- І што? – крыкнуў Свенсан. – Навошта люк?
- Навошта? – Жанчына зноў павярнулася да яго на нейкае імгненне. – Я павяду кацер па самаму краю поля, а ты, як толькі адчыніцца люк,абхапі Ізіду як мага мацней і проста скачыце ўніз! І адразу ж уключай антыгравітатар!
- Што? – Свенсан не адразу нават уразумеў, аб чым ідзе гутарка… і толькі калі зусім побач з ім і сапраўды расчыніўся ніжні люк, ён, нарэшце, зразумеў, чаго ж канкрэтна ад яго чакаюць зараз. – А ты, як жа ты?
- Я паспрабую адцягнуць іх увагу!
Яна прагаварыла гэтыя словы такім спакойным, абыякавым нават тонам, што Свенсану стала не па сабе неяк. Гэтая жанчына ішла на смерць дзеля сваёй сяброўкі, і не бачыла ў гэтым сваім учынку нічога звышасаблівага...
-Хутчэй! – прагаварыла яна крыху ўжо нервова. – Інакш яны здагадаюцца, у чым справа!Скачыце, антыгравітатар двух вытрымлівае!
Свенсан міжволі зірнуў у адчынены люк. Там, знізу, праносіліся з вялізнай хуткасцю кукурузныя вершаліны, а значыцца, да зямлі было не так і далёка. Некалькі дзесяткаў метраў.Нават з працуючым антыгравітатарамяны апусцяцца ўсяго за некалькі хвілін…
І застануцца жывымі. А гэтая жанчына памрэ…
- Не! – крыкнуў ён, адмоўна матнуўшы галавой. – Я не пакіну цябе!
- Не будзь дурнем! –усё гэтак жа спакойна прагаварыла жанчына, зноў павярнуўшы галаву ў іх бок. –Скачы!
- Скачыце вы ўдвух, - унёс прапанову Свенсан. – А я павяду кацер далей!
- Я ж сказала – не будзь асталопам!
Кацер раптам рэзка заваліла на левы бок, і Свенсан, ніяк не чакаўшы гэтага, вываліўся з яго разам з нерухомай Ізідай.Ужо падаючы ўніз між таўшчэзных кукурузных ствалоў, ён абхапіў скафандр аберуч, навобмацак знайшоў і націснуў такую знаёмую кнопку на ягоным шырокім поясе.
І адразу ж іх імклівае падзенне неяк запаволілася. Яны ўжо не падалі каменем уніз, зараз яны плаўна апускаліся паміж кукурузных сцяблоў і лістоў… яшчэ крыху і Свенсан адчуў пад нагамі цвёрдую паверхню. Машынальна зірнуў уверх і, вядома ж, нічога там не разгледзіў, акрамя суцэльнага зялёнага перапляцення.
Але справа ад яго, паміж таўшчэнных ствалоў бачыўся ўяўны прасвет, і Свенсан, асцярожна апусціўшы нерухомае цела ў скафандры на тоўсты слой сухой і не вельмі яшчэ высахлай апалай лістоты, кінуўся туды, на самы край поля. Дабегшы да яго, паглядзеў уверх, у блакітную і бязвоблачную нябесную прастору.
Ён разлічваў, што жанчына, пакінуўшы іх тут, крута паверне кацер на зваротны маршрут і зноў будзе, цесна прыціснуўшыся да выратавальных кукурузных вершалін, працягваць сваю небяспечную гульню з праследавацелямі. Але гэтага не адбылося. Узняўшыся амаль да двухмільнай вышыні, маленькі чырванаваты кацер адчайна лавіраваў ва ўсе бакі, ратуючыся ад асляпляльных разрадаў, якія амаль бесперапынна выпускалі па ім шлюбкі. І тым не менш, ні адзін з гэтых разрадаў у кацер пакуль яшчэ не патрапіў… хоць доўга так працягвацца, зразумела ж, не магло…
- Дурніца! – з роспаччу прашаптаў Свенсан, кусаючы сабе вусны. – Якая ж ты дурніца! І я дурань, што звязаўся з табой!
Невядома, на што разлічвала жанчына… хутчэй за ўсё, тут проста спрацаваў прыроджаны інстынкт “дзікай кошкі” - змагацца да апошняга. Але, як бы там ні было, заканчэння гэтага няроўнага паядынку Свенсан так і не змог пабачыць. І маленькі безабаронны кацер, і велічэзныя баявыя шлюбкі, якія ўсё ніяк не маглі і не маглі ў яго патрапіць… усё гэта знікло раптам за лініяй небакраю… і толькі пасля гэтага Свенсан павярнуўся і панура накіраваўся да другой жанчыны, Ізіды, каб паспрабаваць выратаваць ёй жыццё…
Магчыма, гэтая Ізіда таксама была вельмі прыгожай жанчынай, магчыма, яна была нават прыгажэйшай за тую… ва ўсім гэтым Свенсан зможа пераканацца толькі зняўшы з яе дэсантны скафандр… але ж не дзеля яе ён гэтак рызыкаваў. Свенсан паставіў на карту, здаецца, усё, што ў яго яшчэ заставалася ў гэтым жыцці: сваю бездакорную двухгадовую службу ў ФІРМЕ, сваю даволі паспяховую кар’еру, сваё добрае імя, само жыццё сваё нават… паставіўі прайграў усё гэта ў адно кароткае імгненне…
Глава 11
Цяжка дыхаючы, Сарджэн хутка крочыў па адным з незразумелых гэтых калідораў, часам ён нават пераходзіў на бег, спадзяючыся, што вось-вось калідор закончыцца, і ён акажацца раптам у такой знаёмай акруглай зале. Але калідор і не думаў заканчвацца, ён усё працягваўся і працягваўся… а час ішоў, няўмольна ішоў час і вельмі хутка ўжо Мэры вернецца дадому і не застане там яго. А, можа, яна ўжо і вярнулася, бо ў паніцы Нікалязусім згубіў усялякае адчуванне часу. Колькі ён ужо блукае тут: гадзіну?...тры гадзіны?...дзесяць гадзін?
Самым непрыемным было тое, што Сарджэн нават не быў упэўнены, што ідзе зараз у правільным накірунку. З такім жа поспехам ён мог ісці ў накірунку прама процілеглым правільнаму…
“Добра яшчэ, што калідоры гэтыя маюць стабільнае асвятленне – міжволі падумалася Сарджэну. – Бо інакш…”
А ўрэшце рэшт, наўрад палез бы ён сюды, калі б тут было цёмна!
І тут Сарджэн убачыў перад сабой такія знаёмыя металічныя дзверы (ці перагародку) і зразумеў, што, на жаль, і сапраўды рухаўся не туды. Спыніўшыся, ён з адчаем і нават злосцю глядзеў нейкі час на дзіўны малюнак-іерогліф на самай сярэдзіне перагародкі, потым штосьці прымусіла яго перавесці погляд сабе пад ногі.
Там, знізу, ляжаў прадмет з нейкага залацістага метала… і Сарджэн не адразу нават зразумеў, што абрысы незразумелага гэтага прадмета поўнасцю супадаюць з такім жа незразумелым іерогліфам на перагародцы.
“Ключ! – усхвалявана падумалася Сарджэну. – Я нарэшце знайшоў ключ ад адных з гэтых дзвярэй”
Нахіліўшыся, ён ухапіў залацісты прадмет і адразу ж зразумеў, што гэта ніякае не золата. Прадмет быў занадта лёгкім для залатога… магчыма, ён быў проста пазалочаным, магчыма, зробленым з нейкага асаблівага сплаву… але не гэта было галоўным зараз. Галоўным было іншае…
Што адбудзецца, калі ён усё ж прыставіць гэты своеасаблівы “ключ” да малюнка на дзвярах?
Ці адчыняцца пасля гэтага загадкавыя дзверы?