- Ёсць!
Зіберт казырнуў, прагаварыў штосьці ў мікрафон на адвароце мундзіра…і амаль адразу ж усе дэсантныя шлюбкі апусціліся крыху ніжэй, аказаўшыся такім чынам на адным, прыкладна, узроўні з пасадачнай пляцоўкай, што знаходзілася на плоскім даху аддзялення. Адначасова з гэтым іх манеўрам шчыльнае чалавечае кальцо вакол асуджанага на смерць будынка сінхронна падалося назад.
-Можа і нам крыху адыйсці? – задумліва прагаварыў Холін. – А, урэшце рэшт,мы і так знаходзімся далекавата …
І ў гэты час не менш дзесяці плазменных установак пачалі пачаргова біць па будынку…
Гэта было жудаснае відовішча. Жудаснае і прыгожае адначасова… На месцы вялізнай трохпавярховай пабудовы бушавала цяпер адзінае, блакітна-зеленаватае полымя, падобнае на нейкую гігантскую экзатычную кветку. Выжыць у гэтым пекле было практычна немагчыма…
І тут Свенсан успомніў пра падземныя ярусы.
- Вядома ж, яны зараз там, пад зямлёй, - сказаў Холін, нібыта імгненна прачытаўшы думкі Свенсана. – Рабочых жанчын “кошкі”, без усялякага сумнення, таксама схавалі ў адным з падземных памяшканняў. А вось што датычыцца астатніх заложнікаў…
Холін не дагаварыў, але Свенсан яго і так зразумеў.
-Ты лічыш, што яны маглі пакінуць заложнікаў там? – Ён паказаў рукой на смертаносную “кветку” на месцы будынка… полымя з кожным імгненнем разгаралася ўсё мацней і мацней, нават з гэтай адлегласці адчувалася смяротнае ягонае дыханне… а плазменныя ўстаноўкі са шлюбак па-ранейшаму працягвалі пачаргова выкідваць у той бокзеленаватыя альбо блакітныя згусткі энергіі… - Што яны робяць?! Загадай ім спыніць агонь!
Холін нічога не адказаў.
- Яны трацяць энергію без усялякага сэнсу!
-Яны ведаюць, што робяць! – нечакана рэзка адазваўся Холін. - Дарэчы, вось яны і закончылі сваю справу…
І сапраўды, шлюбкі, усе як адна, павярнуліся раптам і, зрабіўшы шырокі паўкруг над рэшткамі будынка, паляцелі прэч. Далёка, праўда, яны не адляцелі… зноў спыніліся ў паветры такім жашырокім паўкругам.
А на месцы будынка працягвала бушаваць полымя. Тэмпература там дасягнула такіх памераў, што плавілася нават жалеза. Будынак не проста разбураўся, ён неяк асядаў, павольна сцякаючы ўніз…
- Праблематычна, што яны выжывуць нават у падземных ярусах, - прамармытаў Холін, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся. – На першым з іх – дык без усялякіх сумненняў загінуць…
- Але ж там маюцца і больш глыбокія! – напомніў яму начальнік бяспекі, які стаяў побач. – Самы ніжні, дарэчы, мае сваю аўтаномную сістэму энергазабяспячэння…
- Вось нават як?
Нейкі час Холін задуменна глядзеў на Зіберта.
-Ведаеш што, Фрыдрых, - сказаў ён нарэшце. – Мне патрэбны дакладны план гэтага будынка. План усіх ягоных паверхаў і нават асобных памяшканняў. У вас такі маецца?
Зіберт моўчкі кіўнуў…і праз якую хвіліну ўсе яны, і Зіберт, і Холін, і Свенсан, сядзелі ўжо ў мяккіх крэслахаднаго з транспартнікаў побач з загадчыкам дваццаць дзевятага аддзялення, тоўстым лысаватым чалавечкам сярэдняга ўзросту і сярэдніх, здаецца, разумовых здольнасцяў. Пальцы ягоныя, чырвоныя і нязграбныя, тым не менш, даволі спрытна бегалі па клавішах, на экране адзін за адным высвечваліся нейкія чарцяжы…
-Наземныя паверхі можна прапусціць, - некалькі буркліва сказаў Холін. – Першы падземны таксама, дадаў ён, крыху прамарудзіўшы. – А вось далей… Гэта які, другі?
-Другі, - падцвердзіў загадчык нечакана тонкім для свайго целаскладу голасам . – Тут дэманстрацыйны пакой, а вось тут… тут утрымліваліся жанчыны. Далей кухня, сталовыя памяшканні, спартыўная зала з трэнажорамі…
-Не думаю, што гэта іх хоць крышачку зацікавіла, - Холін пазяхнуў. – Давай лепш адразу самы ніжні ярус. Што там?
Загадчык, хвалюючыся і збіваючыся, пачаў штосьці тлумачыць, але Свенсан яго ўжо не слухаў.Ён глядзеў на гэтага перапалоханага потнага чалавечка і думаў аб тым, што загадчыку яшчэ пашчасціла. З Холіна магло стацца і загадчыка там пакінуць, разам з астатнімі…ці, можа, ён так і планаваў?
-Што? – перапытаў раптам Холін. – Паўтары яшчэ раз самую апошнюю фразу! Што там у вас, у гэтым бакавым складзе?
-Землярыйная тэхніка, - дрыжачым голасам сказаў загадчык. – Дакладней, машына для падземных работ.
-Навошта фермерам машына для падземных работ? – нейкім ледзяным тонам пацікавіўся Холін. – І што гэта за машына?
-Быў заказ… некалькі месяцаў таму, - голас загадчыка задрыжаў яшчэ мацней. – Але аказалася… карацей, калі мы пачалі высвятляць усе падрабязнасці…
-То вы нават не знайшлі таго, хто заказваў, так?
Не адказваючы, загадчык трасянуў галавой у знак згоды.