-Ты хочаш стаць “дзікай кошкай”, Ева?
- Не ведаю!
Ева павольна ўзнялася з падлогі, падыйшла да нерухомага Адама, павольна апусцілася каля яго на калені.
- Адам! Ты жывы, Адам?
Нейкі час яна прагна ўглядвалася ў твар маладога фермеры, нібыта спрабуючы адшукаць там хоць якія прыкметы жыцця, потым з адчаем павярнулася да “дзікай кошкі”, якая стаяла побач і з халоднай абыякавасцю за ўсім назірала.
- Ты забіла яго, Ірума!
Яна так спакойна прагаварыла гэтае імя, якое пачула ўпершыню ў жыцці… а Свенсан, з нейкім недаўменнем нават, уцяміў, што яму вельмі не хочацца называць гэтую жанчыну Ірумай. Лепш ужо тады– прынцэсай…
-Называй мяне лепш прынцэсай, Ева, - сказала Ірума. –Ва ўсялякім разе, пакуль мы не пазнаёмімся бліжэй… Дамовіліся?
- Дамовіліся, - прашаптала Ева. – Навошта ты забіла яго, прынцэса?!
“І ўсё ж я буду называць яе проста Ірумай! – нечакана змяніў свой пункт гледжання Свенсан. – Прынцэса… яшчэ чаго не хапала!”
-Табе яго шкада? – абыякава, без усялякай нават цікаўнасці спыталася Ірума. – Шкадамужчыну?
Ева нічога не адказала, замест яе адказаў Свенсан.
-Гэты мужчына адносіўся да яе з вялікай пяшчотай і разуменнем… а яшчэ ён так жадаў дапамагчы мне…
- Я гэтага не ведала!
З той жа абыякавасцю Ірума паглядзела на нерухомае цела маладога фермера ля сваіх ног.
- Ён хутка ачуняе.А нам час рухацца. Ідзем!
Яна выйшла першай, і Свенсан паслухмяна рушыў следам.
У зале, дзе зусім нядаўна ішла вясёлая гулянка, зараз было пуста. Толькі жанчыны-арфісткі спалохана ціснуліся каля сцяны, спрабуючы хоць неяк нацягнуць на сябе тыя запэцканыя лахманы, якія засталіся зараз ад іх, некалі беласнежных хітонаў. Стол быў павалены набок, рэшткі розных страў валяліся па ўсёй падлозе. А ў адным месцы на падлозе мелася яшчэ івялікая чырвоная пляма, падазронна нагадваючая кроў…
- Дзе яны ўсе? – спытаўся Свенсан, адчуваючы раптам, як раптам перасохла ў роце, як нейкі цягучы непрыемны халадок паступова запаўняе грудзі. – Можа, табе не было неабходнасці забіваць іх усіх… яны ж ні ў чым асаблівым не вінаватыя…звычайныя фермеры…
У гэты час у пакоі з’явілася яшчэ адна жанчына, у якой Свенсан з цяжкасцю пазнаў рабочуюжонку Рыка. Яна нібыта стала маладзейшай гадоў на пятнаццаць… што ж так магло змяніць яе знешнасць усяго за некалькі гадзін?
Можа, тое, што яна ішла зараз, высока ўзняўшы галаву? Ці адсутнасць хоць нейкіх прыкмет страху і прыгнечанасці, якія раней ніколі не пакідалі яе твару?
У руках жонкі Рыка(былой жонкі Рыка?) меўся зараз вялікі скрутак разнастайнагамужчынскага адзення, які яна і вываліла на падлогу прама каля ног спалоханных арфістак.
- Адкідайце ўбок сваё рыззё! – зараз жа скіравала Ірума, падыходзячы да жанчын. – Апранайце пакуль што вось гэта! Яно будзе вам крыху велікаватым… але нічога, сыйдзе на першы час.
Узрадаваныя тым, што зноў ёсць хтосьці, хто будзе аддаваць ім загады і каму можна зноў падпарадкоўвацца, арфісткі пачалі хуценька разбіраць мужчынскае адзенне. А Свенсан зноў падыйшоў да Ірумы.
-Не ведаю, магчыма, у цябе і былі важкія прычыны, каб забіць іх усіх… - сказаў ён суха. – Але распранаць забітых… гэта ўжо…
Не паварочваючы нават галавы , жанчына проста зірнула на яго праз плячо. Спакойна і крыху насмешліва.
-Супакойся, я іх не забівала!
- Не забівала? – Свенсан перавёў недаўменны погляд на аголеных жанчын у кутку. – Ты хочаш сказаць, што гэта зрабілі яны?! Па твайму загаду?
- І яны нічога не рабілі!
Ірума нарэшце павярнулася да Свенсана. Нейкі час моўчкі глядзела на яго.