блажэнная хісткасць. І пустэча. Ад далягляду і да далягляду. Ён ўздрыгвае, адрываецца ад сваіх тужлівых роздумаў і зіркае вакол сябе — нікога, толькі прывід спілаванага некалькі гадоў таму дрэва і завэдзганы невядома якога паходжання масляністымі плямамі асфальт.
— Я не забойца! — прамаўляе ён непераканаўча, каб не слухаць гэтае зацягнутае да бясконцасці маўчанне. Накопленая за некалькі напружаных тыдняў стома пачынае нагадваць пра сябе. Ён шукае вачыма месца, дзе можна было б прысесці, і заўважае непадалёк незвычайнай формы валун. «А можа гэта і ёсць той помнік па маім мінулым? Мо ўчынкі мае спазніліся? Мо словы мае ператварыліся ў гэты камень, на якім я сяджу? Інакш як растлумачыць, што замест таго каб развітацца са сваім мінулым, я мушу ў чарговы раз сысці адсюль ні з чым? Мо я і сапраўды чалавек, які выпаў з часу?» — думае ён і ловіць сябе на думцы, што чужы ў гэтым горадзе. Яму зноў пачынае мроіцца той восеньскі надвячорак, запырсканы крывёю і дзіцячым енкам. Так было неаднойчы ўжо. Нячутна цячэ час. І мінулае не падуладнае сапраўднасці.
— Усё-такі які мізэрны гэты наш шлях у жыцці!
Шматлікая колькасць сведчанняў і рэчыўных доказаў, сабраных на месцы аварыі, расставілі ўсе кропкі над «і». Абагуліўшы матэрыялы следства, суддзя прыняла канчатковае і правільнае рашэнне — вінаваты. Але не судзейскі вердыкт стаў лёсавырашальным для яго, а свой асабісты. Гэты камень, імя якому грэх, ён носіць за пазухаю дасюль. І яго не выкінеш, бо з гадамі боль прытупляецца, а памяць жыве вечна. І ён ведае, што даравання яму не будзе ніколі. І не чакае яго. «А можа я памёр — даўно, ціха, незаўважна? — ловіць ён сябе на думцы. — Бо калі памерлі мае пачуцці, што тады засталося ад мяне колішняга? Чаму так магло здарыцца? Чаму?» Гэтыя пытанні вяртаюць яго зноў і зноў у той непагодлівы восеньскі надвячорак. Перад вачыма зноў паўстае шэрая бязлюдная вуліца… І ён чуе працяглы вантробны енк... «Каму ён належыць: Тэрэзе ці мне?» — гадае ён і не можа знайсці гэтаму адказаў. Бо ніхто не здольны ўдакладніць тое. Бо нават сёння, калі яго ад таго трагічнага выпадку аддзяляе цэлая вечнасць, ён па-ранейшаму сумняваецца ў сапраўдных прычынах трагедыі. Напэўна, ўсё для яго так і застанецца таямніцаю. Бо якая цяпер каму розніца, па чыёй віне адбылася аварыя. Янкі няма… І яго няма… «Мінулае, прасякаючы ў нас, — думае ён, — перабольшвае свае недакладнасці...»
Непаладкі, з-за якіх нібыта адбыўся наезд, былі дробязнымі. Ён таму і належнай увагі ім не надаў, бо падумаеш — асвятленне адсутнічала. Гэта ж не тармазы, ды і ехаць яму не паначы. А да гаража ён без асвятлення паціху дабярэцца. І ўсё ж ён не вытрываў, раскруціў панэль, праверыў праводку, але непаладку да канца не выправіў. Стала змяркацца, і ён вырашыў дарма не губляць час.
На праезджай частцы дачка апынулася нечакана, выслізнула з прыцемку пад’езда. І адбылося гэта ў той момант, калі ён пад’язджаў да свайго дома. Са слоў Тэрэзы, Янка бегла сустракаць яго, а ён яе не заўважыў. Здаецца, і хуткасць была невялікаю, і тармазы не падвялі, а вось асвятленне адсутнічала. На пытанне, чаму пяцігадовае дзяўчо апынулося ў такі позні час на вуліцы адно, без дагляду дарослых, ніхто ўразумелага адказу яму не даў. Ды і не да таго яму было. Моцнага ўдару ён не адчуў. Рэзка павяло ўбок руль і кінула, як на выбоіне. Ён выскачыў з машыны. Дачка ляжала ля бардзюра, на брудным, бліскучым ад нядаўняга дажджу асфальце. Ён падхапіў яе на рукі і, як ашалелы, не ўсведамляючы, што робіць, подбегам кінуўся да пад’езда. Ён адчуваў на руках гарачую ліпучую вадкасць і бязгучна плакаў.
— Ведаеш, чаму я выйшла за цябе замуж? — спыталася ў яго Тэрэза адразу ж пасля памінальнай вячэры, калі разышліся родзічы. Памаўчала хвілінку і, не стаўшы чакаць адказу, з прыкрасцю адказала сама: — Таму, што я спадзявалася, што мы з табою аднолькавыя, Мелеш. Ты гадаваўся без бацькі, і я таксама...
— І што з таго? — паглядзеў на яе здзіўлена.
— Я палічыла, што мы з табою — дзеці кахання, а не дзеці нянавісці. І таму, што б ні пляткарылі, мы з табой, Мелеш...
— Дзеці блуду, — прадоўжыў ён цынічна, нават не спрабуючы хаваць у вачах металічны бляск, той, што застаўся яму ад састарэлых крыўд, ад той колішняй бойкі з Лёшкам. — Мы нарадзіліся насуперак усякаму цвярозаму разліку. Мы — вынік выпадковай кровазмяшальнай сувязі. Гэта ты хочаш сказаць?
— Не, не гэта, Мелеш, — не звяртаючы ўвагі, заспяшалася яна. — Я палічыла, што твае родзічы не пакрыўдзяць мяне ніколі. Хаця б з-за таго, што ты таксама байструк. А ты і тым больш. Бо хто, як не ты, ведае сапраўдны кошт гэтаму крыўднаму і разбуральнаму слову?
— Якому? — недаверліва спытаўся ён.
— Байструк! — паўтарыла яна.
— Не выбівай слязу, — кінуў ён у запале. — Я табе не веру.
— Я табе таксама.
Ён міжволі ўздрыгнуў. Яе словы былі прасякнутыя наскрозь крыўдаю і пагардай.
— Чым жа я не дагадзіў табе, га?
— Ты, Мелеш, — чалавек з заплюшчанымі вачыма.
— А вы, жанчыны, усе аднолькавыя. Выходзіць, ты мяне ніколі не кахала? Выходзіць, ты мяне…
— Кахала, — рэзка спыніла яго Тэрэза. — Але аднойчы маё каханне памерла. Жарсць і каханне — розныя рэчы. І аднойчы людзі насычаюцца жарсцю.
Такое ён аднойчы чуў ужо ад маці.
— Што ж тады ўтрымлівае іх?
— Нешта іншае, больш вартае і значнае, чым жарсць…
— Не зразумеў. Патлумач.
Яго цынічнасць не мела межаў.
— Не ведаю. Адказ на гэтае пытанне мы павінны былі знайсці з табой разам. Ва ўсякім выпадку, я спадзявалася, што ўдваіх гэта зрабіць будзе куды лягчэй. Магчыма, гэта любоў да нашых дзяцей, якіх у нас з табой ніколі не будзе. Магчыма, нешта іншае.
— Але мы можам усынавіць некага, — здагадаўшыся, на што яна намякае, заспяшаўся Мелеш.
— Некага? — з’едліва ўсміхнулася Тэрэза. — Ты — у турму, а я адна, з дзіцём на руках?
— З турмы людзі некалі таксама вяртаюцца.