«…Я чалавек рацыянальны. Усе гэтыя сантыменты з нагоды мовы дзядуляў і бабуль — толькі эмоцыі. Я забараніў сабе чытаць рускія кнігі, глядзець рускі інтэрнэт. Хачу выбіць з сябе ўсё рускае. Перастаць быць рускім…»
«…Муж вельмі хацеў з’ехаць… Прывезлі з сабой дзесяць скрыняў рускіх кніг, каб дзеці не забывалі родную мову. У Маскве на мытні ўсе скрыні праверылі, шукалі антыкварыят, а ў нас: Пушкін, Гогаль… Мытнікі доўга смяяліся… Я і цяпер уключаю радыё «Маяк» і слухаю рускія песні…»
«…Расія, мая Расія… Піцер улюбёны! Як я хачу вярнуцца! Зараз заплачу… Няхай жыве камунізм! Дадому! І бульба тут на смак — брыдота несусветная. А шакалад рускі проста выдатны!»
«…А майткі па талонах вам па-ранейшаму падабаюцца? Я ўспамінаю, як здавала і вучыла навуковы камунізм…»
«…Рускія бярозкі… бярозкі потым…»
«…Сын маёй сястры… У яго выдатная англійская. Праграміст. Пажыў у Амерыцы год і вярнуўся дадому. Кажа, што ў Расіі цяпер цікавей…»
«…Я таксама скажу… Многія ўжо і там добра жывуць: праца, дом, машына — усё ў іх ёсць. Але ўсё роўна баяцца і хочуць з’ехаць. Бізнес могуць забраць, у турму ні за што пасадзіць… скалечыць увечары ў пад’ездзе… Законы ніхто не паважае — ні наверсе, ні ўнізе…»
«…Расія з Абрамовічам і Дзерыпаскам… з Лужковым… Хіба гэта Расія? Гэты карабель тоне…»
«…Хлопцы, жыць трэба ў Гоа… А грошы зарабляць у Расіі…»
Выходжу на балкон. Тут кураць і працягваюць тую ж размову: разумныя сёння з’язджаюць з Расіі ці дурныя? Не адразу паверыла, калі пачула, як за сталом нехта заспяваў «Подмосковные вечера», нашую любімую савецкую песню:
Вяртаюся ў пакой — ужо ўсе спяваюць. І я таксама.
ПРА ЧУЖОЕ ГОРА, ЯКОЕ БОГ ПАКЛАЎ НА ПАРОГ ВАШАГА ДОМА
Раўшан… — гастарбайтар, 27 гадоў
Гафхар Джураева — старшыня Маскоўскага фонду «Таджыкістан»
«…чалавек без радзімы — салавей без свайго саду»
— Пра смерць я шмат ведаю. Я калі-небудзь звар’яцею ад усяго, што я ведаю…
Цела — чара для духу. Ягоны дом. Паводле мусульманскіх звычаяў, цела трэба пахаваць як мага хутчэй — пажадана ў той жа дзень, як толькі Алах забраў душу. У доме памерлага вешаюць на цвік кавалачак белага матэрыялу, ён вісіць сорак дзён. Душа прылятае ўначы і садзіцца на гэты шматок. Слухае родныя галасы. Радуецца. І ляціць назад.
Раўшан… я яго добра памятаю… Звычайная гісторыя… Ім паўгода не выдавалі заробак, а ў яго чацвёра дзяцей засталіся на Паміры, цяжка захварэў бацька. Ён прыйшоў у будаўнічую кантору, папрасіў аванс, і яму адмовілі. Апошняя кропля. Выйшаў на ганак і разануў сябе нажом па горле. Мне патэлефанавалі… Я прыехала ў морг… Вось гэты настолькі прыгожы твар… Немагчыма забыцца. Ягоны твар… Сабралі грошы. Для мяне дагэтуль загадка, як спрацоўвае гэты ўнутраны механізм: капейкі ні ў кога няма, але калі чалавек памёр, умомант збяруць патрэбную суму, аддадуць апошняе, каб ён быў пахаваны дома, у сваёй зямлі ляжаў. Не застаўся на чужыне. Адзіная старублёўка ў кішэні — і яе аддадуць. Скажаш, што дадому трэба ехаць, — не дадуць, дзіця хворае — не дадуць, а на смерць — на, бяры. Прынеслі і паклалі мне на стол цэлафанавы пакет гэтых змятых старублёвак. І я пайшла з імі ў касу Аэрафлоту. Да начальніка. Душа сама паляціць дадому, а труну адправіць самалётам вельмі дорага.
Бярэ са стала паперы. Чытае.
…Паліцыя ўвайшла ў кватэру, дзе жылі гастарбайтары — цяжарная жанчына і ейны муж, на вачах жонкі яго сталі збіваць за тое, што ў іх няма рэгістрацыі. У яе пачаўся крывацёк — яна памерла, і памерла яе ненароджанае дзіця… …У Падмаскоўі зніклі тры чалавекі — два браты і сястра… Да нас звярнуліся па дапамогу іх сваякі, што прыехалі з Таджыкістана. Мы патэлефанавалі ў пякарню, дзе яны да гэтага працавалі. Першы раз нам адказалі: «Такіх не ведаем». Другі раз да тэлефона падышоў сам гаспадар: «Так, працавалі ў мяне таджыкі. Я ім заплаціў за тры месяцы, і яны ў той жа дзень сышлі. Не магу ведаць — куды». Тады мы звярнуліся ў паліцыю. Усіх траіх знайшлі ў лесе. Іх нехта засек рыдлёўкамі і закапаў. Гаспадар пякарні стаў тэлефанаваць у фонд і пагражаць: «У мяне паўсюль свае людзі. Я і вас закапаю».
…Двух маладых таджыкаў з будоўлі павезлі на «хуткай дапамозе» ў бальніцу… Усю ноч яны праляжалі ў халодным прыёмным пакоі, да іх ніхто не падышоў. Дактары не хавалі сваіх пачуццяў: «І чаго вы, чарнажопыя, сюды панаехалі?»
…Амапаўцы вывелі ноччу з падвала пятнаццаць дворнікаў-таджыкаў, паклалі на снег і пачалі біць. Скакалі па іх… каваныя чаравікі… Адзін пятнаццацігадовы хлопчык памёр… …Атрымала маці мёртвага сына з Расіі. Без органаў унутры… На маскоўскім чорным рынку можна купіць усё, што ёсць у чалавека: ныркі, лёгкія, печань, зрэнкі, сардэчныя клапаны, скуру…
Гэта — мае браты і сёстры… Я таксама нарадзілася на Паміры. У гарах. Зямля ў нас на вагу золата, пшаніцу мераюць не мяшкамі, а цюбецейкамі. Усюды — гіганцкія горы, побач з якімі ўсе дзівосы, створаныя чалавекам, здаюцца дзіцячымі. Цацачнымі. Жывеш там — ногі на зямлі, а галава ў аблоках. Ты так высока, што быццам ты ўжо не ў гэтым свеце. Мора — гэта зусім іншае, мора вабіць да сябе, а горы даюць адчуванне абароны, яны цябе ахоўваюць. Яшчэ адны сцены ў хаце. Таджыкі не ваяры, калі на іх зямлю прыходзіў вораг, яны падымаліся ў горы… (Маўчыць.) Мая ўлюбёная таджыкская песня — гэта песня-плач аб пакінутай роднай зямлі. Заўсёды плачу, калі яе слухаю… Найстрашнейшае для таджыка — пакінуць сваю Радзіму. Жыць удалечыні ад яе. Чалавек без Радзімы — салавей без свайго саду. Шмат гадоў я ўжо жыву ў Маскве, але я ўвесь час атачаю сябе тым, што было ў мяне дома: убачу ў часопісе горы, абавязкова гэты фотаздымак выражу і павешу на сценку, і тую, дзе красуе абрыкос і белая бавоўна. Я ў сне часта збіраю бавоўну… Адчыняю скрыначку, краі вельмі вострыя ў гэтай скрыначкі, а ўнутры ляжыць белы камячок, як вата, вагі амаль не мае, трэба так яго выцягнуць, каб не падрапаць рукі. Раніцай прачынаюся стомленая… На маскоўскіх кірмашах я шукаю таджыкскія яблыкі, яны ў нас самыя салодкія, таджыкскі вінаград, ён саладзейшы за рафінад. А ў дзяцінстве я марыла, што ўбачу калі-небудзь рускі лес, грыбы… Паеду і ўбачу гэтых людзей. Гэта другая частка маёй душы: хата, печ, піражкі. (Маўчыць.) Я пра нашае жыццё распавядаю… І пра сваіх братоў… Для вас яны ўсе на адзін твар: чорнавалосыя, нямытыя, варожыя. З незразумелага свету. Чужое гора, якое Бог паклаў на парог вашага дома. А ў іх няма адчування, што яны прыехалі да чужых людзей, таму што іх бацькі жылі ў СССР і Масква была сталіцай для ўсіх. І цяпер ім тут далі працу і прытулак. На Усходзе кажуць: не плюй у калодзеж, з якога бярэш ваду. У школе ўсе таджыкскія хлопчыкі мараць паехаць на заробкі ў Расію… Каб купіць білет, пазычаюць грошы ва ўсяго кішлака. Рускія мытнікі ў іх пытаюцца на мяжы: «Да каго едзеш?» Яны адказваюць: «Да Ніны»… Усе рускія жанчыны для іх Ніны… Рускую мову ў школе ўжо не вучаць. Кожны вязе з сабой кілім для малітвы… Мы размаўляем у фондзе. Тут усяго некалькі маленькіх пакояў. Не змаўкаюць тэлефоны.
Вось учора я дзяўчынку выратавала… Яна здолела патэлефанаваць мне проста з машыны, калі паліцыянты везлі яе ў лес, тэлефануе і шэпча: «Схапілі на вуліцы, вязуць за горад. Усе п’яныя». Нумар машыны назвала… З п’яных вачэй яны забыліся яе абшукаць і забраць мабільнік. Дзяўчынка толькі прыехала з Душанбэ… прыгожая дзяўчынка… Я — усходняя жанчына, я яшчэ маленькая была, а бабуля і мама ўжо вучылі мяне, як трэба з мужчынамі размаўляць. «Агонь не пераможаш агнём, а толькі мудрасцю», — казала бабуля. Тэлефаную ў паліцэйскі ўчастак: «Слухай, мой дарагі, нешта дзіўнае адбываецца: вашыя хлопцы кудысьці не туды павезлі нашую дзяўчынку, і яны нападпітку. Патэлефануйце ім, каб да граху не дайшло. Нумар машыны нам вядомы». На тым канцы проваду — суцэльны паток лаянкі: гэтыя «чуркі»… гэтыя «чорныя малпы», якія толькі ўчора з дрэва злезлі, маўляў, якога чорта вы марнуеце на іх час. «Мой дарагі, ты паслухай мяне, я такая ж «чорная малпа»… Я — твая мама…» Маўчанне! Там жа таксама чалавек… Заўсёды на гэта спадзяюся… Слова за слова, і мы сталі размаўляць. Праз пятнаццаць хвілінаў машына развярнулася… Прывезлі дзяўчынку назад… Маглі згвалціць, забіць. Неаднойчы… я ў лесе гэтых дзяўчынак па кавалачках збірала… Ведаеце, хто я? Я працую алхімікам… У нас грамадскі фонд — грошай няма, улады няма, ёсць толькі добрыя людзі. Нашы памочнікі. Дапамагаем, ратуем безабаронных. Жаданы вынік атрымліваецца з нічога: з нерваў, з інтуіцыі, з усходняй ліслівасці, з рускай шкадобы, з такіх простых слоў, як «мой дарагі», «мой ты добры», «я ведала, што ты сапраўдны мужчына, ты абавязкова дапаможаш жанчыне». Хлопцы, — кажу я садыстам у пагонах, — я ў вас веру. Веру, што вы людзі. З адным паліцыянтам-генералам доўга вяла гутарку… Гэта быў не ідыёт, не салдафон, а інтэлігентнага выгляду мужчына. «Вы ведаеце, — сказала я яму, — у вас працуе сапраўдны гестапавец. Майстар катаванняў, яго ўсе баяцца. З бамжоў і гастарбайтараў, якія трапляюць да яго, ён робіць інвалідаў». Я думала, што ён жахнецца або спалохаецца, будзе абараняць гонар мундзіра. А ён паглядзеў на мяне з усмешкай: «А дайце мне яго прозвішча. Які малайчына! Мы яго павысім, узнагародзім. Такія кадры берагчы трэба. Я яму прэмію выпішу». Я здранцвела. А ён працягваў: «Шчыра вам прызнаюся… Мы спецыяльна ствараем для вас такія невыносныя ўмовы, каб вы хутчэй з’ехалі. У Маскве два мільёны гастарбайтараў, горад не можа ператравіць такую колькасць людзей, якая раптам звалілася нам на галаву. Вас дужа шмат». (Маўчыць.)
Масква прыгожая… Мы шпацыравалі з вамі па Маскве, і вы ўвесь час захапляліся: «Якая Масква стала прыгожая! Гэта ўжо еўрапейская сталіца!» А я гэтай прыгажосці не адчуваю. Я іду, гляджу на новыя будынкі і ўспамінаю: тут двое таджыкаў загінулі, упалі з рыштаванняў… а тут аднаго ўтапілі ў цэменце… Памятаю, за якія капейкі яны тут жылы рвалі. На іх багацеюць усе: чыноўнікі, паліцыянты, камунальнікі… Дворнік-таджык распісваецца ў ведамасці, што атрымлівае трыццаць тысяч, а на рукі яму выдаюць сем. Астатняе забіраюць, дзеляць паміж сабой розныя начальнікі… начальнікі начальнікаў… Законы не працуюць, замест законаў кіруе бабло і сіла. Маленькі чалавек — найгорш абаронены, звер у лесе, і той лепш абаронены, чым ён. Звяроў тут лес абараняе, а ў нас горы… (Маўчыць.) Я вялікую частку жыцця пражыла пры сацыялізме, цяпер успамінаю, як мы ідэалізавалі чалавека, я пра чалавека ў той час думала добра. У Душанбэ я працавала ў Акадэміі навук. Займалася гісторыяй мастацтва. Я думала, што кнігі… тое, што чалавек напісаў пра сябе, гэта праўда… Не, гэта нікчэмная доля праўды… Я даўно ўжо не ідэалістка, я занадта шмат цяпер ведаю… Да мяне часта прыходзіць адна дзяўчына, яна хворая… Вядомая наша скрыпачка. З чаго яна страціла розум? Можа, ад таго, што ёй казалі: «Вы граеце на скрыпцы — а навошта гэта вам? Ведаеце дзве мовы — навошта? Вашая праца — прыбіраць, месці. Вы тут — рабы». Гэтая дзяўчына ўжо не грае на скрыпцы. На ўсё забылася.
Яшчэ ў мяне быў малады хлопец… Паліцыянты злавілі яго недзе ў Падмаскоўі, адабралі грошы, але грошай было мала. Раззлаваліся. Вывезлі ў лес. Збілі. Зіма. Мароз. Яны яго распранулі да трусоў… Ха-ха-ха… Парвалі ўсе ягоныя дакументы… І ён мне ўсё гэта распавядае. Пытаюся: «Як жа ты ўратаваўся?» — «Я думаў, што я памру, я бег басанож па снезе. І раптам, як у казцы, бачу хатку. Пастукаў у акенца, выходзіць стары. І гэты стары даў мне кажух, каб я сагрэўся, наліў гарбаты і даў варэння. Даў вопратку. Назаўтра адвёў у вялікае сяло і знайшоў грузавік, які давёз мяне да Масквы». Гэты стары… гэта таксама Расія…
З суседняга пакоя паклікалі: «Гафхар Кандзілаўна, да вас прыйшлі». Я чакаю, калі яна вернецца. У мяне ёсць час — і я ўзгадваю тое, што чула ў маскоўскіх кватэрах.
У маскоўскіх кватэрах
— Панаехалі тут… Добрая руская душа…
— Рускі народ зусім не добры. Гэта вялікая памылка. Хуткі на слязу, сентыментальны, але не добры. Зарэзалі дварнягу — і знялі на відэа. Увесь інтэрнэт падняўся. Суд Лінча хацелі зладзіць. А згарэлі на рынку сямнаццаць гастарбайтараў — іх гаспадар зачыняў на ноч у металічным вагончыку на ключ, разам з таварам — за іх заступіліся толькі праваабаронцы. Тыя, ад каго патрабуюць усіх абараняць. Агульны настрой быў такі: гэтыя загінулі — іншыя прыедуць. Безаблічныя, без’языкія… чужыя…
— Гэта рабы. Сучасныя рабы. Уся іх маёмасць — х…й і кеды. У іх на Радзіме яшчэ горш, чым у самім гнілым маскоўскім падвале.
— Трапіў мядзведзь у Маскву і перазімаваў. Карміўся гастарбайтарамі. Хто іх лічыць… Ха-ха-ха…