Два месяцы на Аграполісе былі роўны тром з паловай зямным. Гэта было даволі шчодрым падарункам з боку Холіна, звычайны гадавы адпачынак супрацўніка ФІРМЫ гэтага рангу быў не большым за паўтары месяца…
- Як наконт трох? – сказаў Свенсан, падымаючыся.
-Трох? – заклапочана перапытаў Холін, штосьці падлічваючы ў думках. – Тры – гэта ўсё ж занадта…
- Ды гэта я так, - сказаў Свенсан. – Пажартаваў! Мне і аднаго не трэба!
Холінзасмяяўся.
- А ты маху не дасі! – сказаў ён, і хацеў, здаецца, яшчэ штосьці дадаць, але ў гэты самы час засвяціўся раптам адзін з мноства экранаў на сцяне. На экране узнік усхваляваны твар начальніка бяспекі Аграполіса Фрыдрыха Зіберта.
Зіберт, як і Свенсан, калісьці быў космадэсантнікам… яны нават ведалі адзін аднаго ў той далёкі час.Праўда, наўрад капітан Зіберт, камандзір асобай дыверсійнай групы, вылучаў тады радавога Алафа Свенсана сярод іншых курсантаў-практыкантаў сваёй групы. А потым Свенсан, пасля першага ж ранення атрымаўшы датэрмінова званне капрала, быў пераведзены зусім у іншае падраздзяленне… і зноў сустрэліся двое былых космадэсантнікаў толькі праз шмат гадоў, тут, на Аграполісе…
- Сэр! – звярнуўся Зіберт да Холіна, не звяртаючы аніякай увагі на Свенсана, які таксама з цікаўнасцю глядзеў зараз на экран. – Усё атрымалася, як вы і планавалі!
- І што? – узняўшыся з месца, Холін літаральна ўпіўся ў экран прагным позіркам. – Ну, не маўчы!
Зіберт звярнуў нарэшце ўвагу на Свенсана, коратка яму кіўнуў. Свенсан, гэтак жа коратка, кіўнуў у адказ.
-Ну, што яшчэ там?! – амаль закрычаў Холін. – Зноў штосьці сарвалася?! – Ён перахапіў недавердівы погляд, які Зіберт зноў кінуў у бок Свенсана. – Гавары, пры ім можна!
-Сэр, - хуценька прагавараў Зіберт, -яны і сапраўды зрабілі напад на адно з аддзяленняў. І менавіта на дваццаць дзевятае, як вы і прадбачылі…
- І што?!
Такім усхваляваным Холіна Свенсан яшчэ не бачыў.
- Мы блакіравалі іх там! – Зіберт памаўчаў крыху і дадаў: - Разам з супрацоўнікамі…
- Добра, вылятаю!
Экран патух, а Холін, узняўшыся з-за стала, уважліва паглядзеў на Свенсана.
- Ты ўжо ў адпачынку? – спытаўся ён. – Ці яшчэ не?
-Усё залежыць ад абставін, – ухіліўся ад прамога адказу Свенсан. – Калі ты хочаш запрасіць мяне з сабой…
-А чаму б не? – крыху павагаўшыся, сказаў Холін. – Мне здаецца, ад цябе там будзе больш карысці, чым ад усіх гэтым…
І, не закончыўшы фразы, ёнтолькі ўздыхнуў…
- У мяне тады два пытанні, - пачаў Свенсан, не спускаючы вачэй з твару свайго непасрэднага начальніка, які ў гэты самы час аддаваў па селектару нейкі, нячутны з таго месца, дзе стаяў Свенсан, загад… хутчэй за ўсё,гэта быў загад аб тым, каб ім падрыхтавалі транспарт…
Аддаўшы, нарэшце, гэты загад, Холін узняў галаву і ўважліва паглядзеў на Свенсана.
- Ты штосьці ў мяне запытаў?
- Яшчэ не, - сказаў Свенсан. – Але ў мяне да цябе і сапраўды маецца пытанне. Нават два…
- Давай свае пытанні, толькі хутка! – Холін зноў і яшчэ больш уважліва паглядзеў Свенсану ў вочы. – Дарэчы, першае з іх я ўжо ведаю загаддзя.Як я здагадаўся, што адбудзецца напад, ішто мэтай нападу будзе менавіта дваццаць дзевятае аддзяленне?
Свенсан кіўнуў, крыху здзіўлена.
- Атрэфакты! – коратка кінуў Холін.
- Артэфакты? – недаўменна перапытаў Свенсан.
-Яны былі толькі ў двух аддзяленнях: дваццаць першым, якое зараз тваё, і на якое напад ужо адбыўся, як ты памятаеш… ну, і ў дваццаць дзевятым.Праўда, іх там зараз няма, але ж згадзіся, адкуль гэтым жанчынам ведаць такія падрабязнасці…