Вокны завешаныя: шэрая выцвілая тканіна – нібы тонкая скура назаўжды замкнёных павекаў. Гукнула – ну, разамкніцеся, пакажыце заспаны твар Марылі. Але вокны заплюшчаныя: толькі вузкая шчыліна паміж фіранкамі, праз якую нічога не ўбачыш.
У Жанны – таксама ні душы: Ліза з палову гадзіны чакала ля весніц, але ніхто так і не з’явіўся. Яна злавала, што не ўзяла нумары тэлефонаў. Кожнаму ж зараз прысвоеныя асабістыя лічбы: набярэш – і можаш выклікаць з нябыту каго заўгодна.
Як гэта было па-дзіцячы: верыць, што свет будзе нязменны, такім, якім яго тут пакінула. А насамрэч, толькі адвярнулася – і ўсё змянілася.
Мо абедзве паехалі ў бальніцу? І што рабіць ёй? Праз некалькі гадзін пачне цямнець. Не вяртацца ж назад?
Мабільны маўчаў, і гэта падмацоўвала адчуванне згубленасці. Яна выключыла тэлефон, бо не хацела нікога чуць. Дакладней, не хацела чуць Насту. Ноччу, каб супакоіць сумленне, напісала Алесю, што зноў паедзе на вёску, а пасля схавалася за паведамленнем «Абанент часова недасяжны».
Ліза агледзелася і пабачыла ўдалечыні знаёмы дах: мо там ёй раскажуць, дзе ўсе падзеліся.
Перад хатаю на лаве сядзела Бандарчуха – так выстаўляюць на сонца старыя матрацы: падсушыць, каб не згнілі. Калі пабачыла Лізу, захітала галавою, вітаючыся. Пасля азірнулася па баках і замахала рукою, маўляў, бліжэй, сюды, бліжэй.
Ліза зрабіла некалькі крокаў і нахілілася. Сэрца затахкала хутчэй: ёй падалося, што Бандарчуха хоча расказаць нейкі сакрэт.
А старая выпрасталася і нечакана гучна прадэкламавала:
І, адкінуўшыся на лаву, зарагатала.
– Мама, чаго смяешся, што здарылася? – з двара выбегла «бабулька-дачка». Заўважыўшы Лізу, схамянулася, палезла ў кішэню паанучу і пачала выціраць брудныя рукі. – А я, як бачыце, пераехала. Карову сюды перавезла, зараз будан для яе паправім. – І тут нешта ўспомніла: рот перакрывіўся, вочы сталі вузкімі, бы жанчына сабралася плакаць. І яна пачала гаварыць ціха, расцягваючы галосныя: – Вось гоо-о-ра дык го-о-о-ра! І нічога, што чалавек немалады-ы-ы, але ўсё роўна шкад-а-а-а. Мы вас на пахаванне чак-а-а-алі, але тэлефона вашага ніхто не ве-е-едаў. Званілі жаніху, але нічога не вы-ы-ы-званілі.
Ліза зразумела, што гэта яна «галосіць па нябожчыку»: пра памерлага тады кажуць так, быццам ці то спяваюць, ці то люляюць сваю жалобу.
– Вы, напэўна, на магі-і-ілу прыехалі? Калі хочаце, я пакажу вам шлях, але тут лёгка знайсці: во гэтак праму-уу-йце, там пабачыце возера, а там і могілкі побач. Яна каля ўвахода, адра-а-азу, з метраў дзесяць наперад, гаро-о-оотненькая.
– Прабачце, а хто памёр?
Жанчына пляснула рукамі і бухнулася на лаву побач з маці. А тая глядзела на дарогу, нібыта запамінала шлях, пра які толькі што казала дачка.
– А вы й не ведалі? – галашэнне скончылася: яна зноў гаварыла хутка, баючыся, што яе не даслухаюць. – Дык гэта так я вам паведамляю? Ай, Божухна, даруйце! То ж Сямёнаўна наша памерла!
Тут старая чхнула – і Ліза скаланулася ад нечаканасці. І па звычцы падумала: «Чхнулі. Значыць, гаворыць праўду».
– То як вы паехалі, мо праз тры дні тое здарылася. Сэрца не вытрымала. А колькі ж таму сэрцу трываць? Колькі разоў яно крывёю аблівалася – і не падлічыць! А якой жа залатой жанчынай яна была. Дачушак выгадавала, вунь якія, у горадзе, малайчыны. Прыязджалі на пахаванне, помнік добры замовілі, побач з бацькавым. А самі як памруць, то, пэўна, у горадзе застануцца, каб да дзяцей бліжэй. То я ім абяцала, што буду прыбіраць магілу Марылі Сямёнаўны. Разам з Жаннай.
– А дзе Жанна?
– У бальніцы. Расхварэлася, нешта са страўнікам. А дактары кажуць, што праз нервы ўсё. Бо гэтыя дні яна вельмі хвалявалася. Усё казала, што нейкую чужую машыну каля Марылевай хаты бачыла, маўляў, да яезноў тыя пакупнікі па зямлю прыязджалі, ці не яны яе напалохалі. І ў хаце быццам бы рэчы раскіданыя, як нешта шукалі, – мо дакументы на зямлю. Але скажыце мне, каму гэтая зямля так патрэбная, каб старога чалавека палохаць? А больш жа ў Марылі нічога каштоўнага не было. Нервы ў Жанны, усё праз нервы.
Памаўчалі.
– Да таго ж Сямёнаўна не ў хаце памерла! Сяргеіч яе знайшоў, рыбак наш. Каля берага, у вадзе.
– Вы ж казалі, што сэрца?
– Сэрца і ёсць. Напэўна, зайшла ў возера, а сэрца і прыхапіла, яна павалілася і захлынулася. Мы так падумалі, што гэта яна на могілкі пайшла, да мужа, да Мікіты. Сямёнаўна жалілася, што даўно ў яго не была, аў нас усё часу не хапала, каб яе звадзіць, ведаеце ж, гаспадарка. Во й не ўгледзелі. У Мікіты якраз кветачкі свежыя ляжалі, то, значыць, схадзіла яна да яго, а пасля сама…
– Утапілася?
– Ды не, кажу ж, сэрца. Дактары правяралі. Не ў тым яна ўзросце, каб тапіцца. А калі вам тут прытулку няма, заходзьце да вас. Я вас у сваёй хаце ўладкую, а сама з маці застануся, я і так у яе цяпер начую.
Ліза падзякавала і пайшла на могілкі: шлях яна ўжо ведала.
А размова за яе спінаю працягвалася, жыла:
– Куды яна?
– Да Сямёнаўны, мамачка.