-Ведаеш, у чым твая асноўная бяда? – зноў павярнулася яна да Холіна. – У тым, што ты гуляеш чорнымі! Гэта шахматная аналогія… ты чуў што-небудзь пра шахматы?
Замест адказу Холін толькі ледзь прыкметна кіўнуў. Сіл на размовы ў яго ўжо не было аніякіх.
-Ты няблага гуляеш, - працягвала між тым Маргана, але ўся бяда ў тым, што ў цябе зараз чорныя фігуры. І таму ты вымушаны абараняцца, а не нападаць. І ўсе твае хады, магчыма, самі па сабе і не благія,і нават адзіна правільныя… гэта ўсё ж толькі хады ў адказ. І адзінтвой памылковы ход здольны сапсаваць усю партыю…
-А вы, значыцца, гуляеце зараз белымі? – прашаптаў Холін, крыху прыўзнімаючы галаву. – І не робіце памылковых хадоў?
Здаецца, параліч паступова пачынае праходзіць. Але ж хіба ў гэтым зараз справа.
-Мы заўсёды гуляем белымі! – сказала Маргана. - І памылковых хадоў у нас проста не бывае! Ніколі не бывае!
Яна ўзяла ў жонкі Холіна сумку з артэфактамі і, пераступіла праз адтуліну, апынулася раптам далёка адсюль, вельмі далёка…
І ў той жа час яна была пакуль зусім побач. Яна стаяла з таго боку партала, і глядзела праз яго сюды, у кватэру Холіна. Яна нібыта чакала кагосці… і Холін добра разумеў, каго яна так цярпліва чакае…
Рабочая жонка Холіна… дакладней, былая рабочая жонка Холіна падыйшла да свайго былога мужа, нахілілася над ім.
-Бывай, мой гаспадар! – прагаварыла яна з нейкай нават пяшчотай. – Успамінай мяне хоць зрэдку…
Яна пацалавала Холіна ў вусны, і той палка адказаў ёй на гэты пацалунак, шкадуючы аб тым толькі, што не можа зараз узняць анямелых рук і абняць жонку. Абняць, прытуліць да сябе… і не адпускаць больш… нікуды больш не адпускаць…
А жанчына ўжо ішла прэч ад яго, ішла ў новае сваё жыццё… і ў гэтым новым яе жыцці месца для Холіну не было аніякага… і ён сам выдатна разумеў гэта …
- Пачакай! – хацеў крыкнуць, але на самой справе толькі прашаптаў ён непаслухмянымі вуснамі. – Скажы хоць сваё імя! Ранейшаесваё імя… ты ж памятаеш яго зараз…
Жонка азірнулася, але нічога не сказала. Замест яе адказала Маргана.
- У яе хутка будзе новае імя! Яна сама яго сабе выбярэ. Пажадана – на літару “эм”…
-Тады лічы, што я яго ўжо выбрала, - нечакана прагаварыла былая жонка Холіна. – Маё імя будзе -Максіміліяна.
Глава 12
Сарджэн убачыў перад сабой такую знаёмую акруглую залу ў той самы момант, калі ўжо страціў усялякую надзею яе адшукаць.
З палёгкай уздыхнуўшы, ёнвыбраўся з калідора і… адразу ж спыніўся, нібыта аслупянелы.
Непадалёку ад яго стаяла Мэры. Стаяла і глядзела на Сарджэна… дзіўна неяк глядзела, не так, як заўсёды. Да таго ж, яна была тут не адна. Побач з Мэры стаяла яшчэ адна жанчына, чымсьці няўлоўна падобная на яе… і не толькі адзеннем, хоць апранутыя абедзьве жанчыны былі зусім аднолькава: у нейкія чорныя пераліўчатыя камбінезоны.А крыху збоку ад іх стаяў яшчэ нейкі высокі мужчына ў пакамячаным кіцелі адказнага работніка ФІРМЫ… знаёмы такі мужчына, толькі вось дзе і калі Сарджэну давялося з ім страчацца?
- Ты?! – нібыта не веручы сваім вачам прагаварыла Мэры, не рухаючыся з месца. – Жывы?!
Супраць гэтага сцвярджэння цяжка было пярэчыць, і таму Сарджэн толькі моўчкі і неяквінавата паціснуў плячамі. Але і гэтага кароткага жэста ягонага было дастаткова для таго, каб Мэры прыйшла, нарэшце, у сябе. Нечакана яна апынулася зусім побач з Сарджэнам… той, шчасліва ўсміхнуўшыся, працягнуў да яе рукі і… атрымаў аплявуху. Не з усяе сілы, вядома ж… так, хутчэй для прафілактыкі…
- Мэры! – умольна прашаптаў Сарджэн і адразу ж атрымаў другую аплявуху.
- Я – Маргана! – працэдзіла жанчына праз зубы. – А ты… я думала, што ты пайшоў у джунглі… шукала цябе там…чатыры дні шукала!
- Якія чатыры дні, Мэры?! – нясмела запярэчыў Сарджэн. – Тут і некалькіх гадзін яшчэ не прайшло…
- Ты яшчэ і здзекуешся!
І галава Сарджэна зноў тарганулася ад трэцяй па ліку аплявухі.
- Чакай, Маргана! – сказала раптам другая жанчына, падыходзячы крыху бліжэй і не зводзячы пры гэтым з Сарджэна свайго ўважлівага позірку. –Дык гэтаі ёсць твойбылы муж?
Мэры нічога не адказала, а Сарджэн раптам са здзіўленнем адзначыў, што яна крыху пачырванела…
- Ты ж завярала мяне, што ён загінуў некалькі дзён таму?