З пазногцямі – усё дакладна: адразу бачыш вынік і, калі сапсавала, можна падцерці ацэтонам. А тут. З’ехаць і шукаць працы, пра якую марыла? А калі яе няма? Ці ёсць, а Ліза не падыдзе?
– У вас такія прыгожыя блакітныя вочы, глыбокія-глыбокія, – новая кліентка – мастачка, пальцы перапэцканыя фарбай. – І валасы залатыя. Дзіва, што не замужам. Вы зачараваная русалка, якая чакае свайго прынца. Вось і амаль не размаўляеце, бы няма голасу. І вы чакайце, чакайце, ён абавязкова з’явіцца.
Ліза ўсміхнулася і кіўнула.
Пасля працы Ліза зайшла ў краму і набыла нарэшце пальчаткі, а таксама малака і спагеці з памідорамі. Спадзявалася, што паспее прыгатаваць вячэру да таго, як вернецца Наста, але калі адчыніла дзверы, адчула пахяблычнага пірага – найлепшы водар, які можа сустрэць дома.
– Амаль гатовы, дапякаецца, – Наста сядзела на падлозеў калідоры, вакол валяліся старыя газеты, – Увесь дзень думала, што ў тым стосе, не магла працаваць.
Ліза села побач:
– Сорак дзявяты год? Не такая і даўніна.
– Па-першае, мне, як журналісту, цікавая гісторыя прэсы. І не крыві твар, я ўсё бачыла. Па-другое, хаця б прагартаю перад тым, як закінуць назад на антрэсолі. Тут толькі барацьба, пасевы, ураджаі, а мне гэтага і ў нашых газетах хапае.
Ліза прабегла вачыма па загалоўках:
Некалькі здымкаў: конь цягне штосьці па полі; мяхі збожжа; хата, суворыя на выгляд людзі ў чорным адзенні, і толькі ў маладзенькіх дзяўчын павязаныя светлыя хустачкі. Ліза хацела сказаць пра гэта Насці, але тая ўжо крычала з кухні:
– Не спаліла! Не спаліла! Калі ты бачыш дым, то гэта так і патрэбна!
І Ліза кінула газету на падлогу да астатніх і пайшла, абмінаючы паперкі, як лужыны, есці яблычны пірог.
Але яе месца было занятае – на зэдліку ляжаў дыван.
– Таксама з антрэсоляў, няхай праветрыцца. Стары, вясковы, – Наста разгарнула палатно. – Бачыш, як кветкі выцвілі? Прыгожа, як лічыш?
– Лічу, што зашмат у гэтай кватэры дзіўных знаходак, – Ліза ўзяла кавалак пірага, пасунула дыван і адчыніла ноўтбук, каб загугліць, што такое кок-сагыз.
Русалкі клічуць
Бульба ляжала ў кацялку з ранку: адмыслова дзеля таго, каб было чым павячэраць. Марыля жыла сама і таму магла абысціся бульбаю некалькі дзён – дазваляла сабе не гатаваць, бо вельмі стамлялася за дзень. Як жылі тыя, хто пасля працы павінныя былі яшчэ і гатаваць наўсюсям’ю, Марыля не ведала. Але, пэўна, яны не хадзілі плаваць па начах.
Толькі падняла накрыўку, як адчыніліся дзверы:
– Ты чула, што ў нас новы аграном? Прымаў ад мяне сёння справаздачу, дужа хваліў.
Апусціла накрыўку. Гэта Ядзя, а яе запрашаць да стала няма жадання.
– Не, не чула, увесь дзень была на далёкім полі.
Ядзя паглядзела на Марыліны брудныя пазногці:
– То ты прыбралася б, буду цябе знаёміць. І дзверы зачыніліся.
А Марылі нешта падказала, што пазнаёміцца з новым аграномам яна ўжо паспела.
Пасля вячэры святла за вокнамі засталося зусім крыху, на донцы, быццам і яго нехта з’еў ці дапіў.
Было ціха-ціха: хата невялікая, маўклівая. Каты ў ёй не прыжываліся – жанчыны шапталі, што гэта прыкмета ці то шкоды на самой хаце, ці таго, што Марыля сурочаная. А ёй здавалася, што ўсе чары тут павінны быць вынішчаныя: згарэлі ў вайну. Полымя ж чысціць. Ці наадварот, то было д’яблава полымя?
Схамянулася, штозгадала на ноч. Хаця і не верыла, а схамянулася. І да вайны, і пасля, тут чысціла не толькі полымя, але і людзі. Замянялі невядомае на вядомае, веру – на навуку, святыя кнігі – на падручнікі, малітвы – на цытаты са з’ездаў, што гучалі з радыёрэпрадуктара.
І вытаптанае яно, і соллю пасыпанае, але вось, прарастае. І да Альжбэты ходзяць. Носяць. Просяць.
Дома ціха-ціха. Гукнула:
– Га!