— Валянціна Міхайлаўна, неяк няёмка. Я ж не студэнт... Хто паедзе з дарослых? — гэта ўсё, што я здатны вымавіць.
— Дольчык, не дуры галаву. Табе ўсё жыццё перад усімі няёмка. І перастань прыкідвацца вялікім пакутнікам. Не едзеш, так і скажы… Карацей, надумаеш, патэлефануй мне...
— Валянціна Міхайлаўна!
— Усё, Дольчык, усё!.. У мяне ад цябе вуха баліць. Чакаю званка…
Дадаць нешта ў сваё апраўданне спазняюся, кароткае бзыканне ў трубцы крадзе яе голас. Ляніва плятуся на кухню, перапоўненую гаркавым смуродам гарэлай бульбы. Адключаю газавую пліту і адчыняю фортку…
Скрынка з прахам маёй памяці недзе за сцяной, у старэнькім пашарпаным шыфаньеры. І яе сёння зноў давядзецца адчыняць…
Выстава, якую ладзіў Саюз мастакоў у Палацы культуры вытворчага аб’яднання «Шкловалакно», лічылася на той час скандальнай. Мікалай Рэрых, Марк Шагал, Чурлёніс — асобы супярэчлівыя ў мастацтве. Таму ў вестыбюлі палаца было людна. Але не заўважыць гэтай бялявіцы ў блакітнай вязанай блузцы я не мог. Ёсць людзі, якія валодаюць нейкай невытлумачальнай, магічнай энергіяй. Інтэлігентнасць дзяўчыны не цяжка было распазнаць, нават кідалася ў вочы. З натоўпу яна выдзялялася не так сваёй прыгажосцю, як абаяльнасцю. І мне падалося, што яна таксама ўпотай сочыць за мною. Аднак падысці не адважваўся. У знаёмствах з дзяўчатамі лічыў сябе слабаком. І калі выпадала такая нагода, цалкам давяраўся лёсу.
Счакаў, каб у зале засталося як мага меней людзей, пасмялеў і наблізіўся да дзяўчыны. Тая разглядвала рэпрадукцыю карціны Мікалая Рэрыха «Спаленне цемры» і не звярнула на мяне ўвагі.
— «…Камень спачывае на падушцы, на незвычайным пастаменце з мармуру», — іранічна працытаваў я некалі пачутае выказванне з «Агні-Ёгі», дэманструючы сваю дасведчанасць у творчасці Рэрыха.
Бялявая скоса паглядзела на мяне і нічога не сказала.
— «Глыбока схавана тое Сховішча, і многія з нас не здагадваюцца, што ў час нашага сну Белае Брацтва спускаецца па тых галерэях на сваю начную пачэсную варту…» — выпаліў я пасля хвіліннага маўчання.
— З гэтай «начной вартай» Мікалай Канстанцінавіч знаёміць нас у іншай сваёй карціне, «Скарбніца гор», — прыхільна зірнула на мяне дзяўчына і дадала: — У Сховішчы тым вялізнае скопішча горнага крышталя, а ў таемным залацістым святле патанаюць постаці ў доўгіх балахонах. У руках Галоўнага — Чаша с полымем і невыразна акрэслены прадмет...
Я ў боязі падацца ў яе вачах невукам няўпэўнена пацікавіўся:
— Можа гэта і ёсць той самы Камень, які прыводзіць рытм нашай Планеты ў адпаведнасць з Касмічным магнітам?
— Магчыма, — усміхнулася дзяўчына.
Мне здалося, што ў яе рухавых зрэнках пасялілася іронія. А яшчэ, напэўна, смутак...
— Адкуль вы ведаеце пра Камень? — пацікавілася яна нечакана.
Я паціснуў плячыма:
— Чытаў недзе.
— Чыталі, але амаль нічога не зразумелі? — з’едліва спытала дзяўчына.
«Хіба так знаёмяцца?» — падумаў я і з жалем і крыўдаю паглядзеў на бялявіцу. Выдавала на тое, што скептычная ўсмешка прыляпілася да яе вуснаў неадчэпна і разлічваць на нейкую паблажлівасць марна.
Аднак я перабольшваў… Як заўсёды…
— Ведаеце, чаму людзі баяцца смерці?.. — нечакана спытала яна. Не без іроніі, вядома.
Я падрыхтаваўся да чарговага розыгрышу.
— Таму, што яны не разумеюць, што такое Вечнасць… Рэрых падарыў нам магчымасць дакрануцца да яе поглядам. Кожны яго твор прасякнуты Прыгажосцю і Вечнасцю. Узіраючыся ў яго палотны, мы сутыкаемся са сваім глыбінным «Я», са сваім Духам. Бо чалавек найперш ёсць Дух. А жыццё — гэта хучэй сон, чым сапраўднасць… Наша душа спачывае ў «труне», якую мы называем целам…
Я баяўся спалохаць сваімі неразумнымі пытаннямі яе думкі і маўчаў.
— Мінулае, сапраўднасць і будучыня — існуюць адначасова. Зямля — гэта толькі месца іспыту нашай Вартасці, Творчасці і месца апошняга Суда. Тут мы праходзім духоўны адбор. Кожны з нас носіць свае «шалі» за пазухай. Імі мы і адважым сабе той кавалак, якога заслугоўваем. Недаравальны грэх — гэта ўяўляць сябе Богам…
— У кожнага з нас сваё разуменне дабрыні… Вечнасці таксама…
— Вы не згодныя? — зірнула яна на мяне недаверліва.
— Што вы!.. — захваляваўся я. — Болей таго, я не супраць прадоўжыць з вамі гэтую тэму, але, здаецца, нас хутка папросяць з залы. Да закрыцця выставы застаюцца лічаныя хвіліны, — выціснуў я і заклапочана зірнуў на гадзіннік. — Вы не супраць, калі мы прагуляемся ля Дзвіны?