– Не, гэты нельга, бомне ж паказаць трэба, што малюю.
Але будзе тваёй Марылі падарунак.
Тоня прынесла малаток і цвікі, і дыван замацавалі на сцяне – у пакоі з’явілася трэцяе акно, і вяло яно ў іншы, дзівосны свет.
Наступным вечарам Марыля ішла да Тоні, каб спытаць, ці знайшла Алена працу, і пачула, як яе клічуць:
– Марыля, пачакайце, – крычаў аграном, якога яна паспела прызвычаіцца сустракаць пад сонцам, а не пад месяцам. – Я вас зусім не бачу.
– Я была на далёкім полі, – Марыля спынілася і пачакала, пакуль ён падыдзе. – Я зрабіла норму, Мікіта Іванавіч.
– Ды я не пра тое.
– Працы шмат, сплю па начах, як забітая, – не будзеш жа тлумачыць, што купацца забараніў Ілля.
– А па вечарах што вы робіце?
– Мікіта Іванавіч, – гэта да іх бегла Ядзя. – У нас хутка сход, давайце абмяркуем.
Марыля развіталася і пашыбавала дахаты, адчуваючы на сваёй спіне два позіркі. Тоня сустрэла яе на ганку:
– Ты глядзі, Марылечка, сцеражыся Ядзі. Яна па начах да Альжбэты ходзіць.
– Ну, ходзіць то й ходзіць, ці мала справы. Яна ж камсамолка, у Бога не верыць.
– Так, яны з Богам змагаюцца, а з чортам водзяцца. Ці ты думаеш, што ўсё так і знікла з гэтых зямель, як яму загадалі? Напісалі, што Бога няма, цэрквы закалацілі, папоў пастралялі. А яно жыве, як бы яго ні нішчылі. І дрэннае жыве, і добрае. Яно тут да іх было, і пасля іх застанецца.
– Пра якога вы тутчорта размаўляеце? – на ганак выйшла Алена – рукі перапэцканыя фарбай.
– А я пра Альжбэту кажу. Ведзьма яна, – Тоня перажагналася. – І на смерць можа зрабіць, і на каханне замовіць. І заломак у жыце на бяду пакінуць, і малако ад каровы адабраць.
– У наш час шмат хто на смерць зрабіць можа, – Алена ўздыхнула, – На жыццё зрабіць складаней. Марыля, хадзем паглядзіш, як малюю. Мая першая замова, на дзень нараджэння вашай Хрысціны. Сама яна дзеля сябе замовіла.
Побач з дываном, які вісеў на сцяне, з’явіўся другі, на падлозе. Адзін кут ужо размаляваны: дзяўчына сядзіць на беразе, з лістом у руках. Перад дзяўчынаю – накід: возера, а ў чоўне – мужчына і дзве жанчыны.
– Я звычайна прапаную тры малюнкі на выбар, але гэты дыван у мяне найчасцей замаўляюць, бо ён – пра каханне.
– Якое ж гэта каханне, калі яна на беразе, а ён з іншымі ў чоўне?
– Жаночае.
Алена ўкленчыла перад палатном, а Марыля прысела побач на лаву.
– Жыла-была дзяўчына, – Алена ўзяла пэндзаль, і яе рука пачала лётаць над малюнкам, хутчэйшая за словы. – І быў у яе каханы. І паехаў ён не так і далёка, але яна яго не бачыла. А іншыя бачылі і казалі, што ён знайшоў, кім яе замяніць. Ды яна не верыла, ажно пакуль не прысніла сон. Плывуць яны ў чоўне не ўдваіх, а ўтраіх: з імі яшчэ адна дзяўчына, сядзіць, усміхаецца. «Мой ён, – кажа, – мой». Прачнулася дзяўчына і села ліст пісаць. І ўсё, што ўсэрцы гарэла, на паперу перакінулася. І пра тое расказала, як яна начамі не спіць, і як слязамі раніцою ўмываецца, і што ёй удзень людзі пра яго кажуць. І каб ён ішоў да той, што пра яго казала: «Мой». Дапісала і аднесла на пошту.
А праз тыдзень яго сябар вярнуўся дамоў, у крыві, ледзь жывы. І распавёў, што каханы яе загінуў, а ёй ніколі не здраджваў. А ці паспеў атрымаць ліст ад яе, ён не ведае.
І зразумела дзяўчына, каго яна ў чоўне трэцяю бачыла. То была смерць ягоная: «Мой, – кажа, – мой ён». А дзяўчына ж сама ад яго адраклася, да яе паслала.
І захацелася ёй вярнуць той ліст, а хаця б і той дзень, калі сэрца гарэла, але калі каханы жывы быў. І няхай бы ён вечна доўжыўся, той дзень, але каб каханы жыў.
У хаце стала цёмна, і Алена адклала пэндзаль убок:
– Не варта свечку паліць, заўтра дамалюю, – паднялася і адышла ад дывана, паглядзела на човен з тры ма постацямі. – Тут колькі год смерць галоўная каханка. Жывым жанчынам з-за яе нікога не застаецца, – зірнула на Марылю. – І ты, пэўна, разумееш. Колькі ў вашу вёску вярнулася?
– Разумею.
– А да маёй сястры не вярнуўся. Гэта яна яму ліст пісала. А я працягваю. Колькі я дываноў намалявала, столькі лістоў каханаму напісана, столькі разоў дзень той аднавіўся. А быў гэты дзень у тым годзе, калі нашыя ў Слуцку супраць савецкай улады паўсталі.