-Я акажу табе сёння літасць таму толькі, - працягвала між тым Маргана, - што прынцэса чамусьці катэгарычна забараніла мне забіваць цябе! Перад тым, як адправіць мяне сюды, яна некалькі разоў паўтарыла гэтую забарону. Чаму – не ведаю! Магчыма, ты сам ведаеш прычыну…
-Не больш, чым ты, - сказаў Холін. – Але, тым не менш, гэта прыемна чуць! Прынцэса… і клапоціцца пра мяне… гэта вельмі прыемна…
-Яшчэ б не прыемна! – фыркнула Маргана. - А тое, што прынцэса Ірума ўсё ж засталася жывая, хоць ты так жадаў яе смерці…гэта табе таксама прыемна чуць?
- Ірума? – паўтарыў Холін і голас ягоны раптам задрыжаў. – Яе завуць Ірума?
-Ірума! – Маргана неяк здзіўлена паглядзела на Холіна. – Ты так прагнуў забіць яе ды не змог…Яна жывая, хоць табе гэта, пэўна ж, вельмі непрыемна!
-Ты не паверыш, - павольна, усё яшчэ думаючы аб нечым сваім, прагаварыў Холін, - але мне вельмі прыемна, што прынцэса Ірума засталася ў жывых!
-Ну яшчэ б! – Маргана зноў фыркнула. – Каб не яе загад, ты б ужо даўно быў нябожчыкам!
Выцягнушы з шуфлядкі тонкую баваўняную сумку, Маргана пачала зграбаць туды артэфакты. Холін з даволі абыякавым выглядам назіраў за гэтымі яе дзеяннямі, але, калі Маргана, загрузіўшы ўсе артэфакты ў сумку, на імгненне паклала яе на стол, Холін нечакана схапіў сумку і кінуў яе ў адчынены сейф, адначасова з гэтым звонка пляснуўшы ў далоні. Сейф з металічным лязгатам зачыніўся.
- І што цяпер?– спытаўся Холін, падыходзячы да сейфа і засланяючы яго сабой.
-Не чапай яго! Я сама ведаю, як адчыніць сейф… я адчыню яго зараз! – амаль умольна прагаварыла жонка Холіна, звяртаючыся да Марганы. Потым яна падыйшла да мужа… на нейкае кароткае імгненне іх погляды сустрэліся –Адыйдзі!Я цябе вельмі прашу!
- Навошта? – сказаў Холін. – Забіць мяне яна не можа, так што…
-Яна можа цябе пакалечыць! І моцна! На гэта забароны не было! Толькі на забойства…
- Гэта праўда, - сказала Маргана. – На гэта забароны не было!
-Адыйдзі! – паўтарыла жонка, але ў голасе яе ўяўна прагучала ўжо безнадзейнасць. – Вельмі цябе прашу, адыйдзі ад сейфа!
- Адыйдзі сама! – крыкнула ёй Маргана. – Калі ён гэтага так жадае…
-І праўда, адыйдзі лепш! – сказаў Холін жонцы, чамусьці скідваючы пры гэтым з ног пантофлі і як мага мацней завязваючы пояс халата. – Лічы, што ты зрабіла ўсё магчымае для майго выратавання…
-Не трэба было табе прачынацца?! – прашаптала раптам жонка. – Гэта я цябе разбудзіла, сама таго не жадаючы…
Яна адыйшла ўбок, а Марганапавольна, не спяшаючыся, заняла яе месца.
- Ну што ж… - прагаварыла яна холадна. – Калі ты гэтага сам жадаеш…
Атака “дзікай кошкі” была настолькі імклівай, што чалавечае вока яе б проста не здолела заўважыць. І, тым не менш, Холін, не толькі застаўся на нагах, але і здолеў неяк супрацьстаяць імгненнаму гэтаму нападу. Праз нейкі час ён нават перайшоў у наступ, і цяпер ужо самой Маргане прыйшлося крыху адступіць і нават аказацца ў такой нязвычнай для “дзікай кошкі” ролі абараняючагася. Праўда, заўважыць усе гэтыя нюансы бою мог далёка не кожны… перад вачыма ашаломленай жонкі Холіна, напрыклад, усё, што адбывалася зараз у кабінеце, прадставала толькі нейкай суцэльнай шалёнай віхурай з чатырох рук і чатырох ног, прычым, разабраць хто ёсць хто, і дзе чые рукі і ногі, было даволі складана…
А потым усё скончылася гэтак жа нечакана, як і пачалося. Маргана раптам апынулася зусім побач з жонкай Холіна… сам жа Холін па-ранейшаму загароджваў сабой шлях да сейфа. Праўда, зараз ён цяжка, з прысвістам дыхаў, у той час, як Маргана выглядала так, нібыта і не было толькі што ўсёй гэтай суцэльнай віхуры ўдараў, контрудараў, блакіровак…
- Дыхалка ні к чорту! – амаль задыхаючыся, прагаварыў Холін, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – Рэфлексы засталіся амаль ранейшымі, а вось дыхалка…
- Рэфлексы? Якія рэфлексы?!
У голасе Марганы, замест звычайнай пагарды або абыякавасці, чуліся зараз нейкія дзіўныя ноткі… магчыма, павагі, магчыма, яшчэчагосьці, вельмі на яе падобнага…
– Як ты мог рабіць такое, ды яшчэ такі працяглы час?! Хто ты?!
- Я што, не прадставіўся? – сказаў Холін, паступова праходзячы ў сябе. – Я – Максіміліян Холін, паўнамочны і надзвычайны рэзідэнт ФІРМЫ на гэтай планеце!
- Я не аб тым! – Маргана ўсё глядзела і глядзела на Холіна, так, быццам упершыню яго ўбачыла. – Між іншым, я тры разы магла нанесці табе смяротны ўдар…
- Ты не магла мне яго нанесці! Ні тры разы, ні нават адзін…– сказаў Холін, робячы асаблівы націск на словах “не магла”! – Магчыма, таму я і не стаў парыраваць менавіта гэтыя ўдары…
- А, можа, ты б і не змог іх парыраваць?
- Можа, і не змог бы… - Холін паціснуў плячамі. – І што з гэтага?