– Дапусьцім, мінус выходныя, запойныя, бальнічныя, мафіі за дах заплаціць, але на шасьці павозках тысяч дваццаць у месяц зьбіраць можна. Вось!!! Сапраўднае! Патрэбнае людзям сучаснае мастацтва!!! Самае што ні ёсьць! Найсучасьнейшае!!! Найактуальнейшае!!! Мастацтва! Ня нейкі там відэаарт з канцэптуалізмам, які толькі куратаркам і цікавы! Добра, Буян, налівай! – прахрыпеў узрушаны Хведар.
– Ну падумай, што ты са сваёю вайной на галаве будзеш рабіць за Бугам? Дый увогуле, вайна зьмянілася! Цяпер вайна – гэта шоў! Тэлекамэры, бабкі. Проста так тупа ваяваць цяпер нямодна! Гэта раней ваявалі за тэрыторыі, ідэі, мошчы Хрыста. Цяперака вайна – гэта бізнэс! Калі ўжо ты вайну на сябе напяліў, то давай складзем бізнэс-плян. Зьбярэм армію, абмундзіруем, узброім, пасадзім на павозкі і наперад – адваёўваць грошы ў гэтага пошлага сьвету!
– Хведар, я са сьветам за ідэю ваюю.
– Якія цяперака ў сьвеце ідэі! Дэмакратыя? Сытасьць? Мастацтва? Шмат дало табе тваё мастацтва? Цяпер у сьвеце адна ідэя – заваяваць сьвет! Каб тэлекамэры на цябе глядзелі, а ты гэткім звышчалавекам ухмыляўся. Цяпер са сьветам толькі арабы за ідэю ваююць. Нацягнуць на сябе паранджу і рвуць усіх запар, ды й сябе на ўсялякі выпадак. Таму што наш шалом – ім вайна. Іх салям – вайна нам.
– Ну, бум! – Хведар выпіў, стрэльнуў сабе ў рот кацюшай чырвонай ікры і працягнуў:
– Ты ж у мастацтва прыйшоў з той самай мэтай – сьвет заваяваць, стаць вялікім мастаком, каб усе захапляліся табою, тваімі творамі. Калі б ты не хацеў сьвет скарыць, то стаў бы лётчыкам, цесьляром, пекарам. Але ж табе гэтага мала. Ты хочаш быць вышэйшым за ўсіх, падобным да звышчалавека. А таму твая місія – гэта вайна! Шкада толькі, што вайна са сьветам такая безнадзейная. У нашай арміі мальёны жаўнераў. Але выжывуць сотні. Астатнія загінуць у невядомасьці. Дык тым больш, калі ты на цэлыя два крокі да мэты наблізіўся, навошта табе за Буг? Падумай. Тут празь некалькі месяцаў ты ўжо на прыгожым аўто бяз даху езьдзіш. Яшчэ праз пару гадоў – домік у Францыі. Новае жыцьцё! А???
– Хораша кажаш. Толькі віза ў мяне праз тыдзень скончыцца. Што я паліцыянту скажу, калі ён падчас выступу захоча пашпарт паглядзець? Што я дух, прывід вайны з братэрскай магілы?
– Папрасі палітычнага прытулку!
– На якой падставе? На той, што я шалом прускі надзеў? Дык заўтра ў іх мільён мурынаў у прускіх шаломах у чаргу па азыль стануць. Ці скажу: разумееце, панове, такая вось халера, нам, звышчалавекам, за Бугам правы ўціскаюць! Дык яны мне адкажуць: таварыш, гэта ў нас даўно дэмакратыя і роўнасьць, а звышчалавекам якраз у вас раздольле! Не, Хведар. Ня хоча сьвет, каб я на захадзе ваяваў. На ўсходні фронт выпраўляе. Так што яшчэ некалькі дзён папрацую з вамі, боты цешчы набуду – і на ўсход. А на павозку ты Буяна пасадзіш.
Андрэ памаўчаў крыху і з сумам дадаў:
– А ідэя сапраўды геніяльная, нават шкада, што мне зьяжджаць трэба!
Пад такія размовы вечар, які абяцаў быць вясёлым, прыняў сур’ёзны абарот і неяк сам па сабе разваліўся. Абгаварыўшы дэталі заўтрашняга дня, Андрэ пакінуў маршалка на гвалтаваньне засмучанаму Хведару, а сам адчыніў акно і вылез на пакаты схіл даху. Піць больш не хацелася. Ён запаліў цыгарэту і паглядзеў на неба.
Цяжарная поўня вісела над горадам. Прахалоднае паветра восені прасьлізгвала ў ноздры салодкім успамінам мінулага жыцьця. «Так, – падумаў Андрэ, калі ёсьць іншы горад, у якім я мог бы застацца, – гэта толькі Бэрлін. Але мне трэба ехаць далей. І справа ня ў візе. Можа, сапраўды я ваўкалак і не магу жыць бяз нашых балотаў?»
Поўня глядзела на яго і нібыта шаптала ў адказ: «Так, ты сапраўды ваўкалак. Табе трэба ехаць далей…»
Крупнік
Цякаць! Уцякаць! Уцякаць! Уцякаць без аглядкі! Хутчэй адсюль, хутчэй – на ўсход! Дахаты! Шнэль, зараз жа руш! Ад’яжджай! Ну чаму? Чаму стаім? Ужо хвіліну як павінны былі ад’ехаць! Дзе германскі парадак? Поўны бардак на чыгунцы! Шнэль, шнэль – дадому! На ўсход! Хутчэй бегчы! Бегчы, не азіраючыся! Бегчы, бегчы, бегчы!»
«Цьху ты, чорт! Нарэшце рушылі! Давай! Давай! Хутчэй разганяйся! Рухай цыліндрамі, поршнямі, коламі! Набірай хуткасьць! Гані! Ляці без аглядкі – хутчэй на ўсход! Едзем… Едзем… Ужо едзем! Ужо не дагоняць! Халера бяры, гэта параноя! Параноя, як яна ёсьць! Прыступ. Скаты, сукі, падлы! Параноя. Супакойся! Ужо не дагоняць! Ты ў бясьпецы! Ты ўжо едзеш. Але яшчэ ёсьць мяжа! Могуць чакаць там! Франкфурт. Франкфуртна-Одры. А калі там? Чорт вазьмі! Рана я зьняў паранджу! Ідыёт! Як жа я не падумаў? Навошта пайшоў у прыбіральню і зьняў паранджу? Засунуў яе ў заплечнік. Можа, зноў апрануць? Не. Тут няёмка. Людзі глядзяць. Пайсьці ў прыбіральню? І вярнуцца на сваё месца ўжо ў паранджы? Крэтынізм! Навошта ты зьняў паранджу? Але хутка будзе мяжа. Праверка пашпартоў. Як растлумачыць памежнікам, што я ў паранджы? Сказаць, што араб? Мусульманін? Гей-мусульманін? Пасіўны гей-мусульманін? Мусульманскі пэдэраст? Зь беларускім пашпартам? Ды яшчэ і ў прускім шаломе! Крэтын! Ідыёт!»
Андрэ сядзеў у купэ цягніка, што хвіліну назад крануўся з пэрону «Бэрлін-Остбанхоф» і набіраў хуткасьць у напрамку Варшавы. Ніколі яшчэ ён не пакідаў горад у такім замяшаньні духу. Думкі кароткімі, як прастакутныя штампы, сказамі адбіваліся ў мазгах. За вокнамі праплываў шэры дзень. Восень ужо ўзяла сваё, і горад разьвітваўся з Андрэ пахмурнай неакрэсьленасьцю, гатовай разрадзіцца доўгім нудным дажджом.
«Не, у паранджы нельга! Гэта выкліча падазрэньні. Нельга прыцягваць увагу. Трэба быць непрыкметным. Але як быць непрыкметным у прускім шаломе? Можа, зьняць? Заткніся!
Хутчэй, хутчэй на ўсход! Бегчы! Ляцець! Уцякаць!»
«Якая ідыёцкая штука – жыцьцё! Яшчэ ўчора ты будаваў на яго пляны, але раптам пстрык – усё перакульваецца – і ты бяжыш, бяжыш, бяжыш у невядомае. Раніцай тваё жыцьцё было ўладкаваным, усё ў ім цякло плаўна, запраграмавана на колькі гадоў наперад, а ў дзень усё бурыцца. І ты ўжо злачынца. І ты не разумееш, чаму яно не папярэджвае цябе, а выбівае зэдлік з-пад ног рэзка, раптоўна. І быццам пляны ты будаваў, а ўжо вісіш на нітачцы лёсу, і ступакі тваіх ног калышацца над зямлёй, як ківач Фуко…»
«Чорт вазьмі, чаму гэтыя два палякі, што сядзяць насупраць, так дзіўна пазіраюць на мяне? Ну вядома. Яны думаюць, што я вар’ят. Яны бачылі, як я зайшоў у купэ ў паранджы, а затым выйшаў у прыбіральню і вярнуўся ўжо безь яе. Але, можа, гэта прыйшоў другі чалавек… А той першы проста пераблытаў купэ. Яны ж ня бачылі твару. Яго хавала сетка. Не, яны заўважылі шпіль шалома. Ён тырчаў з чорнага балахону. Так, гэтая парачка ведае, што гэта я. Ну і хрэн зь імі! Якое гэта цяпер мае значэньне? Яны мне не пагражаюць. Галоўнае, каб тыя, іншыя, не пазналі мяне. Халера, які агромністы горад. Усё едзем… едзем… едзем… і ніяк ня можам выехаць зь яго!»
«Шнэль! Хутчэй выяжджай! Давай, дарагі! Дахаты! Дадому! Ляці на ўсход! А калі яны паведамілі ў паліцыю? Тады ўсё! Алес капут! У Франкфурце ўжо будуць чакаць. Але ў іх няма маёй фатаграфіі. Навошта ім фатаграфія! Ёсьць прыкмета. Прускі шалом. Так! Яны пазнаюць мяне па шаломе! Чорт! Што рабіць? Зьняць шалом? Не, яны не паведамяць у паліцыю. Яны ня любяць паліцыі. Яны вырашаюць пытаньні самі. Калі б паведамілі – мяне б ужо схапілі. Сволачы, самі ж усё заварылі. Казлы! Галоўнае – перасячы мяжу. Там, за Одрай, я ў бясьпецы. Колькі яшчэ да мяжы? Каля гадзіны. Параноя, маць вашу, параноя!»
«Так, палякі паглядаюць на мяне з асьцярогай. Думаюць, я буйны. Трэба супакоіцца. У мяне грымаса на твары. Усьміхніся ім. Пакажы, што ты прыязна настроены. Што ты ня прывід імпэрыі. Вось так. Усьмешку павесялей. Божа! Яны спалохаліся яшчэ больш! Зубы! Канечне, зубы. Трэба змыць гэтую чортаву фарбу з зубоў. Проста цяпер устаць, пайсьці ў прыбіральню і змыць. Потым вярнуцца і ўсьміхнуцца ім яшчэ раз. Трэба паразмаўляць зь імі. Зьняць напругу. Што б такое сказаць?»
– Панове едуць да Варшавы?
– Так. А пан?
– Таксама да Варшавы.
«Чорт, нешта размова ня клеіцца! У купэ зноў напруга. Трэба зараз жа пайсьці ў туалет і змыць гэтую фарбу. Хутка Одра. Памежнікам таксама не спадабаюцца мае зубы. Бяззубы і ў шаломе. Падазрона. Пачнуць правяраць, рыцца ў заплечніку. Знойдуць паранджу і бот. Падумаюць, што я ісламскі тэрарыст. Зьнімуць зь цягніка да высьвятленьня. Трэба пазбавіцца ад паранджы. Выкінуць яе ў акно. І туды ж бот. А калі яшчэ спатрэбяцца? Калі ў Варшаве ў іх таксама свае людзі? Ды й шкада. Паранджу мне дала Інгрыд. Адзіны падарунак, які ад яе застаўся. А бот мне не прышыюць. Так, але ён адзін. Падазрона… Нічога. У горшым выпадку адкруцяць абцас, каб спраўдзіць, што там я хаваю. Шкада, зь Інгрыд, мабыць, ужо ніколі не пабачымся. Яна нават не змагла праводзіць мяне на вакзал. Гэта было рызыкоўна. Разам нас маглі вылічыць. Толькі абняла мяне ў Тахелесе перад дзьвярыма на вуліцу. Пацалавала, накрыла твар чорнай сеткай і сказала: «Бывай!»
Узяўшы заплечнік, Андрэ выйшаў з купэ. Нэрвова азірнуўся па бакох і пайшоў у прыбіральню. Зубы адмываліся зь цяжкасьцю. Хведар фарбаваў іх нітраэмальлю, таму неабходны быў ацэтон, альбо заставалася чакаць, пакуль фарба сама зьлезе з часам. Ён паспрабаваў пакалупаць зубы дзесяціцэнтавай манэтай. Дзе-нідзе фарба паддалася, таму ў цэлым грымаса зьмянілася на нешта незразумелае, падобнае ці то на зубную праказу, ці то на карыесна-парадантозную цьвіль.
«Прасьцей зноў пафарбаваць іх белай фарбай. Ну, Хведар, дзякуй. Не здагадаўся кінуць у заплечнік цюбік бялілаў. Добра, зраблю гэта ў Варшаве. А пакуль буду сур’ёзным. Паспрабую на мяжы без патрэбы зубоў ня скаліць».