З сутарэнняў падымаемся наверх. Цяпер я гляджу на Маскву іншымі вачыма — яе прыгажосць здаецца мне халоднай і трывожнай. Масква, табе ўсё роўна — любяць цябе ці не?
ПРА ЖЫЦЦЁ-СУКУ І СТО ГРАМАЎ ЛЁГКАГА ПЯСОЧКУ Ў БЕЛАЙ ВАЗАЧЦЫ
Тамара Сухавей — афіцыянтка, 29 гадоў
— Жыццё — сука! Вось што я табе скажу… Не падносіць яно падарункаў. Нічога добрага, прыгожага ў жыцці я не бачыла. Не ўспомню… Забі мяне — не ўспомню! І труцілася, і вешалася. У мяне было тры спробы самагубства… Цяпер я вены сабе парэзала… (Паказвае забінтаваную руку.) Вось тут… у гэтым месцы… Выратавалі мяне, і я тыдзень спала. Проста сплю і сплю. Такі ў мяне арганізм… Псіхіятр прыйшла… Вось як ты цяпер, яна мяне прасіла: гавары, гавары… Што расказваць? Смерць не страшная мне… Дарэмна ты прыйшла і сядзіш. Дарэмна! (Адвярнулася да сценкі і маўчыць. Я хачу пайсці, але яна спыняе.) Ну добра, паслухай… Усё праўда…
…Яшчэ я маленькая была… Прыйшла са школы, легла, а раніцай не паднялася з ложка. Павезлі да доктара — няма дыягназу. Тады давай бабку шукаць — знахарку. Далі нам адрас… Бабка раскінула карты і кажа маці: «Прыйдзеце дадому, разрэжце падушку, на якой дачка спіць. Там знойдзеце кавалак гальштука і курыныя косці. Гальштук павесьце на крыжы пры дарозе, а косці аддайце чорнаму сабаку. Дачка падымецца і пойдзе. Сурочылі дзеўку». Нічога добрага, прыгожага я ў жыцці не бачыла… А вены — херня, я проста стамілася змагацца… З дзяцінства жыла так — у халадзільніку толькі гарэлка. У нас у вёсцы з дванаццаці гадоў усе п’юць. Добрая гарэлка дарагая, дык самагон п’юць, і адэкалон, і вадкасць для мыцця шкла, і ацэтон. З гуталіну гарэлку гоняць, з клею. Маладыя мужчыны паміраюць, ад гарэлкі, вядома, труцяцца. Сусед, я памятаю, нап’ецца і страляе шротам па яблынях. Усіх дома паставіць «у ружжо»… І наш дзед да старасці піў. У семдзесят гадоў мог выпіць за вечар дзве пляшкі. Выхваляўся. Вярнуўся ён з вайны ў медалях. Герой! Доўга хадзіў у шынялі, піў, гуляў, святкаваў. А бабуля працавала. А дзед быў герой… Дзед збіваў бабулю на горкі яблык, я поўзала перад ім на каленях, каб ён яе не чапаў. Ён бегаў за намі з сякерай… Па суседзях начавалі. У хляве. Сабаку да смерці засек. Пасля дзеда я зненавідзела ўсіх мужчын. Я думала адна жыць.
Прыехала ў горад… Усіх баялася: і машын, і людзей. Але ўсе едуць у горад — і я. Старэйшая сястра тут жыла, яна мяне забрала: «Паступіш у вучэльню, станеш афіцыянткай. Ты прыгожая, Томка. Знойдзеш сабе мужа-вайскоўца. Лётчыка». Ага… лётчыка… Першы муж у мяне быў кульгавы, маленькі. Сяброўкі адгаворвалі: «Навошта ён табе? Да цябе такія хлопцы заляцаюцца!» А я заўсёды любіла фільмы пра вайну, як жанчыны чакаюць сваіх мужоў з фронту, хоць бы які вярнуўся — без ног, без рук, але жывы. Бабуля распавядала: у нашу вёску аднаго прывезлі без абедзвюх ног, дык жонка яго па двары на руках насіла. А ён піў, брыдоту рабіў. Заваліцца ў канаву, яна яго ў ночвах памые і пасадзіць на чысты ложак. Я думала, што гэта і ёсць каханне… Я не разумею, што такое каханне… Пашкадавала яго, прылашчыла. Мы прыжылі з ім трох дзяцей, і ён стаў піць, нажом пагражаў. Не даваў на ложку спаць… валялася на падлозе… У мяне выпрацаваўся рэфлекс, як у сабакі Паўлава: муж — у хату, мы з дзецьмі — з хаты. Ад усяго, што ўспомню, слёзы адны… Ці на хер усё паслаць! Нічога прыгожага ў мяне ў жыцці не было, а толькі ў кіно. Па тэлевізары. Ну, вось… каб сесці і з кім-небудзь разам памарыць… парадавацца…
Ужо другім дзіцём цяжарная хадзіла… З вёскі прыйшла тэлеграма: «Прыязджай на пахаванне. Мама». Цыганка мне перад гэтым на вакзале варажыла: «Чакае цябе далёкая дарога. Пахаваеш бацьку і будзеш доўга плакаць». Не паверыла. Бацька быў здаровы, спакойны. Маці піла, з раніцы сабе налівала, а ён і карову падоіць, і бульбы наварыць, усё сам. Ён вельмі яе кахаў, яна яго зачаравала: нешта ведала такое, нейкае зелле. Прыехала я дадому… Сяджу ля труны, плачу. Суседская дзяўчынка на вуха шэпча: «Баба дзеда чыгунком забіла, а мне сказала, каб я маўчала. Абяцала купіць шакаладных цукерак…» Я зніякавела, мяне пачало ванітаваць, менавіта ад страху… Ад жу-
дасці… І калі ў хаце нікога не было, усе пайшлі, распранула бацьку і шукала на ім сінякі. Сінякоў не было, толькі на галаве — вялікая рана. Паказала маці, яна адказала, што гэта ён дровы калоў, палка адляцела, стукнула. Сяджу ў слязах усю ноч… сяджу і адчуваю, што ён хоча мне нешта сказаць… А маці не адыходзіць, усю ноч цвярозая, так яна мяне адну і не пакінула. Бачу — раніцай у бацькі крывавая сляза з-пад павек папаўзла. Адна… другая… Слёзы цяклі, як у жывога… страшна-а-а! Гэта была зіма. Яму на могілках білі коллем, грэлі зямлю — распалілі ў яме вогнішча з бярозавага палення і аўтамабільных пакрышак. Мужыкі запатрабавалі скрыню гарэлкі. Як толькі бацьку закапалі, маці напілася. Сядзіць вясёлая. А я плачу… Ад усяго і цяпер слёзы льюцца… Родная маці… яна мяне нарадзіла… Найраднейшы чалавек павінен быць… Як толькі я з’ехала, хату яна прадала, а хлеў спаліла, каб страхоўку атрымаць, і прыехала да мяне ў горад. Тут знайшла сабе іншага… Хутка знайшла… І ён сына з нявесткай выгнаў, а ёй кватэру адпісаў. Яна мужчын прынаджвала, нешта ведала… варажыла… (Гушкае хворую руку, як дзіця.) А мой ганяўся за мной з малатком, два разы галаву праламаў. Пляшка гарэлкі, у кішэнях — па агурку, і пайшоў. Куды яго панесла? Дзеці галодныя… Сядзелі мы на адной бульбе, а ў свята — бульба з малаком або з кількай. Паспрабуй ляпні што-небудзь, калі ён вернецца: шклянку — у твар, крэсла — у сценку… Ноччу ўскочыць на мяне, як звер… Нічога ў жыцці добрага не было, нават драбочку. Прыйду на працу, пабітая, заплаканая, а трэба ўсміхацца, кланяцца. Дырэктар рэстарана пакліча ў кабінет: «Мне тут тваіх слёз не трэба. У самога жонка спаралізаваная другі год ляжыць». І лезе да мяне пад спадніцу… Маці з айчымам і два гады не пражыла… Тэлефануе: «Прыходзь… Дапамажы пахаваць. Павязём у крэматорый». Ад жаху я ледзь не страціла прытомнасць. Апрытомнела — трэба ісці. А ў галаве адна думка: раптам гэта яна яго забіла? Забіла, каб адной у кватэры застацца, піць, гуляць. А-а? Цяпер спяшаецца ў крэматорый адвезці. Спаліць. Пакуль яго дзеці збяруцца… старэйшы сын, ён маёр, з Германіі прыедзе… жменька попелу застанецца… Сто грамаў лёгкага пясочку ў белай вазачцы… Ад усяго гэтага ў мяне спыніліся месячныя, два гады нічога не з’яўлялася. Калі яны зноў пачаліся, я прасіла дактароў: «Вќдаліце мне ўсё жаночае, зрабіце аперацыю, я не хачу быць жанчынай! І каханкай не хачу быць! І жонкай, і маці!» Родная маці… яна мяне нарадзіла… Я хацела яе любіць… Маленькая прасіла: «Матуля, пацалуй мяне». А яна заўсёды п’яная… Бацька на працу сыдзе — у хаце поўна п’яных мужыкоў. Адзін зацягнуў мяне ў ложак… Гэта мне было адзінаццаць гадоў… Я маці сказала, дык яна толькі насварылася. Піла… піла… Піла і весялілася ўсё жыццё. І тут — трэба паміраць! Не хацела. Ні за што не хацела яна паміраць. Ёй было пяцьдзясят дзевяць гадоў: аднялі адну цыцку, праз паўтара месяцы — другую. А ў яе малады палюбоўнік, завяла сабе палюбоўніка на пятнаццаць гадоў маладзейшага. «Вязіце, — крычыць, — да шаптухі, ратуйце!» Ёй горш і горш… Малады за ёй ходзіць, з-пад яе выносіць, мые. Яна не думала паміраць… «Але калі, — кажа, — памру, усё пакіну яму. І кватэру, і тэлевізар». Нас з сястрой хацела пакрыўдзіць… Злая была… І жыццё любіла. Прагная была да жыцця. Павезлі яе да бабкі, на руках з машыны вынеслі. Бабка памалілася, адкрыла карты: «Так? — і падымаецца з-за стала. — Забірайце! Я лячыць яе не буду…» Маці нам крыкнула: «Ідзіце. Я хачу адна застацца…» А бабуля: «Чакайце!» Нас не адпусціла… На карты глядзіць: «Я яе лячыць не буду. Яна не аднаго ў зямлю паклала. А як захварэла, пайшла ў царкву і дзве свечкі заламала…» Маці: «За здароўе дзяцей сваіх…» Бабка: «За спачын ты іх паставіла. Смерці дзецям прасіла. Думала, што калі іх Богу аддасі, дык сама застанешся». Я пасля такіх слоў ніколі ўжо адна з маці не заставалася. Дрыжала. Я ведала, што я слабая, яна мяне пераможа… Брала з сабой сваю старэйшую дзяўчынку, а маці злавалася, калі тая прасіла есці: яна памірае, а нехта есць, нехта будзе жыць. Парэзала нажніцамі новую покрыўку на ложку, абрус са стала, каб нікому не засталося, калі яе не будзе. Біла талеркі, усё, што магла, крышыла, малаціла. У прыбіральню нельга было яе данесці, яна спецыяльна — на падлогу, у ложак… каб я прыбірала… помсціла за тое, што мы застаёмся. Ходзім, размаўляем. Ненавідзела ўсіх! Птушка ў акне праляціць — яна б і яе забіла. Ну а гэта была вясна… Кватэра ў яе на першым паверсе… Бэз на ўсю пахне… Яна дыхае-дыхае, не надыхаецца. «Прынясі, — папрасіла, — мне галінку з двара». Я прынесла… Яна ўзяла яе ў рукі, і тая ўмомант высахла, лісцікі скруціліся. Тады яна да мяне: «Дай за руку тваю патрымацца…» А мяне тая бабка папярэдзіла, што чалавек, які рабіў зло, доўга памірае, пакутліва. Трэба ці столь разбіраць, ці ўсе вокны ў хаце выняць, па-іншаму душа яго не выйдзе, з цела не вырвецца. А руку ні ў якім разе даваць нельга — хвароба перакінецца. «Навошта табе мая рука?» Замоўкне, стоіцца. Ужо блізка скон… А яна ўсё роўна нам не кажа, не паказвае, дзе вопратка яе ляжыць, у якой хаваць. Дзе грошы, якія на смерць сабрала. Я баялася, што яна ўначы нас з дачкою задушыць падушкамі. Мала што… Вочы прымружу, а сама пазіраю: як душа яе пакіне? Якая яна… гэтая душа? Будзе святло або воблачка? Рознае людзі кажуць і пішуць, але ніхто гэтую душу ні разу не бачыў. Пабегла раніцай у краму, папрасіла суседку пасядзець. Тая ўзяла яе за руку, і тады маці памерла. У апошнюю хвіліну нешта крыкнула незразумелае. Кагосьці паклікала… Паклікала кагосьці па імені… Каго? Суседка не запомніла. Незнаёмае імя. Я сама яе мыла, апранала, без усялякіх пачуццяў, як рэч. Як каструля. Пачуццяў ніякіх, пачуцці схаваліся. Усё праўда… Прыйшлі яе сяброўкі, скралі тэлефон… Прыехалі ўсе сваякі, і нашая сярэдняя сястра з вёскі. Маці ляжыць… Яна ёй вочы расплюшчвала. «Навошта ты маці мёртвую чапаеш?» — «А памятаеш, як яна ў дзяцінстве з нас здзекавалася? Любіла, каб мы плакалі. Я яе ненавіджу».
Сабраліся сваякі і сталі лаяцца… Дзяліць рэчы пачалі яшчэ ўначы, яшчэ яна ў труне ляжала. Пакавалі хто тэлевізар, хто швейную машынку… залатыя завушніцы з мёртвай знялі… Грошы шукалі — не знайшлі. Я сядзела і плакала. Мне нават шкада яе зрабілася. Назаўтра крэміравалі… Вырашылі, што адвязём урну ў вёску, закапаем побач з бацькам, хоць яна і не хацела. Наказвала, каб да бацькі не падхоўвалі. Баялася. Ёсць той свет ці не? Недзе ж яны з бацькам сустрэнуцца… (Спынілася.) Слёз цяпер у мяне мала… Сама дзіўлюся, як абыякава ўсё стала. І смерць, і жыццё. І дрэнныя людзі, і добрыя. Ды мне пляваць… Калі лёс цябе не палюбіў, то не выратуешся. Ніколі не пазбегнеш таго, што прызначана. Ага… Старэйшая сястра, у якой я жыла, выйшла другі раз замуж і паехала ў Казахстан. Я яе любіла… я быццам адчувала… Маё сэрца падказвала: «Не выходзь за яго замуж», — чамусьці другі яе муж мне не падабаўся. — «Ён добры. Я яго шкадую». У васямнаццаць гадоў ён загрымеў на зону — зарэзалі хлопца ў п’янай бойцы. Далі пяць гадоў, вярнуўся праз тры. Стаў хадзіць да нас у дом, падарункі прыносіў. Ягоная маці сустрэне маю сястру і ўгаворвае. Просіць. Угаворвала яна яе так: «Мужчыну заўсёды нянька патрэбна. Добрая жонка свайму мужу — крыху маці. Самотны мужчына ваўком стане… і з падлогі будзе есці…» Сястра паверыла! Шкадуе, як і я: «Ён са мной чалавекам стане». Я з імі на пахаванні ўсю ноч ля труны маці праседзела. І ён з сястрой па-добраму так, ласкава, я нават пазайздросціла. Праз дзесяць дзён атрымліваю тэлеграму: «Цётка Тома, прыязджайце. Памерла мама. Аня». Гэта дзяўчынка яе, адзінаццаць гадоў, нам тэлеграму прыслала. Адну труну вынеслі, ужо новая чакае… (Плача.) Ён яе з п’яных вачэй прыраўнаваў. Нагамі таптаў, відэльцам пакалоў. Згвалціў мёртвую… Напіўся або накурыўся… не ведаю… А раніцай на працы сказаў, што жонка памерла, яму далі на пахаванне грошы. Аддаў іх дачцэ, а сам з’явіўся ў міліцыю з пакаяннем. Дзяўчынка цяпер у мяне жыве. Вучыцца яна не хоча, у яе нешта з галавой, нічога не запамінае. Палахлівая… з дому баіцца выйсці… А яму… Яму прысудзілі дзесяць гадоў, ён яшчэ да дачкі вернецца. Татачка!
З першым мужам я разышлася і думала, што ніколі больш мужчына ў мой дом не зойдзе. Не пушчу! Надакучыла плакаць, хадзіць у сіняках. Што міліцыя? Адзін раз прыедуць па званку, а ў другі: «У вас сямейныя разборкі». На паверх вышэй… у нашым жа доме… Муж забіў жонку, тады яны панаехалі на машынах з мігалкамі, пратакол склалі, у кайданках яго павялі. А ён дзесяць гадоў з яе здзекаваўся… (Б’е сябе ў грудзі.) Не люблю мужчын. Баюся. Як я ў другі раз выйшла замуж, сама не ведаю. Ён вярнуўся з Афганістана, кантужаны, двойчы паранены. Дэсантура! Цяльняшку да гэтага часу не здымае. Жыў ён са сваёй маці ў доме насупраць. У нас агульны двор. Выйдзе і сядзіць з гармонікам, або магнітафон уключыць. Песні «афганскія», сумныя… Я часта думала пра вайну… увесь час баялася гэтага грыба праклятага… атамнага… Мне падабалася, калі маладыя — жаніх і нявеста — пасля загса ішлі да Вечнага агню з кветкамі. Любіла гэта! Урачыста так! Адзін раз падсела да яго на лаўку: «Што такое вайна?» — «Вайна — гэта калі жыць хочацца». Мне стала шкада яго. Бацькі ў яго ніколі не было, маці — інвалід дзяцінства. Быў бы бацька, дык яго б і ў Афганістан не паслалі. Бацька б заступіўся, адкупіў, як іншыя. А ў іх з маці… Зайшла ў кватэру: ложак і крэслы, афганскі медаль на сцяне вісіць. Пашкадавала яго, а пра сябе не падумала. Пачалі мы жыць. Прыйшоў ён да мяне з ручніком і з лыжкай. Медаль свой прынёс. І гармонік.
Я сабе прыдумала… нафантазіравала, што ён герой… абаронца… Я сама ўсклала на яго карону і пераканала дзяцей, што ён цар. Жывём з героем! Ён выканаў свой салдацкі абавязак, пацярпеў моцна. Абагрэю яго… выратую… Маці Тэрэза! Я не глыбока верую, я прашу толькі: «Госпадзе, даруй нам». Каханне — гэта болька такая… Шкадаваць пачынаеш… калі кахаеш, то шкадуеш… Першая справа… У сне ён «бегаў»: ногі самі не рухаліся, а мышцы былі ў руху, як у чалавека, які бег. Часам усю ноч так бегаў. Па начах крычаў: «Душары! Душары!» (Гэта «духі» — афганскія маджахеды). Называў камандзіра, сяброў: «Абыходзь з флангу!», «Гранаты да бою!», «Стаў дымавую заслону…» Аднойчы мяне ледзь не забіў, калі я яго пачала будзіць: «Коля! Коля! Прачніся!» Праўда… я нават пакахала яго… вывучыла шмат афганскіх слоў: зіндан, бочата, дувал… барбухайка… «Худо, Хафез!» — «Бывай, Афганістан!» Год добра мы жылі. Гэта — праўда! З’яўляліся грошы, прыносіў тушонку — улюбёную страву. З Афгана. Ішлі яны ў горы, бралі з сабой тушонку і гарэлку. Вучыў нас, як аказваць першую медыцынскую дапамогу, якія расліны ядомыя і як лавіць жывёл. Чарапаха, казаў, салодкая. «Ты што, па людзях страляў?» — «Там выбіраць няма часу: ці ты, ці цябе». Усё яму даравала за яго пакуты… Сама прышпіліла сабе гэты горб…
А цяпер… Прыцягнуць сябрукі ноччу і пакладуць ля парога. Без гадзінніка і кашулі… ляжыць голы да пояса… Суседзі тэлефануюць: «Забяры, Тамара! Богу душу ад холаду аддасць». Уцягну ў хату. Плача, раве, качаецца па падлозе. Ні на адной працы ён не затрымліваецца: ахоўнікам быў, вартаўніком… Яму то выпіць трэба, то пахмяліцца. Ну ўсё прапіў… Ніколі не ведаеш: будзе дома што пажраць ці не? Адхуярыць або сядзе перад тэлевізарам. У суседзяў кватарант, ён армянін… Нешта ён сказаў, і майму не спадабалася. Валяўся той на зямлі ў крыві з выбітымі зубамі і паламаным носам. Усходніх людзей не любіць. На рынак з ім баюся хадзіць, там жа адны ўзбекі і азербайджанцы гандлююць. Як што… адна ў яго прымаўка: «На кожную кручаную задніцу ёсць болт з разьбой». Яны яму зніжкі робяць, не хочуць звязвацца. «А-а… «афганец»… шалёны… Чорт!» Дзяцей б’е. Малы яго любіць, лезе да яго, а ён яго падушкай душыць. Дык той адразу, калі ён адчыняе дзверы, хуценька бяжыць у свой ложак і — спаць, вочы заплюшчвае, каб не біў, ці ўсе падушкі пад канапу схавае. Мне ці плакаць… ці… (Паказвае сваю забінтаваную руку.) У дзень дэсантніка… збяруцца сябры… усе, як і ён, у цяльняшках… Панапіваюцца ў хлам! Абасцуць мне ўсё ў прыбіральні. У іх нешта з галавой… Манія велічы: мы былі на вайне! Крутыя! Першы тост: «Увесь свет — гаўно, усе людзі — блядзі, а сонца — ёбаны ліхтар». І так да самай раніцы: «за спачын», «за здароўе», «за ордэн», «каб усе здохлі». Жыццё ў іх не склалася… Я вам не скажу чаму — з-за гарэлкі ці з-за вайны? Злыя, як ваўкі! Каўказцаў усе ненавідзяць і жыдоў. Жыдоў ненавідзяць за тое, што Хрыста забілі і справу Леніна загубілі. Дома ім ужо нявесела: прачнуўся, памыўся, паеў. Нудота! Яны б і цяпер — пакліч толькі! — імгненна б сабраліся ў Чачню. Пагеройстваваць! Нейкая ў іх крыўда засталася, крыўда на ўсіх: на палітыкаў і на генералаў, на тых, хто там не быў. На гэтых асабліва… у першую чаргу… Ніякай спецыяльнасці ў многіх, як і ў майго, няма. У іх ва ўсіх адна спецыяльнасць — хадзіць з пісталетам. Кажуць, што п’юць ад крыўды… Ой-ой! І там яны пілі, не хаваюць гэтага: «без ста грамаў рускі салдат да перамогі не дажыве», «кінь нашага чалавека ў пустыню, праз дзве гадзіны ён п’яны, а вады не знойдзе». Метылавы спірт ужывалі, тармазную вадкасць… Па дурнаце, сп’яну падрываліся… Прыехалі дадому: хтосьці павесіўся, кагосьці застрэлілі ў разборках, аднаго так збілі, што стаў інвалідам… яшчэ адзін звар’яцеў, зачынілі ў псіхушцы… Гэта тое, што мне вядома. Хрэн яго ведае, што яшчэ… Капіталісты… ну гэтыя, новыя рускія… іх наймаюць, праплочваюць, каб яны дапамагалі ім адзін у аднаго пазыкі выбіваць. Страляюць яны лёгка, нікога не шкада. Малакасосу дваццаць гадоў, у яго — вар’яцкія грошы, а ў іх — медалі. Малярыя, гепатыт… Хіба яны будуць яго шкадаваць? Іх жа ніхто не пашкадаваў… Ім страляць хочацца… Ты гэта не запісвай… Я баюся… Размова ў іх кароткая: адразу — да сценкі! У Чачню яны хочуць паехаць, таму што там свабода, там рускіх крыўдзяць… і мараць жонкам футры прывезці. Залатыя пярсцёнкі. І мой рваўся туды, толькі п’яніц не бяруць. Здаровых мужыкоў хапае. Кожны дзень адно чую: «Дай грошай». — «Не дам». — «Да нагі, сука!» І ўлупіць. А потым сядзіць і плача. На шыі вісіць: «Не кідай мяне!» Я доўга яго шкадавала… (Плача.)
Падлюка-шкадоба… Я ўжо не дам ёй ходу… На шкадобу не цісні! Сёрбай свае ваніты сваёй лыжкай. Сам расхлёбвай! Даруй мне, Госпадзе, калі ты і сапраўды ёсць. Даруй!
Вяртаюся вечарам з працы… Яго голас. Вучыць сына. Я ўжо ўсё ведаю на памяць: «Стоп! Запамінай: ты шпурнеш гранату ў акно — кульбіт сюды. На зямлю. А другою — за калону…» Маць-перамаць!
«Чатыры секунды — і ты на прыступках, нагой выбіваеш дзверы — аўтамат налева. Першы падае… Другі прабягае міма… Трэці прыкрывае… Стоп! Стоп!» Стоп… (Крычыць.) Страшна мне! Як сына выратаваць? Бягу да сябровак… Адна: «Трэба табе ў царкву. Маліся». Іншая да шаптухі павяла… А куды яшчэ ісці? Больш няма да каго. Бабка была старая, як Кашчэй Несмяротны. Яна сказала, каб я прыйшла на наступны дзень і прынесла ёй пляшку гарэлкі. Пахадзіла яна па кватэры з гэтай пляшкай, пашаптала над ёй, рукамі павадзіла і аддала мне: «Гарэлка загавораная. Будзеш два дні яму па чарцы наліваць, а на трэці ён не захоча». І праўда, месяц не піў. А потым зноў: уваліцца ноччу п’яны ў зюзю, грыміць на кухні каструлямі, дай яму пажэрці… Знайшла іншую знахарку… Тая варажыла мне на картах, наліла расплаўлены свінец у кубак з вадой. Навучыла просценькім замовам — на соль, на жменьку пяску. Нічога не дапамагло! Ад гарэлкі і ад вайны не вылечыш… (Гушкае хворую руку.) Ох, як я стамілася! Нікога не шкада… ні дзяцей, ні сябе… Маці не клічу, а яна прыходзіць да мяне ў сне. Маладая, вясёлая. Заўсёды яна маладая і смяецца. Я яе праганяю… А то сястра прысніцца, яна сур’ёзная, заўсёды пытаецца ў мяне адно і тое ж: «Ты думаеш, што ты сябе можаш выключыць, як лямпачку?» (Спыняецца.)
Усё — праўда… Нічога прыгожага я ў жыцці не бачыла. І ўжо не ўбачу. Учора ў бальніцу да мяне заявіўся: «Я дыван прадаў. Дзеці галодныя». Мой любімы дыван. Адна добрая рэч у нас у доме была… заставалася… Цэлы год грошы збірала, збірала. Па капейцы. Так хацела гэты дыван… в’етнамскі… А ён адразу прапіў. Дзяўчаты з маёй працы казалі: «Ой, Томка, вяртайся дадому хутчэй. Надакучыў яму малы — б’е. А старэйшую (дзяўчынка сястры), ёй ужо дванаццаць гадоў… Сама ведаеш… з п’яных вачэй…»
Я ляжу ноччу. Не сплю. А потым як упаду ў яму, кудысьці лячу.
І невядома, якая я раніцай прачнуся. У мяне страшныя думкі…
На развітанне — нечакана абдымае.
Запомні мяне…
Праз год яна зрабіла яшчэ адну спробу самагубства. На гэты раз — удалую. У мужа, як я даведалася, неўзабаве з’явілася іншая жанчына.
Я патэлефанавала ёй: «Шкадую яго, — сказала яна. — Не кахаю, а шкадую. Адна бяда, што зноў піць пачаў, а абяцаў, што кіне».
Вы здагадваецеся, што я пачула далей?
ПРА НЕГІДЛІВАСЦЬ МЁРТВЫХ І ЦІШЫНЮ ПЫЛУ
Алеся Нікалаева — малодшы сяржант міліцыі, 28 гадоў
з аповеду маці
— Я хутка памру ад сваіх аповедаў… Навошта я распавядаю? Нічым вы мне не дапаможаце. Ну напішаце… надрукуеце… Добрыя людзі прачытаюць і паплачуць, а дрэнныя… галоўныя… яны не будуць чытаць. Ім — навошта?
Я шмат разоў ужо гэта распавядала…
23 лістапада 2006 года…
Перадалі па тэлевізары… Ужо ўсе суседзі ведалі. Горад гудзеў…
А мы з Настачкай, з унучкай, былі дома. Тэлевізар у нас не працаваў, даўно зламаўся ад старасці. Чакалі: «Вось Алеська прыедзе — новы купім». Пачалі прыбіраць. Мыць. Нам чамусьці весела-весела, у гэты дзень смяяліся і смяяліся. Прыйшла мая мама… нашая бабуля… з агарода: «Ой, дзяўчынкі, нешта вы дужа вясёлыя. Глядзіце, каб плакаць не давялося». У мяне ўпала сэрца… Як там Алеська? Але вось толькі ўчора мы ёй тэлефанавалі, было свята — Дзень міліцыі: ёй уручылі значык «За выдатную службу ў МУС». Мы павіншавалі.
«Ой, я вас усіх люблю, — сказала яна. — Зямлю родную хутчэй хачу ўбачыць». Палова маёй пенсіі ішла на тэлефанаванні, пачую яе голас і неяк пражыву яшчэ два-тры дні. Да наступнага тэлефанавання… «Мама, ты не плач, — супакойвала яна мяне. — Я маю зброю, але не страляю. З аднаго боку — вайна, а з другога — спакойнае становішча. Раніцай я чула, як мула спявае, гэта ў іх малітва такая. Горы тут жывыя, не мёртвыя — да самых вяршыняў усё ў траве і ў дрэвах». У другі раз: «Мама, чачэнская зямля ўся насычаная нафтай. Капай у кожным агародзе — усюды нафта».