размінка перад рэвалюцыяй…
нешта асабістае…
ПРА СТАРУЮ З КАСОЙ І ПРЫГОЖУЮ ДЗЯЎЧЫНУ
Аляксандр Ласковіч — салдат, прадпрымальнік, эмігрант — 21–30 гадоў
— У дзяцінстве ў мяне ў двары было дрэва… Стары клён… Я з ім размаўляў, гэта быў мой сябар. Памёр дзядуля, я доўга плакаў. Роў увесь дзень. Мне было пяць гадоў, і я зразумеў, што памру, і ўсе памруць. Мяне ахапіў жах: усе памруць раней за мяне, і я застануся адзін. Дзікая адзінота. Мама мяне шкадавала, а тата падышоў і сказаў: «Вытры слёзы. Ты — мужчына. А мужчыны не плачуць». А я не ведаў яшчэ — хто я? Мне ніколі не падабалася быць хлопчыкам, я не
любіў гуляць «у вайну». Але ў мяне ніхто не пытаўся… усё выбралі без мяне… Мама марыла пра дзяўчынку, тата, як заўсёды, хацеў аборт. Упершыню я хацеў павесіцца ў сем гадоў… З-за кітайскага тазіка… Мама зварыла сочыва ў кітайскім тазіку і паставіла на табурэтку, а мы з братам лавілі нашую кошку. Муська сіганула над тазікам, а мы не… Мама маладая, тата на вайсковых вучэннях. На падлозе лужына сочыва… Мама праклінае лёс афіцэрскай жонкі і тое, што жыць даводзіцца чорт ведае дзе… на Сахаліне… дзе ўзімку снегу навальвае да дзесяці метраў, а ўлетку — лопух аднаго росту з ёй. Яна хапае бацькоўскую папругу і выганяе нас на вуліцу. «Мама, на дварэ дождж, а ў паветцы мурашкі кусаюцца». — «Пайшлі! Пайшлі! Прэч!» Брат пабег да суседзяў, а я зусім сур’ёзна вырашыў павесіцца. Залез у хлеў, знайшоў у кошыку вяроўку. Прыйдуць раніцай, а я звісаю: вось, сукі, вам! Тут у дзверы ўціскаецца Муська… Мяў-мяў… Мілая Муська! Ты прыйшла мяне пашкадаваць. Я абняў яе, прыціснуўся да яе, і так мы з ёй праседзелі да раніцы.
Тата… Якім быў тата? Ён чытаў газеты і курыў. Зампаліт авіяпалка. Мы пераязджалі з аднаго вайсковага гарадка ў іншы, жылі ў інтэрнатах. Доўгія цагляныя баракі, усюды аднолькавыя. Усе яны пахлі гуталінам і танным адэкалонам «Шыпр». Так заўсёды пахла і ад таты. Мне — восем гадоў, брату — дзевяць, тата вяртаецца са службы. Рыпіць партупея, рыпяць хромавыя боты. У гэтую хвіліну нам з братам ператварыцца б у невідзімак, знікнуць з ягоных вачэй! Тата бярэ з палічкі «Повесть о настоящем человеке» Барыса Палявога, у нашым доме — гэта «Ойча наш». «Што было далей?» — пачынае ён з брата. — «Ну самалёт упаў. А Аляксей Мярэсьеў папоўз… Паранены. З’еў вожыка… заваліўся ў канаву…» — «У якую яшчэ канаву?» — «У варонку ад пяцітоннай бомбы», — падказваю я. «Што? Гэта было ўчора, — калоцімся мы абодва ад камандзірскага татавага голасу. — Сёння, значыць, не чыталі?» Малюнак: бегаем вакол стала, як тры блазны — адзін вялікі, два маленькія, мы са спушчанымі штанамі, тата — з рэменем. (Паўза.) Усё ж такі ў нас кіношнае выхаванне, так? Свет з малюнкаў зроблены… Не з кніг, а з фільмаў мы выраслі. І з музыкі… Кнігі, якія прыносіў дадому тата, у мяне да гэтага часу выклікаюць алергію. У мяне тэмпература падымаецца, калі я бачу ў кагонебудзь на паліцы «Повесть о настоящем человеке» або «Молодую гвардию». О! Тата марыў кінуць нас пад танк… Ён хацеў, каб мы хутчэй сталі дарослымі і папрасіліся добраахвотнікамі на вайну. Свет без вайны тата не ўяўляў. Героі патрабаваліся! Героямі становяцца толькі на вайне, і калі б там камусьці з нас адняло ногі, як Аляксею Мярэсьеву, ён быў бы шчаслівы. Яго жыццё на марна не сышло… Усё выдатна! Жыццё ўдалося! І ён… я думаю, што ён сам бы прывёў прысуд у выкананне, сваёй рукой, калі б я парушыў прысягу, калі б спалохаўся ў часе бою. Тарас Бульба! «Я цябе спарадзіў, я цябе і заб’ю». Тата належаў ідэі, ён не чалавек. Радзіму трэба любіць безаглядна. Ніякіх умоваў! Я гэта чуў праз усё дзяцінства. Жыццё дадзена толькі для таго, каб Радзіму абараняць… Але мяне ніяк не ўдавалася запраграмаваць на вайну, на сабачую гатоўнасць заткнуць сабою дзірку ў плаціне або легчы жыватом на міну. Я не любіў смерць… Я трушчыў божых каровак, на Сахаліне ўлетку божых каровак — як пяску. Трушчыў іх, як усе. Пакуль аднойчы не спалохаўся: навошта гэта я столькі маленькіх чырвоных трупікаў нарабіў? Муська прынесла неданошаных кацянят… Я іх паіў, выходжваў. З’явілася мама: «Яны што — мёртвыя?» І яны памерлі пасля яе слоў. Ніякіх слёз!
«Мужчыны не плачуць». Тата дарыў нам вайсковыя фуражкі, па выхадных ставіў кружэлкі з ваеннымі песнямі. Мы з братам сядзелі і слухалі, а па шчацэ ў таты спаўзала «скупая мужчынская сляза». Калі ён быў п’яны, ён заўсёды расказваў нам адну і тую ж гісторыю: як «героя» блакіравалі ворагі, і ён адстрэльваўся да апошняга патрона, а апошні патрон выпусціў у сваё сэрца… У гэтым месцы бацька заўсёды па-кіношнаму падаў і заўсёды чапляў нагою табурэтку, і яна таксама падала. Тут было смешна. Бацька цверазеў і крыўдзіўся: «Нічога смешнага няма, калі герой памірае».
Я не хацеў паміраць… У дзяцінстве вельмі страшна думаць пра смерць… «Мужчына павінен быць падрыхтаваны», «святы абавязак перад Радзімай»… «Што? Ты не ведаеш, як разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава?» — Не, для таты гэта было неўявіма. Ганьба! О! Як я хацеў малочнымі зубамі ўгрызціся ў татавы хромавыя боты, біцца і кусацца. За што ён мяне — па голай срацы перад суседскім Віцькам?! І яшчэ «дзяўчынкай» абзывае… А я не народжаны для танца смерці. У мяне класічны ўхіл… я хацеў танцаваць у балеце… Тата служыў вялікай ідэі. Як быццам трэпанацыя чэрапа ва ўсіх была, ганарыліся тым, што жылі без штаноў, але з вінтоўкай… (Паўза.) Мы выраслі… мы даўно выраслі… Бедалага-тата! Жыццё за гэты час змяніла жанр… Там, дзе ігралі аптымістычную трагедыю, цяпер разыгрываюць камедыю і баявік. Паўзе, паўзе, шышкі грызе… Адгадайце, хто гэта? — Аляксей Мярэсьеў. Улюбёны татаў герой…
Гэта ўсё, што засталося ад татавай ідэі… А сам тата? Гэта ўжо стары чалавек, зусім не падрыхтаваны да старасці. Яму б радавацца кожнай хвіліне, на неба глядзець, на дрэвы. Хай бы ў шахматы гуляў або маркі збіраў… карабкі ад запалак… Сядзіць ля тэлевізара: пасяджэнні парламента — левыя, правыя, мітынгі, дэманстрацыі з чырвонымі сцягамі. Тата — там! Ён — за камуністаў. Збяромся за вячэрай… «У нас была вялікая эпоха!» — наносіць ён мне першы ўдар і чакае адказу. Тата прагне барацьбы, інакш жыццё губляе сэнс. Толькі — на барыкады і са сцягам! Вось мы глядзім з ім тэлевізар: японскі робат дастае з пяску іржавыя міны… адну… другую… Трыумф навукі і тэхнікі! Чалавечага розуму! Праўда, тату за дзяржаву крыўдна, што гэта не нашая тэхніка. Але тут… Нечакана да канца рэпартажу ў нас на вачах робат робіць памылку і ўзрываецца. Як кажуць, убачыў сапёра, які бяжыць, — бяжы за ім. У робата падобнай праграмы няма. Тата дзівіцца: «Трушчыць імпартную тэхніку? У нас што, асабовага складу не хапае?» У яго свае адносіны са смерцю. Тата жыў для таго, каб выканаць кожнае заданне партыі і ўрада. Жыццё каштавала менш за жалязякі.
На Сахаліне… Мы жылі каля могілак. Амаль кожны дзень я чуў пахавальную музыку: жоўтая труна — памёр нехта ў пасёлку, абабітая чырвоным кумачом — лётчык загінуў. Чырвоных трунаў было больш. Пасля кожнай чырвонай труны тата прыносіў дадому магнітафонную касету… Прыходзілі лётчыкі… На стале дыміліся пажаваныя папяросныя «бычкі», блішчэлі запацелыя шклянкі з гарэлкай. Круцілася касета: «Я — борт нумар… Рухавік стаў…» — «Ідзіце на другім». — «І гэты адмовіў» — «Паспрабуйце запусціць левы рухавік». — «Не запускаецца…» — «Правы…» — «Правы таксама…» — «Уключайце катапульту!» — «Ліхтар кабіны не скідваецца… Тваю маць!! Э-э-э… ы-ы-ы…» Я доўга ўяўляў смерць як падзенне з неймавернай вышыні: э-э-э… ы-ы-ы… Хтосьці з маладых лётчыкаў аднойчы спытаў у мяне: «Што ты, малы, ведаеш пра смерць?» Я здзівіўся. Мне здавалася, што я гэта ведаў заўсёды. Хавалі хлопчыка з нашай класы… распаліў вогнішча і накідаў туды патронаў…. Так ірванула! Вось ён… ляжыць у труне і як быццам удае мёртвага, усе глядзяць на яго, а ён недаступны нікому… Я не мог адвесці вачэй… як быццам я гэта ведаў заўсёды, нарадзіўся ўжо з гэтым веданнем. Можа, я ўжо калісьці паміраў? Ці мама, калі я яшчэ жыў у ёй, сядзела каля акна і глядзела, як везлі на могілкі: чырвоная труна, жоўтая труна… Я быў загіпнатызаваны смерцю, на працягу дня я думаў пра яе дзясяткі разоў. Шмат разоў думаў. Смерць пахла папяроснымі «бычкамі», недаедзенымі шпротамі і гарэлкай. Гэта не абавязкова бяззубая старая з касой, а можа, гэта прыгожая дзяўчына? І я яе ўбачу.
Васямнаццаць гадоў… Усяго хочацца: жанчын, віна, падарожнічаць… Загадкі, таямніцы. Я прыдумляў сабе рознае жыццё, уяўляў. І ў гэты момант цябе падпільноўваюць… Ё-маё! Мне і сёння хочацца растаць у паветры, знікнуць, каб нідзе мяне не знайшлі. Не пакінуць аніякіх слядоў. Пайсці куды-небудзь лесніком, бяспашпартным бамжом. Пастаянна цісне адзін і той жа сон: мяне зноў забіраюць у войска — пераблыталі дакументы, і зноў трэба ісці служыць. Крычу, адбіваюся: «Я ўжо служыў, быдлякі! Не чапайце мяне!» Губляю розум! Жудасны сон… (Паўза.) Я не хацеў быць хлопчыкам… Не хацеў быць салдатам, вайна мне была нецікавая. Тата сказаў: «Ты павінен, нарэшце, стаць мужчынам. А то дзяўчаткі падумаюць, што ты імпатэнт. Войска — школа жыцця». Трэба ісці і вучыцца забіваць… У мяне, у маім уяўленні гэта выглядала так: барабаны, баявыя шэрагі, добра зробленыя прылады забойства, свіст гарачага свінцу і… разбітыя галовы, выбітыя вочы, адарваныя канечнасці… выццё і стогны параненых… І крыкі пераможцаў… тых, хто ўмее забіваць лепш… Забіць! Забіць! Стралой, куляй, снарадам або ядзернай бомбай, але ўсё роўна забіць… забіць іншага чалавека… Я не хацеў. І я ведаў, што ў войску з мяне будуць рабіць мужчыну іншыя мужчыны. Ці мяне заб’юць, ці я кагосьці заб’ю. Брат сышоў з ружовай ватай у галаве, рамантыкам, а вярнуўся пасля службы спалоханым чалавекам. Кожную раніцу яго білі нагой у твар. Ён ляжаў на ніжніх нарах, дзед — наверсе. Цэлы год табе пяткай у зубы! Паспрабуй застацца такім, якім ты быў. А калі распрануць чалавека дагала — колькі можна ўсяго прыдумаць? Шмат чаго… Напрыклад, смактаць уласны чэлес, а ўсе будуць смяяцца. Хто не будзе смяяцца, сам будзе смактаць… А зубной шчоткай або лязом для галення драіць салдацкую прыбіральню? «Павінна блішчэць, як яйцы ў ката». Ё-маё! Ёсць тып людзей, якія не могуць быць мясам, а ёсць іншы тып, здольны быць толькі мясам. Чалавечыя аладкі. Я зразумеў, што павінен сабраць усю сваю загартоўку, каб выжыць. Запісаўся ў спартыўную секцыю — хатха-ёга, каратэ. Вучыўся біць — у твар, паміж ног. Як хрыбет пераламаць… Запальваў сярнічку, клаў на далонь і чакаў, пакуль яна дагарыць. Вядома, я не вытрымліваў… Плакаў. Я памятаю… памятаю… (Паўза.) Гуляе па лесе цмок. Сустрэў мядзведзя: «Мядзведзь, — кажа цмок, — у мяне а восьмай вячэра. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Бяжыць ліса: «Ліса, — кажа цмок, — у мяне а сёмай раніцы сняданак. Прыходзь — я цябе з’ем». Ідзе далей. Скача заяц. «Стой, заяц, — кажа, — у мяне а другой гадзіне абед. Прыходзь — я цябе з’ем». — «У мяне пытанне», — падняў заяц лапу. «Давай». — «Можна не прыходзіць?» — «Можна. Я цябе выкрэсліваю са спісу». Але мала хто здольны задаць такое пытанне… Бляааа!
Праводзіны… Два дні дома смажылі, варылі, парылі, ляпілі, пяклі. Купілі дзве скрынкі гарэлкі. Сабраліся ўсе сваякі. «Да сораму не давядзі, сынок!» — падняў першую чарку бацька. І пайшло… Ё-маё! Знаёмы тэкст: «прайсці выпрабаванні»… «з гонарам вытрымаць»… «праявіць мужнасць»… Раніцай каля ваенкамата — гармонік, песні і гарэлка ў пластмасавых шкляначках. А я не п’ю… «Хворы ці што?» Перад адпраўкай на станцыю — агляд асабістых рэчаў. Прымусілі ўсё выкласці з сумак, нажы-відэльцы і ежу забралі. Дома далі крыху грошай… Мы іх запіхвалі глыбей у шкарпэткі і трусы. Ё-маё! Будучыя абаронцы Радзімы… Пасадзілі ў аўтобусы. Дзяўчынкі махаюць, мамы плачуць. Паехалі! Поўны вагон мужыкоў. Ніводнага твару не запомніў. Усіх пастрыглі «пад нуль», пераапранулі ў нейкія рызманы. На зэкаў былі падобныя. Галасы: «Сорак таблетак… Спроба суіцыду… Белы білет. Трэба быць дурнем, каб застацца разумным…» — «Бі мяне! Бі! Няхай я гаўно, мне напляваць. Затое я — дома, трахаюся з дзеўкамі, а ты — з вінтоўкай пайшоў гуляць у вайну». — «Гэх, хлопцы, зменім красоўкі на боты і будзем Радзіму абараняць». — «У каго «бабкі» ў кішэні, той у армію не ходзіць». Ехалі трое сутак. Усю дарогу пілі. А я не п’ю… «Бедалага! Што ты будзеш у арміі рабіць?» З пасцельнай бялізны — шкарпэткі і адзенне, што на нас. Знялі ноччу абутак… Ё-маё! Смурод! Сто мужыкоў знялі чаравікі… Шкарпэткі не змянялі хто двое, а хто трое сутак… Хацелася павесіцца ці застрэліцца. У прыбіральню хадзілі з афіцэрамі — тры разы на дзень.
Хочаш больш — цярпі. Прыбіральня зачыненая. А мала чаго… толькі з дому… Адзін усё роўна ноччу павесіўся… Ё-маё!
Чалавека можна запраграмаваць… Ён сам гэтага хоча. Раз-два! Раз-два! Зважай!! У войску ты абавязаны шмат хадзіць і шмат бегаць. Бегаць хутка і далёка, не можаш бегчы — паўзі! Сотня маладых мужчынаў разам? Звяры! Зграя маладых ваўкоў! У турме і ў арміі жывуць па адных законах. Беззаконне. Запаведзь першая: ніколі не дапамагай слабому. Слабога — бі! Слабы выбракоўваецца адразу… Другое: сяброў няма, кожны сам за сябе. Уначы: хто рохкае, хто квакае, хто маму кліча, хто пярдзіць… Але правіла для ўсіх адно: «прагінайся альбо прагінай». Усё проста — двойчы два. І навошта я столькі кніжак чытаў? Верыў Чэхаву… Гэта ён пісаў, што трэба выціскаць з сябе па кроплі раба, і ўнутры чалавека ўсё павінна быць прыгожа: і душачка, і адзеннечка, і думачкі. А бывае наадварот! Наадварот! Часам чалавеку хочацца быць рабом, яму гэта падабаецца. З чалавека па кроплі выціскаюць чалавека. Сяржант у першы дзень табе тлумачыць, што ты — быдла, ты — жывёла. Каманда: «Легчы! Устаць!» Усе падняліся, адзін ляжыць. «Легчы! Устаць!» Ляжыць. Сяржант стаў жоўты, пасля фіялетавы: «Ты што?» — «Мітусня гэта…» — «Ты што?» — «Гасподзь вучыў: не забівай, нават не гневайся…» Сяржант — да камандзіра роты, той да гэбэшніка. Паднялі справу: баптыст. Як у армію трапіў?! Яго ахоўвалі ад усіх, потым кудысьці павезлі. Ён фантастычна небяспечны! Не хоча гуляць у вайну…
Курс маладога байца: марш на прыгажосць, завучванне Статута на памяць, разборка і зборка аўтамата Калашнікава з заплюшчанымі вачыма… пад вадой… Бога няма! Сяржант — бог, цар і вайсковы начальнік. Сяржант Валерыян: «Дрэсіроўцы паддаюцца нават рыбы. Зразумелі?» «Песню ў страі трэба крычаць так, каб цягліцы на срацы дрыжалі». «Чым глыбей вы ў зямлю закапаецеся, тым менш вас пазабіваюць». Фальклор!! Жах нумар адзін — кірзавыя боты… Рускае войска толькі нядаўна пераабулі — выдалі чаравікі. Я яшчэ служыў у ботах. Для таго, каб кірза блішчала, яе трэба было змазваць шавецкім крэмам і расціраць ваўнянай анучкай унацяг. Крос — дзесяць кіламетраў у кірзачах. Спякота трыццаць градусаў… Пекла! Жах нумар два — анучы… Яны былі двух відаў — зімовыя і летнія. Руская армія адмовілася ад ануч апошняй… у дваццаць першым стагоддзі… Я не адзін крывавы мазоль імі нацёр. Намотваюць анучу так: ад наска нагі і абавязкова «вонкі», а не ўнутр. Пашыхтаваліся. «Радавы… чаму кульгаеце? Вузкіх ботаў не бывае, ёсць няправільныя ногі». Гавораць усе матам, не лаюцца, а гавораць, ад палкоўніка да салдата. Іншай гаворкі не чуў.
Азбука выжывання: салдат — гэта быдла, якое можа ўсё… Войска — гэта турма, у якой тэрмін адбываюць па канстытуцыі… Мама, мне страшна! Малады салдат — «салага», «дух», «чарвяк».
«Гэй, душара! Прынясі чаю». «Гэй… пачысці боты…» Гэй-гэй! «А ты, б…дзь, горды». Пачынаюцца рэпрэсіі… Ноччу чацвёра трымаюць, двое б’юць… Адпрацаваная тэхніка, і цябе б’юць без сінякоў. Без слядоў. Напрыклад, мокрым ручніком… лыжкамі… Адзін раз мяне адхерачылі так, што я не мог два дні размаўляць. У шпіталі ад усіх хваробаў адна «зялёнка». Надакучвае біць — «паголяць» сухім ручніком або запальнічкай, гэта надакучыць — накормяць фекаліямі, памыямі.
«Ручкамі! Ручкамі бяры!» Жывёлы! Маглі прымусіць бегаць па казарме голым… танцаваць… У маладога салдата ніякіх правоў… Тата: «Савецкая армія — лепшая ў свеце…»
І… надыходзіць такі момант… З’яўляецца думка, такая подлая думка: я ім трусы, анучы памыю, потым сам выб’юся ў жывёлы, і ўжо мне будуць трусы мыць. Гэта я дома думаў пра сябе, што я такі белы і пухнаты. Мяне не зламаеш і маё «я» не заб’еш. Гэта «да таго»… (Паўза.) Есці хацелася заўсёды, асабліва салодкага. У арміі ўсё крадуць, замест належных сямідзесяці грамаў салдату застаецца трыццаць. Сядзелі аднойчы тыдзень без кашы — вагон пярлоўкі хтосьці на станцыі спёр. Снілася булачная… кексы з разынкамі… Стаў майстрам абірання бульбы. Віртуозам! За гадзіну магу начысціць тры вядры бульбы. Салдатам прывозяць нестандарт, як на ферму. Сядзіш у шалупінні… Бляааа! У нарадзе на кухні падыходзіць сяржант да салдата: «Начысціць тры вядры бульбы». Салдат: «У космас ужо даўно лётаюць, а машынку для абірання бульбы не вынайшлі». Сяржант: «У войску, радавы… усё ёсць. І машынка для абірання бульбы таксама. Гэта — ты. Найноўшая мадэль». Салдацкая сталовая — поле цудаў… Два гады: каша, квашаная капуста і макароны, суп з мяса, якое захоўвалі на ваенных складах на выпадак вайны. Колькі яно там ляжала? Пяць-дзесяць гадоў… Усё запраўляецца камбітлушчам, вялікія пяцілітровыя, такія аранжавыя бляшанкі. На Новы год у макароны ўлівалі згушчонку — ласунак! Сяржант Валерыян: «Печыва дома будзеце есці і частаваць сваіх блядзей…» Ані відэльца, ані чайнай лыжачкі паводле статуту салдату мець нельга. Лыжка — адзіны прыбор. Камусьці даслалі з дому пару чайных лыжачак. Божа мой! З якім задавальненнем мы сядзелі і размешвалі гарбату ў шклянках. Цывільны кайф! Трымаюць за быдла, і раптам — чайная лыжачка. Божа мой! Недзе ж у мяне ёсць дом… Заходзіць дзяжурны капітан… Убачыў: «Што? Што такое! Хто дазволіў? Неадкладна ачысціць памяшканне ад хламу!» Якія лыжачкі! Салдат — не чалавек. А прадмет… прыстасаванне… прылада для забойства… (Паўза.) Дэмбель. Нас… чалавек дваццаць… Прывезлі на машыне на чыгуначную станцыю і выгрузілі: «Ну што, пакуль! Пакуль, хлопцы! Шчасліва на гражданцы». Мы стаім. Паўгадзіны прайшло — стаім. Гадзіна прайшла… Стаім! Азіраемся. Чакаем загаду. Хтосьці павінен нам даць каманду: «Бягом! У касу па квіткі!» Загаду няма. Не памятаю, колькі часу прайшло, пакуль мы зразумелі, што каманды не будзе. Самім трэба вырашаць. Ё-маё! За два гады мазгі адбілі…
Да самагубства я падыходзіў разоў пяць… А як? Павесіцца? Будзеш у гаўне сваім вісець, язык вываліцца… назад у горла не запхаюць… Як у таго хлопца ў цягніку, калі нас у часць везлі. Абмацюкаюць… свае ж… Саскочыць з вышкі — фарш атрымаецца! Узяць аўтамат і ў часе дазору — у галаву… расколе, як кавун. Маму ўсё-ткі шкада. Камандзір прасіў: «Толькі не страляйцеся. Людзей спісаць лягчэй, чым патроны». Жыццё салдата таннейшае за табельную зброю. Ліст ад дзяўчыны… Гэта вельмі шмат значыць у арміі. Рукі трасуцца. Лісты захоўваць нельга. Праверка тумбачак: «Бабы вашы, будуць нашы. А вам яшчэ служыць, як медным чайнікам. Нясі сваю макулатуру ва ўнітаз». Належыць табе набор: брытва, аўтаручка і нататнік. Сядзіш у сарціры і чытаеш апошні раз: «Люблю… Цалую…» Бляааа! Абаронцы Радзімы! Ліст ад бацькі: «Ідзе вайна ў Чачні… Ты мяне разумееш!» Папа героя дадому чакае… А ў нас прапаршчык адзін быў у Афгане, паехаў добраахвотнікам. Вайна прайшлася па ягонай галаве моцна. Нічога не расказваў, баяў толькі «афганскія» анекдоты. Ё-маё! Усе гігікалі… Салдат цягне на сабе цяжка параненага сябра, той сплывае крывёй. Даходзіць. Просіць: «Страляй! Больш не магу!» — «У мяне патронаў няма. Скончыліся». — «А ты купі». — «Дзе я іх табе куплю? Вакол горы, няма нікога». — «А ты ў мяне купі». (Смяецца.) «Таварыш афіцэр, чаму вы папрасіліся ў
Афган?» — «Хачу стаць маёрам». — «А генералам?» — «Не, генералам я не стану — у генерала свой сын ёсць». (Паўза.) У Чачню ніхто не прасіўся. Ніводнага добраахвотніка не памятаю… Бацька прыходзіў да мяне ў сне: «Ты прысягу прыняў? Стаяў пад Чырвоным сцягам: «Клянуся свята прытрымлівацца… строга выконваць… мужна абараняць… А калі я парушу гэтую маю ўрачыстую прысягу, дык хай мяне спасцігне суровая кара… усеагульная нянавісць і пагарда…» У сне я ўцякаў кудысьці, ён цэліўся ў мяне… цэліўся…
Стаіш на варце. У руках — зброя. І адна думка: секунда-дзве — і ты вольны. Не бачны нікому. Ужо, сукі, не дастанеце! Ніхто… Ніхто! Калі шукаць прычыну, трэба пачынаць з таго часу, калі мама хацела дзяўчынку, а тата, як заўсёды, аборт. Сяржант сказаў, што ты — мяшок з гаўном… дзірка ў прасторы… (Паўза.) Афіцэры былі розныя: адзін — інтэлігент, які спіўся, гаварыў па-ангельску, а ў асноўным — шэрыя п’яніцы. Напіваліся да глюкаў… Маглі ўначы падняць усю казарму і прымусіць бегаць па пляцы, пакуль салдаты не падалі. Афіцэраў называлі шакаламі. Дрэнны шакал… добры шакал… (Паўза.) Хто вам раскажа, як дзесяць чалавек гвалцяць аднаго… (Злосны смех.) Гэта не цацкі і не літаратура… (Паўза.) На самазвале, як быдла, вазілі на камандзірскае лецішча. Цягалі бетонныя пліты… (Злосны смех.) Барабаншчык! Валі гімн Савецкага Саюза!
Я ніколі не хацеў быць героем. Я ненавіджу герояў! Герой мусіць ці шмат забіваць… ці прыгожа паміраць… Забіць ворага ты мусіш: спачатку выкарыстоўвай боекамплект; калі патроны і гранаты скончацца — змагайся нажом, прыкладам, сапёрнай рыдлёўкай. Рві хоць зубамі. Сяржант Валерыян: «Вучыся працаваць з нажом. Кісць рукі — рэч вельмі добрая, яе лепш не рэзаць, а калоць… зваротным хватам… Так… так… Кантралюйце руку, сыход за спіну… не захапляйся складанымі рухамі… Выдатна! Выдатна! Цяпер выверні нож у праціўніка… Так… так… Ты яго забіў. Малайчына! Забіў! Крычы: «Памры, сука!» Чаго ты маўчыш?» (Спыняецца.) Увесь час табе дзяўбуць: зброя — гэта прыгожа… страляць — сапраўдная мужчынская справа… Практыкаваліся на жывёлах, нам адмыслова завозілі валацужных сабак, катоў, каб потым рука не дрыжэла, калі ўбачыш чалавечую кроў. Мяснікі! Я не вытрымліваў… ноччу плакаў… (Паўза.) У дзяцінстве мы гулялі ў самураяў. Самурай мусіў па-японску памерці, не меў права ўпасці тварам уніз, закрычаць. Я заўсёды крычаў… Мяне не любілі браць у гэтую гульню… (Паўза.) Сяржант Валерыян: «Запомніце… аўтамат працуе так: раз, два, тры — і цябе няма…» А пайшлі вы ўсе!! Раз, два…
Смерць падобная да кахання. У апошнія імгненні — цемра… страшныя і непрыгожыя сутаргі… З смерці нельга вярнуцца, але з кахання мы вяртаемся. І можам успомніць, як было… Вы тапіліся калі-небудзь? Я тапіўся… Чым больш супраціўляешся, тым менш сілаў. Змірыся — і дайдзі да дна. І тады… Хочаш жыць — прабівай неба вады, вяртайся. Але спачатку дайдзі да дна.
А там? Там ніякага святла ў канцы тунэлю… І анёлаў я не бачыў.
Сядзеў бацька каля чырвонай труны. Труна была пустая.
Праз некалькі гадоў я зноў апынулася ў горадзе N (горад не называю па просьбе майго героя). Мы з ім стэлефанаваліся — і сустрэліся. Ён быў закаханы, ён быў шчаслівы — і гаварыў пра каханне. Я нават не адразу здагадалася ўключыць дыктафон, каб не выпусціць вось гэты момант пераходу жыцця, проста жыцця — у літаратуру, які заўсёды падпільноўваю, выслухоўваю ў любых размовах — прыватных і агульных, але часам губляю пільнасць, а «кавалачак літаратуры» можа бліснуць усюды, часам у самым нечаканым месцы. Як і ў гэты раз. Хацелі пасядзець і выпіць кавы, а жыццё прапанавала развіццё сюжэту. Вось што я паспела запісаць…
— Я сустрэўся з каханнем… я яго зразумеў… Да таго я думаў, што каханне — гэта два дурні з падвышанай тэмпературай. Што гэта проста трызненне… Пра каханне мы ведаем так мала. І калі гэтую нітку выцягнуць… Вайна і каханне — гэта як бы з аднаго вогнішча, то бок, гэта адна тканіна, тая ж матэрыя. Чалавек з аўтаматам ці той, хто на Эльбрус залез, хто ваяваў да перамогі, будаваў сацыялістычны рай, — усё тая ж гісторыя, той самы магніт і тая ж самая электрычнасць. Вам зразумела? Штосьці чалавеку непадуладна, чагосьці нельга купіць ці выйграць у латарэю… А чалавек ведае, што яно ёсць, і ён гэтага хоча… І не разбярэцца, як шукаць. Дзе?
Гэта амаль нараджэнне… Пачынаецца з удару… (Паўза.) А можа, і не трэба гэтыя таямніцы разгадваць? Вы не баіцеся?
Першы дзень…