Дзве адзінокія фігуры ў скафандрах, якія засталіся ў паветры і па якіх ахоўнікі зараз адкрылі суцэльны шалёны агонь на паражэнне, праўда, пакуль што беспаспяхова. Жанчыны зверху адразу ж адказалі ім тым жа, і з куды большым поспехам.
Плазмеры, якімі былі ўзброены ахоўнікі, не йшлі ні ў якае параўнанне з плазмерамі космадэсантнікаў. Іхзеленаватыя зарады не маглі, не толькі прабіць скафандр, але нават больш менш сур’ёзна яго пашкодзіць…
Праўда, нават несур’ёзныя пашкоджанні такой складанай штукі, як дэсантны скафандр, могуць з цягам часу вывесці яго са строю…
Свенсан, з заміраннем сэрца глядзеў, як дзесяткі і сотні зеленаватых маланак літаральна ўпіваліся ў скафандры “дзікіх кошак”. Пераважная большасць гэтых маланак адбівалася звыштрывалым пакрыццём скафандра… але маланак было занадта ўжо шмат…
Вось адна з жанчын пачала каменем падаць уніз. Кінуўшыся следам, другая жанчына імгненна падхапіла сяброўку.Трымаючы яе левай рукой, жанчына гэтая не толькі працягвала даволі паспяхова ўхіляцца ад большасці зарадаў, але і паспявала весці трапны агонь у адказ. Праўда, доўга так працягвацца не магло…
Што ж, здаецца, славутыя “дзікія кошкі” пацярпелі ўсё ж паражэння, як гэта неверагодна гучыць.Праўда, пры такой вялізарнай перавазе праціўніка ў жывой сіле, тэхніцы і ўзбраенні, іншага і быць не магло…
Ці ўсё ж магло?
Свенсан і сам сабе не мог нават растлумачыць, што ж падштурхнула яго на гэты крок. Нечакана яму ўспомніўся той юнак-фермер, Нікаля Сарджэн, здаецца… і яго адносіны да сваёй рабочай жонкі, і нечуванае для фермераў злачынства супраць заканадаўства Аграполіса, на якое гэты самы Сарджэн свядома пайшоў дзеля каханай жанчыны...
Што ж, ён, Алаф Беджамін Свенсан,зараз паспрабуе зрабіць штосьці падобнае!
Ухапіўшыся за штурвал правай рукой і звычна паклаўшы левую на клавішы пульта кіравання, Свенсанлітаральна ўскінуў транспартнік у паветра. Ён не ведаў канкрэтна, хто ж з двух жанчын зараз беспрытомна боўтаецца у паветры, а хто самаахвярна бароніць параненую сяброўку, хоць, пакінуўшы яе на волю лёсу, у “дзікай кошкі” заставаўся яшчэ нейкі, хоць невялікі шанц на выратаванне.Выратаваць іх абодвух… такой і была мэта Свенсана …праўда, для гэтага яму патрэбна было праявіць зараз усё сваё майстэрства ў кіраванні транспартнікам.
Ну, і крыху шанцавання, вядома ж, бо інакш…
Свенсану і сапраўды пашчасціла ў тым, што знізу знаходзіліся простыя ахоўнікі, а не космадэсантнікі,і яны не адразу ўразумелі, што ж такога збіраецца ён зрабіць зараз. Здаецца, яны нават вырашылі спачатку, што гэты невялікі і нічым не ўзброенны транспартнік вырашыў разам пакончыць з“кошкамі” проста пратараніўшы іх сваёй масай. Таму ахоўнікі, усе як адзін, спынілі агонь, баючыся тым самым пашкодзіць кацер свайго патэнцыяльнага саюзніка...
Выкарыстаўшы гэтае іх кароткае замяшанне, Свенсан зрабіў рэзкі разварот… і вось ужо расчынены люк кацера аказаўся зусім побач з двума фігурамі ў скафандрах. Тая з жанчын, якая трымала за руку параненую сяброўку, навяла на Свенсана плазмер, але пакуль што не страляла.
- Сюды! – крыкнуў Свенсан, паказваючы на ўваход. – Хутчэй, пакуль яны не апамяталіся!
Жанчына працягвала моўчкі глядзець на Свенсана… яна яго бачыла выдатна, ён жа бачыў толькі чорнае шкло яе скафандра. Тая гэта была жанчына ці не тая, гэтага Свенсан пакуль што не ведаў, але выдатна разумеў, што жанчына яму не давярае.
- Я хачу дапамагчы вам! – прагаварыў ён як мага гучней. – Я сапраўды хачу вам дапамагчы!
Другая жанчына, якая ўвесь гэты час вісела нерухома на руцэ першай, раптам слаба варухнулася і, напэўна, менавіта гэты яе амаль бездапаможны жэст дапамог першай з жанчын прыняць прапанову Свенсана. Яны ірванулася ўперад… яшчэ імгненне і абедзьве жанчыны апынуліся ў кацеры.
- А цяпер ходу! – прашаптаў Свенсан, зачыняючы люк і, адначасова, даючы транспартніку самы поўны наперад.
І толькі пасля таго, як кацер, зрабіўшы круты віраж над самымі іх галовамі, пачаў імкліва аддаляцца, разгубленныя і нічога не разумеючыя ахоўнікі адкрылі ўслед яму хаатычны і бескарысны ўжо агонь…
* * *
- Навошта ён гэта зрабіў?!
Ніхто не адказаў Холіну, ды ён, здаецца, і не чакаў адказу. Пытанне было чыста рытарычным, бо ніхто з прысутных не ведаў Свенсана так, як ведаў яго сам Холін. Дакладней, калі не ўлічваць Зіберта, яны яго, наогул, не ведалі…
- Ён што, звар’яцеў?!
І зноў ніхто нічога не адказаў Холіну. Падначаленыя стаялі моўчкі і гэтак жа моўчкі (і разам з тым, аддана) глядзелі на свайго непасрэднага начальніка. А Холін раптам з нейкім недаўменнем нават адчуў, што… крыху зайздросціць Свенсану.
Гэтага яшчэ не хапала!
Да іх групы падыйшоў адзін з выратавальнікаў, мокры, увесь перапэцканы сажай і чорнай зямлёй.
- Сэр, - пачціва звярнуўся ён да Холіна, – мы дасягнулі нарэшце ніжняга ўзроўню…
- І што? – павярнуўся да яго Холін. – Ёсць жывыя?
- Усе жывыя, сэр! Акрамя… - ён змоўк на імгненне, - акрамя жанчын…
Холіну здалося, што ён недачуў.