– И заплакали блюдца: не лучше ль вернуться?
– Хернуцца. Там чацвёрты паверх, дарэчы, – Ліза прынесла апошнія пакеты і стала побач з лаўкай, бо сесці месца не засталося. – Зноў з гадзіну насіць, але цяпер угору.
Прыязджае Юра, абураецца, што не запрасілі раней, і дапамагае нафаршыраваць клункамі аўтамабіль: багажнік забіты, задняе сядзенне – таксама. Лізе пад ногі – пакет з посудам, а на калені – настольная лямпа і два старэнькія ноўтбукі.
Наста ўладкоўваецца наперадзе, абдымае дзве пухлыя падушкі.
– Тут недалёка, – гэта Ліза спрабуе паказваць шлях, але Юра і сам усё ведае і можа ехаць па гэтым горадзе з заплюшчанымі вачыма, навобмацак, арыентуючыся паямінах і шчарбінах на асфальце, ды яшчэ па водарах.
Наста заплюшчвае вочы, кладзе галаву на падушкі. Вось паварот, пасля будзе яшчэ адзін. Пах дыму – гэта яны ў прыватным сектары. Пацягнула свежасцю – выехалі на мост. З правага боку – гудок паравоза: паралельна ім, па паралельным мосце і ў паралельнай рэчаіснасці, імчыць цягнік. Паварот, вельмі ціхая вуліца, паварот – і час расплюшчваць вочы, бо прыехалі.
Гэтым разам паспяваюць перацягаць рэчы хутчэй: дапамагае Юра. Ён спяшаецца на працу і ветліва не згаджаецца піць гарбату, і добра, бо гарбатнік адшукаўся б у апошнім з пакункаў.
Наста яшчэ не была ў кватэры – калі прызвычылася да пераездаў, то можна згадзіцца на новае жытло не гледзячы. І толькі тады, калі рэчы твае перавезеныя і дзверы за табой зачыненыя, ёсць сэнс паглядзець, што тут і як.
І пабачыць, што ты трапіла ў свет, які стварыў хтосьці іншы, паводле свайго вобраза і падабенства. А табе зноў выпадае існаваць у чужым жыцці і нават часе.
Тут панавалі шасцідзясятыя. Шпалеры ў палоску, пажаўцелыя, як вераснёўская трава. На фіранках – зялёнае лісце клёна. Мроілася, што і яно хутка пажаўцее і ападзе, толькі адзін лісток застанецца, заблытаўшыся ў рудым цюлі, як у павуцінні.
У паліраваным карычневым серванце калісьці стаяў крышталь. Стаяў так доўга, што паспеў прарасці, і калі яго здымалі, на дрэве засталіся шнары, бы ад адламаных галінак.
Не, крышталь ім не пакінулі. Кнігі – іх не шкода, вось яны. Тыя самыя, што засталіся ва ўсіх постсавецкіх кватэрах: зялёны «Айвенга», чырвоны двухтомны Маякоўскі, пярэстны штакетнік «Классики и Современники», блакітнае двухкніжжа Булгакава, чорны Рэмарк, шэры Ясенін і белы Паўстоўскі. Паміж імі, дэманструючы, што з часам драбнеюць патрабаванні і псуюцца густы, уціснутыя маленькія мяккія кніжачкі Данцовай. Нібы ўстарую прыгожую кладку ўвапхнулі сучасныя цагліны.
Каля серванта – паліраваная шафа і старая канапа.
– Бяры вялікі пакой, бо гэта ты знайшла кватэру, – Наста адчыніла дзверы ў спальню. І засталася ў тым самым часе: ложак, дзякуй што драўляны, а не жалезны, стары матрац, крэсла з трэснутаю сядушкаю, пыльная шафа – паліцы засланыя газетамі. Яшчэ тумбачка, дзверы ў якую адчыніць было немагчыма: мабыць, нехта трымаў іх з таго боку. – А я буду жыць у спальні. Як думаеш, на гэтае крэсла можна ставіць ноўтбук?
Ліза прынесла анучы, венік і вяхоткі:
– Іншага ён і не вытрымае. Паспеем за сёння прыбрацца?
Але не паспелі. Бо мылі хату, якая не мылася некалькі гадоў ці нават дзесяцігоддзяў: вокны, падваконне, падшаф’е, падканап’е.
І справа пайшла б хутчэй, каб не дываны, якія былі паўсюль: і на падлозе, і на сценах – падымаліся, як цвіль, да столі. Гаспадыня забараніла іх хаваць: мо лічыла, што гэта яны грэюць кватэру, робячы яе такой міфічна цёплай. Таму дываны знасілі на двор і вытрусілі па звычаі ці, хутчэй, па абрадзе, амаль страчаным у гарадах: павесілі на турнік і пабілі выбівалкаю. Яна таксама знайшлася ў тым часе, што панаваў у кватэры: на антрэсолях сярод ламачча, на стосе старых газет, якія Наста пакуль не змагла выцягнуць з завалу. Разабраць завал дамовіліся заўтра.
Там, пад вадой, у іншым сусвеце
Гэта толькі здавалася, што хата стаяла на самым канцы вёскі. Насамрэч яна стаяла на самым канцы свету – далей не было нічога, толькі лес, лес, лес.
Але якая там вёска: адна даўжэзная вуліца, старыя хаты чаргуюцца зпустымі, чорнымі дварамі. Вуліца – нібы сківіца з выбітымі зубамі: вайна скончылася чатыры гады таму, адбудавацца яшчэ не паспелі. Але ўсё будзе, будзе.
Плаваць Марыля хадзіла па начах, ці, хутчэй, цёмным ранкам, пакуль усе спалі. Таму пільна сачыла, каб не пабудзіць вёску, прыслухоўвалася да яе подыху. Калі штосьці варушылася ў цемры, Марыля спынялася, і только тады, як цішыня вярталася, крочыла далей. Спі, вёска, спі, баюбаю, а-а-а, а-а-а.
Удзень не надта паплаваеш, бо: а чаму гэта яна купаецца, а працаваць калі, а лепей бы на двары прыбрала, а працадні не адрабіла, а чаго ты пэцкаешся так часта, а вялікая ты дзеўка, каб па хвалях гойсаць, а… а… а… Спі, вёска, спі. Пясок на беразе белы, бы снег, а возера чорнае, як суцэльная палонка, і такое ж сцюдзёнае. Зняла сукенку, асцярожна паклала на паваленае дрэва і павольна рушыла да вады.
Зрабіла крок у возера – нагу апякло. Голае цела напружылася ад холаду, але Марыля не звярнула ўвагі – глядзела, як на люстраной роўнядзі адбіваецца поўня, бачыла перад сабой срэбраны шлях. Свяціла так, што, сапраўды, можна было збіраць іголкі. Побач дрыжэў камар, ды перад ім не было сорамна, а больш яе ніхто не бачыў.
Яшчэ крок, і яшчэ, і яшчэ. Вада пакрыху падымалася: хутка на таліі апынулася мяжа двух сусветаў – вадкага і паветранага. Марыля спынілася, каб адчуць, як гэтая мяжа гайдаецца – хвалі асцярожна лашчылі жывот.
Возера плёснула, дакранулася да грудзей, і Марыля нырнула. І страціла адразу ўсе пачуцці, засталося толькі адно: няма зроку, няма слыху, толькі адчуванне скурай. Плыла, наколькі хапіла дыхання. Вынырнула ці не на сярэдзіне. Уверсе на поўню набегла хмара, быццам бы лісток прыдзьмула да вялікага яблыка, і срэбны шлях не ззяў, як раней. І тут – бултых! Камень? Птушка? Звер? Штосьці шабоўснулася за спінаю.
Павярнулася – паверхня амаль гладкая. Амаль. Захацелася хутчэй на бераг, але баялася адвярнуцца, узіралася ў чарнечу. І цемра нарэшце парвалася – нешта вынырнула з яе і паплыло якраз па зіхатлівай дарозе.
Не, не звер. Чалавек. Ды пасля вайны вакол вёскі бадзялася столькі прыхадняў, зарослых і страшных, што мо і звер. Уцякаць?
А ён плыў да яе, прыгожа, хутка. Хутчэй, чым яна. Занырнуць, схавацца? Але няма як схавацца на сярэдзіне возера.
– Дабранач!