– І я пайду! Даўно яе не бачыла.
– Не спяшайся, мамачка, яшчэ пасядзі тут са мною, пойдзеш у свой час.
– То дапаможаш мне апрануцца, бо ў людзі пайду, каб не сорамна.
– Дапамагу, мамачка.
Ліза ішла і не магла адагнаць думку, што гэта даляцеў праз дзесяцігоддзі, адшукаў і ўпіўся ў сэрца смяротны русалкавы покліч: «Мары-ы-ыля!»
Могілкі Ліза заўважыла адразу: высокія сосны і старыя яліны на ўзвышшы. Адтуль добра відаць возера: усё тое ж шэрае рабацінне, побач з берагам пагойдваецца чорны човен. Яна не спытала, дзе знайшлі Марылю, але човен быў так падобны да труны, што ёй падалося, быццам бы там, каля яго.
Белы каменны помнік – Мікіты, а побач – яшчэ свежы насып і драўляны крыж, некалькі штучных вянкоў і букецікаў. Ліза паклала кветкі, што нарвала па дарозе, на жоўты пясок – і жывыя рамонкі згубіліся на фоне чырвоных пластыкавых руж, памаранчавых гербер і фіялетавых лілей.
Ліза разглядала магілу Мікіты: вось якое фота Марыля хавала ў пенсійным. Сапраўды, самае апошняе фота, што толькі можна ўявіць. Цікава, ці з’явіцца здымак бацькоўскай магілы ў альбоме дачок? Кропка ў канцы твора, цалкам лагічнае завершанне. Да гэтага ўсе фотаальбомы – як кнігі з адкрытымі фіналамі.
Вырашыла, што час ісці прасіцца на прытулак, бо аўтобуса да ранку няма, і тут нехта па-сяброўску абняў яезаплечы:
– Не сумуй!
Ад нечаканасці Ліза адскочыла і ледзь не зачапілася аб помнік.
– Алесь!
– Прабач, не падумаў, што напалохаю.
– Ніколі не падкрадайся да людзей на могілках. Адкуль ты?
– Ты даслала SMS, што едзеш, аяжтабе не расказаў, што наша бабулька памерла. Мне тэлефанавала тая жанчына, Жанна, памятаеш, я пакінуў ёй візітоўку. А ў цябе тэлефон быў выключаны, я не ведаў, што рабіць, і прыехаў. Падумаў, што знайду цябе тут.
Некалькі хвілін яны маўчалі, гледзячы на помнікі, якія пазначалі двух чалавек, што заўжды цяпер будуць разам.
А пасля Алесь спытаў:
– Ты нічога не хочаш мне сказаць?
Ліза разгубілася і пачала шукаць у галаве словы, якіх ад яе маглі чакаць.
– Не, тут не месца для размовы. Хаця, канешне, у гэтым мелася б свая логіка. Але хадзем за мной.
Ліза яшчэ раз паглядзела на штучныя ружы, на драўляны крыж, на імя на шыльдачцы: пакуль не павесілі фота, замест твару былі літары, а на развітанне хацелася зірнуць у вочы. І падумала: «Дзякуй, Марыля, за тое, што прытулілі, за тое, што пражылі жыццё, вялікае, складанае, не ведаю, ці адужала я б такое. Ці адужаю. І дзякуй за гісторыю, якую мне расказалі. Здаецца, зараз трэба пажадаць, каб зямля вам была пухам, і яна, пэўна, мяккая, гэты рыхлы пясок, падобны на хлебны мякіш. Бывайце».
Ліза пайшла за Алесем па вузенькай, бы прабор на галаве, затравелай сцежцы. Думкі блыталіся, ніяк не хацелі станавіцца словамі, і Ліза маўчала. Глядзела на канверсы Алеся і ўяўляла, куды яны яе прывядуць. Добра, калі там будзе гарбата і луста хлеба.
Але не сказала нічога і тады, калі зразумела, што Алесь накіраваўся да чоўна.
Пакрыху цямнела, і вада рабілася гусцейшай. Алесь веславаў: то набліжаўся, то аддаляўся, то набліжаўся, то аддаляўся.
Спыніліся на сярэдзіне возера, і ён нейкі час глядзеў туды, дзе туманілася вёска. Нідзе ні душы. Быццам бы ўсё тут было працягам могілак.
Човен загайдала на хвалях, і Лізе моцна захацелася на бераг. Зноў, які раз, яна паклялася навучыцца добра плаваць, каб больш не адчуваць сябе бездапаможнай. Да зямлі было даволі далёка – і ўбок, і ўніз.
Алесь сядзеў насупраць, вельмі блізка, і Ліза бачыла, што ён хвалюецца: рукі ледзь заўважна трасуцца, падціскае вусны, нібы хоча нешта прамовіць. Таму адвярнулася і ўтаропілася ў старую асіну (верагодна, гэта асіна, бо трымціць, а ветру ж няма. Ды навошта зараз гэтыя непатрэбныя думкі?), якая расла на беразе.
Нарэшце наважыўся:
– Калі ты маўчыш, я зноў запытаюся сам. Ты нічога не хочаш мне сказаць?
– Пра што? – удакладніла. І, на ўсялякі выпадак, праверыла там, усярэдзіне: яно не азвалася. Трымцела асіна, гайдаўся човен, раз-пораз плёскалі хвалі. Нічога іншага Ліза не адчувала.