Калгасніцы дамаўляюцца пра хуткі сход, абмяркоўваюць навіны. Ды не толькі свае, калгасныя, але і сусветныя – тут чытаюць і класічныя творы, і перадавіцы. А яшчэ чакаюць госця, і, хоць на двары цёмна, раз-пораз пазіраюць у акно.
– Добры дзень, – адчыняюцца дзверы, і ў хаце з’яўляецца жанчына з абветраным тварам, у пакрытай дарожным пылам вопратцы.
Чаму яе сабралася сустракаць вёска? Бо жанчына гэтая – майстар, а тое ёсць найвялікшы тытул савецкага чалавека: яго неабходна ў нас заслужыць, выпрацаваць потам і крывёю.
Увесь раён ведае яе гісторыю. Сама з бядноты, нарадзілася пры панах, таму не змагла атрымаць адукацыю. Але народнае мастацтва жыве, колькі-б яго ні душылі прыгнятальнікі: талент прабіў сабе шлях.
Жанчына-майстар малюе дываны, якімі калгасніцы ўпрыгожваюць свае дамы. Гэта не буржуазнае мастацтва, схаванае ў музеях, а мастацтва для народа, што заўжды цягнуўся да прыгажосці.
– Я малюю для людзей увесь свой век, – расказвае Алена Кіш, – і сваю працу тут пачну адразу-ж, каб як мага хутчэй паспець выканаць усе запатрабаванні калгасніц.
Жанчыны абступаюць Алену, расказваюць ёй пра свае дасягненні на палях, пра бітву за ўраджай, якую яны выйгралі, нягледзячы на тое, што перамога была цяжкай, пра светлую будучыню, якая ляжыць перад іх калгасам. І вочы майстра пачынаюць свяціцца тым самым запалам, што і вочы калгасніц. Бо, дзякуючы працоўнаму люду, гэтая Будучыня ляжыць і перад ёй».
– Думаеш, тут раней жыла журналістка, як і мы? – Наста чакала, пакуль Ліза дачытае і даесць.
– Магчыма. Табе гэта не патрэбна? Тады я аддам Алесю. Ён казаў, штоадмыслова прыехаў парэдкую энцыклапедыю, дзе ёсць артыкул пра Алену Кіш. Раней я пра яе і не чула, а тут двойчы за апошні тыдзень.
– Пашчасціла яму з табою, – Наста адкрыла ваду, каб мыць посуд, – Там на адваротным баку аркуша пазначаны адрас вёскі.
Тры малюнкі на выбар
У Тонінай хаце гарэў агеньчык, а яго там не павінна было быць: старая ніколі не паліла святло – калі пачынала цямнець, клалася спаць. А зараз ён гарэў. Невядома, кім запалены, і невядома, для каго.
– Хто там? – запытала Марыля замест прывітання, адчыніўшы дзверы.
Гэтая хата цёплая, родная, вельмі падобная да яе хаты. Печ на ўваходзе, направа – пакой, дзе елі і спалі. Адно адрозненне – цёмны квадрат у куце, які пазначаў месца, дзе раней вісела ікона. У Марылі такога квадрата не было. За сталом, падпёршы шчаку рукою, сядзела Тоня, а побач – незнаёмая жанчына. На стале – хлеб і цыбуля. Тоня ачомалася, падняла галаву:
– Заходзь, дачушка. Пасядзі з намі.
Марыля адчула сябе няёмка, бы парушыла размову. Хаця, здавалася, тут маўчалі даўно: пакой быў напханы цішынёй, як ватай.
– Гэта цётка Алена, яна маіх сваякоў з Грозава сваячка, пажыве ў мяне. Маляваць будзе.
Жанчына стомлена хітнула галавой.
Марыля зрабіла крок да іх і ледзь не ўпала, зачапіўшыся аб нейкую торбу.
– Прабач, кінула пад ногі. Не забілася? – Алена паднялася, каб перакласці мех на лаву. Ён быў брудны і худы, бы сабака, у якога пад поўсцю свецяцца косці. – Там пэндзлі, фарбы.
– То вы мастачка? З Грозава? – Марыля села побач і адшчыкнула хлеба.
– Не чула? То й лепш. Наўрад ці б ты чула добрае, – Алена таксама ўзяла хлеба. – Тонечка, так я стамілася, такі доўгі шлях гэтым разам. Пяцьдзясят год мне, а ўсё іду, іду, з хаты ў хату. Ты кажы, калі назаляць пачну, але каб ты дазволіла, я б у цябе да халадоў засталася. Цяжка мне ў чужых, ды і са сваімі не соладка. Ты шчаслівая, у цябе – хата, а я за ўсё жыццё толькі лаву і мела. Ды й той папракаюць. Няма мне месца.
Марылі зрабілася сорамна, што раней прыходзіла сюды жаліцца на свой лёс. Тады, калі нападала нясцерпная нудота і вымушала па начах кусаць падушку ды скуголіць, бо плакаць не было слёз. А тут вунь і паскуголіць няма дзе.
– Хаты толькі спачатку здаюцца вялікімі. А пасля сціскаюцца, вось да майго куточка. І мяне нібыта да гаспадароў прыціскае, і вось паварушыцца нельга, каб іх не зачапіць. Нават не ўздыхнуць, каб не патурбаваць. І вось так сціскаецца, сціскаецца хата і выпіхвае мяне. Але ты не шкадуй, кажы, калі цябе прыцісне, я звыклая.
Марыля верыла, што хата можа выпхнуць, але праца – тая не адпусціць. Хаты няма, але да працы ты прывязаная, прыкутая. Ды пра тое, ці працавала цётка Алена ў калгасе і як ёй дазволілі кудысьці цягнуцца, пакуль не ўся праца скончаная, яна спытаць не наважылася.
– А я табе за прытулак дыван падару, – Алена развязала клунак і дастала скрутак.
– Ды мне навошта, ты лепей вунь Марылі падары. У яе хата голая, а мне ў труну хутка, там на сцены нічога не павесіш.
Марыля закруціла галавою, адмаўляючыся, а рукі дапамагалі разварочваць палатно.
На дыване была намаляваная дзяўчына над возерам: рассунула чарот і глядзіць на ваду, па якой плывуць два белыя лебедзі. На хвалях – белыя гарлачыкі, бы маленькія аблачынкі. І мо гэта ўсё адбываецца не ў вадзе, а на небе, а тут намаляваны ўваход – вунь ён, праз чарот.
– О, то гэта наша Марыля! Гэты ёй і аддай. Яна ў нас па начах купацца любіць, бы русалка, – засмяялася Тоня. Марыля пачырванела і зрабіла выгляд, што пільна разглядае дыван.